Мікола Іванавіч Ермаловіч

беларускі публіцыст, крытык і літаратуразнаўца

Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, в. Малыя Навасёлкі на Койданаўшчыне, цяпер Дзяржынскі раён, Мінская вобласць — 5 сакавіка 2000, Мінск; Псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў) — беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960—1980-х гадоў.

Мікола Іванавіч Ермаловіч
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Наваселец Мікола, Ярмолаў М., Мікалаеў Я., Ермолов М. і Сымон Беларус
Дата нараджэння 29 красавіка 1921(1921-04-29)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 сакавіка 2000(2000-03-05) (78 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык
Мова твораў беларуская
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
медаль Францыска Скарыны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў 3 курсы. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў арміі, эвакуіраваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР. У канцы 1943 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944—1946 гадах — завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Мінскай вобласці. З 1946 года аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе. У 1947—1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948—1955 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця, у 1955—1957 гадах працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 года выйшаў на пенсію з прычыны значнага пагаршэння зроку.

Жыў у Маладзечне, у апошнія гады — у Мінску.

5 сакавіка 2000 года трагічна загінуў — амаль невідушчы 78-гадовы навукоўца трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.

 
Магіла Мікалая Ермаловіча.

Пахаваны ў Маладзечне на Старых могілках, побач з жонкай.

Браты Міколы Ермаловіча: Валянцін (1925—2004) — акцёр, заслужаны работнік культуры БССР, і Лявон (1923—2004) — партызан, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені і іншымі, пасля вайны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

Творчасць

правіць

Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху «Нарач», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках.

Навуковая дзейнасць у савецкія часы

правіць
 
Межы старажытнай Літвы паводле М. Ермаловіча.

З’яўляўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. У прыватнасці, ён даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а Вялікае Княства Літоўскае з’яўлялася беларускай дзяржавай. Гэтыя погляды былі выкладзены ў кнізе «Па слядах аднаго міфа» (1968).

Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваннем з’явіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці пашыраліся самвыдатам. Напрыклад, кніга «Па слядах аднаго міфа» была афіцыйна выдадзена толькі ў 1989 годзе.

Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х гадах абарачаліся ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкі памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа», а таксама працы, апублікаваныя і ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы «Балцкія плямёны» (газета «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Гэты артыкул Ермаловіча напісаў у адказ на артыкул В. Мялешкі і З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» № 3 за 1989 год.

Удзел у самвыдаце

правіць

У 1963 годзе распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964 года[2]. У 1975 годзе ўзнаўляе выпуск «Падснежніка», але пад новай назвай «Гутаркі», да 1976 года выйшла каля 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псеўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў XIX стагоддзі «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданні змяшчаў творы, якія не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з-за сваёй сацыяльнай і палітычнай накіраванасці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Мінску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладзечне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку для памнажэння. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.

Навуковая дзейнасць у незалежнай Беларусі

правіць

У савецкія часы была выдадзена толькі адна кніга Ермаловіча «Дарагое беларусам імя» (1970). Магчымасць друкавацца з’явілася толькі ў часы перабудовы і пасля абвяшчэння незалежнасці. У 1990 годзе — даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 годзе — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі.

Прызнанне

правіць

Ушанаванне памяці

правіць
 
Памятны знак Міколу Ермаловічу ў Маладзечне.
  • 28 лістапада 2003 года ў Маладзечна быў урачыста адкрыты памятны знак ганароваму грамадзяніну горада Міколу Ермаловічу. Урачыстасць ладзілася гарадскімі ўладамі пры ўдзеле грамадскасці[3].
  • У год 90-гадовага юбілею Міколы Ермаловіча, 19 мая 2011 года, знамянальную дату адзначалі ў Маладзечне[4].

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Дарагое беларусам імя (1970)
  • Па слядах аднаго міфа (1989), 1-е выд.: ISBN 5-343-00016-9; 2-е выд.: ISBN 5-343-00876-3.
  • Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды (1990), 2-е выд.: ISBN 985-02-0503-2.
  • Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд (1994), ISBN 985-6026-01-6.
  • Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае (2000), ISBN 985-6576-08-3.
  • Выбранае. Укладанне, каментар К. Цвіркі; прадмова А. Грыцкевіча. — Мн.: Кнігазбор, 2010. — 640 с.: [8] с. іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6976-36-3.

Крыніцы

правіць
  1. http://jivebelarus.net/at_this_day/birth-of-mikola-yermalovich.html
  2. «Падснежнік» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.
  3. Памяць пра Ермаловіча // «Рэгіянальная газета», 5 снежня 2003 г., № 49 (450)
  4. Вечарына памяці Міколы Ермаловіча Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць