Смаргонская мядзведжая акадэмія
«Смаргонская акадэмія» — жартоўная назва промысла адлову і дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаванага князямі Радзівіламі ў Смаргоні; адна са школ беларускіх скамарохаў.
Промысел існаваў з XVII ст. да канца XVII ст., паводле іншых звестак — да пачатку ХІХ ст. Мядзведзяў дрэсіравалі паблізу Смаргоні (на г.зв. «французскіх узгорках») у некалькі этапаў. Спачатку маладых мядзведзяў вучылі «танцаваць», для чаго саджалі па 2—3 у адмысловую клетку, у якой падагравалася дно, і прывучалі стаяць на задніх лапах, перамінацца з адной лапы на другую (болевы рэфлекс пад удары бубна, мелодыю дуды і іншых інструментаў), потым вучылі барукацца, кланяцца. Павадыры («мядзведнікі») з вучонымі звярамі хадзілі па заробкі на кірмашы Расіі, Венгрыі, Германіі і іншых краін, вялі прыбытковы гандаль дрэсіраванымі мядзведзямі. Сцэна з дрэсіраваным мядзведзем была і ў батлейцы, паказвалі лялек — скамароха і мядзведзя, якіх называлі «смаргонскі вучыцель з вучнем» (1902, Міншчына).
Падобныя акадэміі былі і ў іншых гарадах. Паводле гарадскіх інвентароў[1], у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў было каля дзесяці скамарохаў-мядзведнікаў (Глыбоцкія скамарохі-мядзведнікі). У кнізе «Литовские епархиальные ведомости» № 23 за 1869 год пра візітаванне ў грэкакаталіцкіх цэрквах, у 1784 годзе, напісана, што у Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая мела філіяльную царкву на вуліцы Дворнай (вядомая па інвентарах царква Святога Пятра). Пры царкве Святога Пятра было брацтва Святога Антонія, якое падзялася на тры аддзелы: св. Антонія (шаўцоў і гарбароў), Трох Свяціцеляў (краўцоў) і св. Мікалая — мядзведнікаў. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам — спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам. Раней прынята было лічыць, што мядзведжая акадэмія ў Смаргоні заснавана Радзівіламі, але навейшыя звесткі паказваюць на Зяновічаў, як заснавальнікаў і Радзівілаў, як пераемнікаў гэтай справы[2].
У 2004 годзе прыняты герб Смаргоні — сярэбраным полі на чырвонай рашотцы чорны мядзведзь, якім стаіць на задніх лапах і трымае ў пярэдніх лапах герб Радзівілаў. За аснову гербавага сюжэту ўзяты факт існавання «Смаргонскай акадэміі»[3][4].
Зноскі
- ↑ http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/289-glybotskiya-dudary-myadzvedniki
- ↑ «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
- ↑ Пра ўстанову афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Гродзенскай вобласці: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 г. №590 . Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 30 красавіка 2009.
- ↑ Смаргонь . Геральдыка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2011. Праверана 30 красавіка 2009.
Літаратура
правіць- Барышаў Г. «Смаргонская акадэмія» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Смаргонская акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 50. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).