Кірыла Тураўскі
Кірыла Тураўскі (нар. не раней за 1110 і не пазней за 1134, 28 красавіка 1113[2], Тураў — каля 1182, Тураў) — царкоўны дзеяч, епіскап тураўскі (магчыма, з 1159/1161 па 1177). Святы праваслаўнай царквы, які таксама шануецца ў грэка-каталікоў Беларусі. Аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў.
Кірыла Тураўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | каля 28 красавіка 1130 |
Месца нараджэння | Тураў, Тураўскае княства[1] |
Дата смерці | каля 1182 |
Месца смерці | Тураў, Тураўскае княства |
Манаскае імя | Кірыла |
Шануецца | у праваслаўнай царкве |
У ліку | свяціцеляў |
Дзень памяці | 28 красавіка і 4 чэрвеня (па юліянскім календары) |
Працы | багаслоўскія сачыненні і пропаведзі |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьЗвестак пра яго жыццё няшмат. Падрабязнасці жыцця, такія, як дакладныя даты нараджэння і смерці, свецкае імя і інш., невядомыя; непасрэдныя дакументальныя звесткі абмяжоўваюцца «Жыціем» і адзінай летапіснай згадкай (Іпацьеўскі летапіс, 1169). Магчыма, паходзіў з арыстакратычнай сям’і, а яго бацька служыў Святаполку II. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе». Тут гаворыцца, што «Гэты шчасны Кірыла нарадзіўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў ён не любіў багацця і тленнай славы гэтага свету, але добра напрактыкаваўся ў Святых Пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з манастыроў. Кірыла Тураўскі быў першым на Русі «стоўпнікам».
Адзначаецца добрая адукаванасць Кірыла, асабліва ў багаслоўі; ведаў мовы, у т.л. грэчаскую. Ён быў пастрыжаны ў манахі, магчыма, Нікольскага манастыра Турава (магчыма, у канцы 1120-х —пачатку 1130-х гадоў). Відаць, быў узведзены ў ігуменскі сан тамсама (не раней за 1140—1143), быў ігуменам да каля 1148 года. Пасля пастаўлення на Рускую мітраполію Клімента Смаляціча (1147) і пачатку ўціску з боку «самастойнікаў» у бок «грэкафілаў», Кірыл, як прыхільнік апошніх, з канца 1147 — пачатку 1148 года або быў зняволены ў манастыры, або прыняў подзвіг стоўпніцтва, якое, аднак, мела, відаць, выгляд самазачынення ў келлі (такім чынам, у «стаўпе», то-бок вежы, а не на «стаўпе»). У гэты час займаўся каментаваннем Святога Пісання, і, відаць, паводле Антыяхійскай школы экзегетыкі (праца не захавалася). Пасля змянення палітычнай сітуацыі на карысць «візантыністаў» Кірыла быў пастаўлены на Тураўскае епіскапства тураўскім князем Юр’ем (відаць, у час небыцця мітрапаліта на Русі, што, аднак, было пэўным парушэннем кананічнасці).
Каля 1169 года князь Юрый Яраслававіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу прыняць епіскапства. У гэты час Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, пры дапамозе князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол праваслаўнай царквы на Русі, на гэта Кірыла пракляў яго. Актыўна ўдзельнічаў у палеміцы другой палове XII ст. вакол царкоўнага ўладкавання на землях Русі, да князя Андрэя напісаў шмат пасланняў па гэтай справе, якія не захаваліся.
Пра апошнія гады жыцця і скон Кірылы Тураўскага звестак таксама небагата. Магчыма, што каля 1177 года ён быў пазбаўлены пасады епіскапа, і, відаць, прымусова. Вядома, што ў 1184 годзе, калі адбывалася выбранне і ўзвядзенне ў сан новага архімандрыта Кіева-Пячэрскай лаўры Васіля , на цырымоніі прысутнічаў ужо пераемнік Кірылы епіскап Лаўрэнцій. Але ж пры тым захаваліся і два пасланні Кірылы Тураўскага да самога архімандрыта Васіля. Гэта значыць, што свяціцель жыў і дзейнічаў, хоць і не займаў епіскапскай кафедры.
Апошнія гады жыцця Кірыла правёў у епіскапскім Барысаглебскім манастыры Турава. Быў пахаваны на манастырскіх могілках.
Літаратурная спадчына
правіцьНа думку даследчыкаў, да літаратурнай спадчыны Кірылы належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казанні, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе выявіліся яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў у келлі пры царкве ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігодзе XII ст. Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі і распаўсюджваліся ў спісах XII — XVII ст.
Казанні Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён. Кожнае з іх адлюстроўвае пэўную грань філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка. Калі ідэі Кірылы Тураўскага выказваюцца непасрэдна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным праваслаўным багаслоўем, то філасофскае вучэнне прысутнічае ў яго творах у скрытах формах прытчаў, мастацкіх вобразах і сімвалах. Ён нідзе не сцвярджае, што Бог стварыў сусвет з «нічога», як пра гэта кажа Святое Пісанне — Біблія.
У «Слове пра антыпасху» пісьменнік кідкімі жывапіснымі метафарамі малюе веснавое абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэння свайму Творцу. Законы прыроды, паводле Кірылы, гэта «страх боскі». Такім чынам, філасофскія погляды Кірылы Тураўскага — тэацэнтрызм, які толькі па аналогіі можна назваць аб'ектыўным ідэалізмам. Кірыла развівае традыцыю ўсходніх айцоў царквы, паводле якой Бог ёсць непазнавальны ў паняццях. І Кірыла верыў у вучэнне царквы пра Тройцу, што ёсць Бог Бацька, Бог Сын і Бог Дух Святы (гэта не біблейскае вучэнне). Багаслоўская канцэпцыя Кірылы грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду.
У адной з сваіх Прытч ён вызначае наіўным «бытавое» хрысціянства. Багасловы спрабавалі тлумачыць словы Бібліі: «І сказаў Бог: „Створым чалавека па нашай выяве, па нашым падабенстве…“» (Пераклад Новага Света, НС, 2007 год). На думку Кірылы, падабенства гэта сказана вобразна, сімвалічна. Ён называў ерассю погляды тых, хто насуперак здароваму сэнсу ўяўляе бесцялеснага Бога цялесным. «Бога нельга апісаць альбо вызначыць мераю». Але гэтыя словы царква разумела рэальна, а не вобразна. І тут асветнік не мог не заўважыць супярэчнасці сваёй рэлігіі. Ён жыў у эпоху, калі хрысціянства на Русі яшчэ моцна сутыкалася з жывой язычніцкай плынню ў народнай культуры, а ў вучэннях царквы ўсё яшчэ спалучалі хрысціянскія догматы з грэчаскімі філасофіямі.
На гэтым ідэалагічным фоне асветніцтва Кірылы Тураўскага вызначаецца сваёй памяркоўнасцю, цярпімасцю да народнай культуры. Народная міфалогія (язычнікаў і грэкаў) уяўлялася яму верай у створаную прыроду, а не ў самога Творца.
Кірыла Тураўскі склаў твор «Слова на пахвалу айцоў Нікейскага сабора». На гэтым першым усяленскім саборы было прынята вучэнне пра Троіцу, што выклікала вострую дыскусію і спрэчкі ва ўсей хрысціянскай царкве. Такім чынам, догмат пра Тройцу з’явіўся толькі ў IV ст., да гэтага яго не існавала ў хрысціянскай царкве зусім. У сваім творы ён расказвае пра гэту падзею. Таксама Кірыла дакладна вызначае сутнасць вучэння «папы Александрыйскай царквы» Áрыя, які выступаў супраць вучэння пра Троіцу. Кірыла называў яго ерэтыкам і ў сваім творы выяўляў нецярпімасць да Арыя і яго вучэння пра тое, што Бог — гэта не Тройца. Кірыла Тураўскі рэдка карыстаўся лагічнымі довадамі ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэтныя дакументы або кнігі іншых аўтараў, ён спадзяваўся на ўнушальнасць сваіх твораў і аратарскае мастацтва. У Кірылы былі яшчэ таксама іншыя творы і прытчы, дзе ён выказваў свае думкі і веды.
Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская, паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. З пазнейшых беларускіх асветнікаў, бадай што, адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і саступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення.
Светапогляд
правіцьКірыла Тураўскі першым у беларускай філасофскай і навукова-філалагічнай традыцыі поўна сфармуляваў першаступенную значнасць для жыцця чалавека кніжных ведаў, гуманітарнай навукі і пазнання. У «Прыпавесці пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Бязногага» ён выказаў фундаментальную ідэю пра развіццё грамадства ў кірунку ўзмацнення інтэлектуальнасці, духоўнасці, літаратуры і навукі. Пісьменнік заклікаў чытаць кнігі, якія дазваляюць адчыніць браму вечнага жыцця, знайсці невымоўныя даброты будучага веку.
У «Слове пра шанаванне кніг і пра навучанне» Кірыла Тураўскі змясціў рэестр кніг, неабходных для чытання, і пералічыў апакрыфічныя творы: «Спасцігайце і засвойвайце святыя кнігі — Евангелле, Апостал, Парамію, Псалтыр, а хлуслівыя пісанні — адкідвайце прэч. Памылковыя кнігі — гэта Астраномія, Зоркалічэнне, Соннік, Чароўнік, Зялейнік, Замовы, Каляднік, Громнік, Кіданне. У іх — хлуслівыя праракаванні і паклёп на святыя кнігі».
Паводле канцэпцыі Кірылы Тураўскага, інтэлектуальная і духоўная праца — шлях да маральнага ўдасканалення асобы. Менавіта веды найбольш стрымліваюць чалавека ад злых учынкаў, адводзяць ад граху. Навука — невычэрпная крыніца жыццёвай энергіі і фізічнага здароўя чалавека. Шлях да сапраўднай славы таксама палягае праз навуку. Яна стварае багацці і дабрабыт, дапамагае пераадольваць жыццёвыя перашкоды. У адпаведнасці з азначэннем Кірылы Тураўскага, навука — вонкава нябачная, але яна — вечная і бясконцая, цвёрдая і трывалая.
На думку асветніка, адукаваныя людзі абавязаныя навучаць іншых, перадаваць набытыя веды, шчодра дзяліцца плёнам уласнага розуму, ні ў якім разе не трапляць у пастку ганарлівасці, інакш Госпад Бог пазбавіць іх таленту і інтэлектуальных здольнасцей. Выключнае месца мысліцель адводзіў святарам і духоўным настаўнікам, якія абавязкова мусілі няспынна набываць і пашыраць кніжныя веды, бо нават уладары, паводле яго слоў, старанна і настойліва імкнуцца да ведаў.
Сярод інтэлектуальна-эстэтычных прыярытэтаў Кірыла Тураўскі вылучаў чатыры найбольш істотныя элементы: набыццё «дару слова», уменне «даступна пісаць», пазбаўленне «замутнёнасці розуму» і пераадоленне «грубасці мовы». У «Прыпавесці пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Бязногага», звяртаючыся да слухачоў, наступным чынам пісаў пра ўласныя разумовыя здольнасці і творчыя прынцыпы: «Послушайте же со вниманиемь, да по ряду беседу скажемь, и вы со вниманиемь смотрите. Аше бо и мутен ымею ум и язык груб, но ваших надеяйся молитвах, прошю дара слову. Аще и недостоин есмь о сих глаголати, но ползы ради послушающих пишем. Аще ли кто зла слуха имать, то не ищеть что бы ему на ползу обрести, но зазираеть, чимь же бы нас потязал и укарял».
Кірыла Тураўскі, выяўляючы сціпласць, як правіла, указваў на абмежаванасць уласных ведаў, пісаў пра сваю няздатнасць пранікнуць у духоўную сутнасць рэчаў, вытлумачыць і апісаць разнастайныя таямніцы зямной прыроды і космасу: «То не воюйте, братье, на мою грубость, нелеп образ писання поставляющи ми. Яко же бо и по ногу вязяши птице нест мощно на аиерьскуюе вьзлетети высоту, тако и мне в телесных вязяшю похотех, невозможно о духовных беседовати: не сольнуть бо ся грешнича словеса, не имуща благодати Святаго Духа».
Выступіў як яркі сацыяльны мысліцель і мараліст. На старонках сваіх твораў ён прапанаваў агульныя прынцыпы справядлівага ўладкавання грамадства, акрэсліў аптымальную мадэль сацыяльных паводзін чалавека. Літаральна кожнае казанне Кірылы Тураўскага заканчваецца дыдактычнай сентэнцыяй агульнамаральнага зместу, наўпроставым павучаннем, заклікамі да пакаяння. Этычная дактрына выкладзена ім у межах канцэпта «добрых спраў», сэнс якіх — у прыкладных паводзінах і прыстойным ладзе жыцця.
У творы «Слова пра чалавека і пра нябесныя сілы» асветнік акрэсліў місію зямнога існавання чалавека, сутнасць якой — у нястомнай духоўнай працы і безупынным тварэнні добрых спраў. У зямным жыцці, паводле Кірылы Тураўскага, людзі павінны пазбягаць грахоў, якія іх паўсюль падсцерагаюць. Так, «Слова на другое прышэсце Хрыста» завяршаецца заклікам да суайчыннікаў адмовіцца ад грахоўных учынкаў і непрыстойных паводзінаў — п’янства, пераядання, пералюбства, гняўлівасці, зайздрасці, паклёпніцтва, ліхвярства.
У «Слове на Пяцідзесятніцу» Кірыла Тураўскі заклікаў да сціпласці, стрыманасці, міласэрнасці, шанавання ўсіх людзей, трымання пастоў. Асабліва важна, на яго думку, быць спагадлівым і чуллівым, ніколі не адмаўляць у міласціні жабракам і абяздоленым. Асветнік у «Слове пра прамудрасць» падрабязна пералічыў злыя ўчынкі, звыш трыццаці, якіх належыць пазбягаць. У прыватнасці, сярод грахоў ён называе: паклёп, абразы, асуджэнне, гняўлівасць, сваркі, бойкі, зайздрасць, варажнечу, злыя задумы, запоі, крадзёж, рабаванне, разбой, душагубства, чарадзействы, пералюбствы. Кірыла заклікаў адмовіцца ад язычніцкіх вераванняў, якія, на яго думку, створаныя зайздрослівым Д’яблам.
Этычнай праблематыцы і выхаванню добрых нораваў прысвечаны твор «Парада». У ім асветнік даказвае неабходнасць рэгулярнага чытання духоўных кніг і заклікае не апускацца да зайздрасці, узаемных нагавораў і п’янства. Пра неабходнасць развітання з паганскім ладам жыцця — празмерным ужываннем ежы, распуснасцю і ўцехамі — Кірыла Тураўскі піша ў «Слове на узнясенне Госпада». Тут жа ён абгрунтоўвае неабходнасць клопату пра сірот і ўбогіх. Галоўнае ў дачыненнях паміж людзьмі, зазначаў асветнік, — добрыя намеры і ўзаемная павага.
У творах Кірылы Тураўскага дамінавалі эсхаталагічныя, трынітарныя і эклесіялагічныя матывы.[3] Ён першым перанёс на нацыянальную глебу галоўныя хрысціянска-рэлігійныя тэмы, акрэсленыя ў Бібліі і творах святых айцоў царквы, надаўшы ім новае гучанне. Асветнік уздымаў асноватворныя антрапалагічныя і сацыяльныя праблемы — праведнага жыцця, грамадскага ідэалу, духоўнай дасканаласці і прызначэння чалавека на зямлі, акрэсліў ролю манахаў у грамадстве, заявіў пра адказнасць чалавека за ўласныя ўчынкі. У творах Кірылы Тураўскага агульначалавечае дамінуе над канфесійным, духоўнае і нябеснае ў іх шчыльна знітаванае з зямным і штодзённым — матэрыяльнымі патрэбамі і жаданнямі, перажываннямі і страхамі, сумненнямі і супярэчнасцямі.
Надзелены талентам аб'ёмнага, цэласнага ўспрымання рэчаіснасці, Кірыла Тураўскі ўвасобіў уласныя глыбокія веды пра сусвет і чалавека ў арыгінальных літаратурна-мастацкіх формах. На працягу стагодцзяў яны распаўсюджваліся ў сотнях спісаў і друкаваных выданняў, карысталіся вялікай папулярнасцю ва ўсходнеславянскіх народаў.
Ушанаванне памяці
правіцьБыў пахаваны на Барысаглебскіх могілках Турава; магчыма мошчы былі перанесеныя ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Царкоўнае шанаванне пачалося, відаць, неўзабаве пасля сканання Кірылы. Дні памяці: 28 красавіка і 4 чэрвеня (па юліянскім календары).
У Беларусі існуе некалькі праваслаўных цэркваў, асвечаны ў імя свяціцеля Кірылы:
- царква Кірылы Тураўскага пры Саборным доме (Мінск)[4]
- кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх (Тураў)[5]
- храм Свяціцеля Кірылы Тураўскага (Светлагорск)[6]
Акрамя таго, некалькі вядомых праваслаўных і грэка-каталіцкіх цэркваў беларускай дыяспары названы ў гонар святога Кірылы Тураўскага:
- царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа (Лондан)[7]
- царква Святога Кірылы Тураўскага (Таронта)[8]
- сабор Святога Кірылы Тураўскага (Нью-Ёрк)[9]
-
царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа (Лондан)
-
царква Святога Кірылы Тураўскага (Таронта)
-
сабор Святога Кірылы Тураўскага (Нью-Ёрк)
Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага — узнагарода Беларускай праваслаўнай царквы. Заснаваны рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2004 годзе ў памяць святкавання 1000-годдзя Тураўскай епархіі.
Зноскі
- ↑ Цяпер — Жыткавіцкі раён, Беларусь.
- ↑ Газета «Звязда», № 82(27197) 28 красавіка 2012 г.(недаступная спасылка)
- ↑ Лазука (2010)
- ↑ Минск. Церковь Кирилла Туровского при Соборном доме
- ↑ Кафедральный собор святителей Кирилла и Лаврентия Туровских
- ↑ Храм святителя Кирилла Туровского, г. Светлогорск
- ↑ Belarusian Church in London Архівавана 8 верасня 2017. (англ.)
- ↑ Приходы Белорусской Автокефальной Православной церкви
- ↑ St. Cyril's of Turau Orhtodox Cathedral, Brooklyn Архівавана 13 верасня 2017. (англ.)
Літаратура
правіць- Мельнікаў А. Кірыл, епіскап Тураўскі. Жыццё, спадчына, светапогляд / А. А. Мельнiкаў; навук. рэд. В. А. Чамярыцкі; Нац. акад. навук Беларусі; Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. — Мінск: Бел. навука, 2000. — 459, [3] c.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1995. ISBN 985-11-0016-1
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
- Franklin, Simon (1991). Sermons and Rhetoric of Kievan Rus'. Harvard Library of Early Ukrainian Literature. English Translations. Vol. V. Cambridge, MA: Distributed by Harvard University Press for the Ukrainian Research Institute of Harvard University. ISBN 9780916458416.
- Lunde, Ingunn (2001). Verbal Celebrations: Kirill of Turov’s Homiletic Rhetoric and its Byzantine Sources. Slavistische Veröffentlichungen. Vol. 86. Wiesbaden: Harrassowitz. ISBN 978-3-447-04358-8.
- Lunde, Ingunn (2000). Ingunn Lunde (рэд.). Kirill of Turov; Bishop, Preacher, Hymnographer. Slavica Bergensia. Vol. 2. Bergen: Department of Russian Studies, IKRR University of Bergen. ISBN 9788290249279.
Спасылкі
правіцьКірыла Тураўскі ў Вікікрыніцах | |
Кірыла Тураўскі на Вікісховішчы |