Антон Антонавіч Чачот

расійскі псіхіятар

Атон Антонавіч Чачот або Отан Чачот (польск.: Otton Dionizy Antoni Czeczott, руск.: Оттон Антонович Чечотт; 9 (21) кастрычніка 1842 або 11 кастрычніка 1842[1], маёнтак Днесін або мястэчка Прунст[1], Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня — 8 кастрычніка 1924, Варшава) — урач-псіхіятр. Адзін з заснавальнікаў псіхіятрычнай навукі ў Расіі.

Антон Антонавіч Чачот
польск.: Otton Dionizy Antoni Czeczott
Дата нараджэння 9 кастрычніка 1842(1842-10-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 кастрычніка 1924(1924-10-08) (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Леанціна Казіміраўна Кукель[d]
Дзеці Альберт Чачот[d], Генрык Чачот[d] і Марыя Чачот[d]
Род дзейнасці псіхіятр, урач
Навуковая сфера псіхіятрыя і неўралогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцыны[d]
Навуковае званне
  • прафесар[d]
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Іван Міхайлавіч Балінскі, Іван Паўлавіч Мержаеўскі[d] і Пётр Андрэевіч Дзюкаў[d]
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Паходжанне і адукацыя

правіць

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Скончыў Віцебскую гімназію ў 1860 годзе са срэбным медалём, паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1863 годзе перавёўся на 4 курс Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі  (руск.), бо ў Маскоўскім універсітэце не было клінічнага выкладання псіхіятрыі, якая цікавіла Чачота. У 1863—1865 гадах навучаўся псіхіятрыі на кафедры нервовых і душэўных хвароб пад кіраўніцтвам «бацькі» расійскай псіхіятрыі Івана Балінскага[1].

Прафесійная дзейнасць

правіць

У 1865 годзе па праекце Івана Балінскага і Пятра Дзюкава  (руск.) была створана Часовая лякарня для вар’ятаў пры Папраўчай установе. Яе старшым лекарам стаў Дзюкаў, а на вакантнае месца ардынатара асабіста Балінскім рэкамендаваны Атон Чачот. Але галоўны медыцынскі інспектар Ведамства імператрыцы Марыі, якому належала лякарня, Д. І. Пірсан катэгарычна непагадзіўся. Чачот, які навучаўся за скарбовы кошт, павінен быў заняць пасаду ўрача на Сахаліне або ў сяле Бянкіне за Байкалам (цяпер Нерчынскі раён  (руск.)). Рэкамендацыі шэрагу прафесараў Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі — Івана Балінскага, Эдуарда Юнге  (руск.), Эдуарда-Антона Красоўскага і Сяргея Боткіна — не пахіснулі рашэння Пірсана, толькі асабісты візіт начальніка акадэміі Пятра Дубавіцкага  (руск.), неабыякавага да лёсу таленавітых выпускнікоў, садзейнічаў развязанню пытання. Факт характарызуе ўзаемаадносіны прафесараў і студэнтаў таго часу. З 1 студзеня 1866 года Атон Чачот прыступіў да абавязкаў ардынатара жаночага аддзялення Часовай лякарні, звязаўшы з гэтай установай свой лёс на больш за 30 гадоў[1].

Таксама ў 1866—1877 гадах Атон Чачот займаў пасаду лекара ў лякарні для рабочых пры рэйкавым і механічным заводзе (пазней Пуцілаўскім  (руск.)), быў адным з першых завадскіх лекараў. Апублікаваная ім у 1867 годзе справаздача была першым дакументальным апісаннем дзейнасці фабрычна-завадскога шпіталя. Адпаведна культурнай традыцыі медыцынскай дзейнасці ў Расіі ён выконваў апякунскія і дырэктарскія абавязкі ў завадской школе[1].

У 1868 годзе Атон Чачот прыцягнуты да працы ў камісіі з лекараў і архітэктараў «для разгляду праектаў новаствараных у Расіі дамоў для вар’ятаў» пры Медыцынскім дэпартаменце МУС[1].

Зрабіўшы некалькі паведамленняў у таварыстве практычных урачоў, у 1876 годзе Атон Чачот абараніў у Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі дысертацыю «Пра гальванізацыю сімпатычнага нерва і практычнае яе значэнне». Вучона-службовая ступень доктара медыцыны адкрыла для Атона Чачота магчымасці службовага росту. У 1876 годзе ён быў запрошаны выкладчыкам на жаночыя ўрачэбныя курсы пры Мікалаеўскім ваенным шпіталі  (руск.), дзе як асістэнт пры клініцы прыватнай паталогіі і тэрапіі прафесара Э. Э. Эйхенвальда вёў клінічныя заняткі па нервовых хваробах. З 1878 годзе Чачот узначаліў курс нервовых хвароб і працаваў там да 1886 года — канца існавання курсаў пры Мікалаеўскім ванным шпіталі. Пачаўшы выкладаць, стварыў пры Мікалаеўскім шпіталі асобную клініку для нервовых хворых, якая мела да 40 пастаянных ложкаў і стала першай у Расіі самастойнай клінікай нервовых хвароб. Следам за пераводам курсаў з Мікалаеўскага шпіталя ў жаночую Абухаўскую бальніцу  (руск.), ён і там таксама стварыў клініку нервовых хвароб. У 1877 годзе Чачот быў запрошаны асістэнтам на кафедру душэўных і нервовых хвароб Медыка-хірургічнай акадэміі, неўзабаве заняў пасаду прыват-дацэнта і пачаў чытаць лекцыі па нервовых хваробах. З 1877 года ў лячэбнай дзейнасці Чачота дапамога неўралагічным хворым заняла значнае месца: ён быў кансультантам на жаночым аддзяленні ў Абухаўскай бальніцы і ў лякарні прыходных хворых Імператарскага чалавекалюбівага таварыства  (руск.), вёў амбулаторыю для нервовых хворых у Максіміліянаўскай лякарні  (руск.) і меў шырокую прыватную практыку[1].

У 1901 годзе Чачот вымушаны сысці з пасады галоўнага урача лякарні св. Мікалая Цудатворца  (руск.) пасля ўцёкаў адтуль змагара за незалежнасць Польшчы Юзафа Пілсудскага. Сыход з пасады не перапыніў актыўнай грамадскай дзейнасці Чачота. Грамадскае праўленне мела патрэбу ў яго досведзе і пакінула Чачота ў бальнічнай камісіі, старшынёй псіхіятрычнага бюро якой ён заставаўся да 1911 года. Атон Чачот браў удзел у арганізацыі Псіханеўралагічнага інстытута  (руск.) і быў абраны ў 1908 годзе адным з першых яго прафесараў па кафедры псіхіятрыі. Працягваў актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх псіхіятрычных з’ездах і пасяджэннях розных навуковых таварыстваў (узначальваў на працягу некалькіх гадоў таварыства практычных урачоў і таварыства польскіх урачоў). У 1916 годзе Петраградскае таварыства псіхіятраў абрала Чачота сваім ганаровым членам. У 1914 годзе выйшла яго праца «Да развіцця догляду псіхічнахворых Санкт-Пецярбургскім грамадскім праўленні 1884—1912» — кніга-летапіс, за якую празваны «Нестарам пецярбургскай псіхіятрыі», кніга па сутнасці была справаздачай шматгадовай дзейнасці Чачота як кіраўніка гарадской псіхіятрычнай службы. Акрамя арганізацыі пецярбургскай псіхіятрыі і лячэбнай практыкі, пасля сыходу на пенсію Чачот займаўся арганізацыяй і практыкай бальнеялагічнага і кліматалагічнага  (руск.) лячэння на Каўказе. Трапіў на Каўказ праз абставіны дрэннага самаадчування, аднак, не ўтрымаўся ў межах уласных медыцынскіх патрэб. Напісаў шэраг навуковых прац, выступаў на кліматалагічных і бальнеялагічных з’ездах, браў удзел ў дзейнасці Каўказскага горнага таварыства  (руск.) як яго першы старшыня у 1902—1907 гадах[1].

У 1921 годзе Чачот эміграваў з сям’ёй у Польшчу. Памёр 8 кастрычніка 1924 года ў Варшаве[1].

Сям’я

правіць

Брат — Віктар Антонавіч Чачот  (руск.) (6.06.1846, Магілёў — 19.11.1917, Петраград) — музычны крытык, кампазітар, аўтар больш за 1500 артыкулаў па музыцы.

Навукова-метадычная дзейнасць

правіць

Пасля судовых рэформ 1860-х гадоў стала больш запатрабавана судова-псіхіятрычная экспертыза  (руск.), ёю Атон Чачот актыўна займаўся. Звязана гэта было з адной з функцый Часовай лякарні для вар’ятаў, там назіралі і лячылі «асоб, якія падлягаюць агляду губернскім праўленнем». Лякарня, у 1860-я гады размяшчаная ў будынку Папраўчай установы, стала першым у Расійскай імперыі цэнтрам судова-псіхіятрычнай экспертызы. Атон Чачот разам са сваім настаўнікам Дзюкавым  (руск.) аказаўся ля вытокаў толькі фарміраванай судова-псіхіятрычнай экспертызы. Пра экспертызы Чачота ў мемуарах згадвае судовы дзеяч Анатоль Коні як пра «вылучныя сваёй выразнасцю і клінічнай абгрунтаванасцю». Асаблівую вядомасць Атон Чачоту прынесла справа «першай рускай псіхапаткі» Кацярыны Сямёнавай і «справа Каіравай  (руск.)». Само паняцце «псіхапатыя  (руск.)», у значэнні ўжываным і на пачатку XXI ст., упершыню выкарыстана Балінскім па прапанове Чачота ў 1885 годзе[1].

У 1873 годзе Атон Чачот прызначаны дарадчым членам медычнай канцылярыі Санкт-Пецярбургскага граданачальства. У 1875 годзе ў перакладзе Атона Чачота выходзіць праца англійскага псіхіятра Генры Модслі  (руск.) «Адказнасць пры душэўных хваробах» разам з напісаным ім дадаткам да 4-й главы «Рускае заканадаўства і душэўныя хваробы». Актыўны ўдзел у распрацоўцы заканадаўства пра псіхічнахворых працягваў Атон Чачот і пазней. Яго прамова «Да пытання пра агляд псіхічнахворых, пра ўстанаўленні над імі апекі» на I З’ездзе айчынных псіхіятраў у 1887 годзе і ўдзел у дыскусіі пра псіхалагічны крытэрый наяўнасці свядомасці  (руск.) на Пецярбургскім таварыстве псіхіятраў увайшлі ў гісторыю расійскага права[1].

Арганізацыя псіхіятрычнай дапамогі хворым

правіць

Усебаковасць і разнастайнасць відаў дзейнасці Чачота здзіўляе, як і сама магчымасць сумяшчэння столькі відаў дзейнасці. Аднак асноўнай працай і жарсцю Чачота заўсёды была псіхіятрыя; неабходнасць стварэння паўнавартаснай псіхіятрычнай службы Санкт-Пецярбурга заўсёды заставалася ў цэнтры яго дзейнасці[1].

Да Чачота доглядам псіхічнахворых у Пецярбургу займаліся розныя ўстановы, якія не мелі каардынуючага цэнтра. Востра хворыя пераважна змяшчаліся ў паліцэйскія прыёмныя пакоі пры гарадскіх частках, не забяспечаных належным медыцынскім суправаджэннем. Частка хранічных хворых змяшчалася ў гарадскіх прытулках. Гарадское грамадства пытаннем не займалася, яго ўдзел меў амаль выключна філантрапічны характар. У 1846 годзе гарадская дума заснавала паліцэйскі прытулак на 12 хворых, які закрыўся ў 1866 годзе, бо дума ўзяла на сябе ўтрыманне 40 ложкаў Часовай лякарні для вар’ятаў пры Папраўчай установе. Створаны ў 1870 годзе Дом догляду Гасудара Імператара прымаў выключна пансіянераў. Колькасць і склад прыманых бальніцай Усіх Тужлівых Радасці  (руск.) хворых вызначаліся апякунскай радай установы. Псіхіятрычныя аддзяленні ваенных шпіталяў і клініка душэўных хвароб запаўняліся пераважна служачымі ваеннага ведамства. Псіхіятрычныя ўстановы Санкт-Пецярбурга адказвалі задачам не столькі горада, як усёй Расійскай імперыі. Брак месцаў і адмовы ў прыёме псіхічнахворых прывялі да сітуацыі ўзроўню «сацыяльнага бедства» у горадзе[1].

У 1872 годзе ўсе будынкі былой Папраўчай установы перададзены псіхіятрычнай бальніцы, пераўтворанай з Часовай лякарні для вар’ятаў і названай у імя св. Мікалая Цудатворца  (руск.). З таго часу бальніца св. Мікалая Цудатворца стала буйнейшай псіхіятрычнай установай горада[1].

У 1881 годзе пасля заканчэння службы першага старшага ўрача псіхіятрычнай бальніцы св. Мікалая Цудатворца Пятра Дзюкава  (руск.) стацкі саветнік доктар медыцыны Атон Чачот найвышэйша зацверджаны як яе кіраўнік. Неўзабаве медыцынская дапамога насельніцтву Санкт-Пецярбурга перайшла ў падпарадкаванне гарадскога грамадскага праўлення. Перадача медыцынскіх устаноў гарадской думе пачалася 1 верасня 1884 года. Для псіхіятрычнай дапамогі гэта аказалася не механічная змена кіравання, а працэс, які запатрабаваў значных арганізацыйных намаганняў. Вызначальная роля ў ім належала Атону Чачоту, галоўнаму ўрачу бальніцы св. Мікалая Цудатворца — адзінай бальніцы для псіхічнахворых з перададзеных гораду.[1]

З прычыны перадачы медыцынскай дапамогі гарадскому праўленню шэраг устаноў стаў адмаўляцца ад догляду псіхічнахворых. Міністэрства ўнутраных спраў вырашыла адмовіцца ад утрымання Часовага загараднага шпіталя каля станцыі Удзельнай. 29 верасня 1884 года кіраўнік горада звярнуўся з прапановай, «ці не прызнае гарадское грамадскае праўленне патрэбным і прыдатным прыняць у сваё вяданне» гэту бальніцу. Гэту прапанову Атон Чачот пасля назваў «шчаслівым выпадкам», гарадская дума прыняла яе. У склад камісіі для прыёму бальніцы ўвайшлі члены камісіі грамадскага здароўя, у тым ліку і Чачот. Заключэннем працы камісіі стала рашэнне, што самым зручным было б размяшчэнне ў ёй хранічных хворых. З арганізацыі гэтай загараднай бальніцы ў пецярбургскай псіхіятрыі ўпершыню было ўзнята пытанне пра аддзяленне хранічных хворых ад тых, каму, па словах члена камісіі Рыгора Архангельскага  (руск.), «пры рацыянальным лячэнні яшчэ можа быць вернута боская іскра розуму»[1].

З гэтага пачаўся актыўны практычны ўдзел Атона Чачота ў арганізацыі гарадской псіхіятрычнай дапамогі, якую ён уяўляў як сістэму ўзаемазвязаных устаноў, якія маюць цэнтралізаванае кіраўніцтва і вырашаюць адзіную задачу. Асноўным прынцыпам яе арганізацыі Чачот лічыў падзел функцый паміж бальніцамі. Падведамасная яму бальніца св. Мікалая Цудатворца, адзіная спецыялізаваная псіхіятрычная лякарня, якая паступіла ў падпарадкаванне горада, павінна была выконваць функцыі «лякарні для вострых і свежахворых». Новая гарадская бальніца на месцы загараднай бальніцы, размешчаная на шырокай прыгараднай тэрыторыі, давала значна больш магчымасцяў для ўтрымання «невылечных» хворых. 2 лютага 1885 года Загарадная бальніца перададзена ў падпарадкаванне горада і атрымала назву гарадской бальніцы св. Панцеляймона для хранічных псіхічнахворых. Атон Чачот стаў галоўным лекарам бальніцы і працягваў ім заставацца і пасля прызначэння 12 лістапада 1885 года старшым урачом Уладзіміра Чыжа  (руск.). Адпаведна думцы Чачота пра адзінае медыцынскае кіраўніцтва гарадскімі псіхіятрычнымі ўстановамі старшы ўрач бальніцы св. Панцеляймона «ў медыцынскім дачыненні» быў падпарадкаваны галоўнаму ўрачу гарадскіх бальніц св. Мікалая Цудатворца і св. Панцеляймона[1].

У 1888 годзе па даручэнні гарадской думы Чачот склаў запіску пра догляд вар’ятаў у Санкт-Пецярбургу. Для прагназавання развіцця псіхіятрычнай службы Чачот выкарыстаў сярэднія лічбы захворвання ў Еўропе і Расіі. Ён указаў патрэбу ў 3 ложкі на кожныя 2 тысячы жыхароў, г. зн. на той час гораду патрабавалася 2500 ложкаў з наступным павелічэннем іх колькасці на 60 за год. Атон Чачот прапаноўваў падзел хронікаў на дзве групы — якія маюць патрэбу ў пастаянным медыцынскім доглядзе і не маюць такой патрэбы. Для хранічных хворых другой групы Чачот прапаноўваў уладкаваць калонію для вар’ятаў і стварыць сістэму патранажу ў сялянскіх сем’ях. Штуршком да пэўных дзеянняў паслужыў загад кіраўніка горада ў 1890 годзе пра абавязковы бесперашкодны прыёме псіхічнахворых у спецыяльныя ўстановы, у першую чаргу ў бальніцу св. Мікалая Цудатворца. Фактычна бальніца св. Мікалая Цудатворца была перапоўнена і страціла свае функцыі бальніцы-лякарні. Чачот звярнуўся ў бальнічную камісію гарадской думы з прадстаўленнем пра неабходнасць у «магчыма неадкладны часе прыняць самыя рашучыя захады» для вырашэння гэтай сітуацыі. У 1892 годзе для ўладкавання бальніцы-калоніі была абрана Новазнаменская дача на Пецяргофскай дарозе. Новазнаменская бальніца-калонія прыняла першых хворых 24 чэрвеня 1893 года У 1894—1895 гадах Атон Чачот выконваў абавязкі яе галоўнага лекара, перадаў затым кіраўніцтва Мікалаю Рэфармацкаму  (ВД)[1].

Застаўся няздзейсненым праект стварэння новай бальніцы-лякарні для псіхічнахворых з умовамі для лячэння «па апошнім слове навукі». Асноўнай задачай новай бальніцы павінна была стаць дапамога пры вострых станах. Праект працяглы час абмяркоўвала грамадское упралененне ў розных камісіях, у якія нязменна ўваходзіў Чачот. Бліжэй за ўсё да рэалізацыі быў праект бальніцы-лякарні, якая меркавалася ў месцы пад назвай Рублёвік (побач з бальніцай Пятра Вялікага  (руск.) ў пачатку XXI стагоддзя). Праект, які прайшоў стадыю абмеркавання па многіх параметрах, не быў рэалізаваны праз брак сродкаў. Такі самы лёс быў і ў праекта дзіцячай псіхіятрычнай бальніцы, над якім працаваў Чачот[1].

Навуковыя працы і спадчына

правіць

Аўтар значнай колькасці прац па судова-медыцынскіх праблемах і практычнай псіхіятрыі. Арганізатар і будаўнік многіх бальніц і за межамі Санкт-Пецярбурга. Пакінуў значны след у санкт-пецярбургскай гарадской і агулам расійскай псіхіятрыі. Многія прапанаваныя Чачотам ідэі і канцэпцыі не страцілі актуальнасці і праз 100 гадоў[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Некрасов 2011.
  2. а б Popławscy (польск.)(недаступная спасылка). Warszawskie Zabytkowe Pomniki Nagrobne. — квартал 99, ряд 6, место 22, 23. Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2017. Праверана 15 красавіка 2017.
  3. Биографическая заметка. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 11 верасня 2011.

Літаратура

правіць
  • Варанец В. І. Беларуская мова: дапаможнік для студэнтаў лячэбнага, педыятрычнага, медыка-псiхалагiчнага, медыка-дыягнастычнага факультэтаў / В.I. Варанец. — Гродна: ГрДМУ, 2008. — 132 с. ISBN 978-985-496-294-8
  • Дюков П. А. Отчет о временной лечебнице для умалишенных при исправительном заведении в Санкт-Петербурге с 1 января 1866 по 1 января 1867 г. Медицинский вестник. 1867; 29: 261-2.
  • Наумов А. Ф. Краткий очерк развития и деятельности за десять лет городской больницы-колонии для душевнобольных на Ново-Знаменской даче. СПб., 1903.
  • Некрасов В. А. Чечотт Оттон Антонович (1842—1924) — организатор психиатрической службы Санкт-Петербурга // Обозрение психиатрии и медицинской психологии им. Бехтерева. — 2011. — № 3. — С. 59-61. — ISSN 0762-7475. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2012.
  • Озерецковский Д. С., Тимофеев Н. Н. К истории создания учения о психопатиях. Журн. невропатол. и психиатр. им. С. С. Корсакова. 1960; 10: 1358-67.
  • Протоколы заседаний особой комиссии по разработке проекта постройки новой городской психиатрической больницы в Санкт-Петербурге. СПб., 1909.
  • Чечотт О. А. К развитию призрения душевнобольных Санкт-Петербургским городским общественным управлением 1884—1912 гг. СПб., 1914.
  • Чечотт О. А. О гальванизации симпатического нерва у человека и терапевтическом ее значении. СПб., 1876.
  • Чечотт О. А. Отчет по больнице рельсового и механического завода Н. И. Путилова от начала действия завода по 1 января 1869 г. СПб., 1869.
  • Шерешевский А. М. Психиатрия в Петербурге XVIII—XIX столетий. Автореф. дис. … д-ра мед. наук. Л.: ЛНИПИ ин-т им. В. М. Бехтерева, 1983.
  • ЦГИА СПб. ф. 216 оп. 5 ед. хр. 30.
  • Kijas Artur. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku: słownik biograficzny. Warszawa. Pax 2000; 405: 58-9.