Міфало́гія (грэч. μυθολογία ад грэч. μῦθος — «паданне» і грэч. λόγος — «слова», «расказ», «вучэнне») можа азначаць[1]:

  • сістэму міфаў таго ці іншага народа, рэгіёна, усяго свету (збор паданняў, легенд, эпас архаічных этнасаў),
  • навуку пра міфы. Больш дакладна, міфалогія — раздзел навукі, які вывучае такія мадэлі свету, якія выражаны, яўна ці няяўна, у сукупнасці міфаў, што належаць да той ці іншай культуры.
Пенелопа — персанаж грэчаскай міфалогіі

Прадмет вывучэння правіць

Міфы былі вядомыя яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, дзе так называлі сказы пра багоў і герояў. Вывучэнне міфаў вялося практычна з часоў антычнасці, а іх навуковым вывучэннем з XIX—XX ст. займаецца міфалогія.

Міфалогія з’яўляе тэарэтычныя веды аб тым, што такое міф, якое месца ён займае ў чалавечай культуры, калі і чаму ўзнікаюць міфы, чаму яны трывала існуюць у чалавечай памяці. Міфалогія таксама займаецца тлумачэннем значэння міфалагічных вобразаў ці сімвалаў, вывучае падабенствы міфаў розных народаў і інш. Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд, а таксама смерць-уваскрэсенне.

У пачатку XXI ст. ўзрастае цікавасць да духоўных праблем, да таямніц чалавечай псіхікі, а таксама адчуваецца тэндэнцыя да збліжэння навукі і рэлігіі. Узрастанне ролі і значэння міфалогіі як навукі звязана з названымі працэсамі і тэндэнцыямі. М. Эліадэ адзначаў, што разуменне міфа аднойчы будзе аднесена да найбольш важных адкрыццяў XX ст. Дз. Ліхачоў гаварыў, што расшыфроўка міфаў стане, магчыма, найбольш прыкметным дасягненнем у гуманітарных навуках XXI ст. Г. Гадамер лічыць, што «міфы — першадумкі чалавецтва».

Ю. Антанян адзначае, што міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая ўсім кіруе. На думку Т. Шамякінай міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца неразгаданае, містычнае называецца сакральным — гэта паняцце таксама адно з галоўных у міфалогіі.

Гісторыя вывучэння правіць

Навуковы падыход да вывучэння міфалогіі ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна антычная міфалогія. У 18 ст. гістарычнае тлумачэнне міфалогіі даў італьянскі філосаф Дж. Віка.

Рамантызм узмацніў цікавасць да міфалогіі; пачалося збіранне і пераказванне народных паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная школа, якая тлумачыла міфы як крыніцу нацыянальнай культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астранамічных з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст. гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне старажытных магічных абрадаў.

Міфалогія як светаадчуванне правіць

Міф адлюстроўвае рэальнасць надзвычай своеасабліва. Ён не адэкватны рэальнасці, міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых форм спазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што абапіраецца на звышнатуральнае. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў існым міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

З’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюдна. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расказ пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі, ланцуг, які злучае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню.

Своеасаблівая мова апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за ўспрыманнем пачуццямі чалавка. Міф запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямён, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд. Гэта неабходны элемент маральных кодэксаў. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае сэнс жыццю чалавека. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала адносіны чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагульнены вопыт, выяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругаварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю.

Міфы, сусветныя рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), легенды і паданні народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за сённяшнія. Міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Канкрэтным сімвалічным увасабленнем такога роду ведаў былі Залатое Руно, Жар-птушка, Грааль, філасофскі камень.

Сучасныя даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што міфалогія — народны аналаг навукі, бо яна занатавала найбагацейшыя веды продкаў аб прыродзе. Паводле Т. Шамякінай, міф — народная філасофія, філасофія ў вобразах.

Міфалогіі па народах правіць

Міфалогіі Паўночна-Заходняй Азіі і Паўночнай Афрыкі правіць

Міфалогіі Цэнтральнай і Усходняй Азіі правіць

Індаеўрапейская міфалогія правіць

Фіна-угорская міфалогія правіць

Міфалогія народаў Амерыкі правіць

Зноскі правіць

  1. Т. Шамякіна (2008)

Літаратура правіць

  • Міфалогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. С. 479.
  • Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.
  • Шамякіна Т. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.
  • Беспамятных Н. Мифология: введение в теорию мифа / Николай Беспамятных. — Минск: ООО ФУАинформ, 2004. — 240 с. ISBN 985-6564-84-0. С. 13—15.

Спасылкі правіць