Камедыя
Камедыя (стар.-грэч.: κωμῳδία, ад κῶμος, kỗmos, «свята ў гонар Дыяніса» і ἀοιδή/ᾠδή, aoidḗ / ōidḗ, «песня») — адзін з жанраў драмы і кіно, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага жанру» проціпастаўлялася «высокаму жанру» — трагедыі.
Разнавіднасці камедыі
правіцьСярод разнавіднасцей камедыі — памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, фарс, буфанада і г.д. Сродкамі камедыйнай выразнасці выступаюць іронія, гумар, гратэск, сарказм і інш. Камедыя высмейвае негатыўныя з’явы сацыяльнага жыцця, заганы чалавечага характару, з дапамогай смеху сцвярджае станоўчы ідэал.
Гісторыя
правіцьКамедыя ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі на мяжы VI—V стст. да н.э. з выкрывальных песень удзельнікаў святаў і з фальклорных бытавых, парадыйна-міфалагічных сцэнак. Тады камедыя характарызавалася вострай палітычнай накіраванасцю, фантастычнымі і рэальнымі сюжэтамі, у якіх дзейнічалі міфічныя персанажы, жывёлы, гетэры, воіны, палітыкі, дзеячы культуры і да т.п. «Бацькам» камедыі лічыцца старажытнагрэчаскі драматург Арыстафан. Была вядома ў Старажытным Рыме (камедыёграфы Плаўт, Тэрэнцый), у эпоху Сярэднявечча (пераважна ў форме фарсаў і інтэрлюдый). Найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вегі, П. Кальдэрона, У. Шэкспіра, Ж.-Б. Мальера і інш. Значны ўплыў на заходнееўрапейскую камедыю аказала італьянская «камедыя дэль артэ» (камедыя масак), спектаклі якой ставіліся падчас святаў на плошчах і вуліцах гарадоў. Паспяхова развівалася ў XVIII—XIX стст. у розных еўрапейскіх краінах — Італіі (К. Гоцы, К. Гальдоні), Англіі (Г. Філдынг, Р. Шэрыдан), Расіі (І. Крылоў, А. Грыбаедаў, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын).
Камедыя ў Беларусі
правіцьНа Беларусі камедыя вядома са старажытнасці; яе элементы праяўляліся ў народных гульнях, святах, рытуалах, тэатралізаваных паказах. У пастаноўкі школьнага тэатра, народнай драмы, батлейкі ўключаліся камедыйныя сцэнкі. У другой палове XIX ст. на высокі прафесійны ўзровень камедыю ўзнялі творы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты». У пачатку XX ст. выдатныя камедыйныя п’есы пісалі Я. Купала, У. Галубок, К. Каганец, М. Чарот і інш. Яркія ўзоры камедыі стварылі К. Крапіва, В. Вольскі, А. Макаёнак, М. Матукоўскі, А. Петрашкевіч, А. Дудараў, іх творы вызначаліся актуальнасцю зместу, каларытнасцю характараў, непрымірымасцю да чалавечых заган, сцвярджэннем гуманістычных ідэалаў.
Літаратура
правіць- Культуралогія: Энцыкл. давед. / Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. — 384 с.: іл. ISBN 985-11-0277-6