Берасцейская зямля
Берасцейская зямля — гісторыка-геаграфічны рэгіён, які ў раннефеадальны перыяд займаў тэрыторыю па абодва бакі сярэдняга цячэння Заходняга Буга з гарадамі Бельск, Берасце, Дарагічын Надбужскі, Каменец, Кобрын, Мельнік і іх акругамі. Населены пераважна дрыгавічамі і валынянамі. Па тэрыторыі Берасцейскай зямлі праходзілі важныя гандлёвыя магістралі, па якіх ажыццяўляўся тавараабмен паміж Турава-Пінскай, Кіеўскай, Галіцка-Валынскай, Наўгародскай, Чарнігаўскай і іншымі землямі і Заходняй Еўропай. Апошнім мытным пунктам на гандлёвым шляху быў Дарагічын, дзе знойдзены тысячы старажытных алавяных таварных пломбаў.
З канца Х ст. у складзе Русі, з другой паловы ХІ ст. да сярэдзіны ХІІ ст. ва ўладанні тураўскіх, ад сярэдзіны ХІІ ст. — валынскіх князёў. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 годзе сюды з поўдня ўварваліся мангола-татары. У першай палове ХІV ст. увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, ва ўладанні князя Кейстута. У 1349 годзе Берасцейскую зямлю на некаторы час захапіў польскі кароль Казімір III. Канчаткова Берасцейшчына адыйшла да ВКЛ у 1366 годзе. З 1413 года ў складзе Троцкага ваяводства. У 1566 годзе рэгіён раздзелена на Берасцейскае ваяводства і Падляшскае ваяводства (паветы Дарагіцкі, Бельскі, Мельніцкі; Гл. таксама: Віленскі сойм).
У гістарычным, этнічным і фізіка-геаграфічным аспектах Берасцейская зямля ўяўляла сабою адзіную і цэльную тэрыторыю, натуральны працяг дрыгавіцкага Турава-Пінскага Палесся. На поўначы яна межавала з Гарадзеншчынай. Такім чынам, яна была арганічна звязана з карэннай тэрыторыяй, на якой сфарміраваўся беларускі народ, складаючы яе неад'емную частку[1].
Улучэнне Берасцейшчыны ў склад старажытнай Валыні, якое праводзяць адныя навукоўцы[2], лічыцца цалкам няправільным іншымі, бо сувязь існавала толькі палітычная[3]. Пасля Люблінскай уніі адзінства Берасцейскай зямлі было парушана, і Падляшскае ваяводства адыйшло да Польскай Кароны, трапіўшы пад узмоцненую паланізацыю, асабліва пасля царкоўнай уніі, і каланізацыю выхадцамі з Мазовіі[1].
Берасцейскія князі
правіць- Яраслаў Яраполчыч (1101—1102)
- Святаполк Мсціславіч (1140)
- Уладзімір Давыдавіч (1142), чарнігаўскі князь, часова трымаў Берасце разам з іншымі ўладаннямі як «дадатак» да сваёй воласці
- Ігар Ольгавіч (1142—1146)
- Уладзімір Андрэевіч (1154—1156)
- Уладзімір Мсціславіч (1170)
- Святаслаў Мсціславіч (1170—1183)
- Васілька Раманавіч (1208—1210, 1219—1228)
Зноскі
Літаратура
правіць- Гринблат М. Я. Белорусы. — Минск, 1968.
- Пашуто В. Т. Очерки по истории Галицко-Валынской Руси. — Москва, 1950.
- Полное собрание русских летописей. Т. 2. Ипатьевская летопись. — Москва, 1962.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4.