Уладзімір Дубоўка

беларускі паэт, празаік, перакладчык (1901—1976)

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка (2 (15) ліпеня 1901[1][2], в. Агароднікі, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць — 20 сакавіка 1976, Масква) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Уладзімір Дубоўка
Уладзімір Дубоўка, 1925 г.
Уладзімір Дубоўка, 1925 г.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 2 (15) ліпеня 1901
Месца нараджэння
Дата смерці 20 сакавіка 1976(1976-03-20) (74 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, паэт, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык, празаік, рэдактар
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Паводле метрычнага запісу Манькавіцкай праваслаўнай царквы[1], да якой адносілася вёска Агароднікі (Манькавіцкая воласць, Вілейскі павет, Віленская губерня), Уладзімір Дубоўка нарадзіўся 2 (15) ліпеня 1901 года; бацькі: селянін Мікалай Фёдаравіч Дубоўка і Анастасія Іванаўна[2]. У сям’і было 6 сыноў і адна дачка, бацька валодаў 6 дзесяцінамі зямлі.

У дзяцінстве на яго зрабіла значны ўплыў беларуская народная творчасць (казкі, песні і інш.). Паводле ўспамінаў Уладзіміра Дубоўкі («Пялёсткі»), свой першы верш ён напісаў, калі яму не было і чатырох гадоў. Маці сказала яму памаліцца, і ён паслухаўся:

 

Ты — наш бог.
Твая і хата.
Твая і печ.
Але ж мама — наша.
Мама ўчыняла бліны.
Мама пячэ бліны.

 

Першую асвету атрымаў у Манькаўскай школе. У 1912—1914 гадах вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. Тады падпісаўся на газету «Наша ніва»; бацька, які за гэта атрымаў вымову ад мясцовага ўрадніка, папрасіў суседа-камерсанта дастаўляць ім газету з паездак у Вільню[3].

У 1915 годзе перад наступленнем нямецкіх войскаў у часе Першай сусветнай вайны сям’я з Пастаўшчыны была эвакуявана ў Маскву. Дагэтуль, у кастрычніку 1914 года Уладзімір Дубоўка паступіў у Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, якая праз вайну была пераведзена ў Невель.

Маскоўскі перыяд

правіць

Па заканчэнні ў 1918 годзе Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі Уладзімір Дубоўка быў прыняты студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, але пасля двух месяцаў вучобы быў вымушаны, каб дапамагчы бацькам, паехаць працаваць настаўнікам у Тульскую губерню.

 
Уладзімір Дубоўка, 1920-я гг.

У 1920 праходзіў службу ў асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце Чырвонай Арміі, удзельнік польска-савецкай вайны. У 1921 годзе па дэмабілізацыі працуе ў Народным камісарыяце асветы РСФСР метадыстам і інструктарам беларускіх школ і вучыцца ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. Першы верш апублікаваў у 1921 годзе. У 1922—1925 рэдактар беларускага выдання «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва Беларускай ССР пры Урадзе СССР. У 1924 годзе скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава.

 
Маладнякоўцы з дударамі. У першым шэрагу справа: Язэп Пушча і дудары Нічыпар і Сымон Шыхавец. У другім шэрагу: Ілары Барашка, Уладзімір Дубоўка. Сярэдзіна 1920-х гг.

Сябра беларускага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Маладняк» з часу яе ўзнікнення ў 1923 годзе: быў адказным сакратаром Цэнтральнага бюро (ЦБ), рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк». У 1924 годзе ўпершыню наведаў Менск, пасля Харкаў.

У 1924—1927 выкладчык беларускай літаратуры ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду. У 1926—1930 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР». Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, браў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху, быў першым рэдактар часопіса «Беларускі піянер», старшынёў маскоўскай філіі «Маладняка», друкаваў вершы ў беларускім савецкім друку, а таксама ў заходнебеларускім друкуМаладая Беларусь», «Змаганне»). Быў першым рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове ў маскоўскай чыгуначнай газеце «Гудок».

 
Літаратурнае згуртаванне «Узвышша». 1 шэраг (злева направа ): В. Шашалевіч, П. Глебка, У. Дубоўка, М. Лужанін, К. Чорны, К. Крапіва; 2 шэраг: А. Адамовіч, У. Жылка, З. Бядуля, А. Бабарэка, Я. Пушча, С. Дарожны, Т. Кляшторны. 1929 г.

Увесну 1926 года разам з іншымі пісьменнікамі выходзіць з «Маладняка» і стварае новае літаратурнае згуртаванне «Узвышша» (існавала да 1931 года). Удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926 г., Менск). На канферэнцыі быў ініцыятарам стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз», апублікаваў у часопісе «Узвышша» некалькі артыкулаў на гэту тэму («Узвышша», 1928, №. 4—5), якія выйшлі пазней адбіткам з часопіса.

У 1927 годзе ажаніўся з Марыяй Пятроўнай Кляўс. У наступным годзе нарадзіўся сын Альгерд.

Каб пазбегнуць цэнзуры, некаторыя вершы друкаваў у заходнебеларускім часопісе «Беларуская культура», што выдаваўся ў Вільні. У 1926 годзе напісаў востры палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…»[4] («На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі»), які быў надрукаваны ананімна (пад псеўданімам Янка Крывічанін у часопісе «Беларуская культура» 1927, № 1). У далейшым савецкімі спецслужбамі ДПУ было выяўлена аўтарства Уладзіміра Дубоўкі, і верш быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта па справе «Саюза вызвалення Беларусі» ў 1930 годзе.

Рэпрэсіі

правіць
 
Уладзімір Дубоўка, фота з крымінальнай справы, 1930 г.

У час масавых палітычных рэпрэсій у СССР рэпрэсаваны. Арыштаваны АДПУ СССР 20 ліпеня 1930 года ў Крамлі па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10 красавіка 1931 года асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск[5]. У часе допытаў не даваў паказанняў супраць іншых асоб, адмаўляўся падпісваць пастанову аб заключэнні пад варту і абвінаваўчае заключэнне[6]. У ліпені 1935 года тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. У лістападзе 1937 года асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе на будоўлях у Бірабіджане.

Вызваліўшыся ў 1947 годзе з лагера, Уладзімір Дубоўка выбірае сабе за месца жыхарства Грузію, бо быў пазбаўлены права вярнуцца ў Беларусь або ў Маскву. Ён селіцца са сваёй жонкай Марыяй Пятроўнай (у дзявоцтве Кляўс; адзінага сына Аліка (Альгерда) на той час ужо не было ў жывых[заўв 1]) у горадзе Зугдыды, уладкоўваецца на працу ў саўгасную кантору рахункаводам.

Зноў арыштаваны 16 лютага 1949 года ў Грузіі. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 года асуджаны на 25 гадоў зняволення. Ізноў, разам з жонкай, апынуўся ў выгнанні — у Краснаярскім краі.

У зняволенні літаратурнай працай не займаўся.

Пасля рэабілітацыі

правіць

Канчаткова рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1958 года, жыў у Маскве. Часта прыязджаў у Беларусь, займаючыся тут выданнем сваіх кніг, дзе былі папраўленыя многія вершы 1920-х гадоў. Пісаў новыя творы, шмат перакладаў, напісаў казкі і аповесці для дзяцей. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

Памёр 20 сакавіка 1976 года ў Маскве. Пахаваны ў калумбарыі Мікола-Архангельскіх могілак Масквы (2 маскоўскі крэматорый, калумбарый, секцыя 4, рад 4, ніша 15)[8][9].

Творчасць

правіць
 
Вокладка кнігі У. Дубоўкі «Трысцё» (1925)

Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы (1921—1927): Ганна Аршыца; У. Гайдукевіч; У. Гайдуковіч; Ул. Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б-сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В. Туянец; У. Д-ка; У. Д-на.

Першы верш надрукаваў у 1921 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь». Паэзія Уладзіміра Дубоўкі абапіраецца на здабыткі беларускага фальклору, традыцыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыятычным пафасам, увагай да гераічных старонак беларускай гісторыі, актыўнасцю мастацкіх пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці беларускага вершаванага слова, узбагаціла рамантычную стылявую плынь у літаратуры свайго часу[10].

 
Уладзімір Дубоўка і Рыгор Барадулін, 1961.

Выйшлі зборнікі вершаў «Строма» (Вільня, 1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (Масква, 1927). Паэма «Там, дзе кіпарысы» (1925) сведчыла пра пошук новых тэм і вобразна-асацыятыўных сродкаў, новай арыгінальнасці. Адчувалася ўстаноўка на нязвыклае, экзатычнае; паўднёвы крымскі паэтычны краявід выклікае міцкевічаўскія асацыяцыі, блізкасць да «Крымскіх санетаў». Твор быў прысвечаны Кастусю Станкевічу, аднаму з сяброў маладосці паэта.

Філасофская заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіцыйная структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору, паэтычнаму эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

У 1929 годзе Уладзімір Дубоўка рыхтаваў да выдання ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі поўны збор сваіх паэтычных твораў «Дэпешы без адрасу», што так і не быў выдадзены з-за арышту паэта і застаўся ў машынапіснай копіі, якая захоўваецца зараз у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Вершы і паэмы Дубоўкі гэтага перыяду былі ўвасабленнем на практыцы эстэтычнай платформы «Узвышша», апублікаванай у першым нумары часопіса. Асноўнай была ўстаноўка на дасканаласць мастацкай формы, якую дапамагалі ствараць «культура беларускай мовы; жыццёвая сымболіка мастацкая твора; яго канцэнтрацыйная вобразнасць; дынамічнасць кампазіцыі; беларуская жанравасць; адзінства творча-мастацкай ідэі; разнастайнасць фармальных рэальнасцей; аквітызм — як тая імклівасць, якою прасякаецца мастацкі твор у сваім ідэале» («Узвышша», 1927, № 1).

Узорам, які задаваў тон і на які арыентаваліся ўзвышаўцы, выпрацоўваючы гэтыя тэзісы, была паэзія «чыстай красы» Максіма Багдановіча. Сціплы васілёк быў сімвалам радзімы, сімвалам паэта ў Багдановіча. Сціплая кветка шыпшыны, якая традыцыйна ўпрыгожвала беларускія вясковыя і прыгарадныя сядзібы, стала сімвалам айчыны ў паэтыцы Уладзіміра Дубоўкі:

 

О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.

 

У стылі багдановічаўскай паэтыкі з’явіўся пазней і вобраз сціплага, але дарагога сэрцу вераса. У вершы «Ты ляжыш на руцэ маёй, верас» (1958) развіваецца матыў сціплай кветкі-вераса як сімвала роднага краю:

 

Ты ляжыш на руцэ маёй, верас,
найдрабнейшая з кветак.
Я пытаўся, пытаю яшчэ раз:
чым ты вабіш нас гэтак?

 

Выйшлі з друку паэма «Палеская рапсодыя» (1961), «Вершы» (1970). Уладзімір Дубоўка рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (кніжкі вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). Таксама выдаў казкі «Як сінячок да сонца лётаў» (1961), «Дзівосныя прыгоды» (1963), «Мілавіца» (1964).

Аўтар навукова-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Апенька» (1969), «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974), якія папулярызуюць дослед, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіяграфічныя апавяданні-абразкі склалі кнігу «Пялёсткі» (1973).

Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, культуры.

Перакладчык на беларускую мову твораў Уільяма Шэкспіра («Санеты», 1964), Джорджа Байрана (паэмы «Шыльёнскі вязень  (руск.)», «Бронзавы век», містэрыя «Каін» у зборніку «Выбранае», 1963), вершаў Уладзіслава Сыракомлі, Паўла Тычыны, Уладзіслава Бранеўскага, Юльюша Славацкага, Юлюса Яноніса, Сеіда Шырвані  (руск.), Мамеда Ардубады  (руск.), Карла Каладзэ, Егішэ Чарэнца, Ду Фу, Валерыя Брусава, Аляксандра Пракоф’ева і інш.

Ацэнкі

правіць

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч пра першы верш Уладзіміра Дубоўкі, напісаны ім у дзяцінстве: «каб перасягнуць такое, некаторым і цэлага жыцця не хопіць — не кажучы пра тое, каб дапісаць»[11].

Паэт Рыгор Барадулін заўважыў[12]:

 

Пра мову Уладзіміра Дубоўкі, асабліва ранняга, трэба пісаць асобнае даследаванне. Крывіцка-карэнная, з балцкай падсветкай, яна ўвабрала ў сябе і сівярок, і мерную спякоту, і азёрнасць.

 

У сістэме сродкаў мастацкага паказу прыкметнае месца займаюць аўтарскія наватворы. Шмат выкарыстаных ім слоў пашырылася ў літаратурным ужытку: агораць, аберуч, апантаны, ашчаперыць, веславаць, водар, волкі, вохкі, дойлід, збочыць, збунтаваць (змяшаць, пераблытаць), знічка, імклівасць, наканаваны, нелюдзь, непрыдатны, не ставаць, праставаць, столка, строма, талака, удубальт, шэрань і інш.[13]

Памяць

правіць
 
Памятная дошка ў Паставах

У гонар Уладзіміра Дубоўкі названы вуліцы ў Паставах і Варапаеве.

У 1996 і 1999 гадах у Пастаўскім раёне (вёска Дзеравянкі) праводзіліся літаратурныя фестывалі «Даўжанскія вечары», прысвечаныя творчасці Уладзіміра Дубоўкі[14].

Бібліяграфія

правіць
  • Строма: Вершы. Вільня, 1923
  • Там, дзе кіпарысы: Паэма. Менск, 1925
  • Трысцё: Вершы. Менск, 1925
  • Credo: Вершы. Менск, 1926
  • Наля: Вершы. Масква, 1927
  • Праект літар для згукаў «дз» і «дж». Менск, 1928
  • Лацінка ці кірыліца: Да праекту рэформы беларускага альфабэту. Менск, 1929
  • Выбраныя творы Мінск, 1959
  • Цудоўная знаходка: Паводле народных матываў: [Казка]. Мінск, 1960
  • Палеская рапсодыя: Вершы. Мінск, 1961
  • Як сінячок да сонца лётаў: Палеская казка. Мінск, 1961
  • Дзівосныя прыгоды: Казка. Мінск, 1963
  • Мілавіца: Казка. Мінск, 1964
  • Выбраныя творы: У 2 т. Мінск, 1965
  • Жоўтая акацыя: Аповесць. Мінск, 1967
  • Казкі. Мінск, 1968
  • Ганна Алелька: [Аповесць]. Мінск, 1969
  • [Вершы]. Мінск, 1970
  • Пялёсткі: Апавяданні-ўспаміны. Мінск, 1973
  • Як Алік у тайзе заблудзіўся: Маленькая аповесць. Мінск, 1974
  • Залатыя зярняты: Казкі. Мінск, 1975
  • О Беларусь, мая шыпшына. Творы. Мн., 2002

Заўвагі

правіць
  1. Альгерд Дубоўка загінуў у 1942 годзе ў выніку няшчаснага выпадку — гуляючы з дзецьмі знайшоў кінуты вайсковы снарад[7].

Крыніцы

правіць
  1. а б НГАБ, ф. 2531, воп. 5, спр.16, арк. 20, 21
  2. а б «ЛіМ», 5 ліпеня 2019. — С. 3
  3. Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка(недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Праверана 29 ліпеня 2024.
  4. Уладзімір Дубоўка - За ўсе краі, за ўсе народы свету.... karotkizmest.by. Праверана 28 ліпеня 2024.
  5. Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч(недаступная спасылка). web.archive.org. marakou.by (19 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2021. Праверана 29 ліпеня 2024.
  6. 10 фактаў пра вязьня сумленьня Ўладзімера Дубоўку, які ненавідзеў Сталіна і стукачоў . Радыё Свабода (17 ліпеня 2020). Праверана 29 ліпеня 2024.
  7. Будзьма беларусамі! » Уладзімер Дубоўка: 27 гадоў лагероў і перарванае маўчанне. budzma.org. Праверана 29 ліпеня 2024.
  8. Могила Владимира Дубовки. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2023. Праверана 11 жніўня 2023.
  9. Гаўрук — Жалязняк – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 24 жніўня 2024.
  10. nlb.by Архівавана 9 кастрычніка 2020.
  11. Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012
  12. Барадулін, Р. Аратай, які пасвіць аблокі. Сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны. — Мн.: Мастацкая літаратура,1995. — С. 22
  13. Беларуская мова: Энцыклапедыя. — Мн.: БелЭн, 1994 — С. 183.
  14. zviazda.by

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць