Дзевалтва
Дзевалтва, Дзяволтва — усходнебалцкая зямля. У Іпацьеўскім летапісе пры пераліку літоўскіх князёў, што заключылі дагавор 1219 з Уладзіміра-Валынскім княствам, на апошнім месцы названы «князи из Дяволтвы»: Юдзькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік. Два апошніх упамінаюцца і ў акце Міндоўга 1260, якім ён перадае, у выпадку адсутнасці ў яго спадкаемцаў, сваё каралеўства Тэўтонскаму ордэну (дакумент прызнаецца даследчыкамі фальсіфікатам). У Іпацьеўскім летапісе (Іпацьеўскі спіс) адзначана, што Войшалк з дапамогай валынскіх князёў Шварна і Васількі, помсцячы сваім ворагам, захапіў іх гарады «во Дявелътве и в Нальщанехъ» (1264). Відаць, да канца ХІІІ ст. Дзевалтва як асобная зямля са сваёй палітычнай арганізацыяй перастала існаваць і была падпарадкавана непасрэдна вялікім князям літоўскім. Гістарычныя крыніцы не захавалі пэўнай інфармацыі пра межы Дзевалтвы. Згодна з гістарычнай традыцыяй, захаванай, у прыватнасці, у хроніцы Мацея Стрыйкоўскага, Дзевалтва прывязвалася да р. Швянтойі. Гісторык Генрык Лаўмянскі лакалізаваў Дзевалтву ў верхнім цячэнні р. Швянтойі і басейне р. Шырвінты (1932), дзе пазней быў Вількамірскі павет (аднак яго тэрыторыя была шырэйшая). Уладзімір Пашута меркаваў, што Дзевалтва ляжала ў міжрэччы Нявяжы і Швянтойі (1956) або на ўсход ад Швянтойі (1959). Г.Забела і Т.Баранаўскас на аснове археалагічных даных лічаць, што Дзевалтва ахоплівала заходнюю частку сучаснага Маля́цкага раёна, паўднёвай часткі Анікшчайскага раёна, усходнюю частку Укмергскага раёна (каля 2 тыс. км2), уваходзіла ў паўночна-ўсходнюю частку арэала культуры ўсходнелітоўскіх курганоў; падзялялася як мінімум на 8 валасцей.
Літаратура
правіць- Zabiela G., Baranauskas T. Deltuvos žemė // Lietuvos istorijos metraštis, 1995 metai. Vilnius, 1996.
- http://vkl.by/articles/836