Каза свойская

(Пасля перасылкі з Каза)

Каза́ свойская (Capra aegagrus hircus) — парнакапытная жвачная жывёла сямейства пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі.

Каза свойская
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Capra aegagrus hircus Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы

Біялагічныя асаблівасці

правіць

Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг.

Козы непатрабавальныя да ўмоў утрымання, маюць высокую ўстойлівасць да захворванняў. Яны параўнальна скараспелыя, шматплодныя, добра акліматызуюцца ў разнастайных умовах.

Дзякуючы добра развітому стрававальнаму тракту пераварваюць корм, багаты клятчаткай (да 65 %). У іх лепшы, чым у кароў, абмен рэчываў: спажываюць у суткі 6—10 % сухога рэчыва корму (у адносінах да масы цела), а каровы толькі 2,5—3 %. Па біялагічных уласцівасцях козы падобны на авечак, асабліва спосабам выкарыстання раслінных кармоў, велічынёй, будовай зубоў і іх узроставай зменлівасцю, працягласцю жыцця, тэрмінам плоданашэння, агульнай марфалогіяй скурна-валасянога покрыва і іншымі прыкметамі.

Козы добра пасуцца як невялікімі групамі, так і паасобку на невялікіх участках, добра выкарыстоўваюць пашу на прывязі. На доўгай вяроўцы або ланцугу, прымацаванымі адным канцом да стальнога штыра, забітага ў зямлю, а другім да ашыйніка казы, яны могуць пасвіцца некалькі дзён у залежнасці ад прадукцыйнасці ўчастка.

Працягласць гаспадарчага выкарыстання коз 7—9 гадоў, палавая спеласць з 5—7 мес. Але ранняя сукознасць адмоўна адбіваецца на арганізме жывёлы, таму ў першую злучку іх пажадана пускаць у 1,5 года. Пуховыя і малочныя козы прыносяць па 2—3 казляняці за адно казленне. Шэрсныя козы ў разліку на 100 матак прыносяць менш казлянят. У коз шматкамерны страўнік, прыстасаваны да ператраўлівання самых грубых кармоў. Козы ахвотна паядаюць драўняны корм, якім можна замяніць у іх рацыёне да 50 % і нават больш грубых кармоў.

Шэрснае покрыва ў коз большасці парод разнастайнае і зменьваецца па сезонах. Лінька пуху і восцей адбываецца неадначасова. Гэта дае магчымасць асобна збіраць з іх пух і восцевы волас.

Па прадукцыйнасці пароды коз падзяляюць на 4 групы: шэрсныя, пуховыя, малочныя і мяшаныя.

Прадукты козагадоўлі

правіць

Малочныя прадукты

правіць

Ад коз можна атрымліваць каштоўную прадукцыю і перш за ўсё малако — дыетычны прадукт, асабліва важны для дзяцей і хворых на страўнікава-кішачныя захворванні. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5 %. 3 яго можна зрабіць масла, сыр, тварог, сыраквашу, кефір і іншыя прадукты, яно лепш засвойваецца, чым каровіна. У дзяцей, якія рэгулярна п’юць казінае малако, знікаюць страўнікава-кішачныя захворванні, павялічваецца маса, павышаецца гемаглабін у крыві, паляпшаюцца ўсе жыццёва важныя працэсы.

Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўжынёй 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Казіны пух — прамысловая сыравіна, найтанчэйшае валакно жывёльнага паходжання, якому ўласцівы высокія прадзільныя і валкоўныя якасці, лёгкасць, эластычнасць, адносная трываласць і малая цеплаправоднасць. 3 яго вырабляюць хусткі, ажурныя шалі «павуцінка», паланціны і інш. У сумесі з тонкай мерыносавай воўнай і ў чыстым выглядзе казіны пух можна выкарыстаць на выраб трыкатажу і фетру лепшых гатункаў. Для аднароднай паўтонкай воўны (махер) коз ангорскай пароды характэрна трываласць, пругкаць, люстрынавы бляск, эластычнасць.

Высока трывалыя, эластычныя, маларасцяжныя скуры коз (казліна) — лепшая сыравіна для вырабу каштоўных гатункаў скуры.

Мяса і сала (казляціна) па пажыўнасці і смакавых якасцях блізкае да бараніны, ужываюцца ў ежу ў натуральным выглядзе і перапрацоўваюцца ў мясныя прадукты.

Пабочныя прадукты козагадоўлі: рогі (з іх выточваюць розныя вырабы), капыты (для варкі клею), косці (перарабляюць на мінеральную падкормку).

Казіны гной па сваіх якасцях не горшы за каровін.

Літаратура

правіць
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал М. А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 736 с.: іл. ISBN 3-85700-079-3