Глыбоцкі раён
Глыбо́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны на паўднёва-заходняй частцы Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Полацкім і Ушацкім раёнамі, на захадзе — з Пастаўскім, на поўначы — з Шаркаўшчынскім і Мёрскім, на поўдні — з Докшыцкім раёнамі.
Глыбоцкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Віцебская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Глыбокае | ||||
Дата ўтварэння | 15 студзеня 1940 | ||||
Кіраўнік | Аляксандр Мікалаевіч Шубскі | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 88,32 %, руская 11,12 % Размаўляюць дома: беларуская 79,65 %, руская 19,26 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
41 043 чал.[1] (1-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 23,33 чал./км² (2-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 93,51 %, рускія — 3,2 %, палякі — 2,25 %, іншыя — 1,04 %[1] |
||||
Плошча |
1 759,58[2] (12-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт • Самы нізкі пункт |
226,4 м 130 м |
||||
Часавы пояс | UTC+3 | ||||
Паштовыя індэксы | 211800 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ верасні 1939 года тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўвайшла ў склад БССР (на той момант гэта была Глыбоцкая гміна Дзісенскага павета Віленскага ваяводства).
15 студзеня 1940 года ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны ў складзе Вілейскай вобласці. Тэрыторыя Глыбоцкага раёна складала 592 кв. км, насельніцтва раёна налічвала больш за 35 тыс. чалавек (з іх гарадскіх жыхароў — 9650). 12 кастрычніка 1940 года ўтвораны 10 сельскіх саветаў: Верхненскі, Дзеркаўшчынскі, Залескі, Капыльшчынскі, Ластавіцкі, Літоўшчынскі, Лучайкаўскі, Мамайскі, Тумашаўскі, Узрэцкі. Арганізавана і дзейнічала 11 калгасаў.
З 2 ліпеня 1941 па 3 ліпеня 1944 года тэрыторыя раёна была акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Глыбокім быў створаны цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд».
20 верасня 1944 года Глыбоцкі і Пліскі раёны ўвайшлі ў склад Полацкай вобласці. У красавіку 1948 года Ластавіцкі сельсавет перайменаваны ў Абрубскі. Са студзеня 1954 года Глыбоцкі і Пліскі раёны ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Верхненскі, Капыльшчынскі, Літоўшчынскі, Лучайкаўскі сельсаветы, утвораны Удзелаўскі сельсавет. 31 сакавіка 1958 года скасаваны Дзеркаўшчынскі сельсавет.
20 студзеня 1960 года Маладзечанская вобласць была скасавана, Глыбоцкі і Пліскі раёны перададзены ў склад Віцебскай вобласці. У гэты ж дзень да Глыбоцкага раёна далучана тэрыторыя скасаванага Дунілавіцкага раёна (гарадскі пасёлак Варапаева, Белькаўскі, Валкалацкі, Варапаеўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі, Мосарскі, Струцкі сельсаветы). 20 мая 1960 скасаваны Варапаеўскі, Мосарскі, Струцкі сельсаветы.
25 снежня 1962 года да Глыбоцкага раёна былі далучаны тэрыторыя скасаванага Докшыцкага раёна (горад Докшыцы, гарадскі пасёлак Бягомль, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі, Юхнаўскі сельсаветы) і частка тэрыторыі скасаванага Пліскага раёна (гарадскі пасёлак Падсвілле, Галубіцкі, Зябкаўскі, Пліскі, Псуеўскі сельсаветы), у склад Пастаўскага раёна перададзена тэрыторыя колішняга Дунілавіцкага раёна (гарадскі пасёлак Варапаева, Белькаўскі, Валкалацкі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі сельсаветы; толькі населеныя пункты колішняга Гулідаўскага сельсавета засталіся ў Глыбоцкім раёне ў складзе Тумашаўскага сельсавета). 18 лютага 1964 года скасаваны Юхнаўскі сельсавет.
6 студзеня 1965 года горад Докшыцы, гарадскі пасёлак Бягомль, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Докшыцкага раёна. 12 лютага 1965 года да Глыбоцкага раёна далучаны Дулінаўскі, Празароцкі, Старынкаўскі і Шкунціцкі сельсаветы і некаторыя населеныя пункты Лужкоўскага сельсавета Мёрскага раёна. 30 ліпеня 1966 года Дулінаўскі і Шкунціцкі сельсаветы, а таксама некаторыя населеныя пункты Залескага сельсавета (раней перададзеныя з Лужкоўскага сельсавета) перададзены адноўленаму Шаркаўшчынскаму раёну, у выніку Глыбоцкі раён набыў сучасныя межы[3].
19 лютага 1971 года Тумашаўскі сельсавет перайменаваны ў Карабоўскі, 22 снежня 1981 года Мамайскі сельсавет — у Азярэцкі, 19 ліпеня 1989 года Старынкаўскі сельсавет — у Ломашаўскі. 20 чэрвеня 2013 года Падсвільскі пассавет рэарганізаваны ў Падсвільскі сельсавет.
Геаграфія
правіцьПаверхня большай часткі раёна раўнінная, у цэнтры і на поўдні ўзвышаная. Агульны нахіл з поўдня на поўнач. Значную плошчу (55 %) займаюць Свянцянскія грады, выцягнутыя праз цэнтр з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. На поўначы і паўночным захадзе Дзісненская нізіна з характэрнай плоскай паверхняй і балотнымі масівамі. На паўднёвым усходзе Верхнебярэзінская нізіна. Найвышэйшы пункт 226,4 м (каля в. Кавалі, за 6 км на ўсход ад Глыбокага), найбольш нізкая адзнака 130 м (урэз ракі Авута на поўначы).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага (на поўначы), сожскага, дняпроўскага, радзей бярэзінскага зледзяненняў.
Сярэдняя тэмпература ў студзені −7,1, ліп. +17,6 °C. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сут. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы.
30 % плошчы раёна займаюць лясы, 54 % — сельгасугоддзі.
Па тэрыторыі раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Заходняй Дзвіной і Дняпром. Найбольшыя рэкі — Бярозаўка з Дабрылаўкай, Мнюта, Авута (правыя прытокі Дзісны), Шоша з Чысцянкай, Свіліца з Агурнёўкай. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 106 азёр, у тым ліку і самае глыбокае возера на Беларусі — Доўгае. Азёры аб’яднаны ў сістэму пратокаў і малых рэк, якія звязаны з рэкамі Заходняя Дзвіна і Бярэзіна. Найбольшыя азёры: Шо, Пліса, Мнюта, Вялікае, Пятроўскае, Белае, Царкавішча і інш.
Іхтыяфаўна азёр — 30 відаў рыб. Флора налічвае больш за 800 відаў раслін. Найбольш распаўсюджаныя віды жывёл: дзік, лось, лісіца, куніца, заяц, бабёр і іншыя.
Адміністрацыйны падзел
правіцьГлыбоцкі раён падзелены на 13 сельсаветаў, мае ў сваім складзе 418 населеных пунктаў.
№ | Назва | Адміністрацыйны цэнтр | Плошча (км кв.) | Колькасць вёсак | Насельніцтва (чал.) | Кіраўнік |
---|---|---|---|---|---|---|
1 | Абрубскі сельсавет | Абруб | 95,18 | 17 | 1 382 | Славецкі Анатоль Міхайлавіч |
2 | Азярэцкі сельсавет | Азярцы | 105,9 | 23 | 2168 | Анашкевіч Святлана Вацлаваўна |
3 | Галубіцкі сельсавет | Галубічы | 164,3 | 27 | 952 | Супранёнак Пётр Макаравіч |
4 | Залескі сельсавет | Залессе | 89,1 | 30 | 1165 | Заяц Барыс Ільіч |
5 | Зябкаўскі сельсавет | Зябкі | 87,3 | 32 | 981 | Ціманоўскі Ігар Іванавіч |
6 | Карабоўскі сельсавет | Карабы 2 | 188,1 | 37 | 3655 | Татун Яўгеній Клаўдзіевіч |
7 | Ломашаўскі сельсавет | Ломашы | 68,96 | 15 | 905 | Цярэшка Франц Іосіфавіч |
8 | Падсвільскі сельсавет | Падсвілле | 123,1 | 36 | 1148 | Ерашэвіч Анатолій Вацлававіч |
9 | Пліскі сельсавет | Пліса | 196,3 | 51 | 2347 | Плісско Васіль Мікалаевіч |
10 | Празароцкі сельсавет | Празарокі | 87,93 | 34 | 1061 | Міхайлоўская Інеса Іванаўна |
11 | Псуеўскі сельсавет | Псуя | 261,8 | 31 | 1027 | Гіль Аляксандр Віктаравіч |
12 | Удзелаўскі сельсавет | Удзела | 155 | 35 | 2883 | Карман Віктар Казіміравіч |
13 | Узрэцкі сельсавет | Пятроўшчына | 126,4 | 24 | 1017 | Дашкевіч Пётр Эдуардавіч |
Насельніцтва
правіць- 1969 — 62,3 тыс.
- 2004 — 47,4 тыс.
- 2009 — 41,0 тыс.
Агульная колькасць насельніцтва раёна на 2019.01.01 г. — 36 565 чалавек, у тым ліку 17 644 — мужчын, жанчын — 18 921 чалавек. Колькасць працаздольнага насельніцтва складала 19 632 чалавека, старэйшых за працаздольны ўзрост — 10 749 чалавек.
Гарадскія паселішчы: Глыбокае, Падсвілле.
Буйныя населеныя пункты (аграгарадкі)[4]: Абруб, Азярцы, Бабічы, Галубічы, Гатаўшчына, Карабы 2, Ломашы, Марцыбыліна, Мнюта 1, Празарокі, Прошкава, Псуя, Удзела, Чарневічы.
Нацыянальны склад (1999): беларусы (88,4 %), палякі (5,7 %), рускія (4,6 %) і інш. Па дадзеных Рэспубліканскага перапісу насельніцтва 2009 года колькасць насельніцтва Глыбоцкага раёна складала 41043 чалавека. У горадзе Глыбокае пражывала 20352 чалавека, у сельскай мясцовасці — 20691 чалавек.
Гаспадарка
правіцьБуйнейшыя прадпрыемствы:
- Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, ААТ
- Глыбоцкі камбікормавы завод, РУСПП
- Глыбоцкі мясакамбінат, ААТ
- Глыбоцкая птушкафабрыка, ААТ
- Глыбоцкі доследны лясгас, ДЛГУ
- Глыбоцкі кансервавы завод, ААТ
- Глыбоцкі хлебазавод, філіял РУПП «Віцебскхлебпрам»
- Падсвільскі завод харчовых прадуктаў, КУП
Сельская гаспадарка раёна прадстаўлена 14 сельскагаспадарчымі арганізацыямі, у тым ліку: 3 камунальнымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, 3 адкрытымі акцыянернымі таварыствамі, 2 адасобленымі сельскагаспадарчымі філіяламі, 6 сельскагаспадарчымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, якія належаць юрыдычным асобам недзяржаўнай формы ўласнасці, 37 сялянскімі фермерскімі гаспадаркамі. Раён спецыялізуецца ў раслінаводстве на вытворчасці зерня, ільну, бульбы, рапсу, гародніны; у жывёлагадоўлі на вытворчасці малака, мяса. У сельскагаспадарчай вытворчасці занята каля 2000 чалавек.
Транспарт
правіцьПа тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Маладзечна — Полацк і Крулеўшчызна — Варапаева, аўтамабільныя дарогі Полацк — Вільнюс, Докшыцы — Глыбокае — Шаркаўшчына, Глыбокае — Дзісна і інш.
Сацыяльная сфера
правіцьАдукацыя
правіцьНа 01 студзеня 2020 года ў раёне функцыянавала 29 устаноў адукацыі, у тым ліку: дзіцячы сад — базавая школа — 5, сярэдніх школ — 3, дзіцячы сад — сярэдняя школа — 7, гімназій — 1, дашкольных устаноў — 8, устаноў дадатковай адукацыі — 1, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. У 2019/2020 навучальным годзе колькасць навучэнцаў складала 5106 чалавек.
Ахова здароўя
правіцьМедыцынскае абслугоўванне ажыццяўляецца ў 2 раённых бальніцах, у 20 фельчарска-акушэрскіх пунктах і 7 урачэбных амбулаторыях. Для аказання медыцынскай дапамогі і догляду адзінокім жыхарам раёна састарэлага ўзросту, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў, арганізаваны 3 сельскія ўчастковыя бальніццы «сястрынскага догляду» на 45 ложкаў з урачэбнымі амбулаторыямі. У Глыбоцкай ЦРБ адкрыта міжраённае аддзяленне хранічнага гемадыялізу, яякое абслугоўвае пацыентаў паўночна-заходняга рэгіёна Віцебскай вобласці.
Культура, спорт
правіцьГлыбоцкі край з’яўляецца адным з найбольш дударскіх рэгіёнаў Беларусі. На сённяшні дзень, паводле розных крыніц, вядома пра некалькіх дудароў, звязаных з Глыбоцкім краем, сярод якіх найбольш вылучаецца дудар з акцёрскай трупы Ігната Буйніцкага — Адам Шульга, а таксама Пётр Бурэц з вёскі Асінаўка. З неіснуючай вёскі Верацеі, на Глыбоччыне, паходзіць найстарэйшая беларуская дуда 1849 года, так званая Глыбоцкая дуда. Яе копія захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. З Глыбоцкім краем таксама звязаная так званая дуда Ігната Буйніцкага, падораная дырыжору Людаміру Міхалу Рагоўскаму, які ў сваю чаргу ахвяраваў інструмент у фонд калецыі Івана Луцкевіча, якая ў 1921 годзе сталася часткай Беларускага музею ў Вільні. У Глыбоцкай раённай бібліятэцы створаная адмысловая калекцыя і экспазіцыя, прысвечаная беларускай дудзе. У мясцовай Школе мастацтваў (музычнай школе) існуе магчымасць дадатковага вывучэння ігры на дудзе. У гонар тутэйшай дударскай традыцыі ў раёне штогод праводзіцца фэст «Дударскі рэй».
Імаверна, што з дудой звязана было таксама існаванне Глыбоцкага брацтва мядзведнікаў, якое магчыма было звязаны, або супернічала са славутай Смаргонскай мядзведжай акадэміяй. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам — спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам. Паводле інвентароў, у пачатку XVIII ст. у Глыбокім сярод рознага тыпу рамеснікаў былі таксама скамарохі і мядзведнікі. У кнізе «Литовские епархиальные ведомости» № 23 за 1869 год пра візітаванне ў грэкакаталіцкіх цэрквах у 1784 годзе напісана, што ў Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая мела філіяльную царкву на вуліцы Дворнай (вядомая па інвентарах царква Святога Пятра). Пры царкве Святога Пятра было брацтва Святога Антонія, якое падзялася на тры аддзелы: св. Антонія (шаўцоў і гарбароў), Трох Свяціцеляў (краўцоў) і св. Мікалая — мядзведнікаў. Розныя крыніцы пацвярджаюць існаванне ў Глыбокім вялікай колькасці скамарохаў-мядзведнікаў. Майстрыха Юлія Арэхава з Глыбоцкага дому рамёстваў прысвяціла тэме глыбоцкіх дудароў-мядзведнікаў карціну ў тэхніцы саломкі.
На Глыбоччыне запісаны і адноўлены абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Упершыню абрад быў адноўлены ў 1998 годзе, намаганнямі Наталлі Нікіфаровіч і калектыву, які пазней узяў назву народны тэатр фальклору «Цярэшка». На Глыбоччыне абрад з’яўляецца папулярнай каляднай забавай і штогод ладзіцца там у перадкалядны перыяд.
З Глыбоцкага раёна выводзяцца многія беларускія пісьменнікі, мастакі і інш. вядомыя дзеячы краіны, сярод іх Вацлаў Ластоўскі, Янка Пачопка, Ігнат Буйніцкі, Адам Шульга.
У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый першага беларускага тэатра І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч.
Глыбоцкі край — радзіма многіх аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, такіх як Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран», Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба, Абрад «Насіць намётку», Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Клёцкі з душамі» і інш.
У раёне функцыянуе 49 устаноў культуры і мастацтва, з іх 26 бібліятэк, 19 устаноў клубнага тыпу, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, дзіцячая мастацкая школа імя Я. Драздовіча, гісторыка-этнаграфічны музей.
Для развіцця фізічнай культуры і спорту маецца 137 спартыўных збудаванняў, з іх: 1 стадыён з трыбунамі на 2500 пасадачных месцаў, 22 спартыўныя залы, 36 прыстасаваных памяшканняў, 2 стралковых ціра, 61 пласкасное збудаванне і іншыя.
Выдаецца раённая газета — «Веснік Глыбоччыны».
Рэлігія
правіцьУ Глыбоцкім раёне зарэгістравана 37 рэлігійных абшчын: 19 праваслаўных, 12 каталіцкіх, 3 пратэстанцкіх, 1 стараабрадная, 1 мусульманская, 1 Сведак Іеговы. У раёне дзейнічае 36 культавых будынкаў, 14 з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, 4 храма маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.
Старшыні Глыбоцкага райвыканкама
правіць- Павел Антонавіч Куксёнак (першы старшыня з 15 студзеня 1940 года; расстраляны фашыстамі ў 1941 годзе)
- Дзмітрый Фёдаравіч Гурын (З ліпеня 1944 — 10 красавіка 1947)
- Іван Аляксандравіч Дуброўскі (10 красавіка 1947 — 1 лютага 1948)
- Сямён Мікалаевіч Шабалоўскі (1 лютага 1948 — 13 снежня 1953)
- Фёдар Іванавіч Аноцкі (14 снежня 1953 — 13 сакавіка 1959)
- Фёдар Іванавіч Фацееў (13 сакавіка 1959 — 30 студзеня 1960)
- Васіль Мікалаевіч Асяненка (30 студзеня 1960 — 16 сакавіка 1963)
- Анастасія Парфёнаўна Жаўнерка (16 сакавіка 1963 — 26 мая 1965)
- Васіль Іванавіч Кагалёнак (26 мая 1965 — 7 красавіка 1967)
- Яўген Паўлавіч Зайцаў (7 красавіка 1967 — 26 красавіка 1976)
- Уладзімір Мікалаевіч Станкевіч (26 красавіка 1976 — май 1982)
- Віктар Іосіфавіч Сініцкі (май 1982 — 5 лютага 1999)
- Міхаіл Міхайлавіч Кандзерскі (5 лютага 1999 — 24 студзеня 2010)
- Алег Віктаравіч Морхат (25 студзеня 2010 — ліпень 2019)[5]
- Аляксандр Мікалаевіч Шубскі (з 29 ліпеня 2019)
Вядомыя асобы
правіць- Ігнат Буйніцкі — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч.
- Уладзімір Канстанцінавіч Вайцецкі — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Тадэвуш Даленга-Мастовіч (1898—1939) — пісьменнік.
- Дзмітрый Альбертавіч Дзёмін — дудар, музыкант і майстар народных інструментаў.
- Язэп Драздовіч (1888—1954) — беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу[6][7]
- Алесь Дубровіч — паэт.
- Клаўдзій Дуж-Душэўскі — палітычны дзеяч.
- Ігнацій Іванавіч Карпеза (нарадзіўся ў в. Кульгаёўка) — генерал-лейтэнант.
- Вацлаў Ластоўскі — грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец.
- Андрэй Майсяёнак — вучоны-біяхімік, краязнавец.
- Лявон Савёнак — беларускі празаік, журналіст, перакладчык і грамадскі дзеяч.
- Віктар Сянкевіч — беларускі гісторык, журналіст, дзеяч беларускай дыяспары ў Іспаніі, Канадзе і ЗША.
- Леанід Крывічанін — пісьменнік, журналіст[8].
- Эдуард Мацюшонак — беларускі мастак.
- Дзмітрый Літвінскі — глыбоцкі мастак, фотамайстар і відэааматар.
- Янка Пачопка — пісьменнік, фалькларыст.
- Міхась Машара (1902—1976) — беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык (нарадзіўся на хутары Падсосна).
- Леанід Канстанцінавіч Пугаўка — Герой Сацыялістычнай Працы (1958).
- Міхал Пятроўскі — каталіцкі святар.
- Вячаслаў Іосіфавіч Савіцкі
- Мікола Савіцкі — вучоны ў галіне эканамічнай інфарматыкі.
- Фёдар Іванавіч Сухавіла — беларускі самабытны мастак, майстар маляваных дываноў.
- Павел Восіпавіч Сухі — авіяканструктар.
- Віктар Сянкевіч — гісторык і журналіст.
- Алег Аркадзьевіч Тарыкаў — краязнавец.
- Тамара Канстанцінаўна Чабан — беларускі літаратуразнавец, педагог, грамадскі дзеяч.
- Адам Шульга — дудар з трупы Ігната Буйніцкага.
- Пётр Бурэц — знакаміты дудар з вёскі Асінаўка.
- Іван Іванавіч Волкаў — настаўнік і краязнаўца.
- Юозас Булька — каталіцкі святар.
- Ануфры Карказевіч — польскамоўны паэт і абшарнік маёнту Кашталянаўшчына, якую атрымаў у спадчыну ад роду Корсакаў.
- Антоній Круман (1836—1891) — польскамоўны паэт, які прысвяціў Глыбокаму некалькі вершаў у зборніку «Piewiec z nade Dźwiny» («Пясняр з-над Дзвіны» 1860, Вільня).
Памятныя мясціны
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Фарміраванне тэрыторыі Глыбоцкага раёна Архівавана 11 жніўня 2020. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
- ↑ Деревня Верхнее: жила, живет, будет жить! СБ. Беларусь сегодня (руск.)
- ↑ Фарміраванне тэрыторыі, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Глыбоцкага раёна Мой родны край — Глыбоччына
- ↑ «Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне» Архівавана 24 верасня 2015. («Рэгіянальная газета»)
- ↑ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва» Архівавана 19 красавіка 2014. («Рэгіянальная газета»)
- ↑ http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19571
Літаратура
правіць- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка і інш.; маст. А. М. Хількевіч. — Мн., 1995. — 450 с.
Спасылкі
правіць- Спіс населенных пунктаў Глыбоцкага раёна па сельсаветах
- Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 27 красавіка 2020.
- Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online (руск.)
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
- Выдатныя мясціны на партале globustut.by (руск.)