Усяслаў Ізяславіч
Усяслаў Ізяславіч (ст.-рус. Всеславъ сн҃ъ Изѧславль, 990-я — 1003) — князь полацкі (1001—1003) з роду Ізяславічаў, сын князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшы брат Брачыслава Ізяславіча (князя полацкага ў 1003 — 1044 гг.). Верагодна, першы сярод полацкіх князёў, які атрымаў княжанне ў спадчыну (пасля княжання бацькі), што ўвасабляла замацаванне полацкага княжацкага роду.
Усяслаў Ізяславіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ст.-рус. Всеславъ сн҃ъ Изѧславль | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | ![]() |
||||||
Пераемнік | Брачыслаў Ізяславіч | ||||||
Нараджэнне | 990-я | ||||||
Смерць | 1003 | ||||||
Род | Рагвалодавічы | ||||||
Бацька | Ізяслаў Уладзіміравіч | ||||||
Маці | імя невядома | ||||||
Веравызнанне |
![]() |
ПаходжаннеПравіць
Унук кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча ў яго шлюбе з полацкай князёўнай Рагнедай Рагвалодаўнай. Праз Рагнеду быў праўнукам першага летапіснага князя полацкага Рагвалода. Належыць да 6 пакалення Рурыкавічаў і другога пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія кіравалі Полацкай зямлёй як спадчынай Рагвалода, і, такім чынам, працягвалі дынастыю Рагвалодавічаў[1].
ІмяПравіць
Ад уся- (ст.-рус. вьсь — увесь) і слаў- (параўн.: слава)[2], «ва ўсім славуты». Нададзена ўпершыню. Пазней сустракалася сярод Ізяславічаў Полацкіх, увайшло ў карыстанне ва ўсходніх славян. Хроснае імя невядома.
Пытанне пра княжацкі знакПравіць
Асабісты знак Усяслава Ізяславіча пэўна невядомы. Асабістым знакам яго брата — Брачыслава Ізяславіча — лічыцца выява трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і ножкай, якая абапіраецца на крыж. Гэты трызуб падобны да княжацкага знаку іх бацькі, Ізяслава Уладзіміравіча, і дапоўнены крыжам у аснаванні.
Крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца з'яўляецца прыкметай Ізяславічаў Полацкіх. Пры археалагічных раскопках у Магілёве знойдзена ганчарнае кляйно -- трызуб з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і падвоенай вяршыняй правага зубца. Гэты знак прыпісваецца Усяславу Ізяславічу[3].
Летапісныя звесткіПравіць
Пра Усяслава вядома вельмі мала, у летапісу пад 1003 годам паведамляецца толькі пра яго смерць:
В лѣт̑ . ҂s҃ . | ф҃ . а҃ı . [6511[4] (1003)] Престависѧ Всеславъ сн҃ъ Изѧславль внукъ Володимерь (Ст.-рус.)
— «Аповесць мінулых гадоў», XII ст. (У Лаўрэнцеўскім летапісу XIV ст.[5])
Меркаванні гісторыкаўПравіць
Сярод даследчыкаў няма адзінага меркавання пра тое, хто з сыноў Ізяслава Уладзіміравіча — Усяслаў ці Брачыслаў — быў старэйшым. Адпаведна, выказваюцца розныя думкі наконт таго, ці займаў Усяслаў полацкі сталец. Відавочна, што абодва браты нарадзіліся не раней ІІ-ой паловы 990-х гадоў. Гэта значыць, што калі Усяслаў і атрымаў княжанне ў Полацку пасля смерці бацькі (1001 год), то ў раннім дзяцінстве. Атрыманне княжання Усяславам і Брачыславам адбывалася пры жыцці дзеда — Уладзіміра Святаславіча.
Васіль Данілевіч лічыў, што Усяслаў старэйшы і быў полацкім князем пасля бацькі ў 1001—1003 гадах, тым часам Брачыслаў атрымаў нейкую воласць Полацкай зямлі[6]. Аднак летапісы не паведамляюць хто быў пераемнікам Ізяслава Уладзіміравіча на полацкім стальцы[7].
Некаторыя даследчыкі, напрыклад, Георгій Штыхаў[8], лічаць, самую згадку ў летапісе пра смерць Усяслава аргументам за яго старшынство і княжанне ў Полацку. Меркавання пра старшынство Усяслава трымаўся і Васіль Тацішчаў. Памёр Усяслаў у дзіцячым узросце, такім чынам, самастойна княствам не кіраваў.
Магчыма, па Усяславе Ізяславічы названы яго пляменнік, сын Брачыслава Ізяславіча — Усяслаў Брачыславіч (1029—1101), полацкі князь у 1044—1101 гадах.
Зноскі
- ↑ Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Всеслав // Словарь русских личных имен / Сост. Н. А. Петровский. — М.: «Русский язык», 1980. — 384 с. (руск.)
- ↑ Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 434, 441—443, 449, 450. (руск.)
- ↑ Летазлічэнне «ад стварэння свету».
- ↑ ПСРЛ. — Т. 1. Лаврентьевская летопись. — Ленинград, 1926. — Стлб. 129. (руск.)
- ↑ Данилевич, В. Е. Очерк…
- ↑ Рапов, О. М. Княжеские… С. 42.
- ↑ Штыхаў, Г. Дзяржаўны…
ЛітаратураПравіць
- Алексеев, Л. В. Полоцкая земля — Москва, 1975. (руск.)
- Данилевич, В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. — Киев, 1896. — 731 с.
- Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам.(недаступная спасылка) / Э. М. Загарульскі. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 260 с.
- Рапов, О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. / О. Рапов.. — Москва: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с. (руск.)
- Штыхаў, Г. Дзяржаўны лад старажытнага Полацка / Г. Штыхаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БелЭн, 2002.
- Усяслаў Ізяславіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Усвея — Яншын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — С. 16. ISBN 985-11-0276-8.