Беларуская служба Радыё «Свабода»
Беларуская служба Радыё «Свабода» — беларускамоўнае падраздзяленне Радыё «Свабода», якое вяшчае з-за меж Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода — Свабодная Еўропа і фінансуецца з ЗША. Кіраўнік — Аляксандр Лукашук.
Беларуская служба Радыё «Свабода» | |
---|---|
Дата пачатку вяшчання | 20 мая 1954 |
Сайт | svaboda.org (бел.) |
Гісторыя
правіцьРадыё «Свабода» заснавана пад назвай Радыё «Вызваленне» ў Мюнхене ў 1953 годзе ва ўмовах «халоднай вайны» для вядзення прапаганды супраць СССР. У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 мая 1954 года. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі[1].
З 19 сакавіка 1956 года праграмы былі падоўжаныя да 20 хвілін і перасылаюцца цяпер 18 разоў на суткі. Кожная беларуская радыёперадача пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». Беларуская Рэдакцыя Радыё «Вызваленне» гаварыла аб мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР[2].
Асноўнымі кірункамі радыёперадач «Свабоды» былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР і Беларусі, у тым ліку парушэнні правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.
Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 годзе штаб-кватэра «Свабоды» перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі. Пашырыўся і абнавіўся штат рэдакцыі.
Беларуская служба Радыё «Свабода» цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз інтэрнэт, сайт Радыё «Свабода» карыстаецца тарашкевіцай[3]. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і іншых праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Журналісты «Свабоды» арыентаваныя на заходнія ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.
З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі[4], а з 2004 — і кампакт‑дыскі[5].
У 2006 годзе Беларуская служба Радыё «Свабода» атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навін сярод 20 рэдакцый Радыё «Свабодная Еўропа», а ў 2007 — за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё «Свабодная Еўропа»[6].
30 красавіка 2019 года Радыё «Свабода» пасля амаль 65 гадоў штодзённага эфіру пакінула радыёхвалі. З хваль радыёэфіру служба пераключылася на іншыя каналы перадачы аўдыясігналу. Надалей яе можна слухаць у сусветным сеціве — і ў патокавым вяшчанні, і на падкаставых платформах — а таксама праз спадарожнік[7].
Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Наталля Арсеннева[8], Галіна Айзенштат, Валянцін Жданко, Юры Дракахруст, Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Данчык, Валянціна Аксак і іншыя.
Забароны
правіцьСа жніўня 2020 года па загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ на сайт Радыё «Свабода» ў краіне абмежаваны за асвятленне рэсурсам пратэстаў у Беларусі[9][10].
На пачатку снежня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і аналагі ў сацсетках і YouTube[11]. 23 снежня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Беларускую службу Радыё «Свабода» экстрэмісцкім фарміраваннем[12]. Стварэнне такога фарміравання або ўдзел у ім з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам[13].
Кіраўнікі
правіць- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
- Уладзімір Дудзіцкі[14] (1956—1962)
- Уладзімір Цвірка[15] (1962—1968)
- Майсей Сяднёў[16] (1968—1983)
- Юры Сянькоўскі (1983—1991)
- Вячка Станкевіч (1991—1998)
- Аляксандр Лукашук (1998 — кастрычнік 2007)
- Ян Максімюк (кастрычнік 2007—2008)[17]
- Аляксандр Лукашук (2008—2023)[18]
Зноскі
- ↑ Беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» — 55 гадоў Архівавана 3 чэрвеня 2009.// Наша Ніва. 20 мая 2009
- ↑ «Гаворыць радыё Вызваленне…»: Выбраныя матэрыялы Беларускай Рэдакцыі. — Мюнхен: Стараннем Беларускай Рэдакцыі Радыя Вызваленне, 1956. — 144 с.
- ↑ РАДЫЁ СВАБОДА / Беларускі Iнтэрнэт . archive.svaboda.org. Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе Архівавана 20 ліпеня 2008.// Радыё «Свабода». 17 студзеня 2008
- ↑ Свабода, Радыё. У менскім Доме літаратара адбылася вечарына прысьвечаная 80-годзьдзю з Дня нараджэньня Васіля Быкава . Радыё Свабода (11 снежня 2007). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Свабода, Радыё. 10 гадоў у Інтэрнэце . Радыё Свабода (12 снежня 2008). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Разьвітаньне з радыёхвалямі . Радыё Свабода. Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1964 . Радыё Свабода (11 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.). Onliner.by (22 жніўня 2020). Праверана 23 снежня 2020.
- ↑ В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (руск.). Meduza (22 жніўня 2020). Праверана 24 жніўня 2020.
- ↑ Тэлеграм-канал і сацсеткі «Радыё Свабода» прызнаныя экстрэмісцкімі . Наша Ніва (3 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
- ↑ «Радыё Свабода» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем . Наша Ніва (23 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
- ↑ БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2021. Праверана 22 снежня 2021.
- ↑ Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1956 . Радыё Свабода (3 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1962 . Радыё Свабода (9 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1968 . Радыё Свабода (15 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Шупа, Сяргей. На хвалі Свабоды: Год 2007 . Радыё Свабода (13 мая 2014). Праверана 6 студзеня 2024.
- ↑ Лукашук, Аляксандар. Рука Свабоды. Аляксандар Лукашук разьвітваецца з Радыё Свабода . Радыё Свабода (5 лютага 2023). Праверана 6 студзеня 2024.