Англічане
Англіча́не (англ.: English) — еўрапейскі народ, асноўнае насельніцтва Англіі. У Вялікабрытаніі складаюць этнічную большасць — 49 003 000 чалавек (2022 г.)[1]. Англічане таксама жывуць у іншых краінах Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Болей дакладнае вызначэнне колькасці зацяжарана з-за таго, што ў Вялікабрытаніі многія англічане аддаюць перавагу тоеснасці «брытанцы», а ў замежных краінах да англічан адносяць або нашчадкаў выхадцаў з Вялікабрытаніі, якія не заўсёды маюць англійскае паходжанне, або нават людзей, якія стала размаўляюць на англійскай мове.
Англічане (англ.: English) | |||||||||||||||||
Агульная колькасць | 49 003 000 | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Рэгіёны пражывання | Вялікабрытанія | ||||||||||||||||
Мова | англійская мова | ||||||||||||||||
Рэлігія | хрысціянства | ||||||||||||||||
Блізкія этнічныя групы | фрызы, немцы, галандцы |
Родная мова — англійская, адна з найбольш распаўсюджаных моў свету.
Гісторыя
правіцьАнглійскі народ склаўся ў выніку змешвання і працяглай асіміляцыі разнастайных этнічных элементаў. Аднымі з найстаражытнейшых жыхароў Брытанскіх астравоў былі кельцкія плямёны (брыты і інш.), якія пасяліліся тут каля сярэдзіны I тыс. да н.э. У V—VI стст. н.э. на астравы перасяліліся з мацерыка германскія плямёны — англы, саксы, юты. Яны часткова асімілявалі кельтаў і адціснулі іх у горы Шатландыі, Уэльса і Корнуала. Народнасць англасаксаў, якая склалася ў VII—X стст. на аснове германскіх і кельцкіх плямёнаў, падверглася значнаму ўплыву скандынаваў (данаў, нарвежцаў), якія заваявалі ў VIII—IX стст. некаторыя раёны Англіі. Найбольш важная падзея ў этнічнай гісторыі англічан — Нармандскае заваяванне Англіі 1066 г. Пануючае становішча ў краіне занялі франка-нармандскія бароны; французская мова стала афіцыйнай мовай, хоць народ працягваў гаварыць на сваёй англасаксонскай мове. Паступова (да XIII—XIV стст.) англасаксы і нарманы зліліся ў адзіную англійскую нацыянальную агульнасць. У XVI ст. складаецца агульнаанглійская гутарковая і літаратурная мова. Англійская буржуазная рэвалюцыя XVII стагоддзя завяршыла галоўным чынам працэс фарміравання англійскай нацыі. У XVII—XIX стст. шматлікія англічане перасяліліся ў захопленыя Англіяй калоніі і сталі адным з галоўных кампанентаў у фарміраванні шэрагу нацый — амерыканцаў ЗША, англаканадцаў, аўстралійцаў, новазеландцаў.
Побыт
правіць90 % англічан жыве ў гарадах. Сем'і нуклеарныя; шмат бяздзетных пар. Насельніцтва засяроджана ў сямі найбуйнейшых канурбацыях, найбуйнейшая з якіх — Вялікі Лондан (каля 7 млн чалавек). Планіроўка гарадоў часцей за ўсё — радыяльная, у цэнтры — плошча і сабор. Вельмі характэрны гатычныя саборы.
Сельскія паселішчы бываюць двух тыпаў — вёскі на ўсходзе і хутары або фермы на захадзе. Дахі хат звычайна высокія, двухсхільныя, стромкія, з чарапіцы або шыферу. Дамы — каркасныя, з каменя, галькі, вапняковых пліт, пазнейшы тып хат — з цэглы.
Характэрна малапавярховае будаўніцтва, вертыкальнае размяшчэнне кватэр (на двух паверхах).
У англійскай архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў прыкметны галандскі ўплыў. Да гэтага часу, у сілу закаранелага кансерватызму англічан, вельмі доўга трымалася готыка.
Адзежа
правіцьНацыянальны англійскі касцюм склаўся ў XIX стагоддзі. Для яго характэрны строгасць і прастата ліній, мяккія і спакойныя тоны. Тып англійскага касцюма паўплываў на фарміраванне агульнаеўрапейскага мужчынскага касцюма. Цяпер папулярна спартыўная адзежа. Захоўваюцца сярэднявечныя элементы ў адзежы ў суддзяў, гвардзейцаў, студэнтаў, парламентарыяў.
Ежа
правіцьТрадыцыйная ежа — мясная (ростбіф, біфштэкс, бекон, рыбныя стравы). Таксама папулярныя пудынгі (яны могуць быць з розных прадуктаў) і аўсянка.
Імёны
правіцьЗноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Англічане // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 349. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Стараангельская паэзія. — пер. са стараангл. І.М. Кулікова. — Мінск: А.М. Янушкевіч, 2019. — ISBN 978-985-7210-18-3. Архівавана 28 красавіка 2022.
- Simpson J., Roud S. A Dictionary of English Folklore. — New York: Oxford University Press, 2000. — ISBN 978-0192100191.
Спасылкі
правіцьАнглічане на Вікісховішчы |
- Даведнік англійскіх звычаяў і культуры Архівавана 7 красавіка 2022. (англ.)
- Каралеўствы англасаксаў (англ.)
- Гісторыя англійскай мовы (англ.)
- Гісторыя Англіканскай царквы (англ.)
- Традыцыйныя англійскія стравы, і гісторыя англійскага харчавання (англ.)