Армія Краёва (польск.: Armia Krajowa, AK) — узброеная падпольная арганізацыя, якая дзейнічала на акупіраванай у 1939 годзе Нацыстскай Германіяй і СССР тэрыторыі міжваеннай Польшчы (у тым ліку на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Украіны). Ставіла мэту аднаўлення Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 года.

Помнік Арміі Краёвай і падпольнай Польскай дзяржаве, Варшава

Польскае супраціўленне ў верасні 1939 — чэрвені 1941 гадоў

правіць

Пасля паражэння Польшчы ў Абарончай вайне 1939 года за межамі краіны быў створаны польскі эміграцыйны ўрад на чале з Уладыславам Сікорскім, які ажыццяўляў кіраўніцтва дзейнасцю падпольных ваенных арганізацый на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне.

Пасля таго, як 17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі ўсходнюю мяжу Польшчы (гл. Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 1939), СССР падаваўся як другі акупант, хаўруснік Трэцяга Рэйху. Урад Сікорскага не прызнаваў законнасці дамоваў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, а таксама ўключэнне тэрыторый Заходняй Беларусі, Віленшчыны і Заходняй Украіны ў склад СССР. Адпаведна з гэтым будавалася і дзейнасць арганізацый і груп, якія падпарадкоўваліся ўраду Сікорскага.

Да канца чэрвеня 1941 года эміграцыйны ўрад Польшчы і падначаленыя яму падпольныя ваенныя арганізацыі Галоўнага камандавання Саюзу ўзброенай барацьбы (СУБ) знаходзіліся ў стане вайны як з Германіяй, так і СССР, хоць маштабных баявых дзеянняў яны не прадпрымалі.

 
Знак «Польшча змагаецца»

Першачарговай задачай СУБ з’яўлялася падрыхтоўка кадраў для ўсенароднага паўстання, якое павінна было ўспыхнуць у момант набліжэння войск саюзнікаў. Пачалася актыўная работа па злучэнні вайсковых фарміраванняў, якія былі створаны пасля вераснёўскай кампаніі і вялі незалежную падпольную дзейнасць. Афіцэры арганізоўвалі тайную вайсковую падрыхтоўку, пад іх кіраўніцтвам збіралася зброя, ажыццяўлялася разведвальная дзейнасць на карысць саюзнай Вялікабрытаніі. Моладь шырока ўжывала дробны сабатаж, адной з найбольш папулярных акцый было маляванне на сценах надпісу «Польшча змагаецца» — у выглядзе якара.

Польскае супраціўленне ў ліпені 1941 — студзені 1942 гадоў

правіць

Напад Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года змяніў сітуацыю ў Еўропе. Значная частка польскай эміграцыі разлічвала, што ў такіх умовах СССР пойдзе на саступкі адносна ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы.

12 ліпеня 1941 года ў Маскве было падпісана першае афіцыйнае англа-савецкае пагадненне, у якім урады абедзвюх краін абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў вайне і не заключаць сепаратнага міру ці перамір’я. Зразумела, што ў гэтых умовах таксама павінен быў вызначыць сваю пазіцыю эміграцыйны польскі ўрад, які ў гэты час знаходзіўся ў Англіі. 30 ліпеня 1941 года была падпісана дамова паміж СССР і Польшчай аб устанаўленні дыпламатычных адносін і аб супрацоўніцтве ў вайне. У першым пункце пагаднення адзначалася: СССР прызнае, што нямецка-савецкая дамоўленасць 1939 адносна тэрытарыяльных змен у Польшчы страціла сілу. Такая фармулёўка, аднак, давала магчымасць для розных яе інтэрпрэтацый, што адразу выклікала ўрадавы крызыс. У знак пратэсту супраць падпісання дамовы без дакладнага вырашэння пытання аб Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў адстаўку падалі міністры замежных спраў А.Залескі, юстыцыі М.Сейда, галоўнакамандуючы СУБ К.Сасноўскі. Нягледзячы на гэта і негатыўнае стаўленне да дамовы прэзідэнта У.Рачкевіча, яна ўвайшла ў сілу.

Тым часам польскім эміграцыйным урадам у жніўні 1941 года была прынятая пастанова аб стварэнні падраздзялення пад кодавай назвай «Вахляж». Задачай падраздзялення была разведвальна-дыверсійная дзейнасць на акупаваных немцамі заходніх тэрыторыях СССР.

Армія Краёва ў лютым 1942 — красавіку 1943 гадоў

правіць

У лютым 1942 года на базе Саюзу ўзброенай барацьбы загадам Сікорскага была ўтворана Армія Краёва, у якую ўвайшлі раней створаныя арганізацыі, што падтрымлівалі эміграцыйны ўрад у Лондане. Зыходзячы з указанняў і інструкцый лонданскага ўраду, кіраўніцтва АК правяло вялікую працу па стварэнні структуры падпольнай ваеннай арганізацыі, здабыцці зброі, ваеннай падрыхтоўцы, палітычным забеспячэнні, разведкі і г.д. Камандаванне АК і падпольны ўрад мелі ў сваім распараджэнні ўзброеныя аддзелы, склады зброі і боепрыпасаў, радыёперадатчыкі, падпольныя друкарні, а таксама значныя грашовыя сродкі.

Уся тэрыторыя Польшчы, у тым ліку і заходнія вобласці Беларусі і Украіны, была падзелена на абшары на чале з камандуючымі (дэлегатамі ўраду). Вакол дэлегатаў ствараліся дэлегатуры з прыцягненнем мясцовых палітычных партый і арганізацый. Абшары падзяляліся на акругі, якія ўзначальваліся камендантамі, акругі на інспектараты, а апошнія на абводы. Найменшую арганізацыйную і ваенную адзінку ўтварала дружына, якая камплектавалася з дзвюх-трох вёсак. Дружыны аб’ядноўваліся ва ўзводы (плютоны), а 2-3 узводы ў роту (кампанію).

Структура СУБ-АК была перш за ўсё скіраваная на падрыхтоўку ўзброеннага паўстання і таму ня ў поўнай меры адпавядала надзённым патрэбам барацьбы з акупантамі. Меркавалася, што для дасягнення галоўнай мэты трэба было прайсці праз тры этапы: фармаванне сіл у падполлі; агульнае паўстанне ці ўзброенная барацьба з мэтай захопу цэнтральнай Польшчы; аднаўленне ўзброеных сіл.

Пазіцыя польскага ўраду не змянілася і пасля таго, як саюзнікі дамовіліся на міжнародным ўзроўні аб усходняй мяжы Польшчы. Як вядома, на Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943 года) была прынята прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Германіі, а ў якасці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана.

Армія Краёва ў красавіку 1943 — студзені 1945 гадоў

правіць

Лонданскі эмігранцкі ўрад і Галоўнае камандаванне АК у Варшаве зыходзілі са сваіх планаў вызвалення Польшчы. Сярод шматлікіх варыянтаў, якія прадугледжваліся пры падрыхтоўцы агульнага паўстання, найбольш пажаданым уяўляўся наступны: заходнія саюзнікі адкрываюць Другі фронт, захопліваюць значную частку Заходняй Еўропы, а нямецкія войскі капітулююць, калі лінія фронту будзе далей усходніх межаў Польшчы. Саюзнікі падтрымліваюць агульнапольскае паўстанне, урад і армія Андэрса вяртаюцца ў Польшчу.

З канца 1943 года пачалося актыўнае фармаванне аддзелаў AK для задач будучага паўстання. Камандаванне АК прытрымлівалася тактыкі «чакання» і «неправакавання немцаў», асцерагаючыся, што фашысцкі тэрор выкліча «лавіну заўчасных выступленняў», над якімі немагчыма будзе ўстанавіць кантроль. Дырэктывы Галоўнага камандавання АК сваім нізавым арганізацыям прадпісвалі наступнае:

  • дзейнічаць самастойна супраць немцаў;
  • перад савецкімі партызанамі выступаць як аддзелы АК, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і падпарадкоўваюцца польскаму ўраду;
  • дазваляецца часовае супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, больш працяглае павінна ўзгадняцца з камандаваннем акругі і нават з ГК АК;
  • у выпадку, калі савецкія партызаны прымусова пачнуць далучаць да сябе аддзелы АК, усяляк пазбягаць гэтага, а ў выпадку спробы знішчэння аддзелу — абараняцца.

Падкрэслівалася, што барацьба з «саветамі» ёсць непажаданай крайнасцю.

У 1944 годзе дзейнічалі злучэнні АК «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад», «Стоўбцы».

У ходзе наступлення савецкіх войск АК пачала ажыццяўляць аперацыю «Бура». План аперацыі быў распрацаваны ў кастрычніку 1943. Ён прадугледжваў, што пасля таго, як Чырвоная Армія пяройдзе ўсходнюю мяжу Польшчы, атрады АК выйдуць з падполля і разам з савецкімі злучэннямі будуць змагацца з гітлераўцамі, а структуры цывільнай улады падпольнай Польскай дзяржавы пачнуць адкрыта ажыццяўляць свае функцыі, успрымаючы СССР як «саюзніка сваіх саюзнікаў» і «гаспадара вызваленых зямель». На практыцы ўдалося рэалізаваць толькі першую частку гэтага плана. Фарміраванні АК, якія налічвалі па некалькі тысяч байцоў, узгоднена з савецкім камандаваннем атакавалі адступаючых немцаў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Так былі вызвалены, між іншым гарады Вільня і Львоў.

Адразу пасля гэтага пачалася ліквідацыя аддзелаў АК. Частка іх членаў уступіла ў Войска Польскае, іншыя адступілі на захад, дзе працягвалі барацьбу з нацыстамі, многія былі арыштаваныя савецкімі органамі бяспекі.

Польскі эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва Арміі Краёвай узнялі 1 жніўня 1944 года Варшаўскае паўстанне, якое было жорстка задушана гітлераўцамі.

19 студзеня 1945 года Армія Краёва афіцыйна распушчана эмігранцкім урадам.

Кіраўніцтва АК

правіць

Камендант АК — польская назва командуючага АК.

  1. 14 лютага 1942 — 30 чэрвеня 1943 — генерал Стэфан Равецкі (мянушка — «Грот»)
  2. 30 чэрвеня 1943 — 2 жніўня 1944 (да канца Варшаўскага паўстання) — генерал Тадэвуш Камароўскі (мянушка — «Бур», Bór)
  3. 2 жніўня 1944 — 19 студзеня 1945 — генерал Леапольд Акуліцкі (мянушка — «Niedźwiadek»)

Польскае ўзброенае супраціўленне з 1945 да пачатку 1950-х гадоў

правіць

Пасля вызвалення ўсходніх рэгіёнаў Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка членаў АК уступіла ў армію генерала З.Берлінга, якая дзейнічала супольна з Чырвонай Арміяй, частка адступіла на захад. На тэрыторыі, падкантрольнай Чырвонай Арміі, органы НКВД арыштавалі большую частку афіцэраў АК і прадстаўнікоў цывільнай улады. Разам з афіцэрамі значная колькасць шэраговых членаў АК была таксама інтэрнавана і вывезена ў глыбіню СССР, або змешчана ў турмы і лагеры на тэрыторыі Польшчы.

Загад аб роспуску Арміі Краёвай на практыцы быў выканана толькі часткова. Асцерагаючыся рэпрэсій, шматлікія члены АК засталіся ў падполлі, перайшлі да яшчэ больш глыбокай канспірацыі. У многіх раёнах (Беластоцкая акруга, Кельцкая зямля, Падгалле) ствараліся моцныя ўзброеныя атрады, якія нярэдка ўступалі ў баі з войскамі НКВД і сфарміраваным вясной 1945 Корпусам унутранай бяспекі.

У сакавіку 1945 галоўны камендант АК генерал Л.Акуліцкі і дэлегат польскага эмігранцкага ўраду Я.-С. Янкоўскі атрымалі запрашэнне на перамовы з урадам СССР. Але як толькі польская дэлегацыя з 16 чалавек паднялася на борт савецкага самалёта, каб ляцець на перамовы ў Маскву, усе яе члены былі арыштаваныя і адпраўлены ў турму НКВД на Лубянцы. Генерал Л.Акуліцкі на радзіму не вярнуўся, ён загінуў у савецкай турме.

Пасля разгрому Германіі працягвалася падпольная барацьба супраць камуністычных уладаў, якія класіфікавалі аддзелы АК як звычайны бандытызм.

У жніўні 1945 новы органы ўлады аб’явілі амністыю для салдатаў, якія хаваліся ў лясах. З падполля выйшла каля 40 тыс. чалавек, большая ж частка працягвала заставацца ў канспірацыі.

Да пачатку 1947 атрады НКВД пры падтрымцы падраздзяленняў Міністэрства грамадскай бяспекі Польшчы і арміі ліквідавалі большасць ачагоў супраціўлення. Камандзіры падпольных узброеных атрадаў гінулі ў баях і турмах Упраўлення бяспекі.

Другая амністыя, у лютым 1947, прывяла амаль да поўнай ліквідацыі падполля.

Пацыфікацыя апошніх значных злучэнняў «лясных» атрадаў скончылася ў 1948. Мяркуецца, што ў канцы 1949 — пачатку 1950 ў лясах хавалася ўжо толькі каля 500 чалавек.

Аднак новыя акты тэрору з боку ўладаў, страх арыштаў прывялі да таго, што зноў з’яўвіліся людзі, якія рашаліся ісці «ў лес». Так працягвалася аж да сярэдзіны 1950-х гг.

Усяго ва ўзброеных сутыкненнях за гэтыя гады загінула звыш 100 тыс. чалавек.

Армія Краёва на Беларусі

правіць

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 органы дзяржаўнай бяспекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падполлем. Паводле звестак НКУС БССР за перыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3221 удзельніка, з якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 літоўцы і 106 чалавек іншых нацыянальнасцей. Адначасова вялася кампанія па высяленні ў Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны з заходніх абласцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасці органаў бяспекі і знешняй разведкі СССР, польскаму падполлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены значныя страты.

Пасля нападу Германіі на СССР і акупацыі Беларусі летам 1941 урад Сікорскага і Галоўнае камандаванне СУБ у Варшаве выкарыстоўвалі ўмовы, якія склаліся, дзеля ўмацавання сваіх пазіцый на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Следам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краін. Многія з іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, звязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадскімі, раённымі (павятовымі) управамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй. Акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларусаў, якія таксама разлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як плацдарм у змаганні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазбежна ўзнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі дзеячамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падполля. Пачалася жорсткая барацьба на вынішчэнне адзін аднаго як уласнымі рукамі, так і з дапамогай немцаў. Гл. далей Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь.

На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі АК: Навагрудская, Палеская і Віленская, а таксама інспектарат Гродна, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падполле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй пра абстаноўку на франтах вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяння, дамаўляліся аб сумесных дзеяннях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г.д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел А.Бужынскага («Кміціца») ўдзельнічаў у баявых аперацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Ф.Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацый па разгроме фашысцкіх гарнізонаў.

Асноўная частка польскага падполля падтрымлівала і выконвала ўказанні і ўстаноўкі Лондану і Варшавы. Далейшая хада палітычных падзей рабіла непазбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі. Галоўным было пытанне аб савецка-польскай мяжы і адносінах да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мясцовым узроўні да таго ж дзейнічалі фактары барацьбы за сферы ўплыву, пытанні забеспячэння харчаваннем, зброяй і г.д.

У чэрвені 1943 была прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым развіцці партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». У гэтых дакументах падкрэслівалася, што заходнія вобласці БССР з’яўляюцца неад’емнай часткай БССР і што тут дапушчальна існаванне толькі груп і арганізацый, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаванне ўсіх іншых арганізацый павінна разглядацца як умяшанне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаванняў:

1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясняць польскія з гэтых тэрыторый.

2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутры.

3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. З іх ствараць польскія савецкія партызанскія атрады.

Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася:

1. Без шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падполля.

2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсць магчымасць, уключаць у барацьбу з немцамі пад савецкім кіраўніцтвам.

3. Сярод раззброеных і размеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожыя элементы.

Пераважна быў узяты кірунак на раззбраенне польскіх фарміраванняў.

Усё разам названае прывяло да непазбежных сутыкненняў паміж савецкімі партызанамі і акаўцамі. Паводле звестак Я.Эрдмана, з 185 баявых аперацый, праведзеных аддзеламі Навагрудскай акругі АК за перыяд з 1 студзеня 1942 па ліпень 1944, 102 былі супраць немцаў (55 %) і 81 (45 %) супраць савецкіх партызанаў. Звычайнымі былі з’явы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка — у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва. Паводле няпоўных звестак, з вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Не меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўбцоўскага злучэння АК А.Пільх («Гура») у адной са сваіх публікацый прызнаваў, што за гэты ж перыяд яго легіянеры знішчылі каля 6 тысяч чалавек.

У сваю чаргу немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сіл дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і «саветамі» ў сваіх мэтах. Адным з першых кантакт з немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А.Пільх. У снежні 1943 ён заключыў з немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забяспячэнне яго зброяй. 22 снежня ў Лідзе дамову з немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэння АК Ю.Свіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Перамовы аб супрацоўніцтве з гітлерцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генерал А.Крыжаноўскі («Вільк»). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 з Лондану паступіла афіцыйная забарона кантактаў з немцамі. Вясной 1944 Генеральны камісар Беларусі Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую краёвую абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёна, дзе, фактычна, адбывалася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідскай акругі.

Пасля таго як нямецкія войскі былі выгнаны з Беларусі, органы НКУС прымянялі ў дачыненні да былых членаў АК рэпрэсіўныя меры. З тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Навагрудскай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысяч акаўцаў разам з іх сем’ямі.

Частка былых членаў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944-45 у Заходняй Беларусі адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу, перасяленцаў з усходніх рэгіёнаў. Асобныя акцыі зафіксаваны аж да пачатку 1950-х гадоў.

Савецка-польскія адносіны

правіць

Савецкая гістарыяграфія сфармавалася пад уплывам савецкіх партызанскіх камандзіраў, якія пісалі ў сваіх данясеннях пра «заклятых ворагаў нашай Радзімы — нямецкіх акупантаў і іх польскіх прыспешнікаў»[1]. Польскія атрады характарызаваліся як «варожыя савецкай уладзе» і, значыцца, «заўзятыя фашысты»[2]. «Палякі, якія ваююць супраць [савецкіх] партызан, — гэта германскія агенты і ворагі польскага народа», — гаварылася ў сакрэтным загадзе, што выйшаў у маі 1943 г.[3]

Структура Арміі Краёвай на Беларусі

правіць

Палеская акруга АК

правіць

Штабу Палескай акругі АК была падпарадкавана ўся канспіратыўная сетка былога Палескага ваяводства. У граніцах паветаў ствараліся абводы, ім, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся раёны і пляцоўкі.

На момант поўнага завяршэння структурнай арганізацыі (красавік 1944 г.) акруга налічвала 4272 чалавекі, у тым ліку

  • 3050 радавых,
  • 42 афіцэры,
  • 454 падафіцэры,
  • 726 сувязь, санчасць, забеспячэнне і г. д.

Сабатажна-дыверсійныя работы арганізоўваліся спецыяльным падраздзяленнем пад назвай Кедыў (Кіраўніцтва дыверсіямі).На пачатку ў ім было 35 чалавек. Узначальваў Кедыў маёр Ян Коваль (мянушка «Базыль»). У яго рамках было створана некалькі баявых групаў. Адна з іх называлася «Дружына», яна сфарміравалася вясной 1942 г. пад кіраўніцтвам Баляслава Сянкевіча, у асноўным складалася з чыгуначнікаў. Спачатку падпарадкоўвалася непасрэдна штабу акругі, а потым была перададзена ў распараджэнне Кедыву. Пад канец існавання налічвала каля 60 чалавек. На рахунку «Дружыны» 6 крушэнняў нямецкіх эшалонаў з палівам, баявой тэхнікай і боепрыпасамі каля Лунінца, Пінска, Снятава і Жабінкі, мноства больш дробных дыверсіяў і сабатажных акцыяў.

3 восені 1943 г. пачала дзейнічаць спецгрупа «Іскра». У як склад уваходзіла каля дзесяці чалавек. На мяжы 1943-44 гг. «Іскра» арганізавала серыю выбухаў на чыгуначных станцыях у Брэсце (тройчы) і Аранчыцах (1 раз).

Навагрудская акруга АК

правіць

Арганізацыйная сістэма Навагрудскай акругі прадугледжвала падзел на «абводы», адпаведныя паветам у рамках польскага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення да 1 верасня 1939 г. У сваю чаргу «абводы» дзяліліся на раёны і пляцоўкі, на базе якіх пазней ствараліся роты і ўзводы. Раён ахопліваў некалькі гмінаў (сельсаветаў) і адпавядаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню савецкага часу. Пляцоўка ахоплівала, як правіла, адну гміну (сельсавет).

Да мая 1942 г. Навагрудская акруга ахоплівала 5 паветаў:

  • Шчучынскі,
  • Лідскі,
  • Стаўбцоўскі,
  • Навагрудскі
  • Валожынскі — пазней быў перададзены ў Віленскую акругу.

40 % жаўнераў Навагрудскай акругі АК — гэта беларусы.

Да лістапада 1942 г. арганізацыя акругі была завершана.

  • Абвод Шчучын (кодавая назва «Лэнка» — «Луг») узначаліў падпаручнік Казімір Кшывіцкі (мянушка «Веслаў»).
  • Абвод Ліда («Бор») — Ольгерд Кушалеўскі («Суліма»).
  • Абвод Валожын («Бжоза» — «Бяроза») — капітан Станіслаў Дэдэліс («Паль»).
  • Абвод Навагрудак («Ставы») — Людвік Ненартовіч («Мядзянка»).
  • Абвод Стаўбцы («Слуп») — падпаручнік Аляксандр Варакомскі («Свір»).
  • Абвод Слонім («Пяскі») — капітан Мечыслаў Астроўскі («Картач»).
  • Абвод Баранавічы («Пушча») — капітан «Юзаф» (прозвішча невядома).
  • Абвод Нясвіж («Стражніца») — паручнік Мацей Вінтэр («Станлей»).

У далейшым штаб акругі правёў рэарганізацыю акругі. На базе ранейшых і пазней створаных атрадаў былі сфарміраваны батальёны, з іх аб’ядноўваліся злучэнні. На базе злучэнняў прадугледжвалася стварэнне палкоў, існоўных на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства да верасня 1939 г., а іменна: 77-ы пяхотны полк (Ліда), 78-ы пяхотны полк (Баранавічы), 27-ы полк уланаў (Баранавічы).

У канчатковай фазе ваенная структура Навагрудскай акругі:

1. Наднёманскае злучэнне — камандзір маёр Мацей Калянкевіч («Котвіч»). Склад злучэння:

  • 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан Уладыслаў Жогла («Зых»);
  • 4-ы батальён і прыданы яму эскадрон уланаў, 1600 чалавек, камандзір падпаручнік Стэфан Заянчкоўскі («Рагнар»);
  • 8-ы батальён, 200 чалавек, камандзір Тадэвуш Масакоўскі («Ястшэмбец»).

2. Паўночнае злучэнне — камандзір паручнік Ян Барысевіч («Крыся»). Склад злучэння:

  • 2-гі батальён 77-га пяхотнага палка, 650 чалавек, камандзір «Крыся»;
  • 5-ы батальён, 300 чалавек, камандзір капітан Станіслаў Трушкоўскі («Штрэмер»).

3. Усходняе злучэнне — камандзір Станіслаў Дэдэліс («Паль»). Склад злучэння:

  • 3-ці (ударны кадравы) батальён 77-га пяхотнага палка, 480 чалавек, камандзір падпаручнік Баляслаў Пясэцкі («Саблеўскі»);
  • 6-ы батальён, 520 чалавек, камандзір Станіслаў Дэдэліс.

4. Заходняе злучэнне — камандзір Ян Піўнік («Пануры»). Склад злучэння:

  • 7-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 780 чалавек, камандзір Ян Піўнік, пасля смерці 16.06.1944 г. яго замяніў падпаручнік Баямір Тважыньскі («Астоя»).

5. Стаўбцоўскае злучэнне — камандзір паручнік Адольф Пільх («Гура», «Даліна»). Склад злучэння:

  • 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан (ваенны лётчык) Вітольд Грыневіч («Дзвіг»);
  • 27-ы уланскі полк, 350 чалавек, камандзір харунжы Здзіслаў Нуркевіч («Ноч», «Нячай»).

У часе падрыхтоўкі да акцыі «Бура» дадаткова былі сфарміраваны:

Нясвіжскі батальён, 500 чалавек, камандзір паручнік Мацей Вінтэр («Станлей»),

Баранавіцкі батальён, 700 чалавек, камандзір паручнік «Юзаф-2» (прозвішча невядома).

Паводле Януша Праўдзіца-Шляскага, у канчатковай фазе свайго існавання Навагрудская акруга налічвала каля 8000 чалавек непасрэдна ў баявых часцях. Акрамя гэтага, у канспіратыўнай сетцы было задзейнічана болей 15 тысяч чалавек (маюцца на ўвазе асобы, якія прынялі прысягу).

Ацэнкі дзейнасці Арміі Краёвай у Беларусі

правіць

Да пачатку 1990-х гг. фарміраванні Арміі Краёвай разглядаліся як белапольскія. Падкрэслівалася, што асобныя іх прадстаўнікі пасля вайны перайшлі да бандыцкіх акцый супраць савецкай улады.

У 1993—1994 гадах працавала створаная беларускім урадам спецыяльная камісія па вывучэнні праблем, звязаных з дзейнасцю АК на тэрыторыі Беларусі і магчымасці надання яе ўдзельнікам статусу ветэранаў вайны. Камісія правяла значную аналітычную і даследчую работу, вывучыла архіўныя матэрыялы і публікацыі, абагульніла і абмеркавала іх на сваіх пасяджэннях і паведаміла ўраду (8 ліпеня 1994 года) аб выніках сваёй працы. Працягу дзейнасці камісіі не было, таму што адбыліся змены ў самой Рэспубліцы Беларусь.

Зноскі

  1. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 144.
  2. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 227.
  3. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S.228.

Літаратура

правіць
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Літвін А. Армія Краёва на Беларусі: да праблемы вывучэння // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 1.
  • Літвін А. Армія Краёва на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 1;4.
  • Пачобут А. Польскі супраціў (1939—1954) вачыма беларускіх гісторыкаў // ARCHE Пачатак. 2008. № 4.
  • Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954 гг.). — Гродно: УО «Гродненский государственный университет им. Я. Купалы», 2004.
  • Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994.
  • Armia Kraiowa w dokumentach 1939—1945. W 6 t. Wrocław-Warszawa, T. 3;
  • Erdman J. Droga do Ostrej Bramy. Londyn, 1984;
  • Polski czyn zbrojny w II Wojnie Światowej. Т. III. Warszawa, 1988;
  • Zaroń P. Ludność Polska w Związku Radzieckim w czasie II Wojny Światowej. Warszawa, 1990;
  • Пачобут, А. Армія Краёва ў Беларусі // Наша гісторыя, № 1, 2019, с.12 −18. ISBN 2617—2305
  • Пашкевіч, А. Героі ці бандыты? // Наша гісторыя, № 1, 2019, с. 20-23. ISBN 2617—2305

Спасылкі

правіць