«На Антокалі» — трохактавая п’еса беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў часе яго знаходжання ў віленскім астрозе Лукішкі.

На Антокалі
Аўтар Францішак Аляхновіч
Абставіны дзеі Антокаль — прадмесце Вільні.
Дата прэм’еры 26 снежня 1916
Месца прэм’еры Вільня
Жанр камедыя

Пастанова п’есы адбылася 26 снежня 1916 года на падмостках беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні[1].

АпісаннеПравіць

Аўтар стварыў камедыю спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 годзе, перарабіў і пераклаў яе на беларускую мову. Публікацыя п’есы адбылася ў віленскай газеце «Гоман». Аўтар вярнуўся да яе ў 1942 годзе, перарабіўшы некаторыя сюжэтныя моманты[2].

Камедыя апісвае жыццё мяшчан прадмесця Вільні Антокаля. З ёю ў творчасць Францішка Аляхновіча ўваходзіць вялікая тэма — тэма мяшчанства, якая проціпастаўляецца ўжо існай і аднастайнай у тагачасным беларускім тэатры сельскай тэматыцы[3].

Некаторыя даследчыкі называюць п’есу сінтэзам бытавой камедыі і вадэвілю праз умоўнае вызначэнне гэтага твору ў літаратурнай крытцы як камедыі. У апошняй рэдакцыі п’есы (1942) драматург не даў наконт гэтага ніякіх тлумачэнняў, а ў дзвюх папярэдніх (1915 і 1940 гг.) абмежаваўся вылучна сцэнічным паняццям — «п’еса са скокамі і танцамі». На сюжэтна-кампазіцыйны план «На Антокалі», асабліва апошняга варыянта, аказалі ўплыў самыя розныя віды сцэнічнага мастацтва: опера, аперэта, балет. Пра гэта сведчаць уведзеныя ў твор сімвалічныя фігуры, якія выконвалі танец мяшкоў з грашыма, мімічныя і нямыя сцэны[3].

Адлюстроўваючы вобразы мяшчанскага асяроддзя (Вінцэнта і Міхаліну Сліжукоў, іх дачку Зоську, паштовага служачага Радзівіловіча і некаторых іншых), драматург выкрывае тыя жыццёвыя фетышы, якім яны пакланяюцца, якія засланяюць і скажаюць іх уяўленні аб сапраўдных чалавечых каштоўнасцях[4].

СюжэтПравіць

Гаспадар шавецкай майстэрні Вінцэнт Сліжык і яго жонка Міхаліна з гонарам усведамляюць сваё маёмаснае становішча ў грамадстве. Яны мяшчане не толькі ў сацыяльным дачыненні, але і паводле духоўных запатрабаванняў. Гэткай жа вырасла і іх дачка Зоська, якая нібыта шчыра кахала маладога чалядніка Юзюка Жалейку, але без асаблівых пакут сумлення згадзілася выйсці замуж за пажылога паштовага чыноўніка Ігната Радзівіловіча, як толькі даведалася, што яму з Амерыкі належыць атрымацьспадчыну ў паўмільёны долараў. Зоська тлумачыць Юзюку, што калі няма грошай дык і кахння быць не можа. З такой жа лёгкасцю адмаўляецца мяшчанка і ад Ігната, калі высветлілася, што вестка аб спадчыне аказалася памылковай. На дапамогу дачцы дружна выступаюць бацькі. Яны, не турбуючыся аб прыстойнасці, выстаўляюць Інгата звычайным ашуканцам, радніцца з кім яны не маюць права.

Аднак п’еса заканчваецца станоўча. Зоська зноў вяртае сабе Юзюка, а Ігнат, які літаральна праз некалькі хвілін пасля звады з Сліжыкамі намовіў сабе жонку Барбару, малодшую сястру Міхаліны.

ГісторыяПравіць

З’яўленне п’есы ў друку звязаны з дзейнасцю Камітэту помачы пацярпелым ад вайны, які быў заснаваны братамі Луцкевічамі з пачаткам Першай сусветнай вайны.

У Вільні нямецкая адміністрацыя мела ўстанову друку «Прэсэнштэле», якая выдавала дзве нямецкія газеты. У іх падаваліся матэрыялы з гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі акупаваных земляў, таму супрацоўнікі гэтых газет часта звярталіся да I. Луцкевіча як да знаўцы края па парады. Праз гэтыя знаёмствы ён і дабіўся таго, што «Прэсэнштэле» згадзілася на выданне беларускай газеты і пакрыццё выдаткаў на паперу і друк. Так паявіўся «Гоман». Выходзіў ён два разы на тыдзень — спачатку кірыліцай, а потым і лацінкай. Адказным рэдактарам за «лацінскія» нумары «Гомана» стаў Францішак Аляхновіч. Апрача таго, ён разам з В. Ластоўскім вёў літаратурны аддзел газеты і апрацоўваў для яе мясцовую хроніку. Пры такіх абставінах і пабачыла свет п’еса «На Антокалі»[5].

ВодгукіПравіць

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» даў высокую ацэнку п’есе Ф. Аляхновіча:

«На Антокалі» — гэта надта добра зробленая мастацкая фатаграфія жыцця віленскіх жыхароў прадмесця Антокаля… Аляхновіч, вырасшы ў сферы нябачнага ўжо для масы, але бесперапыннага апалячвання, увайшоў у сваю родную літаратуру з творам без характэрных нашаніўскіх прыкмет і матываў. Ён зусім тут спакойны ад адраджэнцкай мукі, багата паказаў новую ў літаратуры беларускую сферу, сферу мяшчанскага жыцця. Гэта знак, як вырасла адраджэнне[6].

У п’есе Максім Гарэцкі вылучыў «колькі мастацкіх тыпаў, што як жывыя стаяць уваччу». Найперш Ігната Радзівіловіча, які «найлепей паказаны з псіхалагічнага боку»[6].

Зноскі

  1. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  2. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  3. 3,0 3,1 Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 32. — ISSN 0234-1360.
  4. Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 33. — ISSN 0234-1360.
  5. Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 34. — ISSN 0234-1360.
  6. 6,0 6,1 Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 6. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.