«Przegląd Wileński» («Пшэ́глёнд віле́ньскі», бел.: «Ві́ленскі агля́д») — газета, выдавалася з 12(25)11.1911 па 29.8(11.9).1915 г. у Вільні на польскай мове. З ліпеня да снежня 1914 г. не выходзіла.

«Віленскі агляд»
Арыгінальная
назва
Przegląd Wileński
Тып газета
Краіна
Рэдактар Людвік Абрамовіч
Заснавана 12 (25) лістапада 1911 і 1 лістапада 1921
Спыненне публікацый 29 жніўня (11 верасня) 1915 і 1938
Палітычная прыналежнасць Краёўцы
Мова польская
Галоўны офіс
Тыраж
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

З 1 лістапада 1921 г., калі Вільня была сталіцай «Сярэдняй Літвы», а пасля перайшла ў склад міжваеннай Польшчы, газета зноў пачала выдавацца да 1938 гг. у Вільні на польскай мове.

Была перыядычным штодытнёвым выданнем краёўцаў-дэмакратаў.

Przegląd Wileński (1911—1915)

правіць

Рэдакцыяй кіравалі Людвік Абрамовіч, С. Студніцкая, Бенедыкт Хертц. З газетай супрацоўнічалі Вітальд Абрамовіч, Міхал Піус Ромер, Я. Багушэўскі, Людвік Хамінскі, Напалеон Чарноцкі, В. Студніцкі, М. Недзялкоўскі і інш.

Ідэалогія выдання грунтавалася на імкненні абараніць інтарэсы шырокіх народных мас і краёвасці як прызнанні літоўска-беларускіх зямель за асобны край са сваімі адметнымі інтарэсамі. Тэматыка публікацый была разнастайная: польска-літоўска-беларускія адносіны, яўрэйскае пытанне, сацыяльна-эканмічныя працэсы ў жыцці края, дзейнасць польскіх дэпутатаў у Дзяржаўнай Думе Расіі, польскае палітычнае і культурнае жыццё ў Галіцыі і на Пазнаншчыне і інш.

У 1913—1914 гг. газета пачала падтрымліваць ідэю незалежнасці Польшчы. На пачатку Першай сусветнай вайны «Przegląd Wileński» падзяляў незалежніцкія пазіцыі Юзафа Пілсудскага. Пры гэтым па-ранейшаму паслядоўна асуджаў праявы шавінізму як з польскага боку, так і з боку Расіі.

Przegląd Wileński (1921—1938)

правіць

У міжваннай Польшчы Людвік Абрамовіч (1879—1939) заставаўся верным «краёвай ідэі» і ўзначаліў яе ліберальна-дэмакратычную плынь у міжваенны перыяд. Ён друкаваў свае артыкулы ў адноўленых на некаторы час у Вільні газетах «Nasz Kraj» (1913, 1919) і «Gazeta Krajowa» (1906, 1920—1922). А з 1 лістапада 1921 г., калі Вільня была сталіцай «Сярэдняй Літвы», Абрамовіч аднавіў выданне польскамоўнай газеты «Przegląd Wileński» (1911—1915, 1921—1938), стаў яе рэдактарам і стала працягваў даваенныя традыцыі краёўцаў-дэмакратаў, не зважаючы ўвагу на дамінаванне на Віленшчыне этнічных нацыяналізмаў у культурных і палітычных працэсах. Ён збіраўся яднаць вакол рэдакцыі людзей, якія ставілі агульныя інтарэсы «краю» вышэй за нацыянальны эгаізм[1]. Нявырашанасць лёсу Віленшчыны дазваляла спадзявацца на аднаўленне ідэй «краёўцаў» аб талерантнасці і роўнасці, у чым Людвік Абрамовіч ускладаў надзеі на Юзафа Пілсудскага, які напачатку аб’яўляў прынцыпы федэралізму пры ўладкаванні Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай). Менавіта словы Юзафа Пілсудскага «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», прагучалыя ў вызваленым ад бальшавікоў Гродне, сталі своеасаблівым дэвізам газеты «Przegląd Wileński»[2]. На старонках газеты Людвік Абрамовіч канстатаваў, што на змену рускаму вялікадзяржаўнаму шавінізму, які панаваў у часы Расійскай імперыі, прыйшоў польскі нацыяналізм («рэлігійна-нацыянальны фанатызм»), а сітуацыю ў «Сярэдняй Літве», дзе быў моцным уплыў польскіх «эндэкаў», ахарактарызаваў як здзек над ідэаламі свабоды, роўнасці і братэрства[3].

Пасля прызнання Лігай Нацый усходніх меж Польшчы (сакавік 1923 г.) сэнсам існавання газеты «Przegląd Wileński» стала аб’ектыўнае і крытычнае асвятленне жыцця шматэтнічных паўночна-усходніх ваяводстваў дзяржавы, а таксама супрацьстаянне польскай нацыяналістычнай прэсе, якую выдавалі лідары Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкі»), — у першую чаргу, віленскай газеце «Dziennik Wileński», якая найбольш поўна адлюстроўвала погляды тых палітычных груповак, што імкнуліся да асіміляцыі няпольскага насельніцтва і ператварэння Польшчы ў монаэтнічную дзяржаву. У лістападзе 1923 г. Людвік Абрамовіч канстатаваў, што асноўнай задачай яго газеты стала «барацьба супраць нацыяналізму, які ператварае наш Край у пляцоўку для цэнтралістычна-ўніфікацыйных эксперыментаў». Рэдакцыя эндэцкай газеты «Dziennik Wileński» лічыла краёвасць выклікам польскасці і здрадай нацыянальных інтарэсаў і пастаянна абвінавачвала Людвіка Абрамовіча і яго газету ў «антыпольскасці»[4].

Невялікага фармату двухтыднёвік «Przegląd Wileński» у паўночна-усходніх ваяводствах (г.зв. «крэсах») стаў выключнай з’явай у гісторыі друку Польшчы — сапраўднай трыбунай асуджэння дзяржаўнай палітыкі нацыянальнага ціску і прыгнёту[5]. На старонках газеты рэгулярна выступалі прадстаўнікі няпольскіх этнічных груп і мелі ўнікальную мажлівасць праз польскамоўнае перыядычнае выданне знаёміць грамадскасць з праблемамі міжэтнічных і міжкультурных адносін у паўночна-усходніх ваяводствах дзяржавы не ў пераказе варшаўскіх выданняў, а праз паведамленні і публіцыстыку дзеячоў мясцовых этнапалітычных і этнакультурных рухаў (польскага, беларускага, літоўскага і яўрэйскага). Закраналіся вострыя праблемы беларуска- і літоўскамоўнай школы; крытыкавалася палітыка каталіцкага празелітызму і пашырэнне ўжывання польскай мовы ў касцёле ў беларускамоўных мясцовасцях; асуджаліся праявы антысемітызму ў грамадскім і палітычным жыцці; выказваўся пратэст супраць беспадстаўных абвінавачванняў беларускіх дабрачынных, культурніцкіх і нават рэлігійных арганізацый у вядзенні прасавецкай прапаганды; асуджаўся эканамічны ціск мясцовых улад супраць беларускіх і літоўскіх гаспадарчых арганізацый; і г.д.[6] Шмат аўтараў артыкулаў газеты хаваліся за псеўданімамі ці крыптанімамі з-за пагрозы пераследу па абвінавачванні ў «нацыянальнай здрадзе» як з боку ўлад і каталіцкага касцёла (арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага), так і большасці мясцовага насельніцтва Віленшчыны[7].

Менавіта беларуская праблематыка дамінавала на старонках газеты. Дзеячы беларускага руху (за выключэннем камуністаў і пракамуністычных груп) актыўна супрацоўнічалі з газетай Людвіка Абрамовіча. Яе пастаяннымі аўтарамі былі Францішак Аляхновіч, Канстанцыя Скірмунт, ксёндз Канстанцін Стэповіч, Альбін Стэповіч, Радаслаў Астроўскі, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Язэп Германовіч, Францішак Грышкевіч, ксёндз Адам Станкевіч, Станіслаў Станкевіч, Ян Пазняк, а ў асаблівасці — ксёндз Уладзіслаў Талочка (у першай палове 1920-х гг.) і Антон Луцкевіч (у 1930-ыя гг.), у публікацыях якіх было шмат як аналіза актуальных падзей, так і мінулых. Напрыклад, ксёндз Уладзіслаў Талочка у сваіх артыкулах пісаў пра Ядвігіна Ш., Казіміра Шафнагеля, Вацлава Ластоўскага, былы расійскі ўрад і беларускую мову, а Антон Луцкевіч — пра Эдварда Вайніловіча, Фердынанда Рушчыца, абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча і г.д.[8] У міжваенны перыяд (1918—1939) «краёвая ідэя» (пастулаты яе ліберальна-дэмакратычнай плыні) пастаянна прысутнічала ў беларускім руху Віленшчыны як альтэрнатыва дамінуючым нацыянальным канцэпцыям. Нават прыхільнікі беларускай незалежнай дзяржавы мелі пэўную прывязанасць да ідэі суверэнітэту «былога Вялікага Княства Літоўскага».

У 1927 г. газета «Przegląd Wileński» стала ўласнасцю суполкі акцыянераў, у выдавецкі камітэт увайшлі Ян Крыўка, доктар Вітальд Лягейка, доктар Вітальд Славінскі, Яўсебій Лапацінскі (1882—1961)[9], Канстанцыя Скірмунт і Віктар Талочка, але рэдактарам застаўся Людвік Абрамовіч. Рэдакцыйны каментарый асвятляў гэта як «крок да стварэння лагеру шчырых краёўцаў, якія здольныя спалучаць прыхільнасць да гістарычных традыцый ВКЛ з тэндэнцыямі развіцця асобных нацый і сацыяльных груп і рэальнымі палітычнымі ўмовамі. Гэты лагер павінен аб’яднаць усіх тых, хто любіць нашу літоўска-беларускую зямлю, для каго дабро нашага Края не з’яўляецца пустым гукам, хто верыць у яго светлую будучыню на падмурку згоднага сужыцця нацыянальнасцяў, адным словам, усіх, каму дарагі спрадвечны сцяг „Пагоні“»[10].

Дыскусія адносна «краёвай ідэі» у 1920—1930-ыя гг. працягвалася. У разуменні Людвіка Абрамовіча «краёвасць не звязаная з нацыянальнасцю. Краёўцам можа быць як тутэйшы паляк, так і літовец, беларус, нават яўрэй, калі разумее і адчувае дзяржаўнасць традыцый ВКЛ. І наадварот. Ніхто не будзе краёўцам, калі інтарэс сваёй нацыі будзе ставіць вышэй за агульны краёвы інтарэс. <…> Краёвая канцэпцыя — гэта канцэпцыя тэрытарыяльная, а не нацыянальная»[11]. На яго думку, асаблівае значэнне для фармавання краёвай канцэпцыі мела гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, у якім «пачуццё дзяржаўнай еднасці заўсёды перамагала цэнтрабежныя тэндэнцыі і ўнутраныя антаганізмы». З нагоды 30-годдзя публічнага з’яўлення краёвай ідэі Абрамовіч надрукаваў у сакавіку 1936 г. у газеце «Przegląd Wileński» артыкул, дзе ўказаў, што асноўныя прынцыпы краёвасці (адметнасць і самастойнасць літоўска-беларускага края і роўнасць усіх яго народаў) былі сфармуляваны яшчэ на старонках газеты «Gazeta Wileńska» у 1906 г., у чым была высокая заслуга і Міхала Ромэра. У актуальны момант для Людвіка Абрамовіча канчатковай мэтай дзейнасці было дасягненне палітычнай самастойнасці «края» у той або іншай форме і вызначэнне яго лёсу прадстаўнікамі ўсіх карэнных народаў[12].

У 1920—1930-я гг. галоўнымі апанентамі адносна поглядаў на канцэпцыю «краёвасці», якія прапагандавала кола журналістаў і аўтараў газеты «Przegląd Wileński», сталі публіцысты віленскіх газет «Słowo» (1922—1939) і «Kurier Wileński» (1923—1940).

Тым не менш, у лістападзе 1929 г. у Вільні адбылося святкаванне 25-годдзя публіцыстычнай дзейнасці Людвіка Абрамовіча, што засведчыла аб тым высокім аўтарытэце, які меў журналіст сярод эліты віленскіх палітычных інтэлектуалаў[13].

У кастрычніку 1938 г. друк газеты «Przegląd Wileński» (1911—1915, 1921—1938) быў спынены з-за хваробы рэдактара Людвіка Абрамовіча, што выклікала ў Вільні моцны розгалас і шкадаванні нават з боку апанентаў краёўцам-дэмакратам. У сакавіку 1939 г. Людвік Абрамовіч памёр і найбольш значныя віленскія газеты надрукавалі пра яго некралогі[14].

Зноскі

  1. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 385.
  2. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 386.
  3. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 386.
  4. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 386—387.
  5. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 386.
  6. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 387.
  7. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 387.
  8. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 388, 390.
  9. Яўсебій-Марыян-Ян-Станіслаў Станіслававіч Лапацінскі (1882—1961) быў сынам Станіслава Ігнатавіча Лапацінскага (1851—пасля 1930) і графіні Тэклі Міхалаўны Борх; адносіўся да арыстакратаў і буйных землеўласнікаў Віленскага ваяводства міжваеннай Польшчы; ажаніўся ў 1905 г. з Ядвігай Патвароўскай. Каталіцкі шляхецкі род Лапацінскіх адносіўся да карэнных у Вялікім Княстве Літоўскім і паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі. Бацька Станіслаў Ігнатавіч Лапацінскі быў значным землеўладальнікам (маёнткі Сар’я і Ляонпаль агульна налічвалі звыш 10 000 дзесяцін зямлі), старшынёй (з 1901) Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі, дэпутатам (1906—1910) ад Віцебскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі і дэпутатам (1913—1916) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі.
  10. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 392.
  11. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 393.
  12. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 394.
  13. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 389.
  14. Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя… С. 384.

Літаратура

правіць
  • Смалянчук, А. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. / А. Ф. Смалянчук // Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А. Ф. Смаленчука. — Вiльня: ЕГУ, 2012. — С. 380—405.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. «Пшэ́глёнд віле́ньскі» / Аляксандр Смалянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 13.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.

Спасылкі

правіць