Аляксандр Мікітавіч Уласаў
Аляксандр Мікітавіч Уласаў (16 жніўня 1874, Вілейка, Вілейскі павет, Віленская губерня (цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — 11 сакавіка 1941, ст. Марыінск, Новасібірская вобласць, РСФСР (цяпер Кемераўская вобласць, Расія) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст.
Аляксандр Мікітавіч Уласаў | |
---|---|
Нараджэнне |
16 жніўня 1874 |
Смерць |
11 сакавіка 1941 (66 гадоў) |
Партыя | |
Член у | |
Адукацыя | |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічны нарыс
правіцьБацька Аляксандра Уласава быў паштовым работнікам, які валодаў ладным кавалкам зямлі пад Радашковічамі[1].
Аляксандр Уласаў вучыўся ў духоўнай семінарыі і рэальным вучылішчы ў Пінску, рэальных вучылішчах у Мінску, Лібаве. У 1896—1906 гадах навучаўся на механічным аддзяленні Рыжскага політэхнічнага інстытута, курс не скончыў, ў студзені 1906 выключаны «за невзнос платы»[2]. З верасня 1902 па жнівень 1903 праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў якасці кандуктара Упраўлення інжынераў Варшаўскай крэпасці[3].
Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. уключыўся ў грамадска-палітычную барацьбу, арганізоўваў забастоўкі батракоў у Радашковіцкім павеце, шаўцоў, музыкантаў, цырульнікаў у Мінску, прымаў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Адзін з арганізатараў і актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), член яе ЦК. Распрацоўваў аграрную частку праграмы партыі на II з’езд (1906), удзельнічаў у партыйнай канферэнцыі ў Докшыцах (1907). Рыхтаваў да друку газету «Наша доля», з 8 снежня 1906 да 16 мая 1914 гг. быў рэдактарам-выдаўцом газеты «Наша ніва». Заахвоціў да працы ў рэдакцыі Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш., вёў перапіску з М. Багдановічам, Я. Карскім, падтрымліваў сувязі з М. Горкім, І. Свянціцкім, М. Федароўскім і інш. За публікацыі супраць самадзяржаўя нераз прыцягваўся да судовай адказнасці, у 1909 асуджаны на 4 месяцы зняволення. Адзін з заснавальнікаў беларускага выдавецкага таварыства «Наша хата» ў Вільні. Удзельнічаў у друкаванні беларускіх календароў, зборнікаў «Нашай нівы», кніг Я. Коласа, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Э. Ажэшкі і інш. У 1912 у Вільні наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха», у 1914 у Мінску — краязнаўчага часопіса для беларускай моладзі «Лучынка». Займаўся правядзеннем у Вільні 1-й Краёвай выстаўкі дробнага промыслу і народнага мастацтва (1913), выстаўкі старажытнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вільня—Менск» (1918). У 1914—1917 служыў у царскай арміі. Дэлегат з’езда воінаў-беларусаў Заходняга фронту ў кастрычніку 1917, Усебеларускага з’езда 1917. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лютым 1918 увайшоў у выканаўчы камітэт палітычнага аб’яднання «Менскае беларускае прадстаўніцтва».
12 красавіка 1918 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з ліпеня 1918 быў у яе сакратарыяце. Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 увайшоў у прэзідыум Найвышэйшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
У канцы 1920 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. За спробу адкрыцця ў Радашковічах беларускай гімназіі быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў канцлагер у Стшалкове. На выбарах у лістападзе 1922 абраны ў польскі сейм як беспартыйны. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам. На парламенцкім узроўні абараняў нацыянальна-культурныя і сацыяльныя інтарэсы заходне-беларускага насельніцтва. Адзін з актывістаў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У лютым 1924 уступіў у Польска-беларускае таварыства ў Вільні. Прымаў удзел у рабоце Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выступаў у абарону яе кіраўнікоў на судовым працэсе 56-і. Дом Уласава ў в. Мігаўка (цяпер Маладзечанскі раён) выкарыстоўваўся падпольшчыкамі для пераходу польска-савецкай мяжы. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала ў 1922-1929 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны. У 1930-я г. знаходзіўся пад пільным наглядам польскіх уладаў.
У верасні 1939 А. Уласаў вітаў паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Выказваўся за адкрыццё беларускай сярэдняй школы ў Радашковічах. 16 кастрычніка 1939 г. арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці».
Утрымліваўся ў зняволенні ў вілейскай турме[4]. 29 лістапада 1940 г. Асобай нарадай пры НКУС СССР асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» на 5 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Высланы ў Сіблаг (Новасібірская вобласць, Расія). Памёр ад «параліча сэрца» (паводле даведкі) на ст. Марыінск (цяпер Кемераўская вобласць; паводле іншых звестак — на этапе ў г. Арол ці Рэспубліцы Марый Эл, Расія). Рэабілітаваны ў 1961.
Асветніцкая дзейнасць, публіцыстыка
правіцьАктыўна выступаць у друку Аляксандр Уласаў пачаў у 1908 на старонках газеты «Наша ніва». Садзейнічаў распрацоўцы беларускай літаратурнай мовы. У публікацыях закранаў значныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця, выступаў супраць шавіністычнай палітыкі царызму, палемізаваў з праціўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння (арт. «Пакуль беларус спаў векавечным сном…», 1908; «Хаўрусныя балячкі», 1910; «Валасное земства і жыды», «Аб артыкуле пана С. ў „Новом времени“ і аб беларускіх „Саланевічах“, 1911; „Што думае народ аб школах“, „Міністэрская папраўка“, 1912, і інш.). Асвятляў розныя аспекты сацыяльна-эканамічнага жыцця беларускіх зямель (арт. „Аб гарадах“, „Аб ткацтве на Беларусі“, „Караблі для лятання ў паветры“ (аэрастаты)», 1909; «Аб эканамічным палажэнні нашага краю», «Абарот капіталаў у Беларусі», 1910; «Эміграцыя ў Амерыку», «Якая палітыка патрэбна для Беларусі?», 1911; «Дарагоўля харчовых прадуктаў і вываз іх за граніцу», 1912; «Аб дарогах у Беларусі», 1913, і інш.). Выказваў аптымізм наконт перспектыў развіцця гаспадаркі Беларусі. У 1909 г. у Вільні выдадзена яго праца «Аб гаспадарцы на хутары і шнурах». Свае погляды аб прагрэсіўных формах гаспадарання Аляксандр Уласаў адстойваў і на старонках часопіса «Саха», да супрацоўніцтва з рэдакцыяй якога прыцягнуў шырокае кола аграномаў, студэнтаў, гаспадароў-земляробаў. У 1917—1918 у газеце «Вольная Беларусь» пісаў пра развіццё харчовай прамысловасці, апублікаваў эканамічны нарыс «Беларусь. Літва». Надрукаваў у 1918 у газеце «Беларускі шлях» шэраг артыкулаў пра сацыяльн-эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі, яе дзяржаўную самастойнасць («Я буду чыноўнікам», «Пасля вайны», «Валасная і местачковая палітыка», «Прасвета Беларусі» і інш.), успаміны пра К. Каганца і Г. Татура, у часопісе «Лучынка» — арт. «Вялікі бацька ўкраінцаў» (1914) пра Т. Шаўчэнку. Прымаў удзел у Мінску ў рэдагаванні часопіса «Экономическая жизнь», дзе публікаваў даследаванне з гісторыі аграрнага пытання, аб саматужнай вытворчасці ў Беларусі. Асноўныя яго палажэнні былі выкладзены таксама ў арт. «Хатнія промыслы ў Беларусі». ("Зборнік «Наша ніва», 1920).
У заходне-беларускі перыяд жыцця і дзейнасці (1921-39) у друку, выступленнях у польскім сейме, на сходах Аляксандр Уласаў выказваў занепакоенасць нацыянальным і сацыяльна-эканамічным прыгнечаннем мясцовага насельніцтва. Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі і інш. У 1930-я г. пісаў успаміны «З майго жыцця» (захаваліся не поўнасцю).
Рукапісная спадчына А. Уласава зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы (Мінск), некаторыя матэрыялы асабістага архіва — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі (Мінск), Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы (Вільнюс).
Працы
правіць- Аб гаспадарцы на хутары і шнурах. — Вільня, 1909.
- Беларуская рада — прадстаўніца Беларусі // Беларускі шлях. — 1918. — № 98. — С. ; [Перадрук: / А[ляксандар] Уласаў; [Публ. С. Лескеця] // ARCHE. — 2009. — № 3 (78). — Сакавік. — С. 623—624]
- Белоруссия и Литва. — Мн., 1918.
- Дні жыцця // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. — Мн., 1990.
- Якуб Колас і «Наша ніва» // Маладосць. — 1992. — № 11. — С.
Зноскі
- ↑ Ліс, А. Выбранае / Арсень Ліс; [уклад. і камент. аўтара; прадм. М. Казлоўскага]. — Мн.: Беларуская навука, 2014. — 588 с., [4] л. іл., фат. — С. 21. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі). — ISBN 978-985-08-1659-7.
- ↑ LVVA. 7175.1.1905, № 5231, л. 83.
- ↑ Асабістая справа: LVVA. 7175.1.614, л. 2
- ↑ Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 11 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
Літаратура
правіць- Астапкевіч Л. Адзін з піянераў Адраджэння // ЛіМ. 1999. 24 крас.
- Белы С. Хацелі людзьмі звацца… // Маладосць. 1989. № 7. С. 138—144.
- Вабішчэвіч А. Уласаў Аляксандр Мікітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, БелЭН, 2001. С. 578—579.
- Луцкевіч Л., Войцік Г. Аляксандар Уласаў. — Вільня, 2001. 18 с.
- Людзьмі сваімі слаўная // Маладзечанская газета. 1992. 25 ліпеня.
- Ніжанкоўская В. Пра Аляксандра Уласава // Спадчына. 1995. № 3. С. 9-17.
- Пашкевіч А. В. Аляксандр Уласаў як беларускі палітык у міжваеннай Польшчы // Асоба ў гісторыі: Гераічнае і трагічнае: Матэрыялы Другой Міжнар. нав.-практ. канф. студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечанай памяці праф. У. У. Мелішкевіча, 12-13 лістапада 2004 г. Брэст: Академия, 2006. С. 214—219.
- Сачанка Б. Вызваляў дух народа // Літаратура і мастацтва. 1992. 12 чэрвеня. № 24. С. 8-9, 14-15.
- Содаль У. Праўда праз шэсцьдзесят гадоў… // ЛіМ. 1999, 24 вер.
Спасылкі
правіцьАляксандр Мікітавіч Уласаў на Вікісховішчы |
- Асілак на дрэве. 145 гадоў з дня нараджэньня аднаго з бацькоў сучаснай беларушчыны // сайт «Наша Ніва», 16 жніўня 2019
- УЛАСАЎ Аляксандр Мікітавіч