Святаполк Юр’евіч

Святаполк Юр’евіч (пасля 1144 — 19 красавіка 1190[1]) — князь тураўскі.

Святаполк Юр'евіч
князь тураўскі
пасля 1167 — 1190
Нараджэнне не раней за 1145
Смерць 19 красавіка 1190
Род Ізяславічы Тураўскія
Бацька Юрый Яраславіч
Маці Ганна Усеваладкаўна[d]

Сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча і гарадзенскай княжны Ганны Усеваладкаўны.

У літаратуры часам сцвярджаецца, што Святаполк Юр’евіч тоесны «Святаполку князю», які разам з баярынам Канстанцінам Сераславічам[ru] і вялікай дружынай (Ст҃ополка кн҃зѧ и Кснѧтина Сѣрославича . съ многою дружиною) у 1157 годзе пасланы галіцкім князем Яраславам Асмамыслам да суздальскага князя Юрыя Далгарукага, каб прывесці ў Галіч зняволенага Івана Бярладніка. Напэўна, гэты ж Святаполк у 1173 годзе ўзначальваў выступленне галіцкай арыстакратыі супраць Яраслава Асмамысла.

Тым часам, Святаполк нарадзіўся не раней за 1144 год, пад якім летапіс паведамляе пра шлюб яго бацькоў, то-бок да 1157 года быў не болей за 13 гадоў узростам. У кожным разе, напэўна, Святаполк быў старэйшым сынам Юрыя Яраславіча, бо ўпершыню верагодна згаданы Іпацеўскім летапісам пад 1162 года як «Ст҃ополкъ Гюргевичь . Туровьскии», калі з іншымі князямі хадзіў на Слуцк выганяць Уладзіміра Мсціславіча. Адбывалася гэта яшчэ пры жыцці бацькі, Святаполк мог быць ужо да 18 гадоў узростам. Паўналецце тады лічылі з 14 гадоў, т.б. ён быў дастаткова дарослы у разуменні таго часу.

Паводле Іпацеўскага летапісу ў 1170 годзе (у Лысенкі памылкова 1162[2]) Святаполк (Ст҃ополкъ Гюргевичь) удзельнічаў у вялікім паходзе вялікага князя Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1171—1172 гадах браў удзел у змаганні сагнанага Мсціслава Ізяславіча за кіеўскі сталец[2].

Паведамляючы пад 1190 годам пра смерць Святаполка (кнѧзь Ст҃ополкъ сн҃ъ Гюргевъ . шюринъ Рюриковъ . мс̑ца . априлѧ . въ . ѳ҃ı . дн҃ь), летапісец адзначае, што быў ён праўнукам вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяславіча[1].

Паводле Лысенкі пад 1204 годам згадваюцца «ис Турова Святополчичи»[3], на праўдзе, у Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1207 годам згаданы «а ис Турова и ис Пиньска Святополчи», такім чынам з пэўнасцю не вядома ці меліся на ўвазе сыны Святаполка Юр’евіча або агулам нашчадкі Святаполка Ізяславіча.

Зноскі

  1. а б Рапов 1977, с. 91.
  2. а б Лысенка 1999, с. 260.
  3. Лысенка 1999, с. 261.

Літаратура

правіць
  • Лысенка П. Ф. Тураўская зямля ў ІХ – ХІІІ стст.. — Мн., 1999.
  • Пазднякоў В. Святаполк Юр’евіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.