Траге́дыя (па-старажытнагрэчаску: τραγῳδία, літаральна — «казліная песня», ад τράγος, tragos — «казёл» и ᾠδή, ōdè — «песня») — жанр мастацкага твора, заснаваны на развіцці падзей, якое носіць, як правіла, непазбежны характар і абавязкова прыводзіць да катастрафічнага для персанажаў зыходу, часта напоўнены патэтыкай; від драмы, процілеглы камедыі.

«Макбет» Уільяма Шэкспіра

Трагедыя адзначана суровай сур'ёзнасцю, адлюстроўвае рэчаіснасць найбольш завострана, як згустак унутраных супярэчнасцяў, выкрывае найглыбейшыя канфлікты рэальнасці ў максімальна напружанай і насычанай форме, якая знаходзіць значэнне мастацкага сімвала; не выпадкова большасць трагедый напісана вершамі.

Зарадзілася ў Старажытнай Грэцыі з культу Дыяніса. Вылучэнню з рэлігійнага відовішча садзейнічаў рост значэння карыфея (начальніка) хора сатыраў, што прывяло да строгага чаргавання песняў з выразным апавяданнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў 5 ст. да н.э. (Сафокл, Эсхіл і Еўрыпід). Мэтай у старажытнасці было ачышчэнне праз пакуты і спагаду. Сінкрэтычнасць прывяла да пазнейшага замірання. На новым мастацка-выяўленчым узроўні ўзнавілася падчас Адраджэння і барока. У сваіх творах Лопэ дэ Вега, Педра Кальдэрон, Крыстафер Марла і Уільям Шэкспір стварылі шматгранныя вобразы дзейных асоб. У межах патрабаванняў класіцызму (адзінства часу і месца дзеяння) найзнакаміцейшыя творы напісалі П’ер Карнель, Жан Расін і Фрыдрых Шылер. Ад часу стварэння трагічных драмаў рамантыкаў (Джордж Байран, Міхаіл Лермантаў і Віктор Гюго) складваюцца адрозныя ад першаснай трагедыі жанры праз рэалістычнае абагульненне (мяшчанская і рамантычная трагедыі, гістарычная і народная драмы, меладрама). Пазней пачашчаецца спалучэнне трагічнасці з камічнасцю (трагікамедыя).

Беларусь правіць

У пачатку 20 ст. на аснове трагічных супярэчнасцей з'явіліся п'есы Якуба Коласа «Антось Лата», Леапольда Родзевіча «Пакрыўджаныя», Уладзіслава Галубка «Бязродны» і Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». За савецкім часам творы пераважна тычыліся гераічнай (Кандрат Крапіва «Людзі і д'яблы», Кастусь Губарэвіч «Першы ўрок», Уладзімір Хазанскі і Аляксандр Гутковіч «Юныя мсціўцы», Алесь Махнач «Шпачок», Васіль Быкаў «Рашэнне», Алесь Петрашкевіч «Злавеснае рэха») і гістарычнай тэматыкі (Еўсцігней Міровіч «Кастусь Каліноўскі», Уладзімір Караткевіч «Званы Віцебска» і Аляксей Дудараў «Купала»)[1].

Зноскі

  1. Сцяпан Лаўшук. Трагедыя // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 496. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2.

Літаратура правіць

  • Літературознавчий словник-довідник, Р. Т. Гром'як, Ю. І. Ковалів та ін. — Київ: Видавництво «Академія», 1997. — с. 691—692