Купалле
Купа́лле (Ноч на Івана Купалу) — старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні. Адзначаецца ў ноч на 24 чэрвеня[1]. У юліянскім календары адбыўся зрух на 6-7 ліпеня паводле Грыгарыянскага календара, і цяпер часта Купалле адзначаюць у гэты дзень.
Купалле | |
---|---|
М. М. Філіповіч. «На Купалле». 1921 | |
Тып | народны |
інакш | Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень, Свята Сонца і кахання, Іван Вядзьмацкі, Іван Калдунскі |
Значэнне | «апоўдні года» |
Адзначаецца | ўсходнімі славянамі |
Дата | ў ноч з 23 чэрвеня (6 ліпеня) на 24 чэрвеня (7 ліпеня) |
Святкаванне | паліць вогнішчы і скакаць праз іх, вадзіць карагоды, плесці вянкі |
Традыцыі | збіраць травы |
Звязана з | гадовым сонцастаяннем |
Часам Купалле блытаюць з днём Святога Іаана (Яна, Івана) Хрысціцеля. Між тым гэта два розныя святы. «Сёння Купалле, а заўтра Ян…», — тлумачыць народная песня. Купалле — гэта ноч перад Іванавым днём, а не сам Іванаў дзень.
Этымалогія
правіцьСлова «купала», як і «Купалле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаеўрапейскі корань «куп» — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Назва можа паходзіць і ад «куп» у сэнсе «група людзей», «збор».
Раней меркавалася, што назва паходзіць ад імя Купалы — бога, якога быццам ушаноўвалі славяне-язычнікі. Сёння даследчыкі сумняваюцца ў існаванні такога боства. Ужо У. Проп ставіцца да яго скептычна і мяркуе, што Купалле магло быць прысвечана Ярыле.
Існавалі таксама рэгіянальныя варыянты назвы свята: Купава, Купалачка, Купальчык, Купало, Купал, Купалейка, Купальначка.
Гісторыя
правіцьПаходжанне
правіцьПад рознымі назвамі свята вядома ўсім індаеўрапейскім народам. Паводле гісторыка Змітра Скварчэўскага, свята на летні сонцаварот вядома на Беларусі яшчэ з бронзавага веку. Ёсць меркаванне, што яно ўзнікла ў перыяд матрыярхату і было прысвечана нейкаму жаночаму вобразу. Таму ў купальскіх песнях Купала згадваецца як жаночы персанаж -- маладая дзяўчына ці дарослая жанчына, у якой ёсць тры дачкі.
Ва ўсходніх славян Купалле ўпершыню згадваецца ў Цвярскім летапісе пад 1175 годам, у Іпацьеўскім летапісе — пад 1262, у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. Захаваўся надпіс на сцяне Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, дзе згадваецца назва свята. Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купалле святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Таксама ёсць меркаванне, што свята прысвячалася богу Ярыле, які нібыта памірае ў купальскі дзень, каб зноў адрадзіцца вясною на будучы год.
В. К. Сакалова прыходзіць да высновы, што ў найболей старажытным выглядзе Купалле захавалася менавіта ў беларусаў. «Украінцы таксама захавалі асноўныя старажытныя элементы, але ў XIX ст., калі Купала стаў вясёлым маладзёжным гуляннем, яны відазмяніліся і пераасэнсаваліся. Рускімі ж асноўныя элементы купальскага рытуалу былі або забыты або перанесены на іншыя святы…»[2]
Праблема даты
правіцьУ старажытнасці Купалле прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння, аднак магло святкавацца і ў блізкія даты. Як лічыць Зміцер Скварчэўскі, адзінай даты Купалля не існавала. Паводле этнаграфічных звестак, яно магло святкавацца некалькі разоў: сёння ў адной вёсцы, заўтра — у суседняй. Старадаўнія беларусы, тым болей сяляне, не мелі дакладных астранамічных прыбораў, таму даты росквіту лета, цеплыні і прыроды вызначалі вельмі прыблізна. Часта Купальскія абрады расцягвалі на цэлы шэраг дзён. Хроніка Стыйкоўскага вызначае Купалле як перыяд года з 25 траўня па 23 чэрвеня. Акрамя таго, перыяд сонцастаяння ў розныя стагоддзі мяняўся. Напрыклад, Францішак Скарына ў 16 ст. вызначае дату 12 чэрвеня (паводле сучасных астранамічных падлікаў, ён быў правы). Так ці інакш, Купалле сімвалізавала мяжу, пасля якой дзень пачынаў скарочвацца, цеплыня пачынала сыходзіць, а прырода — згасаць, набліжацца да канца лета, да восені, да зімы.
З цягам часу Купалле стала прымяркоўвацца да дня Іаана Хрысціцеля (24-25 чэрвеня). Тады яно і набыло назву Іван (Ян) Купала. Але ў некаторых мясцінах яно спраўлялася і раней. «Наша ніва» ў нумарах 1910—1911 гг. называе ў якасці даты Купалля ноч 23-24 чэрвеня.
У 1918 г. камуністычныя ўлады правялі каляндарную рэформу і перайшлі на Грыгарыянскі каляндар. Руская праваслаўная царква адмовілася падтрымаць рэформу, і Іван Купала пачаў святкавацца ў ноч 6-7 ліпеня, што працягваецца і па наш час. Але некаторыя грамадска-культурныя супольнасці ў Беларусі спраўляюць купальскія абрады паводле старажытнай традыцыі — у ноч 20-21 (ці 21-22) чэрвеня, у перыяд летняга сонцастаяння.
Міфалогія Купалля
правіцьЛічылася, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» — спяваецца ў народных песнях. Купальская ноч — быццам злучэнне двух несумяшчальных стыхій, агню і вады. У народных песнях і баладах часта паўтараецца матыў: дзяўчына і хлопец пабраліся шлюбам, а потым даведаліся, што яны — брат і сястра. Не вытрымаўшы сораму, яны ператварыліся ў кветку, у якой пялёсткі двух колераў — сіняга і жоўтага. Жоўты — колер сястры, сіні — колер брата (у іншых варыянтах — наадварот). Кветка вядомая як «брат-сястрыца», яна сапраўды расце ў Беларусі, квітнее летам і лічыцца адным з сімвалаў Купалля. У гэтым матыве можа быць рэшта вялікага славянскага міфа пра нараджэнне і зямлі, і неба, і ўсяго сусвету: праз шлюб двух першасных стыхій — агню і вады.
Купальскія містэрыі
правіцьПаводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе — атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі клады і разумець мову звяроў. Каб адшукаць яе, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці ў такі лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам.
Ведзьмы на Купалле
правіцьАдначасова Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Яны ператвараліся ў жаб, змей, прабіраліся ў хлеў, шкодзілі жывёлам. Гэтыя павер’і адлюстраваныя ў купальскіх песнях:
Хадзем, дзяўчаткі, на Купалу,
Хадзем, сястронкі, агонь класці.
…Пільнаваці жыта й пшаніцы
Ад тое ведзьмы-чараўніцы,
Каб яна па межах не хадзіла,
Раннія расы не абівала.
…З жыта спору не збірала.
— [3].
Ведзьмы ператвараліся ў розных крылатых жывёл і ляцелі на Лысую гару пад Мсціславам, каб зладзіць там шабаш. Верагодна, гэта ўспамін пра язычніцкія культы, якія ў старажытнасці сапраўды праводзіліся жанчынамі на сакральных узгорках. У купальскіх песнях нават сустракаюцца радкі: «На гары Купала гарэла…» У іншым мясцінах верылі, што ў Купальскую ноч ведзьмы крадуць у людзей коней, на якіх скачуць на Лысую гару.
Калі чалавек не святкаваў Купалле, яго маглі палічыць ведзьмаром: значыць, у гэтую ноч ён лятаў на Лысую гару. З такім людзей паджартоўвалі: «Наталка на Купаллі не была, то-то ведзьма была!».
Каб абараніцца ад ведзьмаў, людзі выконвалі рытуалы:
- Каб не скралі каня і не паехалі на ім на Лысую гару, гаспадар замыкаў хлеў.
- На ганак хаты клалі крапіву, каб ведзьмы не нарабілі жыхарам шкоды.
- Кідалі ў жыта галавешкі з агнём.
- Абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі.
- Спальвалі ў агні саламяную ляльку (пудзіла ведзьмы). Часам «ведзьму» мог сімвалізаваць чэрап жывёліны, які таксама кідалі ў агонь.
- У некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак.
- Спявалі песні-абярэгі: «Ой, на Купаллі цёмныя ночы, ой выбер Божа ведзьміны Вочы! / Ой выберы Божа ведзьміны вочы, каб не хадзіла ў цёмныя ночы!..».
- Развешвалі над дзвярыма хлявоў ці на вокнах розныя вострыя інструменты — сярпы, іголкі, косы.
- У даўніну падазронай жывёліну (кату, сабаку, жабе) наносілі калецтва. Калі тое ж калецтва потым выяўлялася ў кагосьці з вяскоўцаў — значыць, ён вядзьмар і на купальскую ноч ператвараўся ў жывёліну, каб шкодзіць людзям.
Абраднасць
правіцьРытуалы
правіцьКупалле мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да антычных вакхічных культаў.
Свята характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча.
Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купалле дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня старога стылю). Традыцыя Купалля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пачатку XX стагоддзя. У наш час існуе як традыцыйнае народнае свята без абрадавай дзейнасці.
Купальскае вогнішча
правіцьКупальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У некаторых мясцінах у полымя кідалі старыя вуллі, каб пчолы былі здаровыя і прыносілі мёд. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). У агонь таксама кідалі пучок лёну і крычалі магічныя словы: «Зарадзі лён». Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе пудзіла Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай ці Ведзьмай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш.
Варажба
правіцьВельмі пашыранай на Купалле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.):
- Заплюшчыць вочы і назбіраць усляпую розных траў, пакласці іх пад падушку. А раніцаў разглядзець іх: калі назбіралася 12 відаў рознай травы, то ў гэтым годзе дзяўчына выйдзе замуж.
- Пакласці вянкі на ваду, каб у сярэдзіне кожнага вянка была замацаваная свечка. Калі вянок нейкай дзяўчыны патоне і свечка згасне, — значыць, наканаваны разлюбіў яе. Калі не патоне — быць ёй замужам.
- Калі ў хаце быў нехта хворы, паміж бярвенняў прасоўвалі купальскую кветку. Калі раніцай яе знаходзілі завялай, — значыць, хворы памрэ. Калі кветка засталася жывой, — значыць, хвароба пройдзе.
- Дзяўчаты (пад смех і жарты сваіх сябровак) — поўзалі па зямлі і зрывалі зубамі аер. А на наступны дзень глядзелі, чый аер лепей адрос. Значыць, той дзяўчыне і быць замужам гэтым годам.
- Дзяўчаты зрывалі зубамі траву трыпутнік і шапталі: «Трыпутнік — трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілога?». Пасля гэтага суджаны павінны быў прысніцца ноччу.
Варажбітныя абрады адлюстроўваюцца ў купальскіх песнях:
Цёмна ночка Іванаўская.
Набяром, сястрыцы,
Жоўтага пясочку
І пасеем, сястрыцы,
Пад таткаву клетку.
А знаці, пазнаці,
Пясочак не ўзыдзець —
Нам у таткі не быці,
Вянкоў не насіці.
— [4].
Дзеўка-Купала
правіцьНа Магілёўшчыне Купалле была жывым персанажам, які звалі «Дзеўка-Купала». Яе ролю выконвала самая прыгожая дзяўчына вёскі. Іншыя дзяўчаты распраналі яе і абмотвалі лісцем і галінкамі, на галаву клалі вянок. Потым яе вялі ў лес, дзе былі падрыхтаваныя вянкі. Дзяўчыне завязвалі вочы, і яна раздавала іншым дзяўчатам вянкі. Каму даставаўся свежы вянок — значыць, той жыць шчасліва, каму завялы — той «не бачыць шчасця».
Купальскія зёлкі
правіцьЯшчэ днём дзяўчаты і жанчыны збіралі кветкі і расліны: лічылася, што на Купалле яны набываюць асаблівую моц. У Круглянскім раёне збіралі купалкі, у Глыбоцкім — багатыркі. І тыя, і другія лічыліся моцным сродкам дзеля любоўнай магіі. Таксама збіраліся васількі, папараць, рута, святаяннік. Купальскія вянкі, сплеценыя з розных кветак, лічыліся магічнымі. Людзі верылі, што іх моц толькі ўзрастае, калі асвяціць іх у царкве ці касцёле. Калі нехта хварэў, з іх гатавалі адвары ці абкурвалі імі хворага. Архілін, паводле павер’яў, абараняў ад падкопаў злых духаў, сок цірліча прыцягваў багацце, а пералёт-трава прыносіла шчасце.
Купальскія песні
правіцьКупальскія песні найбольш распаўсюджаныя ў Паўночнай і Паўднёва-Заходняй Беларусі. Рэдка сустракаюцца ў Гомельскай вобласці. Зусім не сустракаюцца на усходзе Магілёўскай вобласці (Хоцімскі, Кручаўскі, Клімаўскі раёны), Гродзенскай (Астравецкі, Лідскі, Дзятлаўскі раёны) і на паўднёва-заходняй ускраіне Брэсцкай вобласці (Брэсцкі, Жабінскаўскі раён).
Купальскія ласункі
правіцьСялянне з Краснапальскага раёна змешвалі бульбяное цеста з мукою і пяклі пірагі, начынялі іх зялёнай цыбуляй ці кіслай капустай з просам. Амаль па ўсёй Беларусі на Купалле гатавалі кулагу: ягады ставілі на агонь і варылі. Потым дадавалі ў іх крыху мукі, мёд ці цукар, варылі да кісельнага стану. Падавалі на стол з хлебам ці блінамі. Іншым ласункам была верашчака — страва дзеля мачання бліноў. На Тураўшчыне, Магілёўшчыне і Лагойшчыне яе гатавалі так: спачатку сала, мяса ці каўбаса падсмажваліся на патэльні, потым у іх дадавалася мука, араматныя зёлкі. На Гродзеншчыне, у Цэнтральным і Ўсходнім Палессі верашчака была крыху іншай: сала, мяса ці каўбаса варыліся, потым перакалочваліся мукою. На Вілейшчыне і ў некаторых раёнах Гродзеншчыны верашчаку рабілі на хлебным ці бурачным квасе. Сёння верашчака шырока вядомая на Беларусі пад назваю мачанка.
Раніца пасля Купалля
правіцьРаніцай пасля Купальскай ночы дзяўчаты і хлопцы сустракалі світанак, назіралі, як сонца «грае» (пераліваецца рознымі колерамі, дзеліцца на кругі), купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца сілы.
Падобныя святы ў іншых культурах
правіцьМногія індаеўрапейскія народы святкавалі перыяд летняга сонцастаяння. Пасля прыходу хрысціянства адпаведная абраднасць у многіх народаў Еўропы была перанесеная на тое ж свята Іаана Хрысціцеля (24-25 чэрвеня). У літоўцаў вядомы Йонінэс, у латышоў — Ліга, у англічан — Ноч перад днём святога Джона, у нарвежцаў — ноч перад святым Хансам (st. Hans), у шведаў — Мідсомар (Midsommar), у датчан — Іёнсок (Jonsok). Швейцарцы святкавалі Sunnawend (Летні сонцаварот), з якім былі звязаныя павер’і пра схаваныя клады, пра гномаў, пра таямнічыя «агні Іаганіса», што ззялі ў цемры.
Купалле ў літаратуры і мастацтве
правіцьСвята шырока адлюстравана ў жывапісе, паэзіі, сучасных песнях. Беларускі паэт Янка Купала не толькі ўтварае ад назвы свята свой псеўданім, але і прысвячае яму частку сваёй творчасці:
На купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчаслівым быць здаецца!Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі, —
Палажы за абразамі,
Пасвянці сваймі слязамі…Двойчы, тройчы — а крапліста —
Злі слязою брыльянцістай
І чакай з яго прыплоду
Ад усходу да заходу…Як узыйдуць з зелля кветкі. —
Будуць шчасце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацце!..
— [5].
На Купалле — музычны сінтэтычны спектакль, пастаўлены ў БДТ-1 у 1921 годзе, які пратрымаўся некалькі гадоў у рэпертуары тэатра па аднайменнай драме М. Чарота «На купалле» Е. Міровічам.
З сучаснай літаратуры тэма Купалля шырока закранута ў дзіцячай аповесці-казцы (ці фэнтэзі) Уладзіміра Ягоўдзіка «Янка і Ружа» (2013 г.)
-
Г. Семірадскі. Ноч на Івана Купалу (каля 1880)
-
Купалле. Паштовая марка СССР (1991)
-
І. І. Сакалоў. Ноч на Івана Купалу. 1856
-
Двухколерная кветка браткі (брат-і-сястра)
-
І. Левітан. Папараць ля вады. 1895
-
Памятная манета Нацбанка Беларусі (2004, рэверс)
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ ЭГБ. Т. 4. С. 309.
- ↑ Ліпень(недаступная спасылка)
- ↑ Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992. Архівавана 8 снежня 2016.
- ↑ Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992. Архівавана 8 снежня 2016.
- ↑ Янка Купала
Літаратура
правіць- Беларускія народныя абрады. — Мн., 1994.
- Васілевіч Ул. А. Беларускі народны каляндар // Паэзія беларускага земляробчага календара. Склад. Ліс А.С.. — Мн.: 1992. Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2012.
- Зайкоўскі Э. Купалле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мн.: Полымя, 1993.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Купалле
- Купалле Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- Купалле (бел.)
- Купалле Архівавана 8 лютага 2013. // Расейскі Этнаграфічны Музей (руск.)
- Будзьма Беларусамі. Купалле
- Радзіма мая — Беларусь. Купалле
- Беларускі народны каляндар
- Купалле Архівавана 13 сакавіка 2017.
- Ганцавіцкі краязнаўчы музей. Верашчака Архівавана 20 жніўня 2016.