Глыбоцкая дуда — найстарэйшая[1] беларуская дуда з вёскі Верацеі гміны Празарокі, цяпер Глыбоцкага раёна.

Перабор глыбоцкай дуды з ражком (рагаўнём)
Копія(недаступная спасылка) Глыбоцкай дуды ў экспазіцыі мясцовага музея.

Доўгі час лічылася, што найстарэйшай з’яўляецца «Лепельская дуда» з вёскі Верабкі 1877 году. Аднак дуда з Верацеяў, якая захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музея Літвы, датуецца музеем 1849 годам, адпаведна з’яўляецца найстарэйшай захаванай беларускай дудой. Год і дакладнае месца паходжання дуды пазначаныя непасрэдна на пераборы «ME 1849 P. DZISNA GM. PROZOROKI W. WIERACIEJE» (бел.: 1849 Дзісенскі павет, гміна Празарокі, вёска Верацеі). Такая самая пазнака стаіць на трубцы гуку. Іншая пазнака з датай зробленая на рагаўні перабору. Раней дуда захоўвалася ў этнаграфічным музеі Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні і была перададзеная ў цяперашняе месца захавання ў 1934 годзе[2].

Глыбоцкая дуда паходзіць з дударскага арэала (ваколіцы возера Шо на Глыбоччыне), з якога паходзяць таксама шматлікія звесткі, між іншым, пра Адама Шульгу, дудара з трупы Ігната Буйніцкага, Пятра Бурца — знакамітага дудара з вёскі Асінаўка, Міколу Караткевіча (1932 г.н.) - вучня Пятра Бурца, Уладзіміра Забелу (1928 г.н.) - дудара і арганізатара традыцыйных святаў у вёсцы Шо, а таксама многія легенды, мастацкія тэксты і іншыя згадкі.

Мех дуды пашыты са скуры барсука, што робіць дуду ўнікальнай таксама з пункту гледжання выкарыстанай скуры. У кнізе «Дудар і музыка[3]» Мікалай Нікіфароўскі піша, што мех дуды шыецца з барсука, цялёнка альбо казлёнка. Такім чынам, глыбоцкая дуда адзіная з захаваных дуд, у якой выкарыстаная скура барсука. Поўсць глыбоцкай дуды выстае навонкі і таксама не мае аналагаў сярод іншых беларускіх дуд. Ігравыя трубкі зробленыя з ясеня, ражкі (рагаўні) выцясаныя ўручную. На абодвух ражках ёсць літыя ўзоры з волава. Захаваўся адзін чаратовы пішчык гуку (бурдон). Ражок бурдона абабіты цвічкамі для дэкарацыі. Стокі абматаныя пакуллем. У цэлым дуда, у тым ліку мех, добра захаваныя.

Глыбоцкая дуда на савецкай марцы 1990 года прадстаўленая як адзін з літоўскіх народных інструментаў.

Доўгі час савецкія і літоўскія даследчыкі прадстаўлялі глыбоцкую дуду пад назвай «labanora duda»[4]. У савецкі час глыбоцкая дуда была прадстаўленая на марцы, прысвечанай «літоўскім народным інструментам». Пры тым на аналагічнай марцы «Беларускія народныя інструменты» з 1989 году, дуда не прадстаўленая наогул. Першы раз «Глыбоцкая дуда» выступае ў якасці «Лабанора дуда» у «Вялікай Савецкай энцыклапедыі», дзе выдуманы тэрмін праілюстраваны глыбоцкай дудой. Глыбоцкая дуда таксама пададзеная як літоўская ў другім выданні «Атласа музыкальных инструментов народов СССР» (1975) пад рэдакцыяй К. Вярткова. Першае выданне выйшла ў 1964. Глыбоцкая дуда была прадстаўленая як літоўская ў серыі "Музычныя інструменты народаў СССР" на пачцы запалак, з 1983 году (выдавалася паралельна на пяці фабрыках запалак, у тым ліку ў Пінску). У 1982 выходзіла першая серыя (на сямі фабрыках, у тым ліку ў Пінску), і на адной з 21 этыкетак прадстаўленая таксама і беларуская дуда (але з бранзбойтнымі-зрэзанымі рагаўнямі). У згаданых серыях прадстаўленыя таксама латышская (1983) і украінская (1982) дуда.

Даследчык і дудар Зміцер Сасноўскі заўважае: «З-за таго што Дзісеншчына ў пачатку XX ст. уваходзіла ў склад Віленскай губерні, а Віленскі край пазней трапіў у склад Літоўскай рэспублікі, савецкія даследчыкі пачалі адносіць дуды гэтага раёна да традыцыі літоўскага народа. На прыклад, дуду з былога Дзісенскага павета Віленскай губерні „Атлас музыкальных инструментов народов СССР“ адносіць да Літоўскай ССР. Аналагічны лёс напаткаў і іншыя інструменты, якія зараз захоўваюцца ў літоўскіх музеях»[5].

У беларускіх выданнях, прысвечаных дударскай тэме, год глыбоцкай дуды не падаваўся наогул, або пазначаўся другой паловай XIX ст.

Копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Прэзентацыя дуды адбылася падчас другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй у 2018 годзе ў Глыбокім[6].

Сваю копію[7] глыбоцкай дуды пачаў рабіць глыбоцкі дудар і майстар Дзмітры Дзёмін. Аднак рэканструкцыя засталася няскончанай праз раптоўную смерць майстра.

Глыбоцкай дудзе прысвечаныя мастацкія працы. Між іншым, мастак Раман Плавінскі намаляваў дудара з глыбоцкай дудой[8]. Майстар выцінанкі Віталь Назарэвіч прысвяціў глыбоцкай дудзе працу - на ёй прадстаўлены барсук, які грае на дудзе[9].

Зноскі

  1. https://m.nn.by/articles/230033/
  2. «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  3. http://repository.buk.by/bitstream/handle/123456789/1261/ASABL%D0%86VASC%D0%86%20BELARUSKAY%20DVUHGUKAVOY%20DUDYI.pdf?sequence=1&isAllowed=y(недаступная спасылка)
  4. [1] Архівавана 5 снежня 2020.
  5. [2] Архівавана 5 снежня 2020.
  6. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2021. Праверана 22 снежня 2020.
  7. [3]
  8. [4]
  9. https://www.facebook.com/vital.voranau/posts/10227344224695986