Вольная Беларусь

газета

«Вольная Беларусь» — беларуская грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку. Выдавалася з 28 траўня (10 чэрвеня) 1917 года да лістапада 1918 года ў Мінску на беларускай мове. Рэдактар — Язэп Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліпеня 1917 года — Таварыства беларускай культуры. У 1917 годзе выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 годзе штотыдзень.

«Вольная Беларусь»
Вольная Беларусь № 1, 28 мая (10 чэрвеня) 1917 г.
Вольная Беларусь № 1, 28 мая (10 чэрвеня) 1917 г.
Арыгінальная
назва
Вольная Беларусь
Тып газета
Выдавец Беларускі нацыянальны камітэт
Краіна
Галоўны рэдактар Язэп Юр’евіч Лёсік
Заснавана 28 мая (10 чэрвеня) 1917
Спыненне публікацый лістапад 1918
Палітычная прыналежнасць Беларуская сацыялістычная грамада
Мова беларуская
Галоўны офіс Мінск, вул. Захар’еўская, 18

Спачатку газета выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі, а па абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі — за незалежную дэмакратычную Беларусь. Закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

Гісторыя

правіць
 
Язэп Лёсік, рэдактар і аўтар «Вольнай Беларусі»

У 1917 годзе развівала традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) і газеты «Наша ніва». Выяўленая ў праграмных матэрыялах ідэя «вольнай Беларусі» мела рамантычны характар: акцэнтавалася ўвага на культурна-асветных і дэмакратычных традыцыях беларускага народа, на яго прыярытэце ў станаўленні свецкай беларускай культуры, кнігадрукавання, на абарончай пазіцыі Беларускі ў дачыненні да імперыялістычнай палітыкі царскай Расіі і Польшчы. Заклікала да адраджэння краю, добрасуседскіх адносін з Расіяй, Польшчай, Украінай і Літвой пры ўмове прызнання імі нацыянальнай і культурнай самастойнасці Беларусі.

Вітала Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года, выступала за культурна-нацыянальную і дзяржаўную аўтаномію Беларусі ў складзе будучай федэратыўнай Расіі. Апублікавала «Праект платформы беларусаў-аўтанамістаў», у якім абвяшчалася неабходнасць стварэння аўтаноміі Беларусі на тэрыторыі кампактнага рассялення беларусаў, адраджэння нацыянальнай дзяржаўнасці з уласнымі заканадаўчымі, выканаўчымі і судовымі органамі ўлады, гарадскім і сельскім самакіраваннем, беларускімі вайсковымі фармаваннямі, аўтакефальнай беларускай царквой. Лозунг «Жыве Беларусь!» стаў дэвізам шматлікіх матэрыялаў газеты. Важнае месца адводзілася наданню беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы, развіццю школы ўсіх ступеняў з выкладаннем па-беларуску.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі рэдактар Язэп Лёсік пісаў: «Хто дбае аб культуры, хто стаіць за грамадскі лад, за дэмакратызм і еднасць дзяржавы Расійскай, той мусіць адказацца ад надзеі завядзення парадку з цэнтру і рашуча стаць на грунт федэралізму» (8 лістапада 1917). Неадназначна ацэньваў Лёсік ролю бальшавікоў, якія, на яго думку, садзейнічалі дэмакратызацыі краіны, але іх палітыка цэнтралізму нежыццёвая. Таму аднаўленне грамадскага і дзяржаўнага ладу неабходна пачаць на Беларусі, Украіне, у велікарускіх губернях Сібіры і іншых рэгіёнах, якія пасля гэтага «патрапяць устанавіць і агульнадзяржаўны парадак праз сваіх прадстаўнікоў у Маскве і Петраградзе» (тамсама). На старонках газеты абмяркоўваліся тэарэтычныя і практычныя праблемы федэрацыі і канфедэрацыі дзяржаў. Лёсік і іншыя аўтары Вольнай Беларусі крытыкавалі класавую палітыку бальшавікоў і савецкага ўрада, якая, на іх думку, прывяла да анархіі, разбурэння эканомікі і грамадзянскіх сувязей, да «вялікай трагедыі» Расійскай дзяржавы.

У снежні 1917 года газета паведамляла пра работу Усебеларускага з’езда. Бальшыня дэлегатаў з’езда, якіх падтрымлівала газета, выступала за Беларускую аўтаномную рэспубліку ў складзе Расіі, за нацыянальнае самавызначэнне і суверэнітэт народа (8 і 31 снежня 1917, 7 студзеня 1918). Пасля разгону з’езда газета ўскладала надзеі на Усерасійскі ўстаноўчы сход, агітавала за дэмакратычны блок беларускіх партый і арганізацый.

З абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) курс газеты змяніўся: яна пачала выступаць за незалежную дэмакратычную Беларусь, заклікала да стварэння беларускага нацыянальнага войска, крытыкавала палітыку ваеннага камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Пад рубрыкай «Вольная трыбуна» выступалі аўтары з дыскусійнымі матэрыяламі. Аўтар артыкула «Становішча Беларусі» (пад крыптанімам Я. Р-ч, 14 студзеня 1918) бачыў небяспеку з боку манархічнай Германіі, якая, на яго думку, не будзе разбіта ў вайне, пастараецца раздзяліць былую Расійскую імперыю і не дапусціць утварэння на яе тэрыторыі нацыянальных рэспублік. Ён выступаў за адмову ад рэвалюцыйнай агітацыі, за кансалідацыю ўсіх партый і груповак дзеля адбудовы краю. Актывіст БСГ Н. Бываеўскі (Язэп Дыла) у артыкул «Што нас чакае» (24 лютага 1918) даказваў, што сацыялістычныя ідэалы застаюцца канструктыўным фактарам нацыянальнага адраджэння і несумяшчальныя з анархіяй. А. Прушынскі (Алесь Гарун) аспрэчваў пазіцыю левых сацыял-дэмакратаў і тых бальшавікоў, якія даказвалі, быццам сацыялістычны рух і нацыянальнае самавызначэнне народаў несумяшчальныя паміж сабой. На яго думку, сацыялістычны лад — антытэза капіталізму; аднак беспадстаўнымі з’яўляюцца ўтапічныя мары пра стварэнне «камуністычнага раю» на зямлі ў безнацыянальным грамадстве (17 сакавіка 1918). Газета друкавала пратэсты БСГ супраць «апекі» Германіі над Беларуссю, выступала за непадзельнасць беларускага краю. Выкрывала пазіцыю кіраўніка савецкай дэлегацыі Льва Троцкага, які не дапусціў беларускіх дэлегатаў да ўдзелу ў мірных перамовах з Германіяй і яе хаўруснікамі ў Берасці, дзе даказвала памылковасць пазіцыі Троцкага на перамовах, яго лозунга «ні міру, ні вайны» (17, 24 лютага 1918). Пазней Лёсік крытыкаваў вынікі Брэсцкага міру, ганебнага, на яго думку, для Расіі і згубнага для акупаванай немцамі і падзеленай Беларусі (10 сакавіка 1918).

Вольная Беларусь публікавала асноўныя дакументы Рады БНР, паводле якіх Беларусь абвяшчалася незалежнай дэмакратычнай дзяржавай (31 сакавіка 1918), падтрымала праграму дэмакратызацыі краіны і яе нацыянальнага адраджэння, выступіла за перагляд умоў Брэсцкага міру, што тычыліся Беларусі. У 1917 годзе значнае месца ў газеце займалі паведамленні пра ўнутранае становішча і міжнародныя падзеі, звесткі з франтоў, афіцыйныя матэрыялы Часовага ўрада і органаў мясцовага самакіравання. З сакавіка 1918 года гэтыя аддзелы перайшлі да штодзённай газеты «Беларусі шлях», а Вольная Беларусь засяродзілася на сацыяльна-эканамічных, палітычных і культурна-асветных праблемах Беларусі, яе гісторыі, літаратуры і мастацкай культуры. Шмат увагі аддавалася змаганню за беларусізацыю школы, падрыхтоўцы беларускіх падручнікаў, выкрыццю антыбеларускай пазіцыі мясцовых чыноўнікаў, буржуазных партый і груповак, барацьбе са спекуляцыяй і бандытызмам, аб’яднанню ў адзіны нацыянальны фронт патрыятычных сіл беларускага грамадства. Быў апублікаваны артыкул «Дзесяць прыказанняў для памяці» Змітрака Бядулі, «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?» Вацлава Ластоўскага. Газета апублікавала цыкл нарысаў П. Нечыпарэнкі па гісторыі старажытнай Беларусі VIII—XIII ст. у перакладзе з украінскай мовы, даследаванне Лёсіка «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Нашы месты». Друкаваліся «Праграма па гісторыі Беларусі» і іншыя матэрыялы, у якіх падкрэсліваліся самабытны гістарычны шлях беларускага народа і яго высокая культура ў эпоху сярэднявечча, даследаванні Рамуальда Зямкевіча пра спадчыну Францыска Скарыны («Друк Скарыны і друк сучасны», «Значэнне Францішака Скарыны ў беларускай культуры»), навукова-папулярныя даследаванні Лёсіка па беларускай мове («Граматыка і родная мова», «Наш правапіс», «Родная мова і яе значэнне»), нацыянальным фальклоры (публікацыі песень, легенд, паданняў), інфармацыя пра мастацкія выстаўкі ў Менску і Вільні. Шэраг нарысаў прысвечаны этнаграфічнаму апісанню сялянскага побыту, развіццю харчовай прамысловасці на Беларусі (артыкулы Рамуальда Зямкевіча, Аляксандра Уласава).

У снежні 1918 года Менск быў заняты бальшавікамі. Паводле ўспамінаў Лёсіка, «бальшавіцкія грабежнікі ачысцілі рэдакцыю да апошняй паперкі. Забралі пішучую машынку, шапірографы, рукапісы, канцэляр, паперу, пячаткі, канторскія кніжкі, рахункі, адрасы падпісчыкаў, пісьмы і г.д... Гдзе гэта ўсё дзелася — няма ведама. Загінула навекі, а тым часам там шмат было рукапісаў вядомых беларускіх пісьменнікаў, каторых ніякімі грашыма аплаціць немагчыма, бо гэта былі аўтэнтыкі»[1].

Літаратура і мастацтва

правіць

Значнае месца ў газеце займаў літаратурна-мастацкі аддзел. На яе старонках упершыню надрукаваныя камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», «Пінская шляхта» (у перакладзе на сучасную беларускую мову з «пінчуцкай гаворкі» Язэпа Лёсіка), верш «Пагоня», цыкл «На ціхім Дунаі», артыкул «Забыты шлях», гісторыка-этнаграфічны нарыс «Хто мы такія?» Максіма Багдановіча. З архіва Зямкевіча газета надрукавала верш Янкі Лучыны «Заходзіць сонца за горы», ананімныя вершы і апавяданні. У Вольнай Беларусі ўпершыню апублікаваныя першая рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка» і раздзелы з паэмы «Новая зямля», драма «Антось Лата», вершы, апавяданні з цыкла «Казкі жыцця» Якуба Коласа. Актыўнымі супрацоўнікамі Вольнай Беларусі былі Змітрок Бядуля (друкаваў перадавіцы, артыкул «М. А. Багдановіч», «Галгофа», «Народ і інтэлігенцыя», нарысы «Прыфрантавы рубеж Беларусі», «Хрыстос уваскрос!», вершы, апавяданні), Алесь Гарун, Максім Гарэцкі. Друкаваліся творы Каруся Каганца, Альберта Паўловіча, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка, Францішка Аляхновіча, Фабіяна Шантыра, Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, Міхайлы Грамыкі, Макара Краўцова, пераклады з украінскай (вершы Тараса Шаўчэнкі), рускай (апавяданне Максіма Горкага «Старая Ізергіль»), польскай (паэма «Чысты чацвер» Уладзіслава Сыракомлі) моў.

Газета мела сталую рубрыку «Беларускі тэатр», асвятляла дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, віленскага беларускага дзіцячага тэатра С. Корф, дзейнасць клубаў беларускай творчай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», Народнага дома імя Максіма Багдановіча, Беларускага таварыства «Цётка» імя Алаізы Пашкевіч-Цёткі, інфармавала пра гастролі тэатральных калектываў, друкавала тэатральныя рэцэнзіі і рэкламу.

Крыніцы

правіць
  1. Я. Ксяневіч Беларуская Кнігарня // Звон : газета. — Менск: 1919. — № 9. — С. 3.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць