Васілька Валадаравіч

Васілька Валадаравіч (паміж 1135—1150 — пасля 1196, магчыма, да 1222) — князь лагожскі (зг. 1186), магчыма, князь полацкі (1216—1222).

Васілька Валадаравіч
князь лагожскі
да 1186 — пасля 1186
князь полацкі
1216 — 1222
Папярэднік Уладзімір
Пераемнік Святаслаў Мсціславіч
Нараджэнне паміж 1135—1150
Смерць да 1222
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Валадар Глебавіч
Маці Рыкса Баляславаўна
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сын Валадара Глебавіча і, магчыма, Рыксы, імаверна, малодшы брат полацкага князя Уладзіміра.

Упершыню згаданы пад 1186 годам, калі разам з князямі смаленскім Давыдам, наўгародскім Мсціславам і друцкім Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк[1]. Прычыны паходу не вядомы, але палачане дамагліся мірнага развявання канфлікту, сустрэлі князёў на мяжы і далі багатыя дары — князі згадзіліся на мір. Магчыма, як вынік — васількаў брат Уладзімір стаў полацкім князем, а Васілька заняў сталец у Менску[2]. Паводле Пятнова, прычынай паходу мог быць канфлікт палачан з Уладзімірам, які ўжо 1184 годзе быў полацкім князем, а вынікам стала замацаванне стальца за Уладзімірам[3].

Па гэтым Васільку працяглы час не згадваюць крыніцы, імаверна, ён дзейнічаў узгоднена з братам. У 1191 годзе не названыя імёнамі полацкія князі, напэўна, Уладзімір і Васілька, сустракаліся ў Вялікіх Луках з ноўгарадскім князем Яраславам Уладзіміравічам[ru] і дамовіліся пра сумесны паходзе на літоўцаў або чудзь наступным годам. Пазней, 12 сакавіка 1196 года нейкі Васілька разам з чарнігаўцамі і друцкім князем Барысам разграміў смаленскае войска[4], пра гэта паведамляе Сіманаўскі летапіс. Паводле Мікалая Карамзіна, Троіцкі летапіс называў гэтага Васільку полацкім князем, а вядома, што тым часам полацкім князем быў Уладзімір[5]. Імаверна, і далей Васілька дзейнічаў узгоднена з братам, браў удзел у паходах, у тым ліку супраць немцаў у Ніжняе Падзвінне. У 1216 годзе Уладзімір задумаў вялікі паход на Рыгу, сабраў вялікае войска з «Русі і Літвы», імаверна, мусіў удзельнічаць і Васілька.

Уладзімір нечакана памёр і паход на Рыгу не адбыўся. Паводле Яна Длугаша, тым часам смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка[6]. Паводле Васіля Тацішчава, у 1217/1218 годзе нейкі полацкі князь Васілька разам з Мсціславам Удатным і Уладзімірам Рурыкавічам удзельнічаў у паходзе на Галіч[7]. У свой час Мацей Стрыйкоўскі пісаў, што ў гэтым паходзе бралі ўдзел і літоўцы, хоць полацкага князя Васільку не згадваў. Магчыма, згаданая Длугашам сутычка смаленцаў з літоўцамі каля Полацка адбылася пасля смерці Уладзіміра менавіта з войскамі Васількі, дзе маглі быць літоўцы, якіх ён потым ён павёў і пад Галіч. У такой версіі няма аднак пэўнасці, яна выключна гіпатэтычная. У кожным разе, калі Васілька Валадаравіч і быў полацкім князем пасля Уладзіміра, то толькі да 1222 года, калі смаленскія князі захапілі Полацк.

У мастацтве

правіць

Зноскі

  1. БС. Т. 5 1982, с. 104.
  2. Руковишников…
  3. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 137.
  4. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 142.
  5. Володихин Д. Еще раз о… С. 174.
  6. Długossi J. Historiae Poloniae. — Cracoviae, 1873. — P. 181.
  7. Татищев, 1774. Т. III, c. 417. (або Татищев, 1963. Т. 2, с. 207.)

Літаратура

правіць
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.
  • Володихин Д. Еще раз о княжеской власти в средневековом Полоцке // Вопросы истории, № 4-5, 2000. — С. 173—175.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260 с.
  • Пятнов А. П. Полоцкая земля в последней четверти XII в. // Rossica Antiqua. 2010. Вып. 1. — С. 135—138.
  • Татищев В. История Российская. — Т. 2. — М., 1962.