Беларуская дуда
Дуда́ — беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмент, які быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі са старажытнасці да XIX — пачатку XX стагоддзя. Сёння дударская традыцыя адноўлена і развіваецца. У традыцыйнай культуры беларусаў дуда — касмалагічны, рытуальны, актыўны, мужчынскі інструмент[1].
Назва і гісторыяПравіць
Дуды пад рознымі назвамі вядомыя ў многіх народаў; напрыклад дудэльзак — у немцаў, гайта галега — у іспанцаў, хайлэндэр — у шатландцаў.
На тэрыторыі Беларусі вядомыя чатыры тыпы гэтага інструмента:[1]
- Дуда — дуда з адным гукам. Найбольш пашыраны тып беларускіх дуд.
- Мацянка (муцянка) — так званая дасканалая дуда. Захаваўся толькі адзін інструмент. Дуда была пашыраная сярод каталіцкага насельніцтва[2].
- Двухбурдонная дуда з гукамі-самародкамі
- Дуда з вялікім цэльным мехам-панчохай
Дуда на Беларусі і Літве вядомая з глыбокай старажытнасці, і хоць гістарычныя сведчанні паказваюць час не раней за XIV стагоддзе, уключанасць дуды ў надзвычай архаічныя касмалагічныя схемы дазваляе адсунуць час узнікнення дуды ў Беларусі ў самую раннюю эпоху.[1]
Больш за ўсё інфармацыі і матэрыялаў захавалася пра лепельскую канструкцыю дуды і канструкцыю дуды-мацянкі. Дудары сустракаюцца ў шматлікіх народных паданнях, творах беларускіх аўтараў XIX і XX стагоддзяў, такіх як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.
Да канца XIX стагоддзя дуда была адным з асноўных інструментаў народнага музычнага побыту беларусаў.
Сакральны сэнсПравіць
Дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы.
Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека. Абавязковым была прысутнасць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэнне), на вяселлі (рытуальнае пераўвасабленне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, магчыма, на пахаванні (рытуале пераходу чалавека ў іншы свет). Пра сакральны статус інструмента сведчаць касмаганічныя дударскія тэксты, у якіх у пэўных сімвалах апісваецца пабудова свету, як яе разумелі тагачасныя беларусы. І дуда, і дудар там прысутнічаюць і займаюць істотнае месца. Гэта ўнікальная з’ява ў Еўропе, бо ні ў воднай традыцыі дуда так не міфалагізаваная, як у Беларусі[3]. Дуда-«весялуха» мела шырокае выкарыстанне пры танцах, песнях, прыпеўках на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, а таксама ў ансамблі са скрыпкай ды цымбаламі. Як сведчаць музыказнаўцы, апошні раз дуда як старадаўні музычны інструмент гучала ў 1951 годзе ў Полацку. Зараз дуда зноў становіцца абявязковым інструментам народных ансамбляў.
Гістарычныя сведчанніПравіць
Найранейшым гістарычным сведчаннем існавання дудаў на тэрыторыі Беларусі можна было б лічыць выяву дудара ў складзе скамарохаў з Радзівілаўскага летапісу XII стагоддзя, які грае на безбурдоннай дудзе, кшталту польскай siersienki, тыпе дуды, пашыраным па ўсёй сярэдневяковай Еўропе — аднак згаданая мініяцюра не можа быць цалкам імаверным сведчаннем праз адсутнасць інфармацыі аб паходжанні самога мастака (ён мог паходзіць і не з Беларусі), адсутнасць этнаграфічных фактаў пазнейшых часоў[1].
Літоўская этнакультуролаг Пране Дундулене (Prane Dunduliene), спасылаючыся на пісьмовыя крыніцы, сцвярджае, што дудамі і песнямі народ сустракаў пераможныя войскі князя Альгерда ў XIV—XV стагоддзях[1]. У XVI—XVII стагоддзях А. Бецэнберг пісаў пра літоўскія дуды, якія мясцовы люд называў дудрагіне (dudragine).[1]
Пісьмовыя крыніцы XV—XVI стагоддзяў упершыню згадваюць музычны інструмент, які называецца дуда («Аповесці пра трох каралёў-вешчуноў» у XV стагоддзі і «Аповесці пра Трыстана і Ізольду» XVI стагоддзя), у якіх мясцовыя перакладчыкі скарысталіся назвай дуда для перакладу на мясцовую мову назваў нейкіх музычных інструментаў, што адпавядаюць этнаграфічным рэаліям Блізкага Усходу і Заходняй Еўропы, з якімі перакладчыкі, хутчэй за ўсё, не былі знаёмы[1].
У кнізе «Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…», выдадзенай у 1582 годзе ў Ростаку, лютэранскі пастыр Паўль Одэрборн, апісваючы жыхароў з ваколіц Дзісенскага Паазер’я, піша: «У вытанчанай музыцы яны не дасведчаныя, зусім не граюць на струнных інструментах, дзеля забавы ў іх звычайна выкарыстоўваецца толькі дуда з мехам. На вяселлях і іншых пачостках вельмі часта водзяць карагоды пад гучнае плясканне ў далоні.» Апісваючы шлюбны абрад русінаў Падзвіння даследчык сцвярджае: «Сумеснае жыццё ў іх не прынята весці да таго часу, пакуль маладыя не будуць злучаны пад час публічнай урачыстасці. Для гэтага каля адзінаццатай гадзіны ночы маладых пад гукі лютняў і дудаў, пад святлом паходняў прыводзяць у храм[4].»
У Слоўніку старажытнарускай мовы І. Сразнеўскага дуда — знак крукавога пісьма, выява якога схематычна адпавядае тыпу аднабурдоннай дуды, накшталт польскай siersienki[1].
Дакументы XVII стагоддзя (указ Віленскага сойму ад 1656 года) згадваюць: Люди людные, которые службы не мають, и теж медведъники, дудъники, скрипъки, трубачи и иншие в местех будучие музыки, и хто колвекъ не маючи певной службы…[1]
Ой, повесю я дуду на зялёному на дубу, |
Жніўная беларуская народная песня з Палесся (в.Вялікая Гаць Івацэвіцкі раён)[5] |
У тагачасных судовых кнігах — у актавай кнізе полацкага гродскага суда — …пан Бутько, выскочивши с пекарни свое зъ секирою, учинивши окрик, преречоного Алексанъдра Лешонъка обухом в руку левою понижей локтя подвакроть шкодливее ударыл… а другого Ивана Совостеенка, Дудара, тою жъ секирою в хрибет оберучъ ударилъ, и кгды тотъ преречоный Иванъ от него уходил, а пан Бутько оного догонить не мог, тою жъ секирою за ним кинул, и кгды бы долетела, снать бы его и на смерть забил…[1]
У актавай кнізе пінскага гродскага суда ад 1699 года (скарга дудара на пінскага гандляра за тое, што ён зачараваў яго дуду) — …na…Chwedora dowodzili, ze iest takowey ze nauki oycowskiey, ktory przed wielo ludzmi w miasteczku Janowie, pod czas iarmarku, graiacemu na dudzie dude zamovił, ze grac przestała, az go tamten prosił y na głos kazdo rzecz zamawia[1]
Адзінай даўняй ілюстрацыяй, дзе выяўлена дуда, між іншым, у якасці ваеннага інструмента ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагоддзі, ёсць малюнак Прускай хронікі, які паказвае ўезд караля Жыгімонта Аўгуста ў Данцыг (тып дуды, прадстаўлены на малюнку, верагодны для тутэйшай традыцыі, ён уяўляе сабой двухбурдонную дуду з бурдонамі, якія тырчаць угару і маюць рагаўні, жалейка, на жаль, заслоненая постаццю каня).[1]
З XVIII стагоддзя вядома пакуль адна фіксацыя дудаў, якая даецца ў тэксце камедыі 1787 года пад аўтарствам ксяндза К. Марашэўскага (легенда, падобная на камедыю, была зафіксавана на Браслаўшчыне ў больш познія часы недалёка ад кляштара ў Забелах[1].
У пачатку XX стагоддзя Ігнат Буйніцкі з Палівачоў на Глыбоччыне ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Тады дуду ўпершыню пабачылі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[6]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты беларускаму музею. Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды.
У 1960-я гады быў створаны беларускі сцэнічны танец «Дударыкі», пры выкананні якога праяўляліся вынаходлівасць, дасціпнасць, здольнасць абудзіць у чалавечай душы ўзнёслыя пачуцці. Раней узору «Дударыкаў» быў створаны традыцыйны танец «Дудачка».
Традыцыйная канструкцыяПравіць
Канструкцыя традыцыйнай дуды:
- Скураны мех (пузыр) — выкарыстоўваецца для ўтрымання пэўнага ціску, робяць са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі.
- Маленькая драўляная трубка (соска , сапель) — выкарыстоўваецца для напаўнення паветрам меха.
- Ігравая трубка (перабор, жалейка) — ігравая трубка з 7 адтулінамі для перабірання пальцамі і пішчыкам з адзінарным язычком, для выконвання найгрышаў і мелодый.
- Гук (бурдоны, або некалькі бурдонаў) — трубка, або трубкі, якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра.
- Рагавень (ражок) — дзве закручаныя пад градусам 180 драўляныя часткі, якія замацоўваюцца на пераборы і гуку для надання адмысловага тэмбру. Гэты элемент з’яўляецца распазнавальнай часткай беларускай, аднагукавай дуды. Толькі ў беларускай дудзе ражкі зробленыя выключна з дрэва і закручаныя пад адмысловым вуглом.
Для вырабу меха выкарыстоўваюць скуру казы, целяці, барсука, сабакі.[1] Для вырабу ўсіх драўляных трубак выкарыстоўваюць клён, ясень, вярбу.[1]
Паштоўка «Дудар беларускі» (Расійская імперыя, Дзісенскі павет), фота Міхала Кусцінскага да 1904 года.[7]
Тыпы беларускіх дудаўПравіць
- Асноўны, найбольш пашыраны тып на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага (паводле матэрыялаў XIX—XX стагоддзяў) — аднабурдонная дуда, арэал якой абмяжоўваецца Віцебшчынай, поўначчу Міншчыны і Гродзеншчыны, захадам Смаленшчыны, Віленшчынай, а таксама Латгаліяй.
Гэты тып інструменту складаецца з меху, скроенага са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі ў форме, што нагадвае гусь з доўгай шыйкай, у якую спераду ўстаўленая меладычная трубка з рагаўнём (жалейка), ззаду ў мех замацавана бурдонная трубка з рагаўнём (гук), у верхняй частцы меху замацаваная трубка для ўдзімання паветра (сапель). Усе трубкі — драўляныя, стружаныя ці точаныя на кружале з клёну, ясеню, вярбы і ўстаўленыя альбо непасрэдна ў мех, альбо праз умацаваныя ў мех драўляныя перахаднікі вальцовай ці шарападобнай формы. Часта трубкі і рагаўні аздабляліся літым у дрэва алавяным, алюмініевым або тыражным срэбным арнаментам, а таксама тыражнымі колцамі з медзі, алюмінію, жалеза. Пішчык звычайна рабіўся з чароту або з расшчэпленага гусінага ці йндычынага пяра[1].
- Дуда-муцянка (мацянка, мыцьянка)[8] (генетычна звязаным з папярэднім тыпам), апісаная Е. Раманавым і М. Анімеле — у цэлым захоўвае такую ж самую канструкцыю, за выняткам таго, што замест аднаго бурдона ў тое самае месца размяшчаюцца тры, якія не маюць рагаўнёў.
Гэты тып дудаў (паводле М. Анімеле) быў больш пашыраны ў асяроддзі беларусаў-каталікоў — а адзіны інструмент, які захаваўся да нашага часу, паходзіць з тэрыторыі Латгаліі (былы Люцынскі павет Віцебскай губерні, зараз гэта Лудзенскі раён, Латвія). Паводле Е. Раманава, даўжэйшы бурдон настройваецца ў актаву да ніжэйшага гука перабору, меншыя ж даюць квінту папярэдніх. Тып дзвюхбурдоннай дуды вядомы ў шэрагу апісанняў і ілюстрацыйных матэрыялаў і ўяўляе сабой крыху іншы тып канструкцыйнай пабудовы. Мех тут мае выгляд бурдзюка з тонкай шыйкай, куды мацуецца жалейка, але, у адрозненне ад папярэдняга тыпу, не мае шыйкі ў задняй частцы для ўмацавання бурдонаў і ў цэлым нагадвае форму заходнееўрапейскіх, галандскіх ці нямецкіх інструментаў.
Бурдоны звісаюць унізе і замацоўваюцца:
- у адзін перахаднік, умацаваны ў дольнай частцы меху;
- з аднаго месца, крыху вышэй ад ніжняй часткі меху;
- у пярэднія ножкі жывёлы, бліжэй да жалейкі;
- па абодва бакі меху, трохі вышэй ад яго ніжняй часткі.
Такая дуда трымаецца пераважна перад сабой. Існуюць варыянты такіх дудаў як з рагаўнямі, гэтак і без іх. У дудах, якія не маюць рагаўнёў, канцы бурдонных і меладычных трубак маюць варонкападобныя пашырэнні.[1]
Лепельская дуда з вёскі ВерабкіПравіць
Беларуская дуда 1877 года захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Унікальнасць менавіта гэтай дуды — эстэтычнае аздабленне (рагаўні, жалейка і бурдоны). Лепельская дуда канструкцыйна мае скураны мех, жалейку з рагаўнём (з 7-ю адтулінамі на жалейцы і 2-мя адтулянамі на рагаўні жалейцы), соску, адзін бурдон з рагаўнём[9].
Глыбоцкая дуда з вёскі ВерацеіПравіць
Глыбоцкая дуда з вёскі Верацеі (гміна Празарокі) захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музея Літвы і датуецца 1849 годам (на 28 гадоў старэй за лепельскую). Дакладная копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Унікальнасць глыбоцкай дуды ў тым, што яе мех пашыты са скуры барсука, поўсцю навонкі[10].
Этнавясковыя дударыПравіць
- Адам Шульга — дудар з трупы Ігната Буйніцкага з Празарокаў (Глыбоцкі раён). Уваходзіў у склад традыцыйнай капэлы пры тэатры Ігната Буйніцкага у якой былі дудар, скрыпак і цымбаліст.
- Пётр Бурэц — знакаміты дудар[11] з в. Асінаўка (Глыбоцкі раён)
- Гаўрыла Слаўчык — дудар з Гарадоцкага раёна. У 1931 годзе, ва ўзросце 95 гадоў, Гаўрыла Слаўчык быў быў запісаны на фанограф Яўгенам Гіпіусам і Зінаідай Эваль (Ленінград). Частка запісаў была апублікаваная Яўгенам Гіпіусам у 1941 годзе[12].
- Фёдар Іванавіч Стэсь (Хведар Квецька) — 1869 г.н., в. Церасполле (Полацкі раён)
- Мікола Усцінаў — 1871 г.н., в. Бараўцы (Полацкі раён).
- Сямён Шыхавец (Сцяпан Шахавец) — в. Халхоліцы (Барысаўскі раён).
- Фёдар Ціханавец (Хвёдар Ціхановіч) — в. Дамжэрыцы (Бягомльскі раён).
- Міхаіл Іванавіч Пугач — в. Старынкі (Ушацкі раён).
- Язэп Гвозд — 85-гадовы Язэп Гвозд з Ушаччыны (вёска Турасполле) выступіў на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Мінску у 1951 годзе. Гэты выступ лічыцца апошнім вядомым выкананнем на беларускай дудзе[13].
Прынцып і манера гранняПравіць
Падчас грання дудар трымаў дуду альбо гарызантальна пад пахай, альбо вертыкальна перад сабой.
У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў жалейку і бурдон (бурдоны) і прымушае вібрыраваць язычкі, што знаходзяцца ў сярэдзіне трубак — гэта выклікае моцнае і рэзкае гучанне.
У Беларусі вылучаюцца дзве манеры грання:
- закрытая манера (традыцыйная)
- адкрытая манера (агульнасярэднявечная)
Сучасны станПравіць
У XXI стагоддзі дударскі рух у Беларусі карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю, паступова з’яўляюцца новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасці.
Некаторыя беларускія гурты і артысты, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці дуды (у тым ліку і замежнай традыцыі):
- Ceilidh Ceol
- Cornu Copia
- Dzivasil
- ESSA
- Galiarda
- Irdorath[14]
- Litvintroll[15]
- Osimira[16]
- RR
- Aqua Profunda
- Testamentum Terrae[17]
- Tylos Labanoro
- PAWA[18]
- Znich[19]
- Ветах[20]
- Віталь Воранаў[21]
- Кашлаты Вох[22]
- Келіх Кола
- Кудмень
- Ліцвінскі хмель
- Літы ТалерLity Taler
- Млын Сонца
- Молат
- Рада
- Рарог
- Расалія
- СтараЛітва
- Стары Ольса[23]
- Тутэйшая шляхта
- Тутэйшыя
- Яварына
- Ягорава гара
- Dzieciuki
- Osterweg
- Dzivia
- Wartha
ЗноскіПравіць
- ↑ 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 1,13 1,14 1,15 1,16 Літоўская дуда. Інструмент-міф // Тодар Кашкурэвіч // DRUVIS — Альманах Цэнтра Этнакасмалогіі KRYŬJA, № 2, 2008
- ↑ http://repository.buk.by/bitstream/handle/123456789/805/ASABL%20VASC%20%20BELARUSKAY%20DUDYI-MACYANK%20.pdf?sequence=1
- ↑ Беларускія архетыпы — дуда // Размова Анатоля Мяльгуя з Тодарам Кашкурэвічам — Kryuja centar etnakasmalogiji, 2008.
- ↑ http://www.belhistory.eu/pa%D1%9El-oderborn-pra%D1%9Edzivy-i-grunto%D1%9Eny-apoved-pra-veru-rusa%D1%9E/#ftn14
- ↑ Беларуская народная песня Ой, повешу я дуду, soundcloud.com.
- ↑ https://www.svaboda.org/a/27937897.html
- ↑ [1]
- ↑ Ліцвінская дуда Мацянка, belduda.com
- ↑ Старыя інструменты Беларусі // Дакументальная кінастужка. — ТАА «Реплимастер», Расійская Федэрацыя. — 2007.
- ↑ Глыбоцкі гісторыка-краязнаўчы музей: http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki
- ↑ http://pdf.kamunikat.org/21583-1.pdf
- ↑ http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14100&mode=print
- ↑ https://www.sb.by/articles/vozvrashchenie-zabytogo-simvola.html
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Irdorath.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Litvintroll.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Osimira.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Testamentum Terrae.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту PAWA.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Znich.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Ветах.
- ↑ Комінч, Ганна Віталь Воранаў - папулярызатар беларускай дуды (бел.) . Беларускае Радыё Рацыя (30 ліпеня 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2020. Праверана 19 ліпеня 2020.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Кашлаты Вох.
- ↑ Афіцыйная старонка гурту Стары Ольса.