Стрэжаў
Стрэжаў — колішні горад, цэнтр удзельнага княства Полацкай зямлі, месцазнаходжанне дакладна не вызначана.
Паводле меркавання адных даследчыкаў, упершыню згадваецца ў 1127/1128 г., падчас паходу агульных войскаў рускіх князёў супраць Полацкай зямлі, як адзін з пунктаў праз якія мусілі рухацца войскі і няма пэўнасці ці знаходзіўся наогул гэты Стрэжаў у межах Полацкай зямлі ці быў паселішчам у іншым княстве. Іншыя даследчыкі, лічаць першую ўзгадку Стрэжава ў 1160-х, калі полацкі кн. Рагвалод-Васіль даў яго Усеваладу Глебавічу замест саступленага апошнім Ізяслаўля — гэты Стрэжаў напэўна быў паселішчам у Полацкай зямлі.
Таксама няма пэўнасці з лакалізацыяй, Б. А. Рыбакоў, М. М. Ціхаміраў і інш. тоясняць летапісны Стрэжаў з г.п. Стрэшын у Жлобінскім р-не, але гэтае паселішча далёка на поўдзень ад межаў Полацкай зямлі, што робіць лакалізацыю сумніўнай. Праўда, Стрэшын магчыма тоесны Стрэжаву з узгадкі 1127/1128 г. Таксама ёсць меркаванні, што Стрэжаў, які Рагвалод-Васіль даў Усеваладу Глебавічу размяшчаўся на месцы вёскі Стрыжава Бешанковіцкага р-на, але рэшткаў горада часоў Русі там не выяўлена.