Арнамент
Арнамент (лац.: ornemantum — упрыгожванне) — узор, заснаваны на паўторы і чаргаванні элементаў, што складаюць яго; прызначаецца для ўпрыгожвання розных прадметаў (начынне, зброя, тэкстыльныя вырабы, мэбля, кнігі і г. д.), архітэктурных збудаванняў (як звонку, так і ў інтэр'еры), твораў пластычных мастацтваў (галоўным чынам прыкладных), у першабытных народаў таксама ўласна чалавечага цела (размалёўка, татуіроўка).
Характар матываўПравіць
У залежнасці ад характару матываў вызначаюць наступныя віды арнаментаў: геаметрычны, раслінны, зоамарфічны, антрапамарфічны і камбінаваны.
Геаметрычны арнамент можа складацца з кропак, ліній (прамых, ламаных, зігзагападобных, сетчатааперакрыжаваных), многавугольнікаў, кругоў, ромбаў, зорак, крыжоў і інш. Геаметрычны арнамент з’яўляецца адным з найстаражытнейшых. З яго дапамогай першабытны чалавек выказваў свае адносіны да навакольнага свету. Спачатку гэта былі простыя, лёгка запамінальныя знакі і сімвалы: круг азначаў сонца, прамая гарызантальная лінія — зямлю, квадрат ці ромб — поле, хвалістая лінія — ваду. Асаблівай разнастайнасцю вызначаецца геаметрычны арнамент у мусульманскім мастацтве.
Раслінны арнамент складаецца са стылізаваных лістоў, кветак, пладоў, галінак і г. д. Вельмі часта ва ўсіх народаў сустракаецца матыў «дрэва жыцця» — раслінны дэкаратыўна спрошчаны квітнеючы куст.
Зоамарфічны арнамент складаецца са стылізаваных фігур ці частак фігур рэальных і фантастычных жывёлін. Часам такія арнаменты называюць «звярыным стылем». Дэкаратыўныя выявы птушак і рыб таксама адносяцца да гэтага віду арнамента.
Антрапамарфічны арнамент у якасці матываў выкарыстоўвае мужчынскія і жаночыя стылізаваныя фігуры ці часткі твару і цела чалавека. Сюды ж можна аднесці розных фантастычных істот (дзевааптушка, чалавек-конь і інш.).
Часта ўзоры складаюцца з самых розных матываў: геаметрычных і раслінных, зоамарфічных і антрапамарфічных. Такі арнамент можна назваць камбінаваным.
Кампазіцыйныя схемыПравіць
Па характары кампазіцыйных схем можна вызначыць наступныя тыпы арнамента: лентачны, ці ўзор у паласе (фрыз, бардзюр, дарожка), сеткаваты і замкнуты (у крузе, квадраце, прамавугольніку, трохвугольніку і інш.). Арнамент, у якім узор распаўсюджваецца ва ўсе бакі без абмежаванняў, напрыклад узор на тканіне, называецца рапортам. Арнамент, створаны ў крузе дзяленнем яго на роўныя часткі дыяметрамі, называецца разетай, ці разеткай. Разетка, пабудаваная на аснове люстэркавай сіметрыі, стварае ўражанне нерухомасці. А тыя, у якіх адсутнічае сіметрыя, выклікаюць адчуванне руху.
ЛітаратураПравіць
- Касабуцкі М. Выяўленчае мастацтва: вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання: для работы ў класе / М. І. Касабуцкі, В. М. Касабуцкі. — Мінск: Нац. іннт адукацыі. — 96 с.: іл. ISBN 978-985-465-593-2.
- Evans J. Style in ornament, Oxf., 1950.
- Meyer P. Das Ornament in Kunstgeschichte, Z., 1954.
- Bossert Н. Th., Arte ornamentale, Barcelona, 1957.
СпасылкіПравіць
Арнамент на Вікісховішчы |
- Арнамент кельцкі, індыйскі, японскі, каўказскі, славянскі
- Арнаменты старажытнай Амерыкі, складальнік і аўтар прадмовы В.І.Іванаўская
- Арнаменты розных народаў і эпох у вектарным фармаце, Калекцыя, якая рэгулярна абнаўляецца для некамерцыйнага выкарыстання