Кейстут Гедзімінавіч (Кестуть (1342, 1371), Кестутей (1345), Кистютий (1352), Kinstut rex (1356, 1382); ~1297 — 15 жніўня 1382, Крэва, цяпер у Смаргонскім раёне, Гродзенская вобласць, Беларусь) — князь троцка-жамойцкі, гарадзенскі (1341—1345), уладар троцкай паловы Вялікага Княства Літоўскага (1345—1381), вялікі князь літоўскі (1381—1382). Сын Гедзіміна ад другога шлюба, малодшы брат Альгерда.

Кейстут
Вялікі князь літоўскі
з 1381
Папярэднік Ягайла
Пераемнік Ягайла
Нараджэнне 1297(1297)
Смерць 15 жніўня 1382(1382-08-15)
Род Гедзімінавічы
Бацька Гедзімін
Маці Еўна
Жонка Бірута
Дзеці Вітаўт[1][2], Таўцівіл Кейстутавіч, Данута Кейстутаўна[d], Рымгайла, Бутаўт, Марыя Кейстутаўна[d], Войдат і Жыгімонт Кейстутавіч[3]
Веравызнанне язычніцтва
Дзейнасць суверэн, арыстакрат
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Імя правіць

Імя Кейстут (Кенстут, Кенстуць, Кенстуцій) – аднаасноўнае, утворанае з дапамогай пашыральніка -ut-, папулярнага ў старабалцкай (раннелітоўскай і старапрускай) антрапаніміі. Сярод утвораных такім чынам старапрускіх імёнаў, напрыклад, Algutte, Eisutte, Wargute і інш.[4]

У раннелітоўскія часы, перад заняпадам насавога -n-, корань меў выгляд Kenst- (варыянт Kinst-), ён звязаны з літ. kęsti (стараліт. kensti) "трываць, цярпець; чакаць; любіць"[5].

У сучаснай літоўскай антрапаніміі гэтая аснова ў чыстым выглядзе захавалася ў антрапонімах (былых імёнах) Kęstys, Kenstys[6]. Яе карацейшая форма Kens- – у раннелітоўскім імені Кесгайла (стараліт. Kens-gaila), ад якога паходзіў магнацкі род Кезгайлаў.

Гэтая аснова Kens(t)- звязаная з асновай Kant- (ад літ. kantrus "цярплівы") і далей напрамую з індаеўрапейскім *kenth- "трываць; цярпець"[7].

У прусаў імя Kynste засведчанае ў 1354 г. (г.зн. у часы жыцця Кейстута), імя Kinstut - у першай палове XV стагоддзя (г.зн. пасля смерці Кейстута)[8].

Магчыма, менавіта з удзелам Кейстута ў паходах брата Альгерда на ўсход звязаны тапонім "Кистутово" (у Цвярской вобласці, паміж Удамляй і Максаціхай).

Біяграфія правіць

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Дата нараджэння дакладна не вызначана. Паводле разлікаў спецыяліста па генеалогіі Яна Тэнгоўскага, Кейстут нарадзіўся каля 1308—1310 гадоў.

Пра шлюб Кейстута захавалася легенда, паводле якой князю спадабалася дзяўчына-жрыца імем Бірута, якая багам сваім паабяцала дзявоцтва захоўваць. Нягледзячы на тое, што дзяўчына яму адмовіла, Кейстут узяў яе ў жонкі сілаю. На вяселле сабраліся ягоныя браты. Паколькі сярод гасцей не было бацькі, мяркуецца, што шлюб адбыўся пасля смерці Гедзіміна.

Па смерці бацькі (зіма 1341) і старэйшага брата Манівіда (1342) Альгерд з Кейстутам былі самыя старэйшыя пасля Нарымонта сярод Гедзімінавічаў, а ў Вільні сеў самы малодшы сын Гедзіміна — Яўнут, мала здольны да ўлады.

Кожны з сыноў Гедзіміна пільнаваў свой удзел. Ва ўдзел Кейстута ўваходзілі Старыя Трокі з Горадняй, Коўнам, Упітай і Лідай. 3 пазнейшых актаў вядома, што да ўладанняў Кейстута належала яшчэ Падляшша з Берасцейскай зямлёй.

Пад канец 1344 года Кейстут з Трокаў з войскам прыйшоў у Вільню і паланіў Яўнута. Нагодай да выступу стала смерць вялікай княгіні Еўны, маці Яўнута. Заспеты знянацку, Яўнут уцякаў, хаваўся, але быў затрыманы і пасаджаны пад варту. Кейстут паклікаў Альгерда і перадаў яму Вільню як старэйшаму, прызнаючы вярхоўную ўладу брата.

Да таго як браты сягнулі па вышэйшую ўладу, яны ўжо не адзін год вялі самастойную замежную палітыку, якую ўзгаднялі паміж сабой, i часта дзейнічалі супольна (напр. дапамога Пскову, паход у Інфлянты). Альгерд з Кейстутам падзялілі ВКЛ на «паловы», Альгерд быў уладаром у Віленскай палове і меў тытул вялікага князя, Кейстут быў уладаром у Троцкай палове, і яму падпарадкоўваліся ўсе родзічы, якія мелі там удзелы. Браты асабіста вадзілі войскі ў паходы, пры сумесных выправах камандаваў той, хто лепш ведаў мясцовую сітуацыю: Кейстут — у Прусіі, Альгерд — на ўсходнеславянскіх землях. Спачатку яны дамовіліся дзяліць усе зноў здабытыя землі, але пасля, відаць, умовы дагавора змяніліся, і Альгерд не дзяліўся з Кейстутам далучанымі землямі.

Яўнут нейкі час заставаўся вязнем Кейстута. Вядома, што ён ўцёк з-пад варты, накіраваўся на ўсход і дабраўся да Масквы, дзе ў верасні 1345 г. прыняў праваслаўе пад імем Іван (вярнуўся каля 1347 г., атрымаў ва ўдзел Заслаўскае княства). Падчас замаху пакінуў Вільню і Нарымонт Гедымінавіч, які накіраваўся ў Арду, а там ажаніўся з сястрой хана (вярнуўся з эміграцыі самае позняе ў 1346 г., атрымаў Пінскае княства).

Пасля дзяржаўнага перавароту цэнтральная ўлада ўзмацнілася і магла ўжо кантраляваць усю краіну. Вялікі крыжовы паход на Літву ў пачатку 1345 г., у якім удзельнічалі, акрамя магістра Тэўтонскага ордэна, чэшскі кароль Ян Люксембургскі, венгерскі кароль, граф Галандыі, герцаг Бурбон і іншыя, скончыўся правалам. Ліцвінскія аддзелы прайшлі агнём і мечам па ордэнскіх землях аж да Рыгі.

Затым перавага ў ордэнска-ліцвінскай вайне некалькі гадоў была на баку ліцвінаў. Але 2 лютага 1348 г. Літва пацярпела буйную ваенную паразу ад крыжакоў на сваёй тэрыторыі, у Аўкштоце, каля ракі Стрэве (правы прыток Нёмана). У бітве загінуў Нарымонт Гедзімінавіч.

Параза ліцвінскага войска мела сур’ёзныя палітычныя наступствы. Кейстут дэклараваў сваю і братоў гатоўнасць прыняць хрысціянства паводле каталіцкага абраду. Арганізатарам справы быў польскі кароль Казімір III. У адказ на яго лісты Папы Клімент VI абяцаў аздобіць каралеўскай каронай Кейстута. Але справа хрышчэння-каранацыі скончылася нічым, паход Казіміра на ліцвінаў у 1349 г. паклаў ёй канец. Польская ваенная кампанія на Русі была даволі кароткай (між вераснем i снежнем), але паспяховай. Войскі Казіміра III занялі Галіччыну і амаль усю Валынь, Кейстут страціў Падляшша і Берасце. Аднак хутка поспехі палякаў скончыліся. Ліцвіны вясной-летам 1350 г. пачалі вяртаць забраныя палякамі землі.

Вынікам польска-венгерскага паразумення 1350 г. быў удзел венгерскіх войскаў у кампаніі 1351 г. Кароль Людовік Анжуйскі асабіста павёў войска ў вялікі паход супраць Літвы. Венгерска-польскае войска падышло пад ліцвінскую мяжу, да Кейстута Людовік выслаў на перамовы трох знатных паноў. Паслы засталіся ў ліцвінаў закладнікамі, а да караля прыбыў сам Кейстут. Храніст занатаваў што, калі Кейстут з’явіўся перад Людовікам, то «пакорна яму ва ўсім падпарадкаваўся, і падпісалі мір». 15 жніўня 1351 г. было заключана пагадненне, паводле ўмовы якога Кейстут меў прыняць каталіцкае хрышчэнне разам са сваімі братамі і падданымі. Венгерскі кароль накіраваўся з войскам дадому, забраўшы з сабой Кейстута. Аднак, праз тры дні Кейстут са сваімі ліцвінамі паціху, пасярод ночы, пакінуў лагер, вярнуўся да сябе і выпусціў венгерскіх закладнікаў.

Пасля заключэння польска-ліцвінскага перамір’я восенню 1352 г. міжнародная сітуацыя ва Усходняй Еўропе пачала змяняцца на карысць ВКЛ. У лютым 1353 г. Альгерд з Кейстутам правялі чарговы рабаўнічы паход на Прусы і прывялі шматлікі палон. Да 1360 г. крыжацка-ліцвінскае змаганне не вызначалася асаблівай напругай.

 
Пячатка Кейстута

Захавалася апісанне знешнасці Кейстута, зробленая крыжакамі ў 1361 годзе:

«Кейстут быў высокі, статны, прамяністыя вочы гарэлі на бледным твары, доўгія валасы пакрывалі яго галаву, сівая барада спадала на грудзі. Скупыя былі яго вусны, але кожнае слова шмат значыла. Калі ён пагражаў, то на ілбе ўздуваліся вены. Увесь выгляд яго будзіў страх»[9]

Па смерці Альгерда яго спадчыннікам быў Ягайла, Кейстут як старэйшы лічыў у сябе больш правоў на вялікакняскі сталец, а Ягайла жадаў захаваць тыя ўмовы, што былі паміж Кейстутам і яго бацькам Альгердам. Ягайла склаў супраць Кейстута змову з Тэўтонскім ордэнам, але яна была выкрытая — Ягайла арыштаваны і зняволены ў Полацку, праз нейкі час вызвалены пад абяцанне прызнання вярхоўнай ўлады Кейстута. У хуткім часе Ягайла зноў склаў змову з ордэнам, яму падманам удалася паланіць і спачатку зняволіць Кейстута ў Крэўскім замку, дзе Кейстут быў задушаны.

Нашчадкі правіць

Зноскі

  1. А. Э. Витовт // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 574–576.
  2. Витовт // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1912. — Т. 6. — С. 418–420.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  4. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 182.
  5. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 101, 102.
  6. Lietuvių pavardžių žodynas. A-K. Vilnius, 1985. C. 972, 980.
  7. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 641.
  8. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 45.
  9. Аляксандр Краўцэвіч, «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага»