Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь

Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе «Беларусь» — канфлікт паміж прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху і змагарамі за вяртанне польскай дзяржаўнасці ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі ў 1941—1944 гадах.

Пасля таго, як нямецкія войскі ўлетку 1941 года занялі тэрыторыю Беларусі, пачалася арганізацыя цывільнай улады на месцах. Да моманту нападу на Савецкі Саюз, на тэрыторыі Трэцяга Рэйха быў створаны Беларускі камітэт самапомачы (БКС), дзеячы якога прыбылі ў акупаваную Беларусь. Аднак беларускі рух, які спадзяваўся з дапамогай новых уладаў стварыць умовы дзеля адраджэння беларускай дзяржаўнасці, адчуваў недахоп адпаведных кадраў для мясцовай адміністрацыі. Брак кадраў сярод беларусаў кантраставаў з дастатковай іх колькасцю сярод асоб польскай нацыянальнасці, многія з якіх займалі адміністрацыйныя пасады да верасня 1939 года.

Як заўважае Юры Весялкоўскі:[1]

" Немцы хутка ішлі на ўсход, а за імі ішла польская разьведка, дзеячы падпольля і ксяндзы, якія пачалі аднаўляць і арганізоўваць на Беларусі свае структуры, мясцовую адміністрацыю, паліцыю. Мелі яны на гэта падтрымку немцаў, якія не мелі даверу да беларусаў, а ўважалі іх за камуністаў або пракамуністаў. Затое палякаў лічылі антыкамуністамі і ім давяралі.

"

У выніку пачаўся працэс стварэння мясцовай адміністрацыі на чыста польскай аснове. Неўзабаве палякі занялі практычна ўсе пасады на Наваградчыне і Віленшчыне. Некаторыя з іх пайшлі ў акупацыйную адміністрацыю з ведама польскага падполля.

Існуючая сітуацыя турбавала беларускіх дзеячаў, якія разглядалі нямецкую акупацыю як сродак дзеля ўзмацнення свайго уплыву. Тым часам узрастала небяспека ўтварэння моцнага польскага цэнтра на заплеччы нямецкіх войскаў. З мая 1942 года Галоўная ўправа бяспекі Трэцяга Рэйху пачала антыпольскую рэпрэсіўную акцыю, якая палягала на «чыстцы» адміністрацыі ад асоб польскай нацыянальнасці. Акцыі гэтай спадарожнілі фізічнае вынішчэнне і гвалт.

«Польская акцыя» на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь» адбывалася адначасна з падтрымкай беларускага руху. Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ зрабіў стаўку на беларусаў. Як аргумент выступала насцярога, што польскі рух на тэрыторыі акругі ўяўляе сабой досыць моцную сілу. У адрозненне ад палякаў, беларускія нацыянальныя сілы не былі так моцныя, каб у найбліжэйшы час рэальна пагражаць інтарэсам Германіі.

У межах палітыкі падтрымкі беларусізацыі адбывалася развіццё беларускамоўнай адукацыі. На зломе 1941—1942 гадоў у Генеральнай акрузе «Беларусь» ужо існавала 3458 беларускіх школ, у 1943 годзе з’явілася яшчэ каля 30. Развіццё атрымалі тэатральнае жыццё, літаратура. У 1942 годзе з дазволу нямецкіх улад у Менску была створана Беларуская народная самапомач (БНС) на чале з Іванам Ермачэнкам. Побач з дабрачыннымі справамі БНС узяла на сябе абавязак займацца арганізацыяй «нацыянальна-культурніцкага жыцця» ў Генеральнай акрузе «Беларусь».

Ажыццявіць беларусізацыю акупаванага абшару было немагчыма не закрануўшы інтарэсаў палякаў. Неўзабаве канфлікт паміж польскім і беларускім палітычнымі ўплывамі набыў характар сапраўднай барацьбы, якая каштавала жыцця сотням людзей. Адным са спосабаў змагання беларускіх нацыяналістаў з польскім элементам было спрыянне дэпартацыі апошніх на прымусовыя працы ў Германію.

Важкім сродкам узаемнай беларуска-польскай барацьбы была дэнунцыяцыя перад нямецкімі ўладамі. Даносы назіраліся з першых дзён нямецкай акупацыі і былі накіраваныя супраць савецкіх актывістаў і прыхільнікаў савецкага ладу. Прычынай рабіліся крыўды, якія выводзіліся з вераснёўскіх дзён 1939 года. Вядомы выпадкі, калі беларускія сяляне ў верасні 1939 года віталі Чырвоную Армію, а потым удзельнічалі ў рабунках памешчыцкіх маёнткаў і нават забойствах іх колішніх гаспадароў. З прыходам нямецкай арміі ў чэрвені 1941 года пакрыўджаныя атрымалі зручны момант, каб пакараць сваіх нядобразычліўцаў. Таўро сімпатыкаў камуністаў выкарыстоўвалі ўдзельнікі польскай канспірацыі ў змаганні з беларускімі нацыяналістамі. Беларусы выстаўлялі палякаў у якасці замаскаваных агентаў польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане і паплечнікаў Арміі Краёвай. У ліпені 1942 года было абвешчана, што Рымска-каталіцкі касцёл ёсць адной з асноўных фартэцый польскага руху. Гэты аргумент даваў немцам падставы для рэпрэсій супраць духавенства.

Вынікі супрацьстаяння паміж прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху і змагарамі за вяртанне польскай дзяржаўнасці залежалі ад акругі. Напрыклад, у Лідскай акрузе беларускі ўплыў да 1944 быў фактычна ліквідаваны. Тут амаль адкрыта дзейнічалі польскія вайсковыя фармаванні. Гэтаму не перашкодзілі нават арышты і расстрэлы дзесяткаў людзей, у тым ліку мясцовых каталіцкіх святароў у 1943.

Падчас беларуска-польскага канфлікту не адбылося без узброеных сутыкненняў паміж вайсковымі фармаваннямі абодвух бакоў. Найчасцей гэта былі акцыі польскіх партызанаў па знішчэнню і раззбраенню пастарункаў альбо цэлых гарнізонаў беларускай паліцыі.

Антыпольскія рэпрэсіі пачалі згортвацца з другой паловы 1943. На гэта паўплываў шэраг чыннікаў. Па-першае, у верасні 1943 загінуў генеральны камісар Беларусі В. Кубэ, які ў сваёй палітыцы рабіў стаўку на беларускі нацыянальны рух і быў прыхільнікам ліквідацыі польскіх уплываў. Па-другое, нямецкія акупацыйныя ўлады вырашылі выкарыстаць польскае падполле ў змаганні з савецкімі партызанамі, з гэтага моманту пачынаюцца спробы завязання лучнасці паміж асобнымі фармаваннямі АК і нямецкімі ўладамі. Па-трэцяе, немцы зарыентаваліся, што выкараненне польскага элементу мае значныя мінусы для грамадскага і гаспадарчага жыцця акупаванай тэрыторыі.

З боку беларускага нацыянальнага руху стаўленне да палякаў таксама паступова злагоджвалася. 21 снежня 1943 ў Менску была створана Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) на чале з Радаславам Астроўскім, якая мела выконваць ролю беларускага ўраду пад нямецкай апекай. Рэзалюцыя ІІ Усебеларускага кангрэсу, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 ў Менску, хоць і абвяшчала несапраўднымі ў вачах беларусаў усе дамовы з удзелам Польшчы, не мела антыпольскіх выразаў, тым часам як дэкларавала антысавецкую накіраванасць.

Беларуска-польскі канфлікт падчас нямецкай акупацыі не меў шырокага масавага характару. Ён пераважна ахопліваў толькі кола палітычна заангажаваных беларусаў і палякаў.

Зноскі

  1. Весялкоўскі Ю. (1995) С. 67

ЛітаратураПравіць

  • Весялкоўскі Ю. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь. — Лондан, 1995.
  • Грыбоўскі Ю. Польска-беларускі канфлікт у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1941—1944 гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 25, 2006, s. 116—167.
  • Крывашэй Дз. Беларуска-польскія адносіны ў гады нямецкай акупацыі // Białorunruskie zeszyty historyczne, nr 24, 2005. — s. 153—165.
  • Крывашэй Дз. Польская супольнасць Беларусі пад час акупацыі // Беларусь у выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны: масавыя забойствы нацыстаў, Мн., 2005, с. 139—148.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993.
  • Stosunki polsko-bialoruskie w wojewodztwie bialostockim w latach 1939—1956, Warszawa 2005.