Віцебская мужчынская гімназія

Віцебская мужчынская гімназія — сярэдняя навучальная ўстанова Расійскай імперыі, дзейнічала ў Віцебску на Саборнай вуліцы ў 1808—1918 гадах.

Віцебская мужчынская гімназія
Заснавана 1808
Закрыта 1918
Тып школа і гімназія

Гісторыя

правіць

Была арганізавана ў 1808 годзе на базе пяцікласнага народнага вучылішча; урачыстае адкрыццё адбылося праз год — 15 (27) верасня 1809 года. Спачатку гімназія ўваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі, затым далучана да Санкт-Пецярбургскай навучальнай акругі  (руск.); у 1829—1850 гадах — у Беларускай навучальнай акрузе; у 1850—1864 — у Віленскай навучальным акрузе.

Першапачаткова гімназія была сямікласнай і ў яе прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 года — дзеці дваран і чыноўнікаў. У 1830 годзе ператворана ў шасцікласную; у 1871 годзе гімназія стала васьмікласнай. Ставіла за мэту падрыхтоўку навучэнцаў да паступлення ва ўніверсітэт. Як і тэрміны навучання, неаднаразова мяняўся гімназічны курс. У розны час у гімназіі выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польская, руская, лацінская, грэчаская, французская, нямецкая мовы, фізіка-матэматычныя і прыродазнаўчыя дысцыпліны, Закон Божы. У 1810 годзе пры гімназіі была арганізавана метэаралагічная станцыя. У 1814 годзе на прадметы гуманітарнага цыкла адводзілася 2/3 вучэбнага часу.

У 1831 годзе ў гімназіі было 220 вучняў, у тым ліку 158 — з дваран, 14 — з мяшчан. У гімназіі былі бібліятэка, музей натуральнай гісторыі, фізічны кабінет і збор карт. З 15 кастрычніка 1836 года былі арганізаваны паралельныя класы для нямецкай і французскай моў. Да 1839 года навучанне ў Віцебскай гімназіі было бясплатным. У 1851 годзе ў гімназіі было ўведзена навучанне прыёмам ваеннай службы, у вышэйшых класах выкладаўся страявы статут пяхотнай службы. У 1834—1839 гадах пры Віцебскай гімназіі працавала семінарыя прыходскіх настаўнікаў. У ёй налічвалася да 30 навучэнцаў. Тэрмін навучання складаў чатыры гады. Выхаванцы атрымлівалі ўтрыманне ад казны і жылі ўсе разам у адным пакоі. Выпушчана з семінарыі было ўсяго 68 чалавек.

Гімназія была закрыта на падставе дэкрэта УЦВК ад 16 кастрычніка 1918 года. У яе будынку быў размешчаны Дзецкасельскі ваенны шпіталь; з мая 1920 года ў ёй размяшчаўся часовы пункт кіравання Заходнім фронтам у савецка-польскай вайне на чале з камандуючым фронтам М. М. Тухачэўскім; а 24 чэрвеня 1921 года ён быў перададзены педагагічнаму інстытуту.

Будынак

правіць

Гімназія працяглы час размяшчалася ў мураваным будынку, пабудаваным для народнага вучылішча ў 1803 годзе на Успенскай вуліцы (цяпер вуліца Камісара Крылова, 7). Затым гэты будынак быў аддадзены духоўнай семінарыі, а гімназія ў 1876—1879 гг. знаходзілася ў будынку былога канвікта  (польск.) Гільзена-Шадурскіх каля касцёла св. Антонія на Смаленскай вуліцы. У канцы 1879 г. па праекце архітэктара М. Ф. Карчэўскага (сумесна з А. А. Палонскім і І. І. Лявіцкім[1]) для гімназіі быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак на Тэатральнай вуліцы (цяпер — Пушкіна)[2]. Пры будаўніцтве была скапана частка Замкавай гары. Гімназія пераехала ў новы будынак у студзені 1880 года. Будынак меў калідорную планіроўку, па баках калідора размяшчаліся навучальныя класы. У новым будынку таксама была свая гімнастычная зала, актавая зала, царква Святога Сергія Раданежскага і кватэры для сям’і дырэктара.

У 1812 годзе, падчас расійска-французскай вайны 1812 года, будынак гімназіі заняты французамі, пасля іх адступлення тут размяшчаўся лазарэт для расійскіх салдат. Да жніўня 1813 года будынак адрамантаваны і гімназія аднавіла працу. З 1831 года гімназія атрымала імя Аляксандраўскай у гонар расійскага імператара Аляксандра I. З першых дзён існавання Віцебскай гімназіі пры ёй існавалі павятовае і прыходскае вучылішча. Першае было двухкласным і з двухгадовым тэрмінам навучання. Другое — аднакласнае, з адным годам навучання.

У 1973 годзе гістарычны будынак гімназіі быў разбураны ў ходзе рэканструкцыі Замкавай вуліцы[2].

Выкладчыкі

правіць

Першым дырэктарам гімназіі быў Кірыл Апанасавіч Канароўскі-Саховіч, які ўзначальваў са студзеня 1802 года народнае вучылішча. Наступнымі дырэктарамі гімназіі былі Іван Аляксеевіч Гаратоўскі  (руск.), Сцяпан Іванавіч Краснавумаў, у 1865—1867 гадах -- Мікалай Міхайлавіч Арнольд; з 1867 — Густаў Карлавіч Шэфлер[3], з 1881 — Юльян-Сямён Аляксандравіч Шакальскі[4], з 1890 — Іван Андрэевіч Увядзенскі[5].

Першы дырэктар і прафесар гімназіі Кірыл Канароўскі-Саховіч патрабаваў, каб дзеці з бедных сямей не толькі бясплатна вучыліся ў гімназіі, але і каб стаўленне да іх нічым не адрознівалася ад абыходжання з дзецьмі з заможных сямей. У 1812 годзе Канароўскі-Саховіч выратаваў ад напалеонаўскіх марадзёраў маёмасць гімназіі, а пасля вайны дамагаўся пашырэння пачатковай адукацыі ў Віцебску і губерні.

У розныя часы выкладчыкамі гімназіі працавалі М. Чысцякоў і яго брат В. Чысцякоў, музыкант і кампазітар М. В. Анцаў, гісторыкі А. П. Сапуноў і З. П. Осіпаў, этнографы М. Я. Нікіфароўскі, П. В. Шэйн і іншыя. Закон Божы праваслаўнай веры ў 1828—1830 гадах выкладаў І. І. Грыгаровіч, а закон Божы яўрэйскай веры з 1906 года выкладаў рабін, дзед паэта С. Я. Маршака Бер-Абрам Гітэльсон. Ганаровым апекуном гімназіі ў 1845—1847 і 1853—1856 гадах быў К. І. Гібенталь.

Выпускнікі

правіць

За час існавання гімназіі сярэднюю адукацыю ў ёй атрымалі каля 3 тысяч юнакоў[6]. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі былі: дзекабрыст І. І. Гарбачэўскі, сенатар А. Ф. Кубліцкі-Піятух[7], акадэмік Іван Капітонавіч Лупал  (руск.), паэты Т. Лада-Заблоцкі і Я. Вуль (Э. Карафа-Корбут), пісьменнік Г. Ф. Марцінкевіч, імаверны аўтар паэмы «Тарас на Парнасе» К. Вераніцын, філосаф М. А. Лоскі, усходазнавец К. А. Касовіч, філолаг А. П. Пацалуеўскі  (руск.), педагог Д. Д. Сямёнаў, літаратуразнавец Л. Ю. Шапялевіч, акадэмік архітэктуры В. А. Прусакоў  (руск.), псіхіятр Отан Чачот, Ф. Р. Барадулін, Б. Р. Брэжга, Х. В. Жытлоўскі  (руск.), мемуарыст і ўдзельнік вызваленчага руху М. А. Маркс, У. К. Стукаліч, С. І. Чыр’еў  (руск.), інжынеры-архітэктары І. Дваржэцкі[8], Уладзімір і Яўген Прусакі[9], Канстанцін[10] і Сяргей Ціхаміравы[11], Васіль Прусакоў  (руск.) і іншыя.

Вучні гімназіі цікавіліся беларускай культурай, удзельнічалі ў вызваленчым руху. У 1830-я гады перапісвалі паэму «Энеіда навыварат», на «літаратурных гутарках» 1850-х гадоў абмяркоўваліся гімназічныя сачыненні на фальклорна-этнаграфічныя тэмы. У 1860 годзе група гімназістаў зрабіла запіс у «Альбоме» А. I. Вярыгі-Дарэўскага. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—1864 гадоў (праз рэпрэсіі і пераход на нелегальнае становішча восенню 1863 года з 300 вучняў вучобу пачалі толькі 198), рэвалюцыйных гуртках і выступленнях наступнага часу.

Зноскі

  1. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 190 (руск.)
  2. а б Куда исчезли красивые дома и почему в Витебске нет археологического музея Архівавана 1 мая 2019. (руск.)
  3. Список лиц, служащих по ведомству Министерства народного просвещения на 1868 г.
  4. Список лиц, служащих по ведомству Министерства народного просвещения на 1881/2 учебный год.
  5. Список лиц, служащих по ведомству Министерства народного просвещения на 1894 год.
  6. У першыя гады, да 1816 года Віцебская гімназія выпусціла ўсяго дзесяць навучэнцаў. У 1817 годзе гімназію скончыла ўжо восем вучняў
  7. Скончыў гімназію ў 1875 годзе з залатым медалём.
  8. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 96 (руск.)
  9. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 277 (руск.)
  10. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 343 (руск.)
  11. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 345 (руск.)

Літаратура

правіць
  • Кісялёў Г. В., Сяліцкі С. В. Віцебская мужчынская гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1994. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 326. (бел.)
  • Сапунов А. П. Историческая записка 75-летия Витебской гимназии. — Витебск: Типография губернского правления, 1884. — 167 с.

Спасылкі

правіць