Уінстан Чэрчыль
Сэр Уінстан Леанард Спэнсэр-Чэрчыль (англ.: Sir Winston Leonard Spenser-Churchill; 30 лістапада 1874[1][2][…], Бленхеймскі палац, Вудстак — 24 студзеня 1965[1][2][…], Кенсінгтан і Чэлсі, графства Вялікі Лондан[3][4]) — брытанскі палітычны дзеяч, які быў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі з 1940 па 1945, а потым зноў з 1951 па 1955. Шырока вядомы як адзін з найвялікшых лідараў ваеннага часу ў 20-м стагоддзі. Апрача таго, Чэрчыль быў афіцэрам Брытанскай арміі, гісторыкам, пісьменнікам і мастаком. З’яўляецца адзіным брытанскім прэм’ер-міністрам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, і першым чалавекам, які атрымаў статус ганаровага грамадзяніна Злучаных Штатаў Амерыкі.
Уінстан Чэрчыль нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і герцагаў Мальбара. Яго бацька, лорд Рэндальф Чэрчыль, быў харызматычным палітыкам, які займаў пасаду канцлера казначэйства, а маці, Джэні Джэром, была дачкой багатага амерыканскага бізнэсмэна. У якасці маладога афіцэра Чэрчыль прысутнічаў пры ваенных дзеяннях у Брытанскай Індыі, Судане, на Другой англа-бурскай вайне. Ён атрымаў вядомасць будучы ваенным карэспандэнтам, а таксама апісаў свае кампаніі ў кнігах.
На працягу 50-ці гадоў у авангардзе палітыкі Чэрчыль змяніў мноства розных палітычных і міністэрскіх пастоў. Да Першай сусветнай вайны ён займаў пасады міністра гандлю, міністра ўнутраных спраў, а таксама першага лорда адміралцейства ў складзе ліберальнага ўраду Герберта Эсквіта. Правал кампаніі ў Галіполі, ініцыяванай Чэрчылем, пацягнуў за сабой яго сыход з урада. Ён аднавіў сваю службу ў войсках на Заходнім фронце ў якасці камандзіра 6-га батальёну Каралеўскіх шатландскіх стралкоў. Ён вярнуўся ва ўрад, дзе стаў міністрам па ўзбраенні і пазней міністрам авіяцыі. Пасля вайны Чэрчыль быў канцлерам казначэйства з 1924 па 1929 у кансерватыўным урадзе Стэнлі Болдуіна, дзе кіраваў няўдалым вяртаннем фунта стэрлінгаў да залатога стандарту і павышэннем яго вартасці да даваеннага ўзроўню, што прывяло да дэфляцыі брытанскай эканомікі. Апроч таго, Чэрчыль выступаў супраць надання незалежнасці і нават статусу дамініёна Індыі.
Знаходзячыся ў палітычнай ізаляцыі ў 1930-х гадах, Чэрчыль узяў на сябе ініцыятыву ў папярэджанні аб пагрозе Нацысцкай Германіі і ў кампаніі па пераўзбраенні войск. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ён зноў заняў пасаду першага лорда адміралцейства. Пасля адстаўкі Невіла Чэмберлена 10 мая 1940 году, Уінстан Чэрчыль заняў пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі. Яго катэгарычная адмова разгляду варыянтаў паражэння, капітуляцыі або кампраміснага міру змаглі натхніць брытанскі супраціў, асабліва ў першыя дні вайны, калі Брытанія была адзінай краінай, якая актыўна супрацьстаяла Адольфу Гітлеру. Чэрчыль быў вядомы сваімі прамовамі і выступамі на радыё, якія натхнялі брытанскі народ. Ён займаў пасаду прэм’ер-міністра да таго часу, пакуль перамога над Нацысцкай Германіяй не была забяспечаная.
Пасля таго, як кансерватыўная партыя прайграла выбары ў 1945 годзе, Чэрчыль стаў лідарам апазіцыі лейбарыстскаму ўраду. Пасля перамогі ў 1951 годзе, ён зноў стаў прэм’ер-міністрам да выхаду на пенсію ў 1955. Пасля яго смерці, па распараджэнні каралевы, Елізаветы II, яму былі зладжаныя праводзіны па вышэйшым дзяржаўным разрадзе ў Саборы св. Паўла. Названы найвялікшым брытанцам усіх часоў па апытаннях 2002 году, Чэрчыль шырока разглядаецца сярод самых уплывовых людзей у гісторыі Вялікабрытаніі.
Біяграфія
правіцьУінстан нарадзіўся ў вядомай сям’і Мальбара, яго бацька Рэндальф Чэрчыль быў вядомым палітыкам-кансерватарам. Уінстан атрымаў добрую агульную і ваенную адукацыю, хаця ў яго заўсёды былі незадавальняючыя паводзіны. Удзельнічаў у ваенных кампаніях у Афганістане, Судане і Паўднёвай Афрыцы ў якасці афіцэра, аднак адначасова ён быў ваенным журналістам.
Пачатак палітычнай кар’еры
правіцьХутка пасля вяртання ў Вялікабрытанію Чэрчыль быў абраны ў ніжэйшую палату парламенту ад кансерватыўнай партыі. Аднак у 1904 ён перайшоў у іншую буйную на той час партыю, ліберальную. У ліберальным урадзе ён ужо ў 1908 атрымаў пасаду міністра гандлю і прамысловасці, а ў 1910 ён стаў міністрам унутраных спраў. На чале міністэрства Чэрчыль рашуча расправіўся з усімі шматлікімі маніфестацыямі і ў 1911 стаў міністрам марскіх спраў (афіцыйна — Першы Лорд Адміралцейства). Ён пачаў рэфарміраванне брытанскага флоту, аднак пасля няўдалай Дарданэльскай аперацыі падчас Першай сусветнай вайны Чэрчыль быў зняты са сваёй пасады.
Пасля 1917 Чэрчыль, які заўсёды варожа ставіўся да бальшавізму, быў адным з галоўных ініцыятараў інтэрвенцыі Антанты ў Расію. У 1925 ён перайшоў у кансерватыўную партыю, аднак у 20-я і 30-я гады ён не быў буйной палітычнай фігурай. Толькі ў канцы 30-х, пасля таго, як ён крытыкаваў палітыку «супакаення» Чэмберлена ў адносінах да Гітлера (магчыма, ён рабіў гэта з палітычных прычынаў) і пасля пачатку Другой сусветнай вайны Чэрчыль зноў уваходзіць у склад вядучых палітыкаў Вялікабрытаніі як новы марскі міністр.
Першы прэм’ерскі тэрмін
правіць10 мая 1940, калі было відавочна, што Чэмберлен цалкам скампраметаваў сябе як кіраўнік, Чэрчыль быў абраны прэм’ер-міністрам кааліцыйнага ўрада. Ён рашуча выказваўся за вайну да перамогі над Германіяй. Вядома яго фраза з прамовы да англійскай нацыі, што яму «няма чаго прапанаваць, акрамя крыві, поту і слёз». Чэрчыль актыўна наведваў месцы, разбураныя нямецкай авіяцыяй і ракетамі, шмат разоў выступаў па радыё. Яго дзейнасць дапамагла кансалідацыі брытанскай нацыі і падтрымцы іх настрою ў гады вайны.
22 чэрвеня 1941 вядомы сваімі антыкамуністычнымі поглядамі Чэрчыль заявіў аб падтрымцы СССР, дадаўшы, аднак, што «калі б Гітлер уварваўся ў пекла, я б прадставіў станоўчую справаздачу аб д’ябле». Чэрчыль удзельнічаў у працы антыгітлераўскай кааліцыі.
У 1945 перад парламенцкімі выбарамі ён спадзяваўся на свой ваенны аўтарытэт і амаль не вёў выбарчую кампанію. Аднак брытанцы аддалі свае галасы лейбарыстам на чале з Клементам Этлі, якія прапаноўвалі крокі па стабілізацыі эканамічнага становішча пасля вайны, а таксама абяцалі ўсеагульную занятасць і рэформу нацыянальнай сістэмы аховы здароўя.
5 сакавіка 1946 Чэрчыль вымавіў вядомую Фултанскую прамову, ад якой часам пачынаюць адлічваць час халоднай вайны. У гэты ж час Чэрчыль пачынае актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю. У прыватнасці, ён піша вялікую працу «Другая сусветная вайна».
Другі прэм’ерскі тэрмін
правіцьУ 1951 кансерватары перамаглі на парламенцкіх выбарах, і 26 кастрычніка 1951 прэм’ер-міністрам стаў ужо 77-гадовы і атрымаўшы інсульт Чэрчыль. Нягледзячы на свой дрэнны стан, Чэрчыль заставаўся прэм’ерам да 7 красавіка 1955, калі перадаў сваю пасаду Энтані Ідэну.
У 1953 яму была прысуджана Нобелеўская прэмія па літаратуры, хаця на прэмію таксама прэтэндаваў Эрнест Хемінгуэй. У апошні раз Чэрчыль прысутнічаў на паседжанні парламента 27 ліпеня 1964.
Уінстан Чэрчыль памёр 24 студзеня 1965.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в г Winston Leonard Spencer (Lord) Churchill
- ↑ а б в г Winston Churchill // Nationalencyklopedin — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б http://www.britishpathe.com/video/winston-85-not-out/query/clementine
- ↑ а б http://www.express.co.uk/news/history/554733/Sir-Winston-Churchill-State-Funeral-50-Anniversary-Wartime-Prime-Minister
- ↑ а б в г д е ё ж Kindred Britain
- ↑ Catalog of the German National Library Праверана 30 жніўня 2024.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в г д Lundy D. R. The Peerage
- ↑ The London Gazette 34777 — 1940. — вып. 34777. — С. 459. Праверана 18 сакавіка 2021.
- ↑ The London Gazette 29520 — 1916. — вып. 29520. — С. 3260. Праверана 17 сакавіка 2021.
- ↑ The London Gazette 29753 — 1916. — вып. 29753. — С. 9100. Праверана 20 сакавіка 2021.
- ↑ а б The London Gazette 26600 — 1895. — вып. 26600. — С. 1001. Праверана 18 сакавіка 2021.
- ↑ а б The London Gazette 27799 — 1905. — вып. 27799. — С. 3866. Праверана 18 сакавіка 2021.
- ↑ https://www.forces.net/heritage/history/officer-cadet-lieutenant-colonel-winston-churchill-british-army Праверана 20 сакавіка 2021.