Ярыла
Яры́ла — ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог[крыніца?] урадлівасці, вясны і пачуццёвага кахання. Пасля прыходу хрысціянства многія яго рысы атрымалі святы Юр’я[1] і, магчыма, святы Пятро.
Апісанне
правіцьЯрыла раз’язджаў на кані і быў апрануты ва ўсё белае. П. Шпілеўскі апісвае свята ў гонар Ярылы, якое спраўлялася да сярэдзіны ХІХ ст. Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу абкружаюць не толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных вянок са свежых кветак. Дзяўчыне даюць у адну руку чэрап, у другую — іржаныя каласы (першы атрыбут, верагодна, сімвалізаваў пераможаную зіму і ноч, другі — сілу жыцця і ўраджаю). Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод спявае песні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасці зямлі і нараджэнню дзяцей. Магчыма, што Ярыла ў народных уяўленнях мяняў свой узрост у залежнасці ад сезону года: вясна супастаўлялася з маладым Ярылам, лета — з болей сталым («Стары Юрый…» — называе яго веснавая песня[2]).
У Юр’еў дзень Ярыла па загадзе маці адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю, а з яго з’яўленнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле. І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу. Паданне малявала Ярылу як апекуна пачуццёвага кахання. Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханні.
Святы Юрай
правіцьЯрыла на Вікісховішчы |
Пасля прыходу хрысціянства Ярыла стаў забывацца, але многія яго функцыі перайшлі да хрысціянскіх святых, у прыватнасці да Юр’я. Да яго таксама звярталіся, каб ён прагнаў зіму, пусціў у свет вясну, прынёс добры ўраджай. Юрай (Юр’я) фігурыруе ў веснавых, юраўскіх, а таксама ў валачобных песнях, з’яўляецца ў народных баладах і паданнях. Ён — «божы ключнік»[2], бо валодае залатымі ключамі, якімі кожную вясну адмыкае вясну і замыкае зіму, адмыкае неба, зямлю (каб адтуль выйшла раса, веснавая трава).
Настаў празнік — святы Юр’я.
Святы Юр’я ўперад пайшоў,
асядлаў каня варанога,
паехаў прама да Бога.
Узяў ключы залатыя,
адамкнуў маці-зямліцу,
пусціў расу на ўсю зямліцу,
на ўсю зямлю вясеннюю[3].
У другой песні ён падае ключы Пятру, каб той адамкнуў зямлю і выпусціў траву — гэта наводзіць на думку аб пэўнай тоеснасці двух персанажаў. Трэба, аднак, вызначыць, што ў некаторых сюжэтах Юр’я — заменнік не Ярылы, а Перуна — асабліва ў матывах змагання са змеямі-пачварамі (цмокамі і інш).
Іншыя заменнікі Ярылы
правіцьФункцыі Ярылы былі размеркаваныя паміж шэрагам святых.
Сьвяты Барыс ляды паліць,
Ляды паліць, падчышчаіць.
Сьвяты Сёмка гнаі возіць,
Гнаі возіць, раі раіць,
Раі раіць, мяды сыціць.
Сьвяты Пятро — саўсім ядро,
Лугі косіць…
— Зап. у 1968 г. у в. Лявонпаль ад Кісьляка Андрыяна, 1908 г.н.
Асабістай увагі варты святы Пятро, які выступаў, верагодна, іпастассю летняга, сталага Ярылы (Юрай — веснавога, маладога Ярылы). У фальклоры і паданнях ён супрацьпастаўляецца Іллі, які пануе над грымамі і маланкамі (святы Пятро — над сонцам і цяплом). Лічылася, што ў канцы лета, калі надвор’е псуецца, Ілля перамагае Пятра. Паколькі сам Ілля быў хрысціянскім заменнікам Перуна, то паданні могуць утрымліваць рэшткі архаічнага міфа пра яго супрацьстаянне з Ярылам. У паданні, якое А. Сержпутоўскі запісаў на Палессі, святы Пятро стаў глухі ад старасці. Бог патрабуе ад яго несці дождж туды, «дзе просяць», а ён нясе туды, «дзе косяць».
У некаторых песнях функцыі надаюцца жывёлам: адамкнуць вясну залатымі ключыма і замкнуць зіму просяць «сізу галачку» («Вылеці, сізая галачка, / Вынесі залатыя ключы, / Замкні халодную зіманьку, / Адамкні цёплае лецечка…»[4]) ці пчалу[5]. Жаваронкаў просяць прынесці «вясную красную». Не выключна, што некаторыя жывёлы былі набліжаныя да вобразу Ярылы ці выступалі нават яго зааморфнымі абліччамі. Пчол у валачобных і веснавых песнях часта называюць «ярымі», «яравымі».
Ярыла ў беларускай паэзіі
правіць- Вобраз Ярылы ўсплывае ў радках Рыгора Барадуліна, накшталт:
Празь небыцьцё,
Вякоў равы
Трава
Праб’ецца вастракрыла,
Бо мае ўладныя правы
Вогнебародага Ярылы…[6]
- Звяртаўся да яго вобраза паэт Зміцер Крэчат:
Зімовыя краты
Разбурыла вясна,
Ярыла-араты
Абудзіўся ад сна[7].
- Фальклорны Юр’я натхняў паэта Леаніда Трубача:
Нам Юр’я агонь паслаў,
Да ўсіх дзевачак к агню сазваў.
Хадземце, дзевачкі, хадземце, мілыя,
Да агню…[8]
Зноскі
- ↑ Ярыла(недаступная спасылка)
- ↑ а б Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. Мн., 1992 Архівавана 14 мая 2013.
- ↑ М. С. Кацар. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці(недаступная спасылка) Архівавана 28 мая 2012.
- ↑ Гуканне вясны(недаступная спасылка)
- ↑ Вясна красна на ўвесь свет(недаступная спасылка)
- ↑ БЯРОЗА ЗЬ ЛІСТАМ ГАВАРЫЛА…
- ↑ Зміцер Крэчат. Ярыла
- ↑ Леанід Трубач. Паміж песняй і болем
Літаратура
правіць- Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5
- Ярила, Ярило, Ярыло // Мифологический словарь (руск.)