Хіюмаа
Хі́юмаа (эст.: Hiiumaa) — востраў на захадзе Эстоніі, другі па велічыні ў краіне. Агульная плошча — 989 км². Уваходзіць у склад павета Хійу. Насельніцтва (2014 г.) — 8 589 чал.
Хіюмаа | |
---|---|
эст. Hiiumaa | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 989 км² |
Насельніцтва | 8 589 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 8,68 чал./км² |
Размяшчэнне | |
58°52′ пн. ш. 22°35′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Заходні Эстонскі архіпелаг |
Акваторыя | Балтыйскае мора |
Краіна | |
Муніцыпалітэт | Павет Хійу |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія і прырода
правіцьХіюмаа – адзін з самых паўночных астравоў Заходняга Эстонскага архіпелага. Месціцца на ўсходзе Балтыйскага мора за 115 км на паўднёвы захад ад Таліна, сталіцы Эстоніі. Даўжыня з захаду на ўсход — 55,45 км. Найбольшая шырыня — 44,8 км.
Фарміраванне вострава пачалося 455 мільёнаў гадоў таму, першапачаткова як ўскраіны метэарытнага кратэра. Паверхня нізінная. Вышэйшы пункт — 68 м. На захадзе знаходзіцца невялікае марэннае ўзвышша з выдмамі. На паўночна-ўсходнім узбярэжжы сустракаюцца берагавыя ўступы, якія ўтвараюць месцамі абрывы. Усходнюю частку пакрывае складзеная вапнякамі раўніна з агаленнямі карсту, лугамі і зараснікамі ядлоўца. У цэнтральнай частцы пераважаюць лясы і заліўныя лугі. Фаўна прадстаўлена птушкамі, грызунамі, дробнымі драпежнікамі. Улетку берагі наведваюць балтыйскія цюлені.
Гісторыя
правіцьПершыя людзі трапілі на востраў Хіюмаа прыкладна ў 5 тысячагоддзі да н. э. Тут яны сяліліся сезонна, займаліся рыбалоўствам і паляваннем на цюленяў. У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. пачалі ладзіцца пахавальні ў каменных магільнях, што можа ўскосна сведчыць пра ўзнікненне сталых паселішчаў. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што палеткі земляробаў з'явіліся толькі ў XI - XII стст. н. э.
Першая пісьмовая ўзгадка пра Хіюмаа была зроблена толькі ў 1228 г., калі Маанзундскі архіпелаг быў заваяваны нямецкімі рыцарамі-мечнікамі. У 1254 г. востраў падзелены паміж Лівонскім аддзелам Тэўтонскага ордэна і Эзэль-Вікскім біскупствам. У пачатку XVI ст. астравіцяне моцна пацярпелі ад эпідэміі чумы. У 1559 г. востраў апынуўся пад кіраваннем дацкага караля. У 1563 г. быў захоплены шведамі. Другая палова XVI - пачатак XVIII стст. вядомы ў гісторыі Хіюмаа як "шведскі век", калі на востраве існавалі як эстонскія, так і шведскія паселішчы, здабывалася соль, працавала шкляная мануфактура.
Падчас Вялікай Паўночнай вайны ў 1710 г. востраў Хіюмаа трапіў у склад Расійскай імперыі. У 1781 г. частка шведскага насельніцтва была выслана на тэрыторыю Украіны. Дзякуючы блізкасці да горада Санкт-Пецярбург востраў хутка развіваўся як прамысловы і суднабудаўнічы цэнтр. У 1913 г. была праведзена электрычнасць.
З 1918 г. Хіюмаа ў складзе Эстоніі. У XX ст. на востраве дзейнічалі ваенна-марскія базы. З 1990 г. святкуецца дзень хіюмаанцаў.
Эканоміка
правіцьАдміністрацыйна востраў Хіюмаа ўваходзіць у склад павета Хійу. Найбуйнейшае паселішча — горад Кярдла. У 2011 г. на востраве было зарэгістравана 603 кампаніі і 581 індывідуальны прадпрымальнік[1]. Традыцыйныя галіны эканомікі — сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, рыбалоўства і турызм. Акрамя таго, развіваюцца прадпрыемствы па вытворчасці электраабсталявання і пластыкавага пакавання. Важную ролю адыгрывае абслугоўванне міжнароднага транзіту.
Зноскі
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хіюмаа
- Hiiumaa.ee info
- Hiiumaa Island Архівавана 24 снежня 2014.