Ізяслаў Уладзіміравіч

князь полацкі (~988–1001)

Ізяслаў Уладзіміравіч, хроснае імя невядома (Изѧславъ; 978 — 1001, Полацк) — князь полацкі (каля 988—1001), продак роду полацкіх князёў Ізяславічаў.

Ізяслаў Уладзіміравіч
Изѧславъ
Ізяслаў (злева) абараняе Рагнеду ад Уладзіміра (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.)
Ізяслаў (злева) абараняе Рагнеду ад Уладзіміра (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.)
князь полацкі
каля 988 — 1001
Папярэднік Рагвалод
Пераемнік Усяслаў Ізяславіч
Нараджэнне каля 980
Смерць 1001(1001)
Род Рурыкавічы
Бацька Уладзімір Святаславіч[1][2]
Маці Рагнеда Рагвалодаўна[1][2]
Жонка невядома
Дзеці Брачыслаў Ізяславіч[3] і Усяслаў Ізяславіч
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Старшынство і маленстваПравіць

Сын кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўнай Рагнеды Рагвалодаўны. На думку даследчыкаў, Рагнеда была другой з шасці дахрысціянскіх жонак Уладзіміра.

Ізяслаў нарадзіўся да 980 года, быў маладзейшы за Вышаслава, а старшынство сярод астатніх сыноў Уладзіміра цяпер дыскусійнае. У кожным разе, Ізяслаў адзін са старэйшых, разам са Святаполкам і Яраславам, адны даследчыкі лічаць яго другім, іншыя — трэцім або чацвёртым, бо ў гэтым разыходзяцца самі раннія крыніцы. Таксама дыскусійная і колькасць дзяцей Рагнеды, пэўна не вядома ці былі ў Ізяслава адзінаўтробныя браты і сёстры, бо і ў гэтым крыніцы разыходзяцца.

Так, Аповесць мінулых часоў (АМЧ) ставіць Яраслава перад Святаполкам, такім чынам Ізяслава можна ўспрымаць нават як чацвёртага, але цяпер некаторыя даследчыкі лічаць старшынство Святаполка перад Яраславам даведзеным[4], а Наўгародскі першы летапіс проста называе Ізяслава другім. Паводле адных спісаў АМЧ, у Рагнеды было 4 сыны і 2 дачкі, Ізяслаў названы сярод іх першым, а Лаўрэнцеўскі летапіс спіс кажа пра Ізяслава як адзінае дзіцё Рагнеды. Пытанне старшынства сыноў Уладзіміра звязана з праблемамі храналогіі гісторыі Русі ў X ст., яна даецца крыніцамі вельмі ўмоўна.

Уладзімір называў дзяцей паводле пэўнай сістэмы, аснова -слаў іх імён мусіла падкрэсліць сувязь з дзедам — кіеўскім князем Святаславам Ігаравічам[5], у чым імі была такая самая аснова. Аснова ізя- ад изѧти — узяць, імаверна, імя Ізяслаў значыла «узяты/абраны славай». Імёны нададзеныя Уладзімірам сваім дзецям заклалі аснову родавага іменаслова яго нашчадкаў, пазней імя Ізяслаў ужывалася Рурыкавічамі агулам.

Рагнеда з Ізяславам жыла не ў Кіеве, а ў прыгарадным сяле на Лыбедзі, пазней вядомым як Прадславіна.

Каля 987 года Рагнеда няўдала замахнулася на Уладзіміра, прычыны і акалічнасці ўчынку цяпер дыскусійныя. Уладзімір думаў за гэта забіць яе, загадаў апрануць княжацкі ўбор і чакаць. Навучаны маці Ізяслаў з мячом у руках сімвалічна выступіў на яе абарону перад Уладзімірам[6]. Заступніцтва сына ўразіла Уладзіміра, ён звярнуўся па раду баяр.

Атрыманне ўдзелаПравіць

Паводле Лаўрэнцеўскага спісу АМЧ, баяры параілі не забіваць Рагнеду, а аднавіць яе отчыну і даць ёй з сынам (Оуже не оубии ея дѣтяти дѣля сего, но въздвигни отчину ея, и даи еи с сыном своимъ)[6]. Так Уладзімір і зрабіў. Таксама Уладзімір заснаваў новы «горад» і назваў яго ў імя сына Ізяслаўлем (цяпер Заслаўе), мэты гэтага ўчынку цяпер дыскусійныя, бо паводле АМЧ Ізяслаў адразу атрымаў Полацк[6]. Паводле пазнейшых паданняў, Рагнеда з сынам пэўны час жыла ў Ізяслаўлі, але верагоднасць гэтых звестак на ўзроўні гарадскіх легенд.

Адбылося гэта, напярэдадні хрышчэння Русі, калі Уладзімір мусіў скасаваць ранейшыя паганскія шлюбы дзеля хрысціянскага шлюбу з парфірароднай Ганнай. Думаюць, што тым самым часам Уладзімір даў удзелы ў землях Русі і іншым сваім старэйшым сынам, бо гэта датавана летапісам 988 годам, але сярод адзначаных пад гэтым годам надзяленняў ёсць і відавочна пазнейшыя, малодшым сынам.

Па мячы Ізяслаў быў нашчадкам Рурыка, дарэвалюцыйныя расійскія генеолагі ўключалі яго ў 5-е пакаленне Рурыкавічаў, а па кудзелі — нашчадкам Рагвалода[7]. Атрыманне Полацкае княства як отчыны маці, а не бацькі, у пэўным сэнсе аднаўляў яго самастойнасць, а таксама ўзнаўляла родавую лінію полацкіх князёў ад Рагвалода[8] — нашчадкаў Ізяслава сучаснікі часам разглядалі як «Рагваложых унукаў».

КняжаннеПравіць

Пра княжанне Ізяслава нічога пэўнага не вядома. Аднак, у яго час, каля 991—992 гадоў, было створана Полацкае епіскапства, адно з першых у Кіеўскай дзяржаве, распаўсюджвалася хрысціянства, што спрыяла пашырэнню пісьменства.

Памёр Ізяслаў пры жыцці бацькі ў 1001 годзе, Рагнеда памерла годам раней. Пакінуў з невядомай імем жонкай сыноў Усяслава і Брачыслава. Полацкі сталец перайшоў у спадчыну сынам Ізяслава[6], напэўна, гэта пацвярджае гіпотэзу, што вярнуўшы Рагнедзе отчыну Уладзімір вылучыў гэтыя ўладанні з агульнага спадкавання сваіх нашчадкаў — «лесвічнага права», калі ўладанні пераходзілі малодшым братам, а потым старэйшым пляменнікам памерлага, а не сынам, у асобнае ўладанне Ізяслава і яго нашчадкаў.

Паводле позняга Ніканаўскага летапіс, Ізяслаў быў «ціхі і лагодны, і памяркоўны, і міласцівы, і любіў вельмі і ўшаноўваў святарскі чын манаскі, і рупліва перачытваў боскія пісанні, і пазбягаў нікчэмнай мітусні, і слёзны быў, і спагадны, і доўгацярплівы…»[9] (Бысть жа сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив…). Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу, што Ізяслаў першым з князёў Рурыкавічаў названы "кніжнікам", але верагоднасць Ніканаўскага летапісу датычна гэтых характарыстык нізкая.

Сям’яПравіць

Пра жонку Ізяслава Уладзіміравіча няма пэўных звестак. Даследчыкамі выказваліся здагадкі, што яна магла паходзіць з мясцовай арыстакратыі, што спрыяла трываласці спадкавання полацкага стальца сынамі і ўнукамі Ізяслава.

Старшынство паміж сынамі Ізяслава дыскусійнае, ёсць аргументы на карысць старшынства Усяслава Ізяславіча (990-я — 1003), які памёр малалетнім, і Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) мог яму спадкаваць.

Праблемныя пытанніПравіць

Пячатка і княжацкі знакПравіць

   
Аверс і рэверс адбітка пячаткі, знойдзенай у Ноўгарадзе.
 
Герб Заслаўя.

Працяглы час асабістым знакам князя называлі трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зуба, які быў выяўлены на пячатцы, знойдзенай у Ноўгарадзе падчас раскопак Валянцінам Яніным і атрыбутаваны полацкаму князю Ізяславу Уладзіміравічу. З такой прычыны, напрыклад, гэты знак выяўлены на гербе Заслаўя, пачатак чыёй гісторыі звязваюць з Ізяславам Уладзіміравічам. Аднак ад пачатку не было навуковага кансэнсусу пра выгляд і атрыбуцыю знака, пазней з’явілася іншае прачытанне надпісу на пячатцы, што ўзмацніла няпэўнасць у гэтым пытанні. Імаверна нашчадкі Ізяслава ў XII ст. карысталіся рознымі варыянтамі трызуба[10], але для атаяснення кожнага знака з пэўным князем бракуе звестак.

ШлемПравіць

У красавіку 2019 года ў Бабруйску, пры паглыбленні дна Бярэзіны, рабочыя выпадкова выявілі шлем. Унікальны артэфакт добра захаваўся, бо ўвесь час знаходзіўся ў вадзе. Перыяд бытавання падобных шлемаў — X—XI стст. Вонкавы выгляд шлема сведчыць, што ён зроблены на заказ, у адным асобніку, магчыма, скандынаўскім збройнікам. Беларускі гісторык Ігар Марзалюк, выказаў меркаванне, што шлем, хутчэй за ўсё, належаў полацкаму князю Ізяславу[11][12].

Украінскі гісторык Арцём Папакін расказаў, што нельга дакладна вызначыць прыналежнасць гэтага артэфакта. Большасць з такіх шаломаў маглі трапіць на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля разгрому Хазарскага каганата, і магчыма, яны пазначаюць удзельнікаў тых падзей, якія маглі іх вывезці як трафеі. Таму і на тэрыторыі Беларусі такі шалом мог з’явіцца з воінам, які ўдзельнічаў у паходзе 960-х гадоў. Шалом мог належаць заможнаму, вялікаму вядомаму воіну, бо большасць шаломаў гэтага тыпу былі пазалочаныя, яны даволі складаныя для вырабу. Але пэўна ідэнтыфікаваць знаходку з гістарычнай асобай немагчыма[13].

ПамяцьПравіць

Зноскі

  1. а б Изяслав Владимирович // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1894. — Т. XIIа. — С. 894–895.
  2. а б Изяслав Владимирович // Русский биографический словарь / пад рэд. A. PolovtsovСПб.: 1905. — Т. 14. — С. 404–405.
  3. В. Р. Брячислав // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IVа. — С. 820.
  4. Карпов, 2001
  5. Литвина, Успенский, 2006
  6. а б в г Котляр, 2014, с. 324
  7. Вяроўкін-Шэлюта, 2001, с. 134
  8. Насевіч, Іоў, 1996, с. 476-477
  9. Цвірка, 2006, с. 36
  10. Белецкий, 2012
  11. belta.by
  12. history.nashaniva.by
  13. svaboda.org

ЛітаратураПравіць