Францішак Аляхновіч

беларускі драматург, тэатральны дзеяч і публіцыст

Франці́шак Ка́ралевіч Аляхно́віч, Аляхно́віч-Але́кна (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік.

Францішак Аляхновіч
Francišak Alachnovič.jpg
Ф. Аляхновіч, 1921 г.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Францішак Каралевіч Аляхновіч
Псеўданімы Юрый Монвід, Я. Монвід і І. Монвід
Дата нараджэння 9 сакавіка 1883(1883-03-09)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 1944(1944-03-03)[1][2] (60 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Караль Іванавіч Аляхновіч[d]
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, публіцыст, пісьменнік, паэт, журналіст, рэдактар газеты
Мова твораў беларуская
Дэбют «На Антокалі» (1905)
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка[3]. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі»[4].

БіяграфіяПравіць

МаленстваПравіць

Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 года ў Вільні. Пра яго маці, Марыю з Наркевічаў[5], звестак не засталося. Яго бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак збяднелага шляхецкага роду з-пад Радашковічаў быў прафесійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах[6]. Упершыню ён узяў Францішка на спектакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў[7]. Ранняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла захапленне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданне Францішка стаць акцёрам. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сістэмную агульную адукацыю (за хранічную непаспяховасць ён быў выключаны з 5 класа Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучанне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе)[8].

Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся са старэйшым за яго на тры класы Феліксам Дзяржынскім, які пазней працаваў рэпетытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вільні[9].

АдукацыяПравіць

Бацькі не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдуманым імем Андрэй Кулеша. Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць пропуск на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку звярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы[10]. Па прыбыцці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта праз адсутнасць у школе набору на 1903/04 год[8].

Увосень 1904 года перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую скончыў у 1907 годзе. Пазней толькі год папрацаваўшы акцёрам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчаравання руціннасцю і несамавітасцю правінцыйнага тэатра[8]. З 1908 года ў Вільні[3]. Спачатку працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Perkunas».

Беларускі асяродакПравіць

 
Францішак Аляхновіч у Львове, 1910-я гг.

На гэты час прыпадае збліжэнне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла яго ролю ў беларускім нацыянальным руху. У канцы студзеня 1910 года Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысіруе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы Марка Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра[11]. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех[8].

Неўзабаве пасля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Perkunas», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, праз які яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» і ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные»[12].

Атрымаўшы позву ў суд, Францішак Аляхновіч туды не з’яўляецца, а ўцякае на Галічыну (Аўстра-Венгрыя), дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 годзе ў Вільню, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца[13]. Яму даравалася зневажанне толькі «сіл зямных», а за знявагу «сіл нябесных» прыгавораны на год турэмнага зняволення, адбывае тэрмін у віленскіх Лукішках[14]. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камедыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову[13]. Камедыя пабачыла свет на старонках віленскай беларускай газеты «Гоман».

Першая сусветная вайнаПравіць

 
Францішак Аляхновіч, 1914 год. Здымак Яна Булгака

Заканчэнне тэрміну пакарання Францішка супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Аляхновіч працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за частку накладу газеты «Гоман», якая выходзіла беларускай лацінкай.

Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916—1918 гадоў быў для Францішка Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 года ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына[3], сіламі якога 15 кастрычніка 1916 года ставіцца беларускі спектакль паводле матываў «Хама» Элізы Ажэшкі[15]. 26 снежня 1916 года ставіцца п’еса «На Антокалі»[14]. З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатр Францішка Аляхновіча[15].

Адкрываючы тэатральны сезон 1917 года, Аляхновіч бярэцца за напісанне п’ес, якія б адпавядалі запатрабаванням часу — уздыму нацыянальнай самасвядомасці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам[14]), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесць спавядальнага характару «Пісьмы да яе»[15].

У гэты час Аляхновіч сутыкаецца з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняй, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак»[14], які арганізавала «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку паводле паэм Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», з якой у творчасць аўтар увайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі[15].

У чэрвені 1918 года пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра рэарганізаванага з закладзенага ў маі 1917 года Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Паводле слоў Максіма Гарэцкага:

Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч без нямецкага пропуска, пехатою, без грошай у кішэні пусціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён з нейкімі засцянковымі шляхцянкамі перабраўся праз лінію старога фронту (каля Маладзечна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск[16]

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала добрыя водгукі[13]. Ролю Няміры выканаў сам аўтар[14]. З гэтай нагоды беларускі літаратар Змітрок Бядуля пісаў:

Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць[17].

Змітрок Бядуля

Аляхновіч арганізоўвае ўласную трупу. У гэты ж год Францішак Аляхновіч ладзіць дзве прэм’еры паводле сваіх новых п’ес: камедыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцця» (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі[13].

Савецка-польская вайнаПравіць

 
Францішак Аляхновіч і Уладзіслаў Галубок. Менск, 1918 г.

З адступленнем нямецкіх войскаў і ўсталяваннем у Менску савецкай улады, тут арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатр (Францішак Аляхновіч — дырэктар, Фларыян Ждановіч — рэжысёр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатр»[13]. Пазней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатр» успамінаў:

Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спектаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць… Камісарыят народнай асветы багата субсыдуе тэатр. Артысты з матэрыяльнага боку забяспечаныя. Рэпертуар узбагачаецца новымі творамі[13].

— Францішак Аляхновіч. «Беларускі тэатр», (1924)

Праз недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 года Францішак Аляхновіч выязджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыццё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні»[18]. Аляхновіч знаходзіць сваю былую трупу і пачынае з ёю ставіць спектаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатр і ў Вільні, аднак савецка-польская вайна перашкодзіла ажыццяўленню яго намераў. У красавіку 1919 года палякі займаюць горад[13]. З пачаткам уварвання Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы[19]. Пісьменнікі разважаюць наконт уцёкаў з Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар заканчвае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камедыю «Птушка шчасця», друкуе вялікі артыкул «Тэатр на вёсцы», піша вершы і апавяданні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» друкуецца на старонках газеты «Беларускае жыццё», якая са снежня 1919 года будзе выдавацца ў Менску[13]. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камедыя «Птушка шчасця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 года, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле аднайменнага апавядання Уладзіміра Караленкі(руск.) бел.).

 
Група беларускіх пісьменнікаў: Францішак Аляхновіч — першы злева ў ніжнім шэрагу, Янка Купала — першы справа.
май-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасля выхаду апошняга (10-га) яго нумара[20].

У другой палове лістапада 1919 года Францішак Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў заняты польскімі легіянерамі Менск[18]. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камедыі, на якім была прынята пастанова аб распачынанні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадскі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Рэжысёрам быў зноў выбраны Фларыян Ждановіч. Гэты тэатр праіснаваў да жніўня 1920 года, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове створаны Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1)[13].

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў пра падтрымку яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманні субсідый, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца. Пад забаронай былі і п’есы Францішка Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра»[13]. У снежні 1919 года аўтар піша драму ў трох актах «Цені»[13]. Да менскага перыяду дзейнасці адносіцца таксама п’еса «Заручыны Паўлінкі»[18].

ВільняПравіць

 
Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Францішак Аляхновіч — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу першы злева

У ліпені 1920 года разам з адступаючымі польскімі войскам з’язджае з Менска, вяртаецца ў Вільню. У кастрычніку 1920 года Вільня ўвайшла ў склад марыянеткавай Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе далучанай да Польшчы. Па прыбыцці працаваў у розных перыядычных выданнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 1921—1923 рэдагаваў газету «Беларускі звон»[18], у першым нумары якой і была апублікавана яго новая п’еса «Няскончаная драма»[13]. Выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі.

Для свайго першага спектакля новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасця». А следам за «Птушкай шчасця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Янкі Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які быў нібыта развязкай сюжэта купалавай п’есы[13]. Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што гэта спроба аказалася не вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў[18].

Улетку 1921 года раз’язному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі[13], што дагэтуль рашуча забаранялася[18]. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг мястэчак Заходняй Беларусі: Ашмяны, Радашковічы, Вілейку і інш[13]. Аўтар заканчвае яшчэ два драматычныя творы: «Шчаслівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).

За 1923 год Аляхновіч не напісаў аніводнай п’есы, але актыўна працаваў у друку і тэатры. Для польскіх газет «Kurier Wileński» і «Przegląd Wileński» перакладаў творы беларускіх аўтараў, рэзка выступаў у друку супраць уціску нацыянальных мяншыняў краю, за што адсядзеў некалькі дзён у Лукішках. У 1924 годзе Таварыствам драматычнай майстэрні была пастаўлена драма Аляхновіча «Манька», якая атрымала новую назву — «Дрыгва».

Пераезд у Савецкую Беларусь і арыштПравіць

 
Сыны Францішка Аляхновіча Юрка (справа) і Казік (злева) у часе яго ссылкі на Салавецкіх астравах (1927—1933)

Поспехі савецкай Беларусі ў галіне культурнага адраджэння нацыі, выкліканыя палітыкай беларусізацыі, вельмі зацікавілі Францішка Аляхновіча. У 1922 годзе ён беспаспяхова спрабаваў сустрэцца з беларускай культурна-выдавецкай місіяй на чале з Цішкам Гартным у Берліне, пазней стаў настойліва шукаць кантактаў з Менскам. Пра гэта ў сваіх успамінах ён пазней напіша:

1922-гі год. Хачу ехаць у Берлін. Паеду праз Коўню, бо туды эміграваў наш беларускі Урад. Там мне дапамогуць атрымаць пашпарт. У Берліне сядзіць З. Жылуновіч, якому даручана выдавецтва беларускіх аўтараў. Я чуў, што і маё нешта будзе друкавацца.

Скончыліся гэтыя захады запрашэннем на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі[21]. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 года Францішак Аляхновіч выехаў у Менск. Узровень развіцця навукі і асветы ў савецкай Беларусі зрабіў моцнае ўражанне на пісьменніка. Узровень Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), які працаваў у Менску, і БДТ-2, які толькі адкрыўся ў Віцебску проста ашаламіў[21].

Францішка Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасада не была штатнай, плацілі толькі за п’есы. Захаваўся ліст Максіма Гарэцкага да даследчыка беларускай літаратуры Льва Клейнбарта, у якім паведамляецца аб новай п’есе Аляхновіча «На крэсах», якую драматург здаў Другому дзяржаўнаму тэатру. П’еса не захавалася[22].

23 снежня 1926 года Аляхновіч атрымлівае статус грамадзяніна БССР, а ўжо 1 студзеня 1927 года[21] апынаецца ў ізалятары менскай турмы. Яму інкрымінуюць «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы». У следчай справе Францішка Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш., дзе пісьменнікі прасілі вызваліць Аляхновіча. Аднак Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага горада Колежма)[13]. Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязнямі Салавецкага лагера.

У пачатку восені 1933 года, дзякуючы намаганням ваяводскага ўрача Адольфа Наркевіча[23] быў абмяняны ля прыгранічный станцыі Коласава[24] на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча — лідара Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сустрэўшыся на памежным мастку яны прыўзнялі капелюшы[25]. Знаходжанне ў савецкім лагеры моцна адбілася на пісьменніку: ён часта пакутаваў ад начных кашмараў, што выяўлялася ў енках і стогне ў часе сну[26].

Вяртанне ў Вільню. Другая сусветная вайнаПравіць

 
Уладзімір Самойла, Францішак Аляхновіч і Антон Луцкевіч. Вільня, 1930-я гг.

Вярнуўшыся ў Вільню Францішак Аляхновіч ізноў стварае тэатральную трупу, але і яна праіснавала нядоўга. Асноўны час ён прысвячае напісанню свайго самага вядомага твору — успамінаў пра знаходжанне ў савецкім лагеры «У капцюрох ГПУ». Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газеце «Słowo»; расійскі пераклад успамінаў апублікавала парыжская газета «Возрождение». У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразіліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газета «Діло», рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 года аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове[27].

Пасля «Капцюроў ГПУ» пісьменніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганні арганізаваць беларускі тэатр, але пачынаецца вайна і перакрэслівае ўсе яго намеры. З пачаткам Другой сусветнай вайны, у выніку Паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Вільня была занятая бальшавікамі, што прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій і знаходзіцца на нелегальным становішчы[21]. Пазней пра прыход савецкіх войскаў у Вільню аўтар напіша:

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, з якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся…[28]

Безвынікова спрабаваў эміграваць у Германію. Пасля праз Кальварыю перабіраецца ў Коўню, адкуль едзе цягніком у Вільню да сваёй другой жонкі. Тут хаваецца на сямі кватэрах знаёмых: па кожнай у адпаведны дзень тыдня[26]. Далей пераязджае ў Алькенікі, дзе працуе вартаўніком да пачатку нападу Германіі на Савецкі Саюз. Успаміны з гэтага перыяду яго жыцця, выйдуць 24 кастрычніка 1943 года ў № 40-м беластоцкай газеты «Новая Дарога» і ў № 6 (42)-м часопіса «Новы Шлях» з некаторымі папраўкамі і скарачэннямі аўтара. З пачатку 1944 года ў тым самым часопісе друкаваліся яго ўспаміны пра перадваенныя тулянні пад назвай «Страшны год». Аб публікацыі аўтабіяграфіі да Францішка Аляхновіча звяртаўся асабіста Кастусь Езавітаў[29]. У перадваенную пару ажаніўся ў трэці раз[26].

 
Сімвалічная магіла Францішка Аляхновіча на віленскіх могілках Роса, 2019 г.

З пачаткам вайны становіцца рэдактарам віленскай пранацысцкай газеты «Беларускі голас». Францішак Аляхновіч уваходзіць у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, займае пасаду кіраўніка Віленскага камітэту БНП[30]. У 1942 годзе ў Менску адбылася прэм’ера яго дапрацаванае п’есы «На Антокалі». У 1943 годзе з’явілася шасціактавая п’еса з пралогам «Круці не круці — трэба памярці», напісаная вершаванай прозай з малюнкамі Пётры Сергіевіча, дзе перапляталіся фальклорна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. У гэты ж год ён перапісвае сваю дзіцячую п’есу «У лясным гушчары»

Увечары 3 сакавіка 1944 года Францішак Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры. Пра яго смерць віленская мемуарыстка Галіна Войцік піша:

У пачатку сакавіка 1944 года трагічнае здарэнне ўскалыхнула беларусаў Вільні — забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаванняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак, хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома[31].

Францішак Аляхновіч быў з вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні. У 1989 годзе адбылося яго сімвалічнае перазахаванне на могілках Росы, бо Кальвінскія могілкі былі знесены за савецкім часам[23].

Творы Францішка Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах[27].

Унёсак у беларускую драматургіюПравіць

Дзякуючы творчасці Францішка Аляхновіча здабыткам беларускай літаратуры стаў вобраз рэфлексаванага інтэлігента альбо інтэлігента-ідэолага (Сымон у «Страхах жыцця», Сцяпан у «Ценях», Костусь у «Няскончанай драме»), які рэзка кантраставаў з вобразамі інтэлігентаў у папярэднікаў драматурга, што выяўляліся выхадцамі з сяла і, нягледзячы на рознае паходжанне і выхаванне, былі прасякнуты яго трывогамі і клопатамі. Літаратурны вобраз-тып Аляхновіча — гэта чалавек з тонкай псіхалагічнай арганізацыяй, схільны да філасофствавання, які адчувае сябе лішнім у жыцці, але тым не менш здольны аналізаваць свае пачуцці ў моманты найвышэйшага душэўнага напружання[32].

У філасофска-эстэтычнай канцэпцыі Францішка Аляхновіча моцна адчуваецца ўплыў еўрапейскай «новай драмы». У. Ковель адзначае, што параўнальна аналіз п’ес польскага драматурга Станіслава Пшыбышэўскага(польск.) бел. і Францішка Аляхновіча дае ўсе падставы сцвярджаць, што менавіта гэты пісьменнік найбольш паўплываў на творчасць аўтара[32].

Аўтар выкарыстоўвае стылявы эфект «падводнай плыні», калі героі выказваюцца аб сваім набалелым звычайна-штодзённай мовай, за нейтральна-славеснай абалонкай якой адгадваюцца заглушаныя інтэнсіўныя эмоцыі. Таксама драматург выкарыстоўвае прыём інтэлектуальнага асэнсавання падзей самімі персанажамі і незавершаную канцоўку, што дапускае новы працяг вырашэння пастаўленых праблем. Складаная праблематыка п’ес Аляхновіча з прыярытэтам суадносін паміж душэўным патэнцыялам чалавека і здзяйсненнем ім свайго прызначэння згодна з этычнымі законамі і патрабаваннямі была наватарскай для беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя і працягвала традыцыі «новай драмы» заходнееўрапейскай літаратуры[32].

ТворчасцьПравіць

Францішак Аляхновіч дэбютаваў у друку ў 1917 (газета «Гоман»), супрацоўнічаў таксама ў газетах і часопісах «Беларускае жыццё», «Грамадзянін», «Рунь». Ёсць аўтарам 17 п’ес не лічачы аднаактавы дадатак «Заручыны Паўлінкі».

Творы Францішка Аляхновіча зноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах. У 2006 годзе выйшлі выбраныя творы.

Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы: А-віч; Ф. А.; Ф. О.; Фр.; Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід.

ДраматургіяПравіць

 
У капцюрох ГПУ, 1937
  • «На Антокалі» (1905, перароблена ў 1942[21])
  • «На вёсцы» (напісана 1916[33], асобнае выданне — 1919[34])
  • «Бутрым Няміра» (1916)
  • «Манька» (1917, другая рэдакцыя ў 1924[13] пад назваю «Дрыгва», асобнае выданне — 1925[34])
  • «Базылішк» (1917)
  • «У лясным гушчары» (пастаўлена 1917, асобнае выданне — 1932[34], перароблена ў 1943[21])
  • «Папараць-кветка» (1917)
  • «Калісь» (напісана 1917[15], асобнае выданне — 1919[34])
  • «Дзядзька Якуб» (1918)
  • «Чорт і Баба» (1918)
  • «Заручыны Паўлінкі» (пастаўлена 1918, асобнае выданне — 1921[34])
  • «Страхі жыцця» (пастаўлена ў 1918, асобнае выданне — 1919)
  • «Цені» (пастаўлена 1919, асобнае выданне — 1920[34])
  • «Птушка шчасця» (пастаўлена 1920)
  • «Няскончаная драма» (1920, асобнае выданне — 1922[34])
  • «Шчаслівы муж» (асобнае выданне — 1922)
  • «Пан міністар» (1923, асобнае выданне — 1924[34])
  • «Круці не круці — трэба памярці» (1943)

ПрозаПравіць

  • «Пісьмы ад яе» (газета «Гоман», 1918[34])
  • «У капцюрох ГПУ» (1937)
  • «Страшны год» (1944, кніга ўспамінаў)

ІншаеПравіць

ЗноскіПравіць

  1. 1,0 1,1 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119518899 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 кастрычніка 2015.
  2. 2,0 2,1 Frantsishak Alyakhnovich // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 3,0 3,1 3,2 Сабалеўскі, А.В. Аляхновіч Францішак Каралевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 35. — 568 с.
  4. Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры. — Вільня, 1927. — С. 462.
  5. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  6. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 535. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  7. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 4. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  9. Руслан Горбачев. Бегство от смерти Франтишка Алехновича(руск.) . Салідарнасць.
  10. Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 18—19. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  11. Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
  12. Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 22. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  13. 13,00 13,01 13,02 13,03 13,04 13,05 13,06 13,07 13,08 13,09 13,10 13,11 13,12 13,13 13,14 13,15 13,16 Францішак Аляхновіч. belsoch.org.(недаступная спасылка)
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 14,4 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  15. 15,0 15,1 15,2 15,3 15,4 Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 36. — ISSN 0234-1360.
  16. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  17. Змітрок Бядуля Беларускі Народны Тэатр // Беларускі шлях. — Мінск: 1918. — № 91.
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 18,5 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 538. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  19. Гарэцкі, М.. Смаленск — Мінск — Вільня // Гарэцкі, М. Творы. — Мінск: Маст. літ., 1990. — С. 292.
  20. Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  21. 21,0 21,1 21,2 21,3 21,4 21,5 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  22. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 353. — 583 с.
  23. 23,0 23,1 Архіўная копія (недаступная спасылка). Наша Ніва. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2009. Праверана 23 верасня 2012.
  24. Галоўка, С. Абмен палітвязняў на станцыі Коласава. Перапляценні лёсаў Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча // Роднае слова. — Мн.: 2001. — № 11. — С. 105—109.
  25. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 9. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  26. 26,0 26,1 26,2 Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч) Страшны год (успаміны нядаўніх дзён) // ARCHE Пачатак. — 1999. — № 2.
  27. 27,0 27,1 АЛЯХНОВІЧ Францішак // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  28. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 10. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  29. Аляхновіч Ф. Францішак Аляхновіч — сам аб сабе // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  30. Сяргей Ёрш. Сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. Біяграфічны даведнік. Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў.
  31. Архіўная копія (недаступная спасылка). http://svabodaby.net. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2016. Праверана 23 верасня 2012.
  32. 32,0 32,1 32,2 Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 341—343. — 583 с.
  33. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 7. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  34. 34,0 34,1 34,2 34,3 34,4 34,5 34,6 34,7 34,8 Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Аляксей Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X.
  35. Заручыны Паўлінкі: п’еса ў 1 акце з песнямі і скокамі(недаступная спасылка)

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць