Янка (Іван Міхайлавіч) Ліманоўскі (9 верасня 1896, каля Дзісны — 3 мая 1989, Рычтан-Парк, Ілінойс, ЗША) — беларускі пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыст.

Янка Ліманоўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 9 верасня 1896(1896-09-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 мая 1989(1989-05-03) (92 гады)
Месца смерці
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыст
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў рэальнае вучылішча. Вучыўся на агранамічных курсах. У час 1-й сусветнай вайны, у 1915 годзе мабілізаваны ў расійскую армію. У сакавіку 1918 года ўступіў у РСДРП(б). У 1919—1920 гадах служыў у Чырвонай Арміі, ваенны камісар дывізіі, удзельнік польска-савецкай вайны.

У 1920—1930 гадах на розных ваенных і савецкіх наменклатурных пасадах. Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Быў членам прэзідыума секцыі беларускай мовы і літаратуры Інбелкульта, Цэнтральнага бюро «Маладняка», адным з арганізатараў і кіраўнікоў (членам сакратарыята) БелАПП.

Актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім жыцці, выступаў з прамовай на I з’ездзе БелАПП («Маладняк» № 1, 1929), на Х з’ездзе Саветаў («Маладняк» № 3, 1931), уваходзіў у аргбюро літаб’яднання Чырвонай Арміі і Флоту і г. д.

Працаваў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР, дырэктарам БДТ-2 у Віцебску.

Рэдагаваў газету «Камуніст» (Бабруйск), член рэдкалегіі часопісаў «Полымя», «Маладняк».

У час 2-й сусветнай вайны, на акупаванай тэрыторыі — загадчык літаратурнай часткі Менскага гарадскога тэатра. Летам 1944 года з адступленнем немцаў выехаў Германію. Затым эмігрыраваў у ЗША. У 1951—1955 гадах дырэктар управы БІНіМа. Некаторы час сябра Рады БНР, але затым выйшаў з яе.

У сярэдзіне 1950-х гадоў Ліманоўскі спрабаваў заняць пасаду кіраўніка беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленьне». Без узгоды з Радай БНР, ён пачаў самастойна дамаўляцца з заснавальнікамі радыёстанцыі і атрымаў дазвол. Гэта выклікала гучны водгук і кепскую рэакцыю ў асяроддзі беларускай эміграцыі, і таму яго прызначэнне не адбылося[1].

Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Мінск у 1969 годзе. Падчас быцця ў Мінску жніўнем 1969 года яму наладзілі сустрэчу ў Саюзе пісьменнікаў, у кабінеце адсутнага М. Танка, у ёй бралі ўдзел П. Глебка, А. Бачыла, А. Бажко, А. Кулакоўскі, Л. Прокша, У. Карпаў, У. Гніламёдаў і іншыя. Паводле ўспамінаў У. Гніламёдава, удзельнікі пыталіся пра лёс даваенных пісьменнікаў, эмігрантаў Майсея Сяднёва, Казака, Алеся Салаўя, а сам Ліманоўскі адчувальна цярпеў настальгію, захапляўся Мінскам, казаў, што ён прыгажэйшы нават за Вашынгтон, хваліўся, што накупіў два чамаданы школьных падручнікаў беларускай мовы і літаратуры і павязе ў ЗША, агулам паводзінамі і рысамі быў падобны да «савецкага чалавека».[2]

Творчасць

правіць

Дэбютаваў у друку ў 1920 годзе. У 1920—1930-я гады вядомы як празаік, публіцыст, крытык, перакладчык. Першае апавяданне «Адшуканы скарб» (часопіс «Полымя», 1925). Аўтар аповесцяў «Два шляхі» (часопіс «Полымя», 1926), «Вецер з усходу» (1929), зборніка апавяданняў «Над абрывам» (1929). Тэматыка твораў — станаўленне савецкай улады, першыя сацыялістычныя пераўтварэнні ў Беларусі[3]. На думку Кузьмы Чорнага, у аповесці «Над абрывам» праявілася невысокая моўная культура тэкстаў Ліманоўскага, навязванне неўласцівай беларускай мове фразеалогіі, а таксама спрошчаны, схематычны паказ падзей[4][5]. Творчасць, аднак, мела папулярнасць, станоўча ацэньвалася літаратурнымі крытыкамі БелАПП (аповесць «Вецер з усходу», 1929; зборнік апавяданняў «Над абрывам», 1929)[2].

Друкаваў крытычныя артыкулы і рэцэнзіі ў перыядычным друку, некаторыя заслугоўваюць увагі («„Маладняк“ перад з’ездам», «Аб культурнай арыентацыі» і інш.).

У пачатку 1930-х гадоў далучыўся да вульгарна-сацыялагічнай, «бэндаўскай» крытыкі, пісаў разносныя артыкулы і рэцэнзіі на так званых «нацыянал-дэмакратаў».

У артыкуле Ліманоўскага «Аб культурнай арыентацыі» («Маладняк», 1930, № 5) фактычна зроблены данос на паэта Язэпа Пушчу:

«Возьмем для прыкладу твор Язэпа Пушчы „Лісты да сабакі“, які быў крытыкай расцэнены як кулацкі нова-буржуазны твор. (…) Вось авеяны сімволікай (досыць празрыстай) твор буржуазнага неарамантызму. Тут (…) і індывідуалізм звышчалавечы і „натоўп з душою неуклюжай“, і пагарда да савецкай рэчаіснасці і ніцшэанская бунтарнасць, скіраваная супраць удзелу ў соцбудаўніцтве, і вымаганне абсалютнай волі. Усё як належыць, паводле канонаў буржуазнай неарамантыкі».

Згадваючы нямецкага філосафа Ф. Ніцшэ, яго ідэі абсалютнай волі і звышчалавечага індывідуалізму, Ліманоўскі прыпісваў Пушчы рысы нацдэмаўства, што ў той час звычайна атаясамлівалася з паняццем «нацыянал-фашызм». Язэп Пушча быў арыштаваны органам дзяржбяспекі 25 ліпеня 1930 года; 10 красавіка 1931 года прыгавораны да высылкі з Беларусі ў аддаленыя раёны РСФСР. І зноў Ліманоўскі скарыстаўся магчымасцю наўздагон абвінаваціць Я. Пушчу ў артыкуле «За два гады класавай барацьбы ў літаратуры» («Маладняк» № 6—7, 1931), дзе пісаў, што ўжо рэпрэсаваны Язэп Пушча праз свае творы праводзіў тэорыю «асаблівай месіянскай ролі інтэлігенцыі, якая супрацьстаўляецца ролі кампартыі, ролі пралетарыяту»[6].

У 1933 годзе апублікаваў артыкулы «Аб творчасці Кузьмы Чорнага» («ЛіМ», 1933, 13 чэрвеня), «Аб творчасці М. Зарэцкага» («ЛіМ», 1933, 9 ліпеня), таксама напісаныя з пазіцый ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму. Урэшце сам Я. Ліманоўскі стаў ахвярай такой крытыкі, у 1937 годзе выключаны з Саюза пісьменнікаў БССР (артыкул М. Клімковіча «Нацдэмаўскае і трацкісцкае ахвосце», «ЛіМ», 1937, 23 ліпеня)[2].

У аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі БДПУ захоўваецца фонд дакументаў, звязаных з Янкам Ліманоўскім[7].

Ацэнкі сучаснікаў

правіць

З ліста Уладзіміра Дубоўкі да Янкі Саламевіча ад 14 снежня 1975 года[8] :

  Чамусьці ніхто не хоча ўголас сказаць, што старшынёй БЕЛАППА, так сказаць – на чале БЕЛАППА і галоўным рэдактарам «Полымя», – калі ў апошнім друкаваўся самы бруд, – стаяў Янка Ліманоўскі. (...) Ды – ад’ютанты ягоныя сталі б перад вачыма сучаснікаў, чытачоў у належным святле. Замоўчыванне гэтага ганебнага факту з’яўляецца вялікім мінусам для беларускага літаратуразнаўства. Толькі тады, калі ўсе дзеючыя асобы (Ліманоўскія, Функі-Гародні і г.д.) будуць пастаўлены на “свае” месцы, пытанне[9] стане ясным.  

Зноскі

  1. Янка Запруднік. Па гарачых слядах мінуўшчыны. Мае лісты, 1952 - 1959 гг.. — Мн .: Лiмарыус, 2015. — 570 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Кн. 26). — ISBN 978-985-6968-47-4.
  2. а б в 1969, 15 жніўня // Гніламёдаў У. В. Сем гадоў у ЦК: раман-дзённік // Полымя.— 2011. — № 5-11.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — с. 368.
  4. Чорны К. Небеларуская мова ў беларускай літаратуры // Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941 : хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. У 2 ч. Ч. 2 / аўтары-ўкладальнікі : С. М. Запрудскі, Г. І. Кулеш. — Мн.: БДУ, 2008. — ISBN 978-985-485-881-4 — С. 48-52.
  5. Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн .: Беллітфонд, 2000. — С. 563-576. — 605 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 5 000 экз. — ISBN 985-6576-09-1.
  6. Ліманоўскі Я. За два гады класавай барацьбы ў літаратуры // Маладняк № 6-7, 1931. — С. 86.
  7. Кажамякін Г. В. Фонд Янкі Ліманоўскага ў аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. — Вып. 15. — Мн.: — 2013.— С. 271―276.
  8. Уладзімір Дубоўка. «Я казаў Вам шчырую праўду пра той час» // Тэрмапілы, 2007, № 11. — Беласток: Беларускае Літаратурнае Аб'яднанне Белавежа. — С. 238.
  9. Гаворка ідзе пра «цьмяные месцы» ў кнізе М. Мушынскага «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады», Мінск, 1975.

Літаратура

правіць