Тураўскае княства
Тураўскае княства, пазней Турава-Пінскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў Х ст. вакол Турава (цяпер горад у Гомельскай вобласці).
Гістарычная дзяржава | |
Тураўскае княства | |
---|---|
![]() |
|
сяр. X ст. — 1320-я
|
|
Сталіца | Тураў |
Рэлігія | політэізм, праваслаўе |
Дынастыя | Ізяславічы Тураўскія |
![]() |
Пачатак княстваПравіць
З рассяленнем дрыгавічоў у басейне Прыпяці сфарміраваўся самастойны саюз плямёнаў. Гэта яшчэ не было ўласна княства, а аб’яднанне аднароднага ў этнічных адносінах насельніцтва. Старажытнае княжанне дрыгавічоў згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў». На чале яго стаяў мясцовы князь, акружаны старэйшынамі. Затым племянное дрыгавіцкае княжанне пераўтвараецца ў феадальнае Тураўскае княства.
Тураўскія князіПравіць
Цесная сувязь Турава з Кіевам вызначала тое, хто займаў тураўскі пасад. Кіеў звычайна глядзеў на Тураў як на сваю воласць, і кіеўскі князь аддаваў яго свайму родзічу. Так у 1120-х гг. у Тураве сеў князь Вячаслаў (сын Уладзіміра Манамаха). Пасля смерці кіеўскага князя Мсціслава ён спрабаваў завалодаць Кіевам, аднак не здолеў. А ў 1142 кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч парушыў цэласнасць Тураўшчыны, раздаўшы сваякам тураўскія гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў і Чартарыйск. Аднак пасля смерці Усевалада князь Вячаслаў вярнуў у склад Тураўскай дзяржавы адабраныя раней гарады. Больш за тое, ён нават захапіў Уладзімір-Валынскі. За гэта Кіеў неадкладна ўчыніў расправу над Туравам, пасад якога заняў сын кіеўскага князя Яраслаў Ізяславіч.
Пасля Вячаслава Уладзіміравіча тураўскія князі часта мяняліся. Калі ўладзіміра-суздальскі князь Юрый Даўгарукі займаў кіеўскі стол, ён аддаваў Тураў сваім сынам Андрэю і Барысу. Адсутнасць свайго сталага княжацкага роду была не на карысць Тураўшчыне. У прыватнасці, з гэтай прычыны Тураўская зямля і далей страчвала свае тэрыторыі. Прыкладам, у 1115 годзе Мазыр перайшоў у склад Кіеўшчыны, Берасце ж падпарадкавалі галіцка-валынскія князі.
Нарэшце ў 1158 тураўскі пасад самастойна заняў Юрый Яраславіч. Кіеў неадкладна запатрабаваў ад яго пакоры, і калі князь не паслухаўся, — рушыў на расправу. Да Турава прыйшла кааліцыя, у якой апрача кіеўскіх былі смаленскія, галіцкая, луцкая і полацкая дружыны. Дзесяць тыдняў доўжылася аблога, у час якой абаронцы не толькі добра бараніліся на гарадскіх сценах, але нават рабілі вылазкі. А калі ў кааліцыйным войску пачаўся паморак коней, яно мусіла зняць аблогу і сысці. Другі па важнасці горад Тураўскай зямлі, Пінск, таксама здолеў адбіцца.
Абараніўшы свайго князя, Тураў заваяваў незалежнасць. Юрый Яраславіч стаў першым князем мясцовай, тураўскай дынастыі. Калі ў 1162 пасля нападу саюзнікаў Кіева і сутычкі, з якой тураўцы зноў выйшлі пераможцамі, Кіеў падпісаў з Туравам пагадненне аб міры, самастойнасць Турава атрымала афіцыйнае прызнанне.
У часы раздробленасціПравіць
У другой палове ХII ст. Тураўская зямля перажыла працэс драблення. Сыны Юрыя Яраславіча падзялілі яе на некалькі ўдзелаў, сярод якіх асаблівае значэнне стаў набываць Пінск. З 1180-х гг. вылучылася асобная дынастыя пінскіх князёў.
У пачатку ХIIІ ст. турава-пінскія князі знаходзіліся ў залежнасці ад галіцка-валынскіх. Вядома, што каб вызваліцца ад гэтай залежнасці яны ішлі на саюз з Літвою. Але летапісных звестак пра турава-пінскія землі гэтага часу вельмі мала.
У складзе ВКЛПравіць
Пры князю Гедзіміне Турава-Пінская зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У 1330-х гг. у Пінскай зямлі ўжо сядзеў Нарымонт (Глеб) Гедзімінавіч. Праўда ў Тураве і Гарадку яшчэ доўга заставаліся мясцовыя Рурыкавічы. Пісьмовыя крыніцы не падаюць фактаў гвалтоўнага падпарадкавання ці барацьбы з мясцовымі князямі або насельніцтвам. Праўдападобна, што гэтыя землі былі далучаны да ВКЛ добраахвотна.
Дзяржаўны ладПравіць
Аб дзяржаўным ладзе Тураўскага княства вядома мала. З жыццяпісу Кірылы Тураўскага вядома, што ў горадзе мела вялікую ўладу веча, якое мела ўплыў на выбар епіскапа. Апроч таго, у горадзе быў пасаднік.
КультураПравіць
Аб развіцці культуры можна меркаваць па дзейнасці Кірылы Тураўскага. Апроч таго, існуе меркаванне, што ў Тураве таксама быў кафедральны Сафійскі сабор.
ЛітаратураПравіць
- Тураўскае княства //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 541—542.
- Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяд. Мн., 1990.
- Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мн., 2001.
- М. В. Довнар-Запольский. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII в. — Киев, 1891.
- Туровское княжество // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.