Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі

Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (17 мая 1845, в. Вымна Веліжскага павета, цяпер Віцебскі раён — 1910) — беларускі этнограф і фалькларыст.

Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі
Дата нараджэння 17 мая 1845(1845-05-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 чэрвеня 1910(1910-06-10) (65 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці краязнавец, фалькларыст, этнограф, краязнаўца, школьны настаўнік
Навуковая сфера этнаграфія, фалькларыстыка, краязнаўства
Месца працы
Альма-матар
Вядомы як збіральнік помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзяцінства

правіць

Нарадзіўся ў сям’і панамара вясковай царквы. Сям’я жыла бедна, блізка да жабрацтва, але маці імкнулася даць двум сынам і дачцэ пачатковую адукацыю. Першымі настаўнікамі М. Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны салдат, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі святар. У 1854—1855 г. у панскім маёнтку была арганізавана школа для дзяцей сялян, дзе выкладаў зволены гімназіст Віцебскай гімназіі, бацькі ўладкавалі М. Нікіфароўскага ў гэту школу. Яшчэ адным настаўнікам М. Нікіфароўскага быў Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскага духоўнага вучылішча. І. Зазубовіч падрыхтаваў М. Нікіфароўскага да паступлення ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым — у духоўнае вучылішча.

Навучанне

правіць

У ліпені 1861 г. М. Нікіфароўскага як лепшага вучня з духоўнага вучылішча перавялі ў Віцебскую семінарыю. У семінарыі М. Нікіфароўскі захапіўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказванні, выразы, старажытныя народныя вераванні і забабоны. Рыхтуючыся стаць святаром, М. Нікіфароўскі збіраў матэрыялы для барацьбы з перажыткамі паганства. Пасля заканчэння семінарыі (1867) яму прапанавалі паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію за свой кошт, але грошай не было і ніхто з блізкіх не мог дапамагчы. Пасля смерці маці гаспадарка заняпала, М. Нікіфароўскі прасіў у архірэя дапамогу і месца свяшчэнніка, але атрымаў адмову. М. Нікіфароўскі вырашыў стаць настаўнікам і пасля 1,5-месячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Большую частку жыцця М. Нікіфароўскі працаваў у навучальных установах Віцебска, але вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці семінарыі яго кар’ера не пайшла.

Навуковая дзейнасць

правіць

М. Нікіфароўскі пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічнаму вывучэнню Віцебшчыны, асабліва плённую пасля знаёмства з П. В. Шэйнам. М. Нікіфароўскі больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з П. Шэйнам як карэспандэнт, даслаў яму значную колькасць фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, але ў выданнях П. Шэйна змешчаная толькі іх частка, астатняе перадана ў архіў Акадэміі навук. М. Нікіфароўскаму фальклорна-этнаграфічныя зборнікі П. Шэйна ў значнай ступені абавязаныя сваёй навуковай каштоўнасцю. Пры гэтым, М. Нікіфароўскамі не меў ніякай карысці, адно што хацеў каб усё ім сабранае ўбачыла свет.

У 1890 г. М. Нікіфароўскі стаў сябрам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім універсітэце і рэдактарам часопіса «Этнографическое обозрение», пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў датычных матэрыяльнай і духоўнай культуры, вуснапаэтычнай творчасці беларусаў.

Асноўныя працы

правіць

Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць серыю нарысаў М. Нікіфароўскага пад агульнай назвай «Нарысы Віцебскай Беларусі». Асноўную ўвагу ў гэтай працы даследчык удзяляў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкантаў і інш.) у час прыгонніцтва. «Нарысы…» складаліся з васьмі частак і былі завершаныя ў 1899 г.

М. Нікіфароўскі таксама аўтар «Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — буйнейшага даследавання матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці беларусаў ХІХ ст., у прыватнасці сялян Віцебшчыны.

Трэцяя капітальная праца М. Нікіфароўскага, «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897), змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама сказы і паданні пра асілкаў.

З фальклорных прац М. Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак «Беларускія песні-частушкі» (1911), выдадзены ўжо пасля смерці збіральніка — зборнік змяшчае 2356 частушак, сабраных М. Нікіфароўскім і яго карэспандэнтам у 1860—1905 г., і дапамагае прасачыць працэс развіцця частушачнага жанру з сяр. ХІХ да пач. ХХ ст. Таксама М. Нікіфароўскі ўкладальнік зборнікаў «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), «Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі» (1928) і інш.

Ушанаванне памяці

правіць
  • У Віцебску ў гонар Мікалая Нікіфароўскага ўсталявана мемарыяльная дошка[1]

Бібліяграфія

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Асветнікі зямлі Беларускай, Х — пач. ХХ ст.: энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 311—312.
  • Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Мн., 2000. Т. 11. С. 342.
  • Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Мн., 1999. Т. 5. С. 326—327.
  • Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 368.
  • Пятроўская, Г. А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М. Я. Нікіфароўскі / Г. А. Пятроўская. — Мн. : Навука і тэхніка, 1991. — 72 с.
  • Пятроўская, Г. Праўдзівае ; Спраўджанае / Галіна Пятроўская // Мастацтва. 1995. № 7. С. 27-35.

Спасылкі

правіць