Генеральная акруга Беларусь

ваенна-адміністрацыйная адзінка на занятай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Беларусі

Генеральная акруга Беларусь (ням.: Generalbezirk Weißruthenien) — ваенна-адміністрацыйная адзінка на занятай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Была арганізаваная 17 ліпеня 1941, і разам з генеральнымі акругамі Літва, Латвія і Эстонія ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята Остланд, які падпарадкоўваўся Рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усходніх абласцей.

Ваенна-адміністрацыйная адзінка Нацысцкай Германіі
Генеральная акруга Беларусь
Generalbezirk Weißruthenien
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Генеральная акруга "Беларусь" у складзе рэйхскамісарыята "Остланд"
Генеральная акруга "Беларусь" у складзе рэйхскамісарыята "Остланд"
< 
 >
1941 — 1944

Сталіца Мінск
Найбуйнейшыя гарады Мінск, Слуцк, Барысаў, Вілейка, Баранавічы
Мова(ы) Нямецкая (афіцыйна), беларуская (фактычна)
Афіцыйная мова нямецкая і беларуская
Грашовая адзінка Акупацыйная рэйхсмарка
Плошча
Насельніцтва
  • 2 411 333 чал.[2]
Генеральны камісар
 • 19411943 Вільгельм Кубэ
 • 19431944 Курт фон Готберг
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адміністрацыя правіць

У склад генеральнай акругі Беларусь увайшла тэрыторыя БССР па лініі Полацк — Барысаў на ўсходзе, Старыя Дарогі — возера Чырвонае на поўдні, рака Зальвянка — усходняя ўскраіна Белавежскай пушчы на захадзе, што складала прыкладна чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам 3158 тыс. чал. (на 4.12.1941).

Вышэйшым органам акупацыйнай улады на тэрыторыі акругі з’яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі на чале з генеральным камісарам. Тэрыторыя генеральнай акругі была падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Менская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая. У кожнай з іх быў створаны гарадскі камісарыят (гебітскамісарыят), у Мінску дзейнічаў асобны гарадскі камісарыят.

У якасці дапаможных мясцовых устаноў ствараліся гарадскія і раённыя ўправы, у якіх працавалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва. Звычайна аддзелы ўправы дубліравалі назвы і функцыі нямецкіх аддзелаў акруговых камісарыятаў. Напрыклад, у складзе Мінскай гарадской управы былі створаны аддзелы прамысловасці, гаспадаркі, працы і аховы здароўя. Аднак без санкцыі нямецкіх акупацыйных уладаў адміністрацыя ўправы не магла вырашаць нават самыя звычайныя пытанні гаспадарчага і грамадскага жыцця ў гарадах і іншых населеных пунктах адміністрацыйных акругаў. На чале ўсёй гарадской і раённай адміністрацыі стаяў бургамістр. Звычайна бургамістры прызначаліся з ліку беларускіх эмігрантаў. На тэрыторыі былых сельскіх саветаў былі створаны воласці, якія ўзначальвалі прызначаныя акупантамі валасныя старшыні. У вёсках акупацыйную ўладу прадстаўлялі старасты. Уся вертыкаль створанай сістэмы ўлады кантралявалася нямецкімі чыноўнікамі.

Генеральным камісарам Беларусі з 1 верасня 1941 па 22 верасня 1943 быў гаўляйтар Вільгельм Кубэ. З верасня 1943 да чэрвеня 1944 выконваў абавязкі генеральнага камісара генерал-лейтэнант паліцыі Курт фон Готберг.

Гаспадарка правіць

Каб паставіць на службу Рэйху эканоміку Беларусі, акупанты ўжо з ліпеня 1941 г. пачалі рэгістрацыю працаздольнага насельніцтва ў гарадах. Усе прадпрыемствы і ўстановы Беларусі былі ўзяты на ўлік, была праведзена іх дэталёвая інвентарызацыя.

1 снежня 1941 г. у Мінску працавалі 73 прадпрыемствы, а ў красавіку 1943 г. — 150. Рабочыя і служачыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі. Усё насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў у абавязковым парадку прыцягвалася да прымусовых работ, плаціла шматлікія падаткі. Акупанты выкарыстоўвалі і эканамічныя метады кіравання гаспадаркай. На тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь працавалі банкі, у 1943 г. іх было каля 100.

Вясной 1942 г. на тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь акупацыйныя ўлады правялі зямельную рэформу. Усе калгасы, іх праўленні, рэвізійныя камісіі былі ліквідаваны, а іх зямля і інвентар перайшлі да ўжытку сялян у рамках так званых «абшчынных гаспадарак». З чэрвеня 1943 года абвяшчалася раздача зямлі сялянам, але яна так і засталася дэкларацыяй. На тэрыторыі Усходняй Беларусі калгасы па-ранейшаму існавалі дзеля забеспячэння харчовых патрэб фронту.

Кіраўніцтва рэйха выкарыстоўвала працоўныя рэсурсы акупіраваных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, у якасці рабочай сілы для прамысловасці і сельскай гаспадаркі Германіі. Працэс гэты пачаўся з канца 1941 г., але буйныя памеры набыў на пачатку 1943 г. Усяго за гады вайны нямецкія акупацыйныя ўлады накіравалі на работы ў Германію звыш 400 тыс. жыхароў Беларусі.

Адносіны да мясцовага насельніцтва правіць

У адносінах да мясцовага насельніцтва нямецкія ўлады з першых дзён свайго гаспадарання распачалі палітыку генацыду яўрэйскага насельніцтва. Планы некаторых нацыстаў прадугледжвалі перасяленне 75 % насельніцтва Беларусі і засяленне «вызваленых» зямель нямецкімі каланістамі. Існавалі, з іншага боку, супрацьлеглыя планы па стварэнні буфернай асобнай беларускай дзяржавы, якая б была залежнай ад Нямеччыны.

У 1942 г. у сувязі з разгортваннем партызанскага руху забойствы і катаванні мірнага насельніцтва Беларусі набылі сістэмны характар, акупанты спалілі 772 вёскі, разам з 46 992 жыхарамі. Беларуская зямля ў гэты час вайны была пакрыта густой сеткай лагераў ваеннапалонных і лагераў смерці, дзе за гады варожага панавання было знішчана звыш мільёна савецкіх ваеннапалонных і жыхароў Беларусі. Для яўрэйскага насельніцтва былі створаны гета. Яны сталі месцам масавай бойні, дзе загінулі сотні тысяч яўрэяў.

З набліжэннем лініі фронту да Беларусі акупанты ўзмацнілі расправу з насельніцтвам, вывозілі ў рэйх тэхналагічнае абсталяванне і сыравіну. 7 верасня 1943 г. нямецкая армія атрымала загад ператварыць тэрыторыю, якую яна пакідае, у «зону пустыні». Нямецкія войскі з педантычнасцю выконвалі гэты загад. За перыяд нямецкага генацыду на Беларусі гарадское насельніцтва рэспублікі страціла звыш 1063 тыс. жыхароў, беларуская вёска — 445 594 мірных жыхароў. На беларускай зямлі нямецкія акупанты закатавалі 810 000 савецкіх ваеннапалонных.

Як і ў іншых краінах Еўропы ў Беларусі немцы спрабавалі выкарыстаць калабарацыянісцкі рух. Да калабарацыяністаў на Беларусі можна аднесці супрацоўнікаў інстытутаў мясцовага самакіравання і паліцыі, у іх ліку Беларускай народнай самадапамогі (БНС), Беларускага корпуса самааховы (БКС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і Беларускай краёвай абароны (БКА). Па розных звестках, калабарацыянісцкі рух на Беларусі налічваў 80-100 тыс. чалавек, значная колькасць з якіх была далучана да яго акупантамі і іх памагатымі шляхам прымусу.

Зноскі

Спасылкі правіць

Спасылкі правіць