Хлеў
Стайня, таксама хлеў — найбольш распаўсюджанае найменне гаспадарчага памяшкання для ўтрымання жывёлы.
Хлеў — традыцыйная, пераважна зрубная гаспадарчая пабудова для ўтрымання свойскай жывёлы. Вядомы са старажытнасці ў большасці народаў свету, у славян паявіўся не пазней 5 ст. н.э. На тэр. Беларусі паявіліся ў часы Кіеўскай Русі, ім папярэднічалі лёгкія збудаванні тыпу кашар і паветак. Залежна ад жывёлы, якую трымаюць у хляве, яго называюць кароўнікам, аборай, стайняй, аўчарняй, свінарнікам. У сялянскіх сядзібах хлявы — драўляныя прамавугольныя ў плане зрубныя ці вянкова-слупавыя збудаванні пад 2- або 4-схільнымі стрэхамі.
Зрубы рабілі звычайна з другасортнай драўніны, без падвалін, не заўсёды імшылі. Xлявы звычайна ставілі за хатай, клеццю і павеццю ўпрытык, асобна ці з невялікімі прамежкамі; часам іх ставілі на гумнішчы ці на асобным гаспадарчым двары. У бяднейшых сялян усю жывёлу трымалі ў адным хляве ў катухах, разгароджаных жэрдкамі ці дошкамі.
Паводле жывёлы выдзяляюць наступныя віды хлява:
- Абора — на Міншчыне — хлеў для буйной рагатай жывёлы, на Віцебшчыне гэтым словам называюць усе пабудовы для жывёл: хлявы, дзяннік, паветку.
- Адрына — для ўтрымання коней; на Гродзеншчыне — памяшканне для захавання сена.
- Свінячы хлеў, свінарнік або свінушнік — для ўтрымання свінняў.
- Стайня або стаенка — для ўтрымання коней.
- Цялятнік — для ўтрымання цялятаў.
- Кароўнік — для кароў.
- Аўчарня — для авечак.
Аўчарня (кашара) — пабудова для ўтрымання авечак, асноўны вытворчы будынак авечкагадоўчых фермаў і комплексаў. Звычайна маюць аддзяленні для розных груп авечак: бараноў-вытворнікаў, матак з ягнятамі, рамонтнага, адкормачнага пагалоўя; памяшканні для ягнення, штучнага кармлення ягнят і інш.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
- Беларускае народнае жыллё / [Э. Р. Сабаленка і інш.] ; рэдактар В. К. Бандарчык ; Акадэмія навук БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларуская навука, 1973. — 125 с. — 2 250 экз..