Бліны́ — інтэрнацыянальная мучная страва, кулінарны выраб, вядомы шмат якім народам, у т.л. беларусам.

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пшанічную, жытнюю, ячную, грэчневую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыроватцы, сыраквашы. Бліны былі кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на падмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невялікія тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі.

Этнаграфія правіць

У народнай традыцыі прыгатаванне бліноў уваходзіла ў шэраг абрадавых комплексаў і звязвалася з ідэяй ахвяравання продкам. Таму рытуальнае спажыванне бліноў характэрнае найперш для абрадаў памінальнага характару. У час пахавання першы гарачы блін прызначаўся непасрэдна самому памерламу, блін неслі за труной і пакідалі на магіле. На масленіцу бліны клалі на акно, каб продкі сілкаваліся парай, а на Змітраўскія Дзяды на Магілёўшчыне бліны збіраў па хатах пастух, кажучы пад акном, што яго паслалі «дзяды».

З бліном у руцэ гаспадар клікаў Мароза на калядную вячэру. Пры першым выгане жывёлы бліны неслі пастуху, які пагражаў: «Хто не дасць блінца — здохне аўца». Бліны ўваходзяць у склад шматлікіх варожбаў пра замужжа: з ім на галаве ішлі на вуліцу і пыталіся імя першага сустрэчнага мужчыны; з блінамі беглі пад акно да суседзяў і чакалі слоў тыпу «сядзь» ці «ідзі»; ішлі з першым бліном на сметнік і прыслухоўваліся да брэху сабакі і г.д. Бліны пяклі на Ушэсце «Хрысту на анучы», Бліны як мучная страва характарызаваліся і прадукавальнай сімволікай — на куццю першы блін неслі авечкам, каб яны цэлы год былі здаровыя. Часам даследчыкі ў круглай форме бліна бачаць увасабленне сонца і тлумачаць спажыванне бліна на масленіцу як сімвалічны акт ушанавання «маладога» веснавога сонца і далучэння да яго жыватворнай моцы. Пры выпяканні бліноў непажаданай была прысутнасць іншых. Калі хто заходзіў у хату, дзе пякуць бліны, мусіў казаць: «Скачком бліны!», а ў адказ чуў: «Тарчком з ізбы!».

Літаратура правіць

  • Валодзіна Т. Бліны // Праект «Наша ежа»

Спасылкі правіць