По́лька[1][2][3][4] (чэшск.: pulka — палова кроку) — хуткі народны чэшскі танец[1], а таксама жанр танцавальнай музыкі. Музычны памер полькі — 2/4. Полька з’явілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Багеміі (сучасная Чэхія), і з 1840-х гадоў пашырылася ў Еўропе як бальны танец[1].

Вокладка нот «Полькі гіпапатама», выдадзенай у Нью-Ёрку напачатку 1850-х гадоў

Назва танца паходзіць ад чэшскага слова pulka[5], якое азначае «палова кроку», паколькі рытм полькі патрабуе хутка пераступаць ногі — з нагі на ногу.

З-за сугучнасці назвы польку часта памылкова лічаць польскім танцам. Акрамя таго, не варта блытаць польку са шведскім танцам польска  (англ.) (polska, 3/4).

Класічная музыка

правіць

Полькі пісаў Іаган Штраўс I і яго сын Іаган Штраўс II. Гэты жанр часта сустракаецца ў творчасці чэшскіх кампазітараў Бедржыха Сметаны, Антаніна Дворжака і іншых.

Беларуская народная полька

правіць

Полька хоць і з’яўляецца запазычаным танцам, блізкая народнай беларускай харэаграфіі, яна моцна трансфармавалася ў нацыянальным плане пры гэтым аказаўшы моцны ўплыў на іншыя танцы[6]. Увайшоўшы ў побыт беларусаў, яна трансфармавалася ў нацыянальным духу. У розных рэгіёнах узніклі лакальныя варыянты, якія асіміляваліся з мясцовым харэаграфічным фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення полькі ў беларускую харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да беларускіх нацыянальных харэаграфічных традыцый[1].

2/4 памер полькі добра зліўся з беларускім традыцыйным танцам, які меў аналагічны памер[7]. Так, напрыклад, «Трасуха» з’яўляецца сімбіёзам тыпавога народнага танца, ад якога яна і атрымала сваю назву, і полькі[6]. Часцей за ўсё на Беларусі полька выконваецца парамі, якія рухаюцца паўкрокамі з паваротамі па крузе. Танец упрыгожваецца разнастайнымі дробнымі па[1], часта суправаджаецца прыпеўкамі.

Беларускія полькі надзвычай багатыя па сваіх харэаграфічным і музычным малюнкам, яны адрозніваюцца вялікай ладавай і інтанацыйнай разнастайнасцю[6]. Полька патрабавала ад танцораў і майстэрства, і фізічнай вынослівасці[8].

Як і кадрыля, полька таксама мае мноства лакальных варыянтаў: «Барысаўская», «Віцяблянка», «Гаўкаўская», таксама назвы даваліся па асаблівасцях харэаграфіі: «Цераз нагу», «З падкіндэсам», «З прысюдамі», «На пяце», «Вінтом» і гэтак далей[6], «Трапятуха»[9].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д Этнаграфія Беларусі 1989.
  2. ТСБМ 1983.
  3. ТСБЛМ 2016.
  4. БелЭн 2001.
  5. Polka History of Dance
  6. а б в г Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў. — Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с. ISBN 5-33801097-8.
  7. Структурный принцип классификации народной хореографии. Архівавана 21 студзеня 2018. (руск.)
  8. Полька беларуская
  9. Алексютовіч Л. К. «Трапяту́ха» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 517.

Літаратура

правіць