Аманімічная рыфма
Аманімі́чная ры́фма — рыфма, у якой спалучаюцца словы-амонімы, г. зн. тыя, што гучаць аднолькава, але маюць розны сэнс. Сустракаецца яна нярэдка ў фальклоры:
- А ўжо човен вады повен,
- З чоўна вада свішча.
- Ой, там хлопец дзеўку кліча,
- Не голасам — свішча.
Аманімічныя рыфмы часта выкарыстоўваюць беларускія паэты:
- Спытаўся бог у грэшніка: — Чаму шмат піў віна?
- У гэтым, — кажа, — не мая віна.
- Сам знаеш, з гліны ты мяне стварыў,
- І каб мне не рассыпацца — я піў.
- (М. Танк)
Часам аманімічная рыфма праходзіць праз увесь верш, ствараючы своеасаблівы мастацкі каларыт, выяўляючы глыбокае веданне паэтам роднай мовы, дасканалае валоданне ім паэтычнай тэхнікай. Аднак, як правіла, фармальная зададзенасць надае такім творам пэўную штучнасць. Аманімічная рыфма (разам з каламбурнай) арганізавала ўсе радкі «Балады аб клянах» Р. Барадуліна. Вось першыя дзве страфы гэтага твора:
- Чужынцаў цяжкія боты
- Дратуюць зямлю Канады.
- Заліў узаралі боты,
- Громам грыміць кананада.
- Страле быць заўсёды тугою—
- Суперніцай бліскавіцы!
- Усё апавіта тугою.
- Арлы пачалі блізка віцца…
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.