Ніл Гілевіч

беларускі паэт (1931—2016)

Ніл Сымо́навіч Гіле́віч (30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён — 29 сакавіка 2016[1], Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1991)[2]. Брат Міколы Гіля.

Ніл Гілевіч
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Нінел Сымонавіч Гілевіч
Псеўданімы Адась Абабак, Антось Кудзеля, Бандысь Папруга, Дзед Архіп, Мікола Сведка і Францішак Вядзьмак-Лысагорскі
Дата нараджэння 30 верасня 1931(1931-09-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 сакавіка 2016(2016-03-29) (84 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Сымон Пятровіч Гілевіч[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, фалькларыст, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, палітык, пісьменнік, літаратар
Гады творчасці з 1946
Кірунак паэзія
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў медаль Францыска Скарыны ордэн князя Яраслава Мудрага Order of Prince Yaroslav the Wise, 3rd class ордэн Югаслаўскай зоркі ордэн «Кірыл і Мяфодзій»
Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Народны паэт Беларусі
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў, бацька быў старшынёй Слабадскога сельсавета. Бацькі вырашылі назваць сына савецкім паслярэвалюцыйным імем Нінел (гэта значыць «Ленін» наадварот), у будучыні Гілевіч зменіць гэтае імя на Ніл[3]. Усяго ў сям’і было васьмёра дзяцей, у т. л. Ліна, Леў (Леўка), Нінел, Іда (Ідзея), двайняты Мікалай і Святлана, Марат, Сальвір (Алесік)[4][5], яшчэ двое памерлі ў дзяцінстве[6].

У 1938 годзе пачаў вучобу ў Слабадской сямігадовай школе, да нападу Германіі на СССР у 1941 годзе паспеў скончыць тры класы. Пасля вызвалення Беларусі пайшоў у пяты клас школы суседняй вёскі Гайна. Адначасова першыя гады пасля Другой сусветнай вайны, у 1945—1947 гадах, працаваў калгасным паштальёнам. Па заканчэнні сямігадовай школы ў 1947 годзе паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе[6]. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка нямецкай мовы ў адной са школ Мінска.

Па заканчэнні вучылішча паступіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе ўключыўся ў студэнцкае жыццё, публікуе свае вершы ў перыядычным друку. Скончыў універсітэт у 1956 годзе, пасля чаго паступіў на аспірантуру, якую скончыў у 1959 годзе.

У часе вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, аднакурсніцай Нінай Іванаўнай Кавалёвай. Яе бацька не прыйшоў з вайны, маці і айчым, які працаваў чыгуначнікам, жылі ў Мінску. Па размеркаванні трапіла ў Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці, пасля вяртання ў Мінск пара ажанілася. Ніл Гілевіч у той час вучыўся ў аспірантуры[4].

З 1958 да 1963 года працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1960 года выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, з 1968 года — дацэнт, з 1978 года — прафесар[7]. Кандыдат філалагічных навук (1963).

У 1976—1990 гадах член прэзідыума, у 1980—1989 гадах першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954 года, з 1981 года на пасадзе сакратара Саюза пісьменнікаў СССР[6].

У 1969 годзе разам з сям’ёй пасяліўся ў Доме пісьменнікаў па вуліцы Карла Маркса, 36[4], у кватэры, дзе да іх жыла сям’я Івана Шамякіна.

Першыя строфы рамана «Родныя дзеці» былі напісаны Нілам Гілевічам у 1972 годзе. Пісьменнік так тлумачыў прычыны, што абумовілі з’яўленне твора:

  Сталася так, што 1970-я гады прынеслі мне многа горкіх стратаў. У лютым 1972-га памёр ад раку лёгкіх бацька Сымон Пятровіч. У красавіку 1976-га памёр ад хваробы сэрца старэйшы на два гады брат Леў Сымонавіч. У жніўні 1978-га — пасля больш чым двух гадоў страшных пакут у поўным паралюшы, без мовы і ў нерухомасці — адышла ў іншы свет мама Кацярына Мікалаеўна. У студзені 1980-га памерла маладзейшая на тры гады сястра Ідзея Сымонаўна. Гэтыя асабістыя страты, што праходзілі праз сэрца адна за адной, прымусілі пільней паўзірацца ў мінулае — пройдзенае і перажытае, глыбей адчуць свой сыноўні і брацкі абавязак і сваю віну…  

У 1975—1981 гадах быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». У 1989—1997 гадах займаў пасаду старшыні рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова».

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1985—1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 года на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання, паводле гэтага закону беларуская мова вызначалася адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі, руская мова мела статус «мовы міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР»[8]. Дэпутат Вярхоўнага савета Беларусі XII склікання (1990—1995), член Прэзідыума Вярхоўнага савета, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990—1995)[9].

Памёр 29 сакавіка 2016 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай[10]. 23 лістапада 2018 года быў урачыста адкрыты помнік на магіле паэта (скульптар Ігар Засімовіч)[11][12].

Творчасць

правіць

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946[2] годзе. Аўтар кніг паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Як дрэва карэннем» (1986), «Повязь» (1987). Асноўны змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыцыйныя формы класічнай паэтыкі, тэмы гістарычнай повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, выпрабаванняў ваенных гадоў[13].

Выдаў зборнік п’ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аўтабіяграфічную аповесць «Перажыўшы вайну» (1988). Памяці жонкі Ніны Іванаўны прысвечана кніга «Добры анёл беларускасці» (2007)[7].

Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) ствараўся з усведамленнем неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Выдаў кнігі паэзіі «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004), «Замова ад страху» (2009) і інш[7].

Аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956—1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Любоў прасветлая» (1996), «Толькі мы самі» (2005)[7].

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). Аўтар зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчаслівыя хвіліны» (2001). Асобнай кнігай выйшла аповесць «Разумная дзевачка» (2005)[7]. Напісаў зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990).

У 1975 годзе выйшла ананімная паэма «Сказ пра Лысую Гару», падпісаная яна была «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі», у 2003 годзе Ніл Гілевіч агучыў, што гэты твор напісаў ён, а ідэі для сюжэтаў яму даваў Мікола Аўрамчык, сам Аўрамчык сцвярджае, што гэты твор яны пісалі разам з Гілевічам[3].

Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць Паўла Вежынава  (руск.) «Сляды застаюцца» (1960), раман Стаяна Даскалова  (балг.) «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з Алесем Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Міколы Вапцарава  (руск.) «Песня пра чалавека» (1982), Хрыста Радзеўскага  (балг.) «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Георгія Джагарава  (балг.) «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Любаміра Леўчава  (руск.) «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Хрыста Боцева, Івана Вазава, Пея Яварава  (руск.), Найдзена Вылчава, Андрэя Германава, Івана Давыдкава, Дзімітра Методзіева  (руск.), Анастаса Стаянава, Геа Мілева  (руск.) і інш. У 1978 годзе выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX—XX стагоддзяў. «Маці мая, Славенія». У 1970 годзе — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 годзе — зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 годзе — кніга лірыкі Отана Жупанчыча  (руск.) «У вечным дазоры». Перакладаў таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў[2].

У 2003—2013 гадах выйшаў 23-томны збор твораў пісьменніка[7]. Творы Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. На яго вершы напісалі музыку Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, Ігар Лучанок і інш.

Прэміі і ўзнагароды

правіць

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалем Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца.

Памяць

правіць

У гонар паэта быў названы прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай выкладання, які быў зарэгістраваны ТБМ у 2017 годзе, але спыніў існаванне ў 2021 годзе, так і не пачаўшы прыём студэнтаў[14][15].

Сям’я

правіць

У шлюбе з мовазнаўцай Нінай Іванаўнай Гілевіч (1931—2003) меў адзінага сына Сяргея[4], які стаў хімікам. Ягоная жонка — гісторык, сын Багдан — матэматык, грае ў рок-гурце[16].

Палітычныя погляды

правіць

Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1985—1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 года на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання, паводле гэтага закону беларуская мова вызначалася адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі, руская мова мела статус «мовы міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР»[8]. У далейшым заўсёды выступаў у абарону беларускай мовы[17].

Крытыкаваў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, за што трапляў у «чорныя спісы»[18][19], падтрымліваў нацыянальныя апазіцыйныя арганізацыі[20].

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1981;
  • Родныя дзеці. Раман у вершах. Мн., 1985;
  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1991;
  • Любоў прасветлая. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Мн., 1996;
  • Збор твораў. У 6 т.
    • Т. 1. Мн., 1996;
    • Т. 2. Мн., 1999;
    • Т. 3. Мн., 2001.

Крыніцы

правіць
  1. Памёр Ніл Гілевіч . Наша Ніва. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  2. а б в Гилевич Нил Семёнович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 146-147. — 737 с.
  3. а б «Быў час, быў век, была эпоха». Пяць фактаў пра Ніла Гілевіча . Наша Ніва. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  4. а б в г «Усе сышлі, сышла эпоха. Няма Караткевіча, няма Брыля, няма Гілевіча». Жыхарка дома па вуліцы Карла Маркса, 36 згадвае пра сваіх суседзяў і іх лёсы . Наша Ніва. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  5. Як Нінел Гілевіч стаў Нілам (недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (6 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2020. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  6. а б в Беларускія пісьменнікі 1993, с. 185.
  7. а б в г д е Ніл Гілевіч. Народныя пісьменнікі Беларусі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2020. Праверана 12 лютага 2020.
  8. а б Студзінская, Іна. 30 гадоў таму прынялі Закон аб мовах, які апярэдзіў незалежнасьць Беларусі . Радыё Свабода (26 студзеня 2020). Праверана 28 кастрычніка 2023.
  9. Ніл Гілевіч // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 139—141.
  10. Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (2 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2023. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  11. На адкрыццё помніка на магіле Ніла Гілевіча прыйшлі дзясяткі людзей ФОТА . Наша Ніва. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  12. Адкрыццё помніка на магіле Ніла Гілевіча — 23 лістапада . Наша Ніва. Праверана 28 кастрычніка 2023.
  13. БелЭн 1997, с. 242.
  14. У Беларусі юрыдычна зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт імя Гілевіча. Відэа | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  15. Распачата працэдура ліквідацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча . Наша Слова штодзень (12 жніўня 2021). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  16. Падобныя ці не? Як выглядаюць і чым займаюцца ўнукі Ніла Гілевіча, Івана Мележа і Кандрата Крапівы (руск.). citydog.io. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  17. Чарнякевіч, Ціхан. Ніл Гілевіч: Калі хочам жыць, павінны ратаваць мову . Новы Час (29 сакавіка 2021). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  18. Акулін: Ніл Гілевіч хацеў адмовіцца ад звання народнага паэта(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (1 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2023. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  19. Афіцыйная няшчырасць . Новы Час (30 сакавіка 2016). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  20. Ніл Гілевіч пра маладафронтаўцаў: «На вас мая сёння надзея!» . Наша Ніва. Праверана 29 кастрычніка 2023.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць