Мацей Стрыйкоўскі
Мацей Стрыйкоўскі (польск.: Maciej Stryjkowski; 1547, Стрыкаў, Мазовія — 1593) — польскі гісторык, паэт і пісьменнік і дыпламат, каталіцкі святар.
Мацей Стрыйкоўскі | |
---|---|
польск.: Maciej Stryjkowski | |
Мацей Стрыйкоўскі (гравюра, 1582) | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 21 сакавіка 1547[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1593[1][2] |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, дыпламат, гісторык, пісьменнік |
Мова твораў | польская |
![]() |
БіяграфіяПравіць
Паходзіў са шляхецкага роду. У 1561 годзе скончыў прыхадскую школу ў Бжэзінах. У 1567—1570 гадах вучыўся ў Кракаўскай акадэміі. Большую частку жыцця правёў у Вялікім Княстве Літоўскім. Служыў у вялікалітоўскім войску, магчыма, удзельнічаў ва ўзяцці Улы (жнівень 1568) і абароне Віцебска (верасень 1568). У 1572—1574 гадах служыў у віцебскім гарнізоне пад начальствам Аляксандра Гваньіні, у гэты час пачаў працу над гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Пад канец службы здзейсніў падарожжа па Заходняй Дзвіне. У 1574 годзе прыняў пасвячэнне на капелана. У 1574—1575 гадах быў у складзе пасольства А. Тарноўскага ў Асманскую імперыю. У 1576—1578 гадах жыў пры двары Алелькавічаў у Капылі і Слуцку. У 1579 года з пратэкцыі Мельхіёра Гедройца стаў канонікам Жамойцкім (у Медніках) і пробашчам у Юрбарку. Найбольш вядомая праца — Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі (1582).
ТворчасцьПравіць
У 1574 годзе Мацей Стрыйкоўскі выдаў сваю першую паэму — «Ганец цноты». У 1577 годзе ім напісана другая паэма, якая не была надрукавана — «Пра пачаткі і справы рыцарскія слаўнага народа літоўскага». Паэма апісвала падзеі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і абапіралася на «Хроніку Быхаўца». Наступнай паэмай Стрыйкоўскага стала «Бітва на Уле», якая была прысвечана разгрому маскоўскага войска. Аўтар удакладняе сюжэт пра смерць маскоўскага ваяводы Шуйскага ад рукі простага беларускага селяніна: гэты селянін затым быў пакараны гетманам Радзівілам за рабаўніцтва забітага.
У 1578 годзе ў Кракаве выйшла праца Аляксандра Гваньіні «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі». Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні — свайго колішняга камандзіра — у плагіяце. Сучасныя спецыялісты не падтрымліваюць гэтае абвінавачванне. Сапраўды, Гваньіні шмат запазычыў у Стрыйкоўскага, у яго творы сустракаецца вялікая колькасць цытат. Аднак у тыя часы цытаванне папярэднікаў было нормай, а «Хроніка…» змяшчала таксама ўласныя напрацоўкі Гваньіні.
Працай жыцця Мацея Стрыйкоўскага стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі», выдадзеная ў 1582 годзе. Аўтар грунтаваўся як на вядомых, так і страчаных да цяперашняга часу летапісы, выкарыстоўваў дакументы з архіваў сваіх апекуноў — магнатаў Хадкевічаў, Алелькавічаў. Стрыйкоўскі імкнуўся аб’яднаць два гістарычныя міфы шляхты Рэчы Паспалітай — польскі «сармацкі» (пра паходжанне шляхты ад сарматаў) і літоўскі «рымскі» (пра прыбыццё жамойцкай шляхты з Рыма). Сумяшчэнне адбылося наступным чынам, на думку аўтара, група шляхты, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася з мясцовым сармацкім насельніцтвам і была ім асімілявана.
Мацей Стрыйкоўскі напісаў першую надрукаваную хроніку Вялікага Княства Літоўскага і стаў першым гістарыёграфам Вялікага Княства Літоўскага. Працяглы час яго не лічылі вартым даверу аўтарам. Зараз яго творы прызнаны сур’ёзнымі і важнымі гістарычнымі крыніцамі, а сам ён — сапраўдным храністам, прадаўжальнікам працы летапісцаў.
БібліяграфіяПравіць
- Goniec cnoty (Кракаў, 1574) — генеалагічная паэма, прысвечаная ўладарам Кароны і Княства;
- O początkach… sprawach rycerskiego sławnego narodu litewskiego (1577, засталася ў рукапісе; выд. 1978) — вялікая эпічная паэма, апісвае гісторыю Княства, у значнай частцы тоесная Хроніцы Быхаўца;
- Sarmatiae Europeae descriptio (1578) — спачатку выдана пад імем Аляксандра Гваньіні, начальніка Стрыйкоўскага, які даводзіў сваё аўтарства праз суд;
- Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi (Кёнігсберг, 1582; выд. 3, 1846) — хроніка, апісвае падзеі ў Кароне і Княстве да 1581, аздоблена вершаванымі ўстаўкамі ўласнага аўтарства па польскай мове, у асноўным кампіляцыя хронік Яна Длугаша, Мацея Мехавіты і інш.
Зноскі
- ↑ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Maciej Stryjkowski // MAK
ЛітаратураПравіць
- Wojtkowiak, Z. Maciej Stryjkowski — dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Poznań, 1990. (польск.)
- Семянчук А. Стрыйкоўскі Мацей // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 638. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.