Князі тураўскія
Князі тураўскія — уладары Тураўскага княства з канца X да XIV стагоддзя. Апроч першага вядомага тураўскага князя Тура, належалі да розных галін роду Рурыкавічаў.
Першыя князі (980—1019)
правіцьПершы вядомы князь тураўскі — Тур, згаданы «Аповесцю мінулых часоў» (XII ст.) пад 980 годам побач першага вядомага полацкага князя Рагвалода. Усцюжскі летапіс (XVI ст.) называў Тура братам Рагвалода, такой думкі трымаюцца і некаторыя даследчыкі (М. Гаусман[1], У. Ігнатоўскі[2], М. Ермаловіч[3]). Таксама Тур — легендарны заснавальнік горада Турава, прынамсі такую выснову можна зрабіць з той самай згадкі ў Аповесці мінулых часоў, дзе сцвярджаецца, што «тураўцы», жыхары Турава і адпаведна сам горад, так «празваліся» ад згаданага Тура.
Першы вядомы пасля Тура князь тураўскі — Святаполк Уладзіміравіч, ён атрымаў княства каля 988—989 года ад бацькі або айчыма — вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. У адрозненне ад іншага сына Уладзіміра Святаславіча — князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, адасланага ў Полацкую зямлю крыху раней, — Святаполк не стаў заснавальнікам мясцовай княжацкай дынастыі.
У 1015 годзе Святаполк заняў кіеўскі сталец, але потым пацярпеў паражэнне ў барацьбе з наўгародскім князем Яраславам Уладзіміравічам, уцёк і памёр у Польшчы або Чэхіі ў 1019 годзе. Святаполк, імаверна, не пакінуў нашчадкаў.
Пытанне пра тураўскую дынастыю да 1158 года
правіцьДа 1052 года Тураўскай воласцю валодаў вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч.
Наступным князем тут стаў другі сын Яраслава — Ізяслаў Яраславіч. Затым у Тураве княжаць яго малодшыя браты — Святаслаў Яраславіч і Усевалад Яраславіч. Потым тураўскі сталец паслядоўна займаюць сыны Ізяслава Яраславіча — Яраполк Ізяславіч і Святаполк Ізяславіч.
На думку Пятра Лысенкі, пераход княжання ў спадчыну ад Ізяслава Яраславіча да яго сыноў Яраполка і Святаполка дае магчымасць думаць пра заснаванні тураўскай княжацкай дынастыі. Даследчык у сваіх працах дае Ізяслава Яраславіча як пачынальніка мясцовай княжацкай дынастыі, на такую думку даследчыка наводзіць таксама факт, што і сын Святаполка — князь уладзіміра-валынскі Яраслаў Святаполчыч — змагаўся за тураўскі сталец, але пацярпеў паражэнне ў барацьбе з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам).[4]
Блізкая сувязь Ізяслава Яраславіча, а таксама яго нашчадкаў з Кіевам, Ноўгарадам і Валынню змушаюць некаторых даследчыкаў сумнявацца, што да сярэдзіны XII ст. можа казаць пра адасобленую тураўскую дынастыі. Тым часам у Тураве княжаць і прадстаўнікі іншых ліній Рурыкавічаў, у 1113—1157 гадаз тураўскім князем не быў ніводны нашчадак Ізяслава.
Разам з тым, у 1158 годзе праўнук Ізяслава — Юрый Яраславіч (сын Яраслава Святаполчыча) заняў тураўскі сталец без згоды вялікага князя кіеўскага, відавочна, ён абгрунтоўваў свае правы належнасцю да Ізяславічаў. Юрый двойчы вытрымаў аблогу Турава войскамі вялікага князя кіеўскага, і далей у Тураўскай зямлі княжылі толькі нашчадкі Юрыя.
Пытанне пра тураўскую княжацкую дынастыю звязана з пытаннем пра статус і ролю Тураўскага княства ў палітычнай гісторыі Русі.
Князі тураўскія X—XII ст
правіць- Тур зг. 980
- Святаполк Уладзіміравіч 988—1015
- Ізяслаў Яраславіч 1052—1054
- Яраполк Ізяславіч 1079—1087
- Святаполк Ізяславіч ~1087—1093
- Вячаслаў Уладзіміравіч 1125—1132, 1134—1136, 1136—1139
- Ізяслаў Мсціславіч 1132—1134, 1136
- Святаслаў Усеваладавіч 1142, 1154
- Яраслаў Ізяславіч 1146—1148
- Барыс Юр’евіч 1155—1158
- Юрый Яраславіч 1158—1167/1170
Пасля падзелу княства на ўдзелы:
- Святаполк Юр’евіч 1167/1170—1190
- Глеб Юр’евіч зг. 1195
Юрый памёр паміж 1167 і 1170 гадамі. Пытанне якім чынам і ў якім парадку Тураўскае княства спадкавалі сыны Юрыя Яраславіча не яснае праз брак крыніцы, даследчыкі вырашаюць яго па рознаму і іх рэканструкцыі застаюцца гіпатэтычнымі. У 1174 годзе ў летапісе згадваюцца «тураўскія і пінскія князі», такім чынам, фіксуецца падзел зямлі на асобныя воласці, то-бок падзел уладанняў Юрыя паміж сынамі.
Пасля 1196 года пэўных звестак пра ўласна Тураўскае княства амаль няма. Часцей, але ўсё адно рэдка, крыніцы згадваюць Пінскае княства, пад 1246 годам названае «Пінскай зямлёй».
Крыніцы
правіць- ↑ Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877. — С. 3. (руск.)
- ↑ Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мінск: Беларусь, 1992. — С. 40.
- ↑ Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Маст. літ-ра, 1990. — С. 72.
- ↑ Напр.: Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — С. 174—175. (руск.)
Літаратура
правіць- Войтович, Л. В. Княжа доба на Русі: портрети еліти. — Біла Церква: Вид. О. В. Пшонківський, 2006.
- Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877.
- Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ-ра, 1990.
- Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мн.: Беларусь, 1992.
- Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Мн.: Белор. наука, 2004.