Амаграфічная рыфма
Амаграфі́чная ры́фма — рыфма, у якой спалучаюцца словы-амографы, г. зн. тыя, што пішуцца аднолькава, але гучаць па-рознаму (у выніку рознага месца націску). Такая рыфма можа ўспрымацца як асаблівы від рознанаціскной рыфмы. Своеасаблівае ўжыванне амаграфічнай рыфмы ў спалучэнні са звычайнай знаходзім у жартоўных «карацельках-каламбурах» Н. Гілевіча:
- Покуль бог папу на ра́су
- Сыпаў срэбную расу́,
- Чорт у храме выграб ка́су
- І купіў сабе касу́.
- Што ні хвіля, ні гадзі́на —
- Лезе з скуры га́дзіна.
- Увесь век яму гадзі́ла,
- А ён кажа: га́дзіла!
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.