Шчаслівы муж
«Шчаслівы муж» — чатырохактавая камедыя беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў 1922 годзе. Услед за п'есай «На Антокалі» камедыя працягвала традыцыю выкрыцця мяшчанскага ладу жыцця[1]. Прысутнічаюць рысы камедыі фарсу.
Шчаслівы муж | |
---|---|
Жанр | камедыя |
Аўтар | Францішак Аляхновіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1922 |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
Сюжэт
правіцьНа імяніны Магдалены, жонкі Гаўдэнта Залепкі, пад выглядам графа, запрошанага сяброўкай сям’і Фелькай, з'явіўся яго слуга Ільдэфонс Мацальскі, малады і па-свойму імпазантны. Ён робіць на Магдалену моцнае ўражанне. Яму прызначаецца спатканне, але запіска з адрасам памылкова трапляе ў рыдыкюль Уршулі. Адгэтуль Ільдэфонс Мацальскі робіцца цэнтральнай фігурай камедыі. Яму даводзіцца затраціць шмат энергіі і вынаходлівасці, каб выйсці сухім з вады, калі амаль адначасова ў графскія апартаменты з'явіліся Уршуля і Магдалена ў кампаніі з служанкай Мар’янай, з якой ён абяцаў ажаніцца. У гэты час урываецца раз'юшаны Залепка.
П’еса заканчваецца станоўча ў стылі французскай бытавой камедыі постмальераўскага часу[2]: Гаўдэнт, насуперак відавочным фактам, дае сябе пераканаць, што няма на свеце больш вернай жонкі, чым яго Магдалена.
Крытыка
правіцьТагачасная віленская прэса сустрэла камедыю без адабрэння — не задавальняла ўстаноўка драматурга на пацяшальнасць. П'есу абвясцілі безыдэйнай. Крытык У. Ковель, пагаджаючыся з адсутнасцю рэзка падкрэсленага сацыяльнага і філасофскага зместу адзначае, што смех у камедыі з'яўляецца «эмацыянальна насычанай формай крытыкі»[3].
Цікавыя факты
правіць- У аснове п'есы — рэальны факт з жыцця Ф. Аляхновіча, калі ён, будучы маладым безграшовым артыстам, вымушаны быў у адным мяшчанскім доме выдаваць сябе за графа[4]
- Прататыпам Магдалены і Гаўдэнта Залепкаў служылі Люцыяна і Казімір Пятроўскія, у якіх на пачатку 20-х гадоў Ф. Аляхновіч здымаў пакой[4]
- Вядомы польскі кінапрадзюсар Станіслаў Патоцкі хацеў экранізаваць «Шчаслівага мужа» і запрасіць на галоўную ролю Шарля Буае. Гэтым намерам перашкодзіла здзейсніцца Другая сусветная вайна[4]
- У адным з лістоў да Рыгора Шырмы Міхаіл Забэйда-Суміцкі пісаў, што хацеў бы зрабіць з гэтай п'есы камічную оперу і выканаць партыю Ільдэфонса Мацальскага[4]
- Падчас пастановы спектаклю ў Мінскім гарадскім тэатры Ф. Аляхновіч закахаўся ў выканаўцу ролі Магдалены Альбіну Сікорскую, але яна аказалася абыякавай да яго заляцанняў і закруціла раман з акцёрам Уладзімірам Говар-Бандарэнкам, які сыграў Ільдэфонса Мацальскага[4].
Пастаноўкі
правіць- 29 чэрвеня 2011 — Тэатр беларускай драматургіі — пастаноўка Мюры Фарыдовіча[5]
Зноскі
- ↑ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 34. — ISSN 0234-1360.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 548. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 338. — 583 с.
- ↑ а б в г д Шчаслівы муж(недаступная спасылка). afisha.tut.by. Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2012. Праверана 20 кастрычніка 2012.
- ↑ У РТБД адбылася прэм'ера камедыі "Шчаслівы муж" Ф. Аляхновіча(недаступная спасылка). TUT.BY (30 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2011. Праверана 20 кастрычніка 2012.