Ізяслаўскае княства

(Пасля перасылкі з Заслаўскае княства)

Ізясла́ўскае (Ізяслаўльскае) княства — удзельнае княства Полацкай зямлі, пазней Заслаўскае княства. Цэнтр — горад Ізяслаўль, цяпер горад Заслаўе ў Мінскай вобласці Беларусі.

Вылучылася пасля смерці полацкага кн. Усяслава Полацкага (1101), верагодна, як удзел Давыда Усяславіча. У 1128 г. кн. ізяслаўльскім быў ужо сын Давыда Усяславіча — Брачыслаў. Пасля высылкі ў 1129 г. полацкіх князёў у Візантыю, у т.л. Давыда Усяславіча з сынамі, лёс княства некаторы час невядомы. Верагодна, з сяр. 1130-х і да сяр. 1160-х Ізяслаўль у якасці ўдзелу ўваходзіў у Менскае княства — у сяр. 1160-х ізяслаўльскі сталец займаў Усевалад Глебавіч. Усевалад вымушаны быў адмовіцца да Ізяслаўля пад ціскам полацкага кн. Рагвалода-Васіля на карысць Брачыслава Давыдавіча, які вярнуўся з Візантыі. Усевалад атрымаў замест Ізяслаўля Стрэжаў і больш крыніцамі не згадваецца. Астатнія Глебавічы не змірыліся са стратаю Ізяслаўля і зноў захапілі яго паланіўшы Брачыслава і яго брата Валодшу, але хутка пад ціскам Рагвалода-Васіля вымушаныя былі вызваліць іх і вярнуць ім Ізяслаўльскае княства. У 1160-х Ізяслаўскае княства раздрабілася, з яго вылучыўся Лагожскі ўдзел і, магчыма, яшчэ нейкія удзелы. У 1180 г. побач з ізяслаўльскімі князямі, нашчадкамі Брачыслава і Валодшы, згадваецца лагожскі кн. Усяслаў Мікуліч, верагодна, іх сваяк. Да 1186 г., пры невядомых акалічнасцях, нашчадкі Давыда Усяславіча зноў страцілі Ізяслаўль на карысць менскіх Глебавічаў і цяпер ужо назаўсёды — у 1186 г. на лагожскім стальцы згадваецца ўжо Васілька Валадаравіч, магчыма, тымчасова Лагойск быў галоўным горадам ізяслаўльскіх земляў.

У 1320-х г. Ізяслаўскае княства належыла Альгерду, які ў 1345 г. даў яго ўдзелам свайму брату Яўнуту. Ізяслаўскае княства належала нашчадкам Яўнута — князям Заслаўскім, а пасля перайшло пасагам да Глябовічаў. Я. Я. Глябовіч не называўся ўжо князем, але меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Дуброўне і Заслаўе.

ЛітаратураПравіць