Аўкштайція
Аўкшто́та, а пазней Аўкшта́йція (літ.: Aukštaitija) — гістарычная вобласць Вялікага Княства Літоўскага[1] і этнаграфічны рэгіён сучаснай Літвы, якая знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, у басейне Віліі[2].
Аўкштайція | |||||
---|---|---|---|---|---|
літ.: Aukštaitija | |||||
|
|||||
Краіна |
![]() |
||||
Адміністрацыйны цэнтр | горад Панявежыс | ||||
Афіцыйныя мовы | літоўская мова | ||||
![]() |
|||||
Код аўтам. нумароў | LT | ||||
![]() |
Сталіцай гэтага этнаграфічнага (этнакультурнага) рэгіёна сучаснай Літвы лічыцца горад Панявежыс. На тэрыторыі Аўкштайціі распаўсюджаны гаворкі аўкштайцкай дыялектнай групы літоўскай мовы.
Этымалогія і гісторыя ўжывання назвыПравіць
Ужыванне тэрміна «Аўкштота» ў пачатку XIV ст. — першай палове XV ст.Правіць
Рускія летапісы, якія ведаюць тэрмін «літва» з сярэдзіны XI ст. і апісваюць падзеі, што датычацца ўзаемаадносін Русі (Кіеўскай Русі і рускіх княстваў) і балцкіх плямён, тэрміна «Аўкштота» (ці «Аўкштайція») не ведаюць і не ўжываюць. Не ведае такога тэрміна і Галіцка-Валынскі летапіс, які з'яўляецца адной з найважнейшых крыніц па гісторыі такіх балцкіх плямён як літва, жамойты, яцвягі і прусы ў XIII ст. і генезісу Вялікага Княства Літоўскага. Аднак Галіцка-Валынскі летапіс ведае тэрміны «літва» і «жамойць»: так, пад 1263 г. паведамляецца, што «Транята пачаў княжыць ва ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці».
У нямецкай крыніцы «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (цэнтрам увагі якога была тэрыторыя сучаснай Латвіі, а іншыя землі — перыферыяй) пры апісанні падзей першай паловы XIII ст. паўднёвыя землі, сумежныя з уладаннямі Лівонскага ордэна, завуцца проста «Літвой»: храніст Генрых Латвійскі таксама не ўжывае тэрмінаў «Аўкштота» («Аўкштайція») і «Жамойць» у сваім творы. Аўтар лацінамоўнага трактата «Апісання земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, асобна ўпамінаў Жамойць (Samoita) побач з Літвой (Lectauie)[3], Нальшчанамі (Nalsani) і Яцвяззю (Ietuesi) і не ўжывае тэрміна «Аўкштота»[4].
Адзначаецца, што назва «Аўкштота»/«Аўкштайція» (у форме «Аўстэхія») упершыню сустракаецца ў лацінамоўнай хроніцы «Chronicon terrae Prussiae» (1326) Пятра з Дусбурга пры апісанні падзей 1294—1300 гг., калі ўжо трывала існавала Вялікае Княства Літоўскае[5]. З той пары тэрмін «Аўкштота» («Аўкштайція») пачынае часта ўжывацца ў крыжацкіх хроніках і дакументах, якія пісаліся на латыні і нямецкай мове, у дачыненні да балтамоўных зямель на захад ад Жамойці — вышэй па цячэнні Нёмана і яго правых прытокаў. Жамойць з сярэдзіны XIII ст. па першую палову XV ст. была яблыкам раздору паміж вялікімі князямі літоўскімі і крыжакамі; аб'ектам пастаяннай экспансіі крыжакоў, якія хацелі злучыць тэрыторыі дзвюх частак Тэўтонскага ордэна (у Прусіі і Лівоніі), а таму захоплівалі прамежкавыя (у першую чаргу — прыморскія) тэрыторыі паміж імі[6]. Лічыцца, што з-за размяшчэння вышэй па цячэнні Віліі-Нёмана адносна Жамойці балтамоўныя землі Вялікага Княства Літоўскага атрымалі сваю назву «Аўкштота» («Аўкштайція») — ад літоўскага слова «aukštas», якое азначае «высокі» (а назва «Аўкштайція» разумеецца як «высокая зямля»/«верхняя зямля»)[7].
З 1420 г. тэрмін «Аўкштота»/«Аўкштайція» ужо выходзіць з ужытку ў лацінамоўных і нямецкамоўных хроніках і афіцыйных дакументах[7].
У той жа час, у славянамоўных дакументах Вялікага Княства Літоўскага (на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах) тэрмін «Аўкштота»/«Аўкштайція» ніколі не ўжываўся, а тэрміны «Літва» і «Жамойць» ужываліся[8].
Упамінанні ў сярэднявечных крыніцахПравіць
Упамінанні і розныя формы тэрміна «Аўкштота»/«Аўкштайція» у лацінамоўных і нямецкамоўных крыніцах:
- 1323 — Дагавор Гедзіміна з немцамі — «Dit sint de lant, dar wi den vrede mede hebbet: van unser wegene dat lant to Eusteythen unde Sameyten, Plessekowe unde alle der Russen, de under uns besethen sin…» (Вось зямля, на якой мы ўстанавілі мір: з нашага боку зямля Аўкштота і Жамойць, Пскоў і ўсе [землі] рускіх, якімі мы валодаем…); паводле лівонскай ордэнскай копіі: «Dit sind de lant, da wi dea vrede mede maket hebbet; van des koninges wegene van Lettowen dat lant to Ousteyten un Sameyten, Plesaekowe und alle de Russen, de under eme beseten sint» (Вось зямля, на якой мы ўстанавілі мір; з боку караля Літвы — зямля Аўкштота і Жамойць, Пскоў і ўсе [землі] рускіх, якімі ён валодае).
- 1320-я — «Chronicon terrae Prussiae» (1326) Пятра з Дусбурга — «Austechiam, terram regis Lethowie» (Аўстэхія, зямля караля Літвы) — пра падзеі 1294—1300 гадоў.
- 1324—1331 — Гедзімін «rex de Owsteiten»[9]. (кароль Аўкштоты)
- 1327—1329 — Рагайнскае комтурства — уцёкі трох рабоў родам з Аўкштоты (tres servos fugitivos de Owehsteten) гэтыя аўкштайты сцвярджалі, што жылі каля Гродна (qui eciam asserunt omnes de Owehsteten circa Garten domi esse)[10].
- 1337, 12 снежня — була германскага імператара Людвіка IV — «землі няверных, ворагаў Хрыста, літоўцаў (Litwinorum), а менавіта Аўкштайцію (Ochsteten), Жамойць (Samayten), Каршуву (Karsoco), Русь (Ruezzen) і іншыя землі, якія належаць да гэтых краёў…».
- 1338 — Гедзімін «Die coninck van Ansteiden ende van Sameyten»[11]. (кароль Аўкштоты і Жамойці)
- 1348 — Віганд Марбургскі — «на зямлю Літвы (jnn das land Litten) у Аўкштоту (Auchstetter gegent) і рабавалі там 7 дзён, а на 8 дзень, калі яны былі ў той зямлі (jnn derselben gegent) адбылася вялікая бітва каля ракі Стрэвы (wasser Strebe)».
- 1354—1356 — Герман Вартберг — «У гэты час літоўцы (Letwini) з Стрыпейкаў (Stripeyke), Упіты (Opythen), Межэвільты (Mezevilte) — з Аўкштоты (de Austeyten) хацелі перабрацца з Літвы (a Lethowia); але магістр не дазволіў ім».
- 1367 — Герман Вартберг — немцы ваявалі ў «Вышэйшай частцы Літвы» (in superioribus partibus Letwinorum).
- 1373 — паход Вінрыха Кніпродэ — «Вывеў сваіх супраць літоўцаў (Letwinos) у зямлю Аўкштоту (in terram Austheithen), дзе кароль Кейстут ім не даў пераправіцца (цераз раку). Магістр пайшоў далей па зямлі ўздоўж Нярыса (ad terram Nerghe), жадаючы пераправіцца. Але кароль і там ім не даў гэтага… Так Магістр спустошыў зямлю ўздоўж Нярыса да самага Вількаміра (Valkenberge). Пасля гэтага павёў свае войскі ў зямлю Жамойць (Seymen)…».
- XIV ст. — Die Littauischen Wegeberichte — «Auxteten oder Ober-Lіttauen».
- 1412 — «А таксама, што замак Вялёна (hus Willune) прускія браты заваявалі 11 гадоў назад ад няверных і ворагаў нашай веры літоўцаў (Littowen), якія называліся аўкштайтамі (Austenten), а кіраўнікамі ў іх былі Сурмін, Матэйка і Гаштольд. А таксама, што вышэйназваныя кіраўнікі, ад якіх быў адваяваны замак Вялёна, як ужо пісалася, былі літоўцамі (Littowen), і іх род і цяпер завецца літоўкамі і літоўцамі, і жывуць яны ў Літве, у Кульве паблізу Вількаміра (czu Colwa bi Wilkenberg), а не ў Жамойцкай зямлі (Samayten). Таксама, што і замак Вялёна, да яго заваявання прускімі братамі, як ужо казалі, утрымліваўся і забяспечваўся літоўцамі, якія звалі і цяпер сябе завуць аўкштайтамі (Awstayten), а не жамойтамі (Samayten)».
Ліст вялікага князя Вітаўта да германскага імператара Жыгімонта (1420)Правіць
11 сакавіка 1420 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт напісаў ліст да германскага імператара Жыгімонта I, дзе ёсць наступныя словы: «Вы выказаліся і прынялі пастанову наконт Жамойці, якая ёсць наша спадчына і наша ўласнасць, як законная спадчына ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і цяпер, ды якая ёсць і заўсёды была адзінай з Літвой, бо адна і тая самая мова і адныя і тыя ж людзі (unum ydeoma et uni homines). Але дзеля таго, што Жамойць ляжыць ніжэй за Літву, яна і называецца Жамойцю, што азначае па-літоўску ніжэйшая зямля (quod in lythwanico terra inferior interpretatur). А на Жамойці Літву называюць Аўкштотай, што значыць вышэйшая зямля ў параўнанні з самой Жамойцю. Аднак на Жамойці людзі з даўніх часоў называюць сябе літоўцамі, і ніколі жамойтамі (Samagitte quoque homines se Lythwanos ab antiquis temporibus et nunquam Samaytas appelant), а таму з гэтай прычыны ў нашым тытуле мы ніколі не пішам сябе з Жамойці, бо ўсё ёсць адно: і людзі і зямля»[12].
Часта гэты ўрывак з ліста прыводзяць як доказ ад самога вялікага князя літоўскага Вітаўта, што Літва (і адпаведна літоўскі этнас) складалася з дзвюх асноўных частак («зямель») — Аўкштоты і Жамойці (і адпаведна дзвюх этнаграфічных груп («галін») літоўскага этнасу — аўкштайтаў і жамойтаў).
Беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч паказвае, што ў лісце Вітаўта няма сцвярджэння, што Літва складаецца з Аўкштоты і Жамойці, а, наадварот, сцвярджаецца, што «Жамойць ляжыць ніжэй за Літву» і што «на Жамойці Літву называюць Аўкштотай»[13]. Краўцэвіч лічыць, што ліст вялікага князя Вітаўта з'яўляецца дыпламатычным дакументам, створаным для дасягнення канкрэтных палітычных мэт (замацавання Жамойці пад сваёй уладай, а не ўладай крыжакоў), а з той прычыны Вітаўт выкарыстоўваў аргумент блізкасці і падобнасці мовы і звычаяў двух балтамоўных плямён (народаў). Аляксандр Краўцэвіч указвае, што Вітаўт яшчэ ў 1417 г. ужываў назву Жамойці ў сваім тытуле — у акце аб заснаванні Медніцкага біскупства ў Жамойці[14]. Акрамя таго, назва «Жамойць» (нягледзячы на сцверджанні Вітаўта, што людзі ў Жамойці ніколі не называюць сябе жамойтамі, а толькі літоўцамі) захавалася і стала складовай часткай афіцыйнай назвы Вялікага Княства Літоўскага з 1441 г. побач з назвамі «Літва» і «Русь» — «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае».
Ужыванне тэрміна «Аўкштайція» у XIX—XX стст.Правіць
Увядзенне тэрміна ў навуковы ўжытакПравіць
Верагодна, што з выдання ў 1837 г. другога тома малапрафесійнай гістарычнай працы «Dzieje starożytne narodu litewskiego» («Гісторыя літоўскага народа») Тэадора Нарбута пачалося «новае жыццё» тэрміна «Аўкштота», якое пазней атрымала форму «Аўкштайція»[15]. Нарбут прывёў у кнізе вядомы ліст вялікага князя Вітаўта ад 1420 г., дзе пісалася, што «на Жамойці Літву называюць Аўкштотай». З той пары тэрмін «Аўкштота»/«Аўкштайція» пачаў шырока выкарыстоўвацца навукоўцамі, якія пачалі гэтым тэрмінам штучна (ненатуральна) абазначаць тыя альбо іншыя землі на захад ад Жамойці, а пасля і насельніцтва таго рэгіёна словам «аўкштайты». Хоць энцыклапедыі XIX ст. адзначалі, што тэрмін «Аўкштота»/«Аўкштайція» шырокім колам насельніцтва невядомы і не ўжываецца ў паўсядзённым жыцці як геаграфічная назва[15].
Так, у 1822 г. Сіманас Даўкантас апублікаваў на жамойцкай гаворцы сваю кнігу «Дзеянні старажытных літоўцаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), а ўжо ў 1845 г., пасля азнаямлення з кнігамі Тэадора Нарбута, Даўкантас выдаў сваё даследаванне на жамойцкай гаворцы (мове), якое мела ў арыгінале назву «Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū» (на сучаснай літарататурнай літоўскай мове «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių», што ў перакладзе азначае «Звычаі старажытных літоўцаў — горнікаў і жамойтаў»): Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін «Austenten» сваім уласным новатворам як «горнікі» і не ведае тэрміну «аўкштайты», які з'явіцца пазней. Літоўскае слова «kalnas» азначае «гара».
ЛінгвістыкаПравіць
У XIX—XX стст. тэрмін «Аўкштайція» пачаў ужывацца навукоўцамі ў адносінах да цэнтральнай і ўсходняй частцы рассялення літоўскага этнаса, а тэрмінам «аўкштайты» называць этнаграфічную групу літоўскага этнаса[1]. Сукупнасць гаворак «аўкштайтаў» атрымала ў лінгвістаў назву «аўкштайцкі дыялект» літоўскай мовы[1].
АрхеалогіяПравіць
Тэрмінам «аўкштайты» археолагі таксама пачалі рэтраспектыўна называць насельніцтва, якое стварыла археалагічную культуру грунтовых могільнікаў Цэнтральнай Літвы, альбо ўсё насельніцтва, якое стварыла археалагічную культуру грунтовых могільнікаў Цэнтральнай Літвы і культуру ўсходнелітоўскіх курганоў сукупна. Навукоўцы пачалі таксама рэтраспектыўна ўжываць адносна стваральнікаў гэтых археалагічных культур тэрмін «племя аўкштайтаў».
Гістарычная навукаПравіць
Некаторыя гісторыкі XX ст. паспрабавалі высветліць, з якіх частак («зямель») складалася «Аўкштайція»/«Аўкштота» у Сярэднявеччы і пераносілі падобныя тэарэтычныя канструкцыі на часы раней таго моманту, калі слова ўпершыню пачало ўжывацца. Так, польскі гісторык Генрык Лаўмянскі лічыў, што яшчэ да часу ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага існаваў саюз балцкіх плямён пад назвай «Літва», які складаўся з двух асноўных плямёнаў — «жамойтаў» (у Жамойці) і «аўкштайтаў» (у «Аўкштайціі»/«Аўкштоце»), а само племя «аўштайтаў» складалася з «зямель»: «Нальшчаны» («Нальшчанская зямля»), «Дзяволтва», «Літоўская зямля» і «Упіта»[16]. Лаўмянскі меркаваў, што пачаткова мяжа паміж «жамойтамі» і «аўкштайтамі» ішла па рацэ Шушва, а пасля па рацэ Нявежы; з другой паловы XIV ст., на думку Лаўмянскага, мяжа ўсталявалася па рацэ Нявежы. Падобныя погляды і рэканструкцыі падтрымалі савецкі гісторык Уладзімір Пашута і літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус[7].
Польскі гісторык Ежы Ахманьскі лічыў, што ў культурных аспектах «Аўкштота» (і, адпаведна, «аўштайты») ў старажытныя часы падзяляліся на тры абшары — уцянскі («Нальшчаны»), троцкі («уласна Літва») і ашмянска-геранёнскі (паміж рэкамі Мерачанка, Нёман, Бярэзіна і Вілія — абшар, які, на думку Ахманьскага, называўся «Аўкштота»)[7].
Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч лічыць, што тэрмін «Аўкштота»/«Аўкштайція» (г.зн. «верхняя» зямля) меў вузкаэтнічны сэнс, быў штучна ўтвораны ў пачатковы перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага па аналогіі з «Жамойцю» (што звычайна тлумачаць як «ніжняя» зямля / «нізіна»), з'яўляўся сінонімам тэрміну «Літва», ужываўся абмежаваны час і гэты тэрмін нельга пераносіць на ранейшую эпоху[17]. Насевіч лічыць, што жамойты да стварэння ВКЛ былі асобным ад літвы вялікім балцкім племем («асобным этнасам»)[18].
Беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч таксама прытрымліваецца думкі, што жамойты былі асобным ад літвы балцкім племем (гэтак жа як і нальшчаны, дзяволтва, яцвягі і інш.)[19]. На думку Краўцэвіча, «Літва», «Жамойць», «Нальшчаны», «Дзяволтва» у пісьмовых крыніцах выступаюць раўназначнымі аб'ектамі, якія нельга лічыць складовымі часткамі («землямі») «Літвы»[20]. Краўцэвіч лічыць, што тэрмінам «Аўкштота»/«Аўкштайція» з другой паловы XIII да XX ст. жыхары Жамойці абазначалі балтамоўныя землі Вялікага Княства Літоўскага (а пасля і Расійскай імперыі) на захад ад Жамойці: паўночная (балцкая) частка тапоніма / хароніма «Літва»[21]. У той жа час Краўцэвіч не прыводзіць пацвярджэнне прыкладамі, што з сярэдзіны XV ст. да пачатку XX ст. жыхары Жамойці называлі землі на захад ад Жамойці як «Аўкштота» (ці «Аўкштайція»).
Аўкштайція як этнаграфічны рэгіён сучаснай ЛітвыПравіць
СімвалыПравіць
Сучасныя сімвалы Аўкштайціі (сцяг і герб), былі афіцыйна зацверджаны ў сакавіку 2007 года.
Геаграфія АўкштайцііПравіць
Аўкштайція знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы сучаснай Літвы. Па ўсім рэгіёне багата азёр, асабліва ва ўсходняй частцы. Асноўнымі гарадамі Аўкштайціі з'яўляюцца:
- Панявеж — 119 749 жыхароў (лічыцца сталіцай Аўкштайціі)
- Янава — 34 954 жыхары
- Уцяна — 33 860 жыхароў
- Кейданы — 32 048 жыхароў
- Вісагінас — 29 554 жыхары (горад быў пабудаваны ў савецкія часы, таму большасць жыхароў — гэта рускія і беларусы)
- Вількамір — 28 759 жыхароў
- Радзівілішкі — 20 339 жыхароў
Дыялекты і гаворкі АўкштайцііПравіць
Мясцовыя жыхары размаўляюць на аўкштайцкіх дыялектах літоўскай мовы. Згодна з новымі даследаваннямі літоўская мова дзеліцца не толькі на жамойцкі і аўкштайцкі дыялекты, але і на яшчэ два паддыялекты — судоўскі і дзукійскі, якія разам утвараюць аўкштайцкую дыялектную групу. Да аўкштайцкіх дыялектаў належаць гаворкі, на якіх заснавана літаратурная літоўская мова — сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы, складзеная пад уплывам гаворак яцвягаў[22], гаворкі наваколляў Марыямпале ў Сувалкіі.
Турыстычны патэнцыял сучаснай АўкштайцііПравіць
Самымі старажытнымі гарадамі Аўкшайціі лічацца гарады Кернаў і Вількамір. У 1265—1413 гг. жыхары Аўкштайціі былі хрышчаны ў каталіцтва.
Гл. таксамаПравіць
ЗноскіПравіць
- ↑ а б в Пазднякоў, В. Аўкштайція / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае. — Т. 1. — С. 266; Насевіч, В. Аўкштайція / В.Л. Насевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 86. — 480 с. — ISBN 985-11-0161-7 (Т. 2)..
- ↑ Антропологическое разнообразие Восточной Европы: Аукштайты(недаступная спасылка). Slavica. Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2014. Праверана 1 кастрычніка 2014.
- ↑ Назва Lectauie з'яўляецца скажоным напісаннем лацінскай назвы Lettauie (г.зн. Літва).
- ↑ «Описание земель». Анонимный географический трактат второй половины XIII в.
- ↑ Чаквін І. У. Аўкштайты // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн.: БелЭн, 1989. — С. 41.
- ↑ Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 30—31; Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года... С. 44—45.
- ↑ а б в г Пазднякоў, В. Аўкштайція / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае. — Т. 1. — С. 266.
- ↑ Насевіч, В. Аўкштайція / В.Л. Насевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 86. — 480 с. — ISBN 985-11-0161-7 (Т. 2)..
- ↑ Preussisches Urkundenbuch, Kionigsberg, 1935,Bd. 2, Lief. 2 (1324—1331)/ herausgegeben von Max Hein, p. 381.
- ↑ Preussisches Urkundenbuch, Konigsberg, 1935, Bd. 2, Lief. 2, p. 447.
- ↑ Die Jengere Hochmeisterchronik/ herausgegeben von Theodor Hirsch. — Scriptores rerum Prussicarum, Leipzig, 1874, Bd. 5, p. 118; Chronicon equestris ordinis Teutonici incerti auctoris. — Veteris aevianalecta seu Vetera monumenta hactenus nondum visa / primus in lucem edidit adjectis observationibus suis Antonius Matthaeus. — Editio secunda, Hagae-Comitum,1738, t. 5, p. 778.
- ↑ Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 113—114.
- ↑ Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага... С. 113—114
- ↑ Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага... С. 114
- ↑ а б Aukstote // Wielka encyklopedya powszechna ilustrowana. — Warszawa : Druk. S. Sikorskiego, 1891. — T. 5-6, Areńska-Barthold. — S. 450.
- ↑ Пазднякоў, В. Аўкштайція / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае. — Т. 1. — С. 266; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 116.
- ↑ Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 20.
- ↑ Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 19.
- ↑ Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 113—114, 118, 125.
- ↑ Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 118.
- ↑ Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 125.
- ↑ На тэрыторыі вакол гарадоў Марыямпале і Сувалкі ў старажытнасці жыло заходнебалцкае племя яцвягаў. Паводле даследаванняў сучаснага літоўскага лінгвіста Зігмаса Зінкявічуса менавіта на базе гаворак яцвягаў у Вялікім Княстве Літоўскім былі складзены сучасныя паўднёвыя гаворкі аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы, якія далі пачатак сучаснай літоўскай літаратурнай мове, надаўшы ёй пазней арэол вельмі старажытнай мовы ў цэлым. Гл.: Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы... С. 100. Балцкія гаворкі ў Вільні і Віленшчыне не захаваліся да нашага часу, бо яшчэ ў часы існавання Вялікага Княства Літоўскага яны былі выцеснены ці заменены славянскімі гаворкамі.
ЛітаратураПравіць
- Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л.А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В.В. Седов; Редкол.: Б.А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
- Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. — Москва-Ленинград : АН СССР, 1938. — 608 с.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
- Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.
- Дзярновіч, А. Жамойць і Літва / А. Дзярновіч // Наша ніва. — 22 чэрвеня 2013.
- Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
- История Литовской ССР / А. Таутавичюс, Ю. Юргинис, М. Ючас и др.; Ред. колл. Б. Вайткявичюс (отв. ред.) [и др.]. — Вильнюс : Мокслас, 1978. — 676 с.
- История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс : Eugrimas, 2013. — 318 с.
- Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne № 8. 1997.
- Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А.К. Краўцэвіч. — Rzeszów, 2000. — 238 с.
- Насевіч, В. Аўкштайція / В.Л. Насевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 86. — 480 с. — ISBN 985-11-0161-7 (Т. 2).
- Насевіч, В.Л. Літва / В.Л. Насевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т. — Мн.: БелЭН, 2006. — Т.2. — С. 202—206.
- Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мінск : Полымя, 1993. — 160 с.
- Насевіч, В. Пытанняў больш, чым адказаў // Беларускі гістарычны агляд. Т. 5. Сш.1(8). Мн., 1998. С. 210—226. Рэцензія: Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мн.: Беларуская навука, 1998. 208 с.
- «Описание земель». Анонимный географический трактат второй половины XIII в. // Средние века. — Москва : Наука, 1993. — Вып. 56. — С. 206—225.
- Пазднякоў В. Аўкштайція // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 266. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Aukstote // Wielka encyklopedya powszechna ilustrowana. — Warszawa : Druk. S. Sikorskiego, 1891. — T. 5-6, Areńska-Barthold. — S. 450.
- Stosunki litewsko-polskie w Djecezji Wileńskiej i nadużycia Partji Wszechpolskiej. Memorjał duchowieństwa litewskiego. — Wilno : Druk. J. Zawadzkiego, 1913. — 66 s.
СпасылкіПравіць
- Tomas Baranauskas. Aukðtaitija XIII—XV amþiuje // Lietuvos istorijos institutas
- АУКШТАЙТИЯ // www.genlingnw.ru
- АУГШЗЕМЕ // www.genlingnw.ru